Вы тут

На заводзе «БелДжы» плануюць выпускаць абсалютна новую мадэль


Яна называецца Geely SX11 — гэта сучасны красовер, які арыентаваны на маладзёжную аўдыторыю. Пра гэта заявіў Генадзь Свідзерскі, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара СЗАТ «БелДжы».


Такім чынам, у планах: у другой палове 2019 падрыхтаваць 100 мадэляў SX11, каб высветліць, ці будзе сярод беларускага насельніцтва попыт на гэтыя аўто. Дарэчы, гэтая машына абсталявана фірменнай модульнай платформай BMA, якая дазваляе выкарыстоўваць як традыцыйны рухавік унутранага згарання, так і гібрыдную сілавую ўстаноўку.

Яшчэ ў планах завода — праверыць попыт і на рэстайлінгавы седан прадстаўніцкага класа Emgrand GT. Такім чынам, калі стане зразумела, што мадэлі папулярныя і іх гатовыя купляць, то наладзяць масавую вытворчасць на 2020 год. Важны момант: у выпадку ўводу новай мадэлі, давядзецца завяршыць вытворчасць адной з наяўных.

Сам выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара назваў мінулы год напружаным, але паспяховым, як у рамках развіцця завода, так і ў рамках партнёрскай праграмы па крэдытаванні і лізінгу. За год было выпушчана больш за 11 тысяч аўтамабіляў, большая частка з якіх пайшла на экспарт у Расію, а астатнія былі рэалізаваны ў нашай краіне.

Сёння завод выпускае тры мадэлі аўтамабіляў у 27 мадыфікацыях і сямі колерах. Такім чынам, атрымліваецца 189 розных выкананняў. Калі першапачаткова колеравая палітра была абмежавана чорным і белым, то сёння аўто гэтай маркі можна замовіць у чырвоным, карычневым, бурштынавым і іншых колерах.

Больш за 65 % пакупнікоў легкавых аўтамабіляў маркі — гэта фізічныя асобы. Па праграме лініі крэдытавання ім было рэалізавана 2200 аўтамабіляў. Безумоўна, выгадныя крэдытныя прапановы спрыялі значнаму павелічэнню продажаў гэтых аўто. Аднак праграма была разлічана ўсяго на год. Генадзь Свідзерскі развеяў усе чуткі: БПС-Ашчадбанк і СЗАТ «БелДжы» працягнулі праграму і на 2019 год, аднак памяняліся ўмовы. Пагадненні таксама падпісаныя з ААТ «ААБ Беларусбанк» і ТАА «ААБ Лізінг».

Зараз падрабязнасці аб ільготных умовах «БПС-Ашчадбанка» — яны дзейнічаюць на ўсе аўтамабілі Geely, сабраныя ў Беларусі. Працэнты пры гэтым будуць вар'іравацца: на мадэль Emgrand 7 стаўка банка застанецца ранейшай — 1,9 % гадавых. Пры куплі астатніх мадэляў, у тым ліку Geely Atlas, крэдыт абыдзецца ў 3,9 % гадавых.

Як расказаў старшыня праўлення ААТ «БПС-Ашчадбанк» Ігар Меркулаў, за час работы праграмы было выдадзена каля 1000 пазык на куплю аўто маркі Geely.

...У лютым гэтага года стартавалі продажы Geely Atlas 1,8 Turbo — менавіта гэты матор чакалі многія беларускія аўтааматары. У сувязі з вялікім попытам на гэтую мадэль плануецца перагледзець аб'ёмы продажаў на 2019-ы. Цікава, што сёлета на заводзе маюць намер зрабіць 20 тысяч аўта-
мабіляў.

Акрамя таго, сёлета запланаваны адкрыццё дылерскага цэнтра ў Салігорску і новага шоу-рума ў Магілёве, а таксама пунктаў продажаў у Наваполацку. Таксама прадпрыемства хоча пашырыць геаграфію паставак і вядзе перамовы з зацікаўленымі асобамі ў Літве, Малдове, Сербіі, Украіне і Польшчы.

Яшчэ плануецца адкрыццё станцый сэрвіснага абслугоўвання ў буйных гарадах краіны, на першым этапе — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?