Вы тут

У юбілейнага Фэсту экскурсаводаў — самыя цікавыя вядучыя


18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. У Беларусі да гэтага свята прымеркаваны Фэст экскурсаводаў, падчас якога бясплатна можна трапіць на самыя разнастайныя ўнікальныя экскурсіі па ўсёй краіне, а таксама ў замежжы.


Кожны дзень, ідучы на работу ці заняткі, мы абмінаем унікальныя помнікі культуры, архітэктуры, прыроды, але нават не здагадваемся пра гэта. Дзякуючы Фэсту экскурсаводаў ёсць магчымасць звярнуць увагу беларускага грамадства на тыя помнікі, якія знаходзяцца побач з намі. Часам мы нават не ўяўляем, наколькі багатая гісторыя тых мясцін, дзе мы жывём, працуем ды звыкла бавім свой час. Веданне гісторыі свайго краю, раёна, горада, вёскі — гэта падстава для гонару сваёй Радзімай! Вандроўкі ў межах фэсту — гэта не толькі пра велічныя замкі і манументальныя палацы, але і пра дарагія сэрцу невялікія дамкі, заняпалыя сядзібы — усё, што стварае непаўторнасць роднага краю.

Сёлета Фэст экскурсаводаў юбілейны: свята, якое адбудзецца 13—14 красавіка, ладзіцца дзясяты раз. У яго межах — шматлікія экскурсіі па ўсёй краіне, таксама чакаюцца вандроўкі па беларускіх мясцінах у замежжы. Падрыхтаваны і юбілейныя навінкі: квэсты для дзяцей і дарослых, незвычайныя маршруты па «звычайных» мясцінах. Пашырыцца і разнастайнасць экскурсій. Вандроўкі ў межах фэсту запланаваны дзіцячыя, храмавыя, тэматычныя, экскурсіі для людзей з інваліднасцю, экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы.

Стваральнікі Фэсту экскурсаводаў не ставяць сабе мэту павялічыць колькасць бясплатных экскурсій, але будуць больш пільна адсочваць іх якасць. Традыцыйна экскурсіі ў межах Фэсту экскурсаводаў могуць праводзіць не толькі прафесійныя экскурсаводы, але таксама выкладчыкі гісторыі, краязнаўцы, даследчыкі пэўных эпохі, асобы, тэматыкі ці рэгіёна. Таму часта ў фэсце прымаюць удзел мастацтвазнаўцы, гісторыкі, культуролагі, архівісты, архітэктары, рэстаўратары і іншыя спецыялісты. Такія экскурсіі заўжды адметныя і папулярныя, бо на іх можна дазнацца каштоўныя звесткі пра той ці іншы аб'ект ад сапраўдных прафесіяналаў сваёй галіны.

Ідэя Фэсту экскурсаводаў нарадзілася ў 2009 годзе ў асяроддзі неабыякавых да гісторыі людзей, і з году ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо дзевяць фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у фэсту з'явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі, якія з нецярпеннем чакаюць штогадовае свята экскурсій.

Арганізатарамі Фэсту экскурсаводаў — 2019 выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІСОMОS), Беларускі фонд культуры і Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Падрабязную інфармацыю можна даведацца на сайце фестывалю fеstguіdеs.bу. Праграма Фэсту экскурсаводаў — 2019 з'явіцца на дадзенай старонцы 7 красавіка. Пачынаючы з гэтай даты можа будзе рэгістравацца на экскурсіі фэсту.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Краязнаўцы, культуролагі і рэканструктары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».