Вы тут

Чаму туды імкнуліся творцы, альбо Вакацыі на Французскай Рыўеры


Скажу шчыра: даўно, а мо і заўжды марыла я аднойчы апынуцца на поўдні Францыі. Менавіта там, дзе Праванс, водар лаванды і яе бэзава-фіялетавыя палі. Там, дзе Міжземнае мора, пляжы, Альпы, вілы, мімозавыя лясы. І шмат іншага, што супакойвае, суцяшае, дорыць радасць візуальным багаццем і маляўнічасцю. Самі назвы гарадоў — Ніца, Манака, Марсэль — гучаць ціхай і хвалюючай музыкай для дасведчаных, тых, у каго здатныя выклікаць шмат асацыяцый.


Жадаць ці не жадаць?

Ніца. На вуліцах горада. Кастрычнік

Напярэдадні нядоўгай вандроўкі ў рукі трапіў грунтоўны, пад 400 старонак, даведнік пад назвай «Лазурный берег» (серыю «Оранжевый гид» выпускае расійскае выдавецтва «Эксмо»). Кніга раскавана і па-мастацку напісаная трыма аўтарамі, якія даўно жывуць у Францыі і добра ведаюць тыя мясціны. Ці не кожная старонка здзіўляла тым, у якой ступені тэрыторыя Французскай Рыўеры насычаная гістарычнымі згадкамі ці мастацкімі з’явамі, колькі знакамітых асоб тут жылі ці працавалі.

Арль — гарадок, звязаны з Вінцэнтам ван Гогам (згадаем яго знакамітую карціну «Чырвоныя вінаграднікі ў Арле»). Авіньён — месца правядзення прэстыжнага тэатральнага фестывалю. З Тулона пачалося ўзвышэнне Напалеона Банапарта. У гарадку О-дэ-Кань знаходзіцца Музей і майстэрня Агюста Рэнуара. Каны — сталіца кіно і месца славутага міжнароднага кінафэсту. Сярэднявечны гарадок Ванс звязаны з Анры Мацісам. У Сен-Поль-дэ-Вансе доўга працаваў Марк Шагал, тут ён і пахаваны. У Грасе, які знаходзіцца недалёка ад Ніцы, доўгі час жыў Іван Бунін, тут былі напісаныя многія яго апавяданні, якія лічацца класікай.

Акрамя здзіўлення і захаплення, кніга выклікала шмат іншых эмоцый. Дамінавала прыкрасць (на саму сябе) і моцнае шкадаванне: а чаму раней я не выправілася менавіта на поўдзень Францыі? Так, у 90-я і на пачатку новага стагоддзя такія падарожжы здаваліся нерэальнымі. Як кажуць, «не до жиру, быть бы живу!» Але пяць—сем гадоў таму? Як можна пражыць значную частку жыцця і не пабачыць мясцін, дзе правялі значную частку жыцця класікі імпрэсіянізму? Дзе ў ХІХ і на пачатку ХХ стагоддзя бавіла зімовыя месяцы руская арыстакратыя, куды ехалі ў эміграцыю пасля рэвалюцыі 1917 года?

У пэўны момант адказала сабе на такое пытанне. З аднаго боку, уплывае боязь і нежаданне адчуваць сябе бедным і занядбаным на свяце жыцця, якім можна лічыць Французскую Рыўеру. А па-другое, тут выяўляецца заганная, лічу, менавіта беларуская рыса (або перакананне): «Ну, гэта не для мяне! А для іншых, больш заможных і багатых! Банкіраў, уладальнікаў буйных фірм, алігархаў…» А вось і не. Якраз для мяне. Еўрапейскія гарады тым і прывабныя, што існуюць для ўсіх.

Умовы

Калі беларускі бюджэтнік выбіраецца за межы краіны, асноўнае пытанне — як укласціся ў адносна невялікую суму грошай. Але ўсё не так страшна, як здаецца на першы погляд. З Вільнюса (або, як яго называюць, аэрапорта «Мінск-3»), ляцець да Ніцы ўсяго дзве з паловай гадзіны. Квіток можа каштаваць ад 15 до 30—40 еўра. Важна, што тваё падарожжа адбываецца не летам і не ў высокі сезон. Бо ў чэрвені-ліпені там, па-першае, вельмі горача. А па-другое, кошты завоблачныя, таму туды няма чаго сунуцца, а вось вясной ці восенню — самы раз.

Добра эканоміць грошы і хостэл. Па сутнасці, гэта інтэрнат. Чатыры койкі ў жаночым пакоі, але ёсць душ і, прабачце, туалет. Спытала на рэсепшн: а колькі каштуе ў іх пакой на аднаго? Высветлілася: трэба даплаціць па 50 еўра за суткі. Але такія выдаткі зусім не ўваходзілі ў мае планы. Сняданкі ў хостэле лёгкія, але бясплатныя. Можна карыстацца кавамашынай, лядоўняй. Крама побач. А кошты на садавіну, гародніну, нават вэнджанае мяса, як ні дзіўна, зусім такія, як у Мінску. Заўважу, узровень жыцця ў Францыі, тым больш у прыморскім курортным горадзе, на парадак вышэйшы, чым у нас. Снедала і вячэрала на кухні ў хостэле. А паабедаць можна ў горадзе. Дэмакратычных кавярняў хапае. У дадатак калі цёпла, дый уражанняў шмат, дык асабіста ў мяне апетыт знікае. Увогуле, калі ты не настроены абавязкова спыніцца ў пяцізоркавым атэлі і есці мідыі па 25 еўра за порцыю, усё даступна і бюджэтна. У падарожжы галоўнае — цікаўнасць і імпэт.

Уражанні

Яны пачаліся ў той момант, калі з аэрапорта Ніцы ехала ў бок горада. Вечар, прыцемкі. Звычайны гарадскі аўтобус ідзе ўздоўж Лігурыйскага мора. У аўтобусе шмат і турыстаў з аб’ёмнымі чамаданамі і сумкамі, і моладзі, якая тут, відавочна, жыве.

…Удалечыні таямніча плешчацца бухта Анёлаў, як называюць марскую тэрыторыю, што прылягае да Ніцы. Блішчыць дарожка ад месяца. Добра асветленыя праезная частка дарогі і пешаходная. На апошняй заўважаеш шмат веласіпедыстаў і бегуноў. Жанчыны, мужчыны сталага веку, яшчэ больш моладзі. Апранутыя лёгка: майкі, шорты, часам у руках трымаюць бутэлькі з вадой. Дастаткова доўга дарога ішла ўздоўж мора, потым аўтобус нырнуў у глыбіню кварталаў.

Да той самай бухты Анёлаў і знакамітай Англійскай набярэжнай з яе атэлямі — кшталту «Negresco», дзе спыняліся знакамітасці, палацамі ў стылі мадэрн, да ідэальнага месца прагулак і праменаду я выйшла ранкам наступнага дня. Набярэжная надзіва шырокая, частка яе адведзена веласіпедыстам, астатняя — пешаходам. Праз пэўныя адмежкі стаяць скамейкі, над імі цень. Будынкі — злева ад мяне, а справа — мора і доўгая паласа галечных пляжаў (удакладню: бясплатных). На іх можна спусціцца з набярэжнай. А над блакітна-бірузовым морам — яснае, без адзінай аблачынкі, неба.

Ніца. Музей сучаснага мастацтва

Падыхаўшы паветрам Французскай Рыўеры, пачынаеш разумець, чаму сюды з такім задавальненем і імпэтам імкнуліся творчыя і нетворчыя, багатыя і не надта багатыя людзі ў мінулыя стагоддзі, чаму імкнуцца і ў стагоддзі цяперашнім. Клімат на ўзбярэжжы ідэальны: мяккі, ласкавы. Альпы закрываюць прастору ад халодных вятроў, марское паветра дорыць адчуванне лёгкасці і свежасці.

Калі меркаваць па пальмах, якія растуць уздоўж набярэжнай, тут субтропікі. Прыемна дыхаць, настрой адразу ўзлятае на небывалую вышыню. Калі падчас нядоўгага адпачынку з адной пары года трапляеш у другую, у тым заўжды прысутнічае элемент свята і казкі. Так аднойчы з лютаўскай мінскай завеі я трапіла ў зялёную кіпрскую вясну. У дадзеным выпадку з мінскай восені — у спакойнае і цёплае лета. Тэмпература ў Ніцы ноччу + 15, днём + 20. Значыць, можна схаваць у чамадан сцёганую куртку і боцікі, пераабуцца ў басаножкі, застацца ў джынсах, майцы і капелюшы. Ідзеш па набярэжнай і заўважаеш: тых, хто купаецца, няшмат. Бо тэмпература вады + 17—18. Як кажуць, на аматара. А тых, хто загарае, расклаўшы рушнічок на гальцы пляжа, як ні дзіўна, хапае.

Заўважаю на набярэжнай прагулачны паравозік. Якраз для падарожнікаў. Ён амаль запоўнены, але месцы ёсць. Ура! Кошт усяго 10 еўра, возіць цэлую гадзіну па ўсім горадзе. Вядома, столькі сам не пройдзеш. Ад экскурсіі атрымала задавальненне. Бо ў навушніках ёсць каментарый на рускай мове. У дадатак маеш магчымасць убачыць шыкоўныя помнікі ў старым горадзе, надзвычай прывабныя панарамы бухты і мора. Асабліва з вышыні, над горадам. Увогуле па дарозе трапляецца шмат надзіва маляўнічых мясцін. Як на маю думку, іх марна апісваць словамі. Пераконвае або фота і відэа, якія ты сама зрабіла падчас падарожжа, або адшукала ў інтэрнэце.

Уздоўж бульвара Паён

У адзін з дзён знаходжання ў Ніцы амаль выпадкова выйшла на зялёны бульвар Паён. Ён пачынаўся ля Нацыянальнага тэатра. І шыкоўнага Музея сучаснага мастацтва, узведзены не так даўно, пры канцы мінулага стагоддзя, у 1990-м. Мноства паверхаў і будынкаў музея сведчылі пра павагу горада (у якім, нагадаю, усяго 300 тысяч жыхароў) да выяўленчага мастацтва, творчасці мастакоў, звязаных з поўднем Францыі. А сам бульвар спускаўся амаль да самага мора. І ўспрымаўся надзвычай прывабнай прасторай. Дзякуючы будынкам з арыгінальнай архітэктурай і сваёй прасторы.

Пабачыла я цэлую плошчу, выкладзеную пліткай. Час ад часу на ёй уключаюцца і б’юць струменямі вады нябачныя фантаны і фантанчыкі. Паміж імі бегаюць басанож дзеці — гойсаюць, пішчаць, смяюцца. Цёпла, таму ніхто не баіцца, што яны прастынуць.

Дзе-нідзе пасярэдзіне бульвара трапляюцца паласы штучнай травы. Тут вельмі зручна пасядзець. Уладкавалася і я: пасля цэлага дня пешых паходаў ногі, вядома, гудзелі. На лаўках — бабулі з унукамі. Мамы з вазкамі і малечай самага рознага ўзросту. Побач — дзіцячыя пляцоўкі: драўляныя горкі, лесвіцы. Віскат, піск. Але радасны, таму і не стамляе. Заўважаю і людзей у інвалідных крэслах, якіх ніхто не саромеецца. Яны таксама побач з усімі. Так што ў Ніцы хапае не толькі падарожнікаў-турыстаў. Шмат і тых, хто ў горадзе жыве.

Дарэчы, багата людзей з цёмным колерам скуры (хутчэй за ўсё яны перабраліся сюды з былых французскіх калоній кшталту Алжыра і Марока). Шмат іх сярод кіроўцаў транспарту, прадаўцоў і ахоўнікаў у крамах. Час ад часу можна было пачуць у Ніцы і рускую мову. Напрыклад, у краме адзення (відавочна, гэта хутчэй турысты). Але калі на прыпынку гарадскога транспарту па-руску размаўляюць паміж сабой мамы з малымі дзецьмі, узнікае ўражанне, што яны тут жывуць даўно. Міжволі згадаеш пра «вялікае перасяленне народаў».

Поўдзень Францыі падарыў мне шмат разнастайных і сапраўды незабыўных уражанняў. А наперадзе — наведванне музея Марка Шагала ў Ніцы, падарожжа ў Манака і Марсэль…

Таццяна МУШЫНСКАЯ

Фота аўтара

Працяг будзе

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.