Вы тут

Рэалізацыя праектаў са «Штадлер» сур’ёзна падымае імідж Беларусі


Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі падчас сустрэчы са старшынёй Адміністрацыйнага савета, уладальнікам кампаніі «Штадлер Рэйл Груп» Петэрам Шпулерам.


Перш за ўсё, кіраўнік дзяржавы падзякаваў кіраўніцтву кампаніі за выкананне сваіх абяцанняў. Паводле яго слоў, «Штадлер» вядомы ва ўсім свеце і тое, што ў Беларусі з’явілася адно з прадпрыемстваў брэнда па вытворчасці розных відаў транспарту, у тым ліку і электрычнага, «сур’ёзна падымае імідж нашай краіны». 

Ён таксама адзначыў, што памятае сустрэчу з Петэрам Шпулерам — «у электрычцы» — дзе ўдалося хутка дамовіцца аб сумеснай працы. «І сёння падумаў пра тое, калі б у нас усё так хутка прасоўвалася, як стварэнне вашага прадпрыемства ў Беларусі, было б зусім нядрэнна», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што рабочая сустрэча з’яўляецца не толькі падставай успомніць пачатак супрацоўніцтва, але і — што галоўнае — падумаць пра будучыню. «Натуральна, я гатовы абмеркаваць усе пытанні, якія ў вас з цягам часу паўсталі з тых часоў. Можа быць, ёсць нейкія прапановы. Калі ёсць праблемы для вырашэння — вы кажыце, мы пастараемся іх вырашыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся з нагоды новых саставаў для мінскага метро, якія прадпрыемства прадставіла на днях. «Я шмат чуў, што вы стварылі нейкі цуд — цягнік для нашага метро. Можа, вы пра яго нешта распавядзеце, а можа, падчас пастаноўкі на рэйкі гэтага цягніка мы з вамі пракоцімся яшчэ раз на ім. Можа, у гэтай электрычцы ў нас з’явяцца новыя ідэі, як калісьці», — з усмешкай дадаў беларускі лідар.

У адказ Петэр Шпулер адзначыў, што ў Фаніпалі сёння вырабляюцца цягнікі не толькі для патрэб Беларусі, але і для сусветнага рынку. «Я павінен сказаць, што нам даводзіцца працаваць ва ўмовах вельмі жорсткай канкурэнцыі, — сказаў ён. — Мы вырабляем цягнікі для Нарвегіі, двухпавярховыя цягнікі для Венгрыі, робім электрычныя цягнікі для Славеніі».

Нагадаем, 20 лістапада 2014 года Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік кампаніі «Штадлер Рэйл Груп» Петэр Шпулер афіцыйна адкрылі завод «Штадлер Мінск» у Фаніпалі. Кошт праекта склаў каля 50 млн еўра.

Сёння ў рамках дагавора, заключанага паміж ЗАТ «Штадлер Мінск» і Мінскім метрапалітэнам, ідзе распрацоўка і вытворчасць 10 саставаў для наяўных, а таксама для трэцяй лініі сталічнага метро, якая будуецца. Вырабляецца інавацыйны рухомы састаў, які не мае аналагаў у краінах СНД.


Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі старшыня Адміністрацыйнага савета, уладальнік кампаніі «Штадлер Рэйл Груп» Петэр Шпулер пагутарыў з журналістамі.

Ён нагадаў, што кампанія пачала сваю працу ў нашай краіне сем гадоў таму «абсалютна ў чыстым полі». «Мы стварылі новую сучасную вытворчасць, мабыць, самую сучасную ва ўсёй групе кампаній „Штадлер“, — сказаў Петэр Шпулер. — Цяпер мы робім у год 1,2 мільёна вытворчых гадзін, у нас тысяча работнікаў, мы працуем на поўную магутнасць».

Уладальнік кампаніі звярнуў увагу, што беларускі стандарт якасці цалкам адпавядае нямецкаму або швейцарскаму, а таксама на тое, што ў нашай краіне вельмі добра падрыхтаваныя і адукаваныя супрацоўнікі. Дзякуючы гэтаму завод у Фаніпалі працуе не толькі на айчынны рынак, але выходзіць і на міжнародны. Акрамя цягнікоў для Нарвегіі, Венгрыі і Славеніі, цікавы праект рэалізуецца ў Балівіі — вытворчасць трамваяў, якія будуць цалкам зроблены ў нашай краіне. Петэр Шпулер назваў апошні «вялікім гонарам».

«Як уласнік „Штадлера“, магу сказаць, што я ў захапленнi тымі ўмовамі працы, тымі эканамічнымі ўмовамі, якія мы сустракаем тут. Гэта не ў апошнюю чаргу тычыцца прафесійнай падрыхтоўкі нашых супрацоўнікаў, гэта вялікі знак якасці, на мой погляд, для любой нацыянальнай эканомікі . І гэта з’яўляецца вялікім спрыяючым фактарам таго, што мы можам выконваць выдатныя здзелкі і рабіць усё гэта тут, у Мінску», — дадаў ён.

Бізнесмен таксама распавёў, што шмат падарожнічае па свеце і заўсёды рэкламуе Беларусь у якасці вытворчай пляцоўкі. «І ў гэты раз я прыехаў сюды таксама не адзін, я прывёз свайго сябра, які хоча разгарнуць адзін цікавы праект у Гродна», — дадаў Петэр Шпулер.

Паводле яго слоў, першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын праінфармаваны пра гэта. «Думаю, усё скончыцца станоўча», — сказаў ён.

Што тычыцца яго ўласных праектаў, уладальнік кампаніі «Штадлер» распавёў, што ў яго была размова з начальнікам Беларускай чыгункі Уладзімірам Марозавым. Гаворка ішла пра тое, што ў Асіповічах існуе вытворчасць грузавых вагонаў. «Да нас паступіла прапанова пасадзейнічаць продажу, збыту гэтай прадукцыі на рынках Заходняй Еўропы. Зараз мы якраз займаемся прапрацоўкай гэтага пытання, пакуль што ўсё выглядае нядрэнна. Спадзяюся, што мы тут зможам з Беларуссю выбудаваць добрае супрацоўніцтва», — адзначыў бізнесмен.

Ад журналістаў прагучала пытанне аб Люке Таке — генеральным дырэктары Tessenderlo Group — у суправаджэнні якога і прыбыў у Беларусь Петэр Шпулер. Верагодна, менавіта пра яго раней і казаў бізнесмен.

Інтарэсы Така — новыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы. Нядаўна з’явіўся завод у Францыі, можа, з’явіцца і ў Беларусі? Сумесна з ім мы з’яўляемся ўладальнікамі самага вялікага прадпрыемства па вытворчасці тэкстыльных станкоў у свеце. Зараз мы прыбылі сюды разам, ён прыехаў па маім запрашэнні, я магу ўжо вам сказаць, што ён захоплены вашай краінай. Аднак тыя інвестыцыйныя намеры, якія ў яго ёсць, звязаныя не з тэкстыльным абсталяваннем, а з угнаеннямі", — дадаў Петэр Шпулер.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА і Андрэя Сазонава

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.