Вы тут

Што цікавіць Пецімат?


Вядомая ў Чачні паэтэса пашырае беларускую паэзію сярод сваіх землякоў


Пецімат Петрымава — паэтэса, перакладчыца, галоўны рэдактар перакладнога чачэнскага часопіса “Гоч”. А гэтае літаратурна-мастацкае выданне перажывае цяпер “другое нараджэнне”. І ў значнай ступені той няпросты працэс адбываецца дзякуючы спадарыні Пецімат. Часопіс, вобразна кажучы, і трымаецца на яе плячах. Відаць па ўсім, на плячах зусім не кволых.

У ранейшых нумарах “Гоча” былі змешчаны пераклады беларускай паэзіі. У прыватнасці, “Санеты” Янкі Купалы. Іх на чачэнскую мову пераклаў Адам Ахматукаеў. “Ведаю, што праца далёка не выпадковая для нашага дасведчанага і аўтарытэтнага перакладчыка, — расказвае спадарыня Пецімат. — Па-першае, Адам Ахматукаеў не адзін год займаецца перакладчыцкай працай. Па-другое, паэт вельмі ўважлівы менавіта да беларускай літаратуры…” І я ведаю: Адам Ахматукаеў працаваў над “Санетамі” настойліва, з перакананнем, што ў купалаўскіх творах сабраны ўсе краскі, фарбы сусветнай паэзіі. А кансультантамі ў працы для чачэнскага майстра слова выступілі супрацоўнікі мінскага Купалаўскага музея. Перш-наперш — дырэктарка музея, дасведчаны купалазнаўца Алена Раманаўна Ляшковіч.

Надрукавана ў часопісе “Гоч” і вялікая падборка вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. І ўжо рыхтуецца новы “беларускі выпуск” перакладнога выдання. Пецімат Петрымава такім чынам разглядае, вось так асэнсоўвае творчы праект: “Сёння ў нас беларускае мастацкае слова займае ўсё болей трывалыя пазіцыі, усё шырэй гучыць са старонак розных перыядычных выданняў. Таму спрыяюць і Адам Ахматукаеў, і Лула Куні, і Руслан Кадзімаў… Раней неяк было, што асноўны акцэнт рабіўся на класічную рускую паэзію. А яшчэ нашы нацыянальныя перакладчыкі ўважліва ставіліся да паэзіі розных народаў Каўказа. Найперш — Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі. Шмат мы заўжды перакладалі Расула Гамзатава… Чаму сённяшнія арыенціры скіраваны да беларускай паэзіі — як да класічных твораў, так і да твораў сучаснікаў? Бо краіна Беларусь становіцца ўсё болей цікавай, прыцягальнай. Вы заяўляеце ўсё болей розных грамадскіх праектаў, сусветнага гучання ініцыятыў. Вы як ніхто іншы дэкларуеце ідэі міралюбства, добрасуседства. І ўзнікае жаданне зазірнуць у ваш літаратурны, мастацкі, гуманітарны свет”.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.