Вы тут

У Магілёўскай вобласці аб'ядналіся пяць раёнаў


Пілотны рэгіён — гэта Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Быхаўскі і Клічаўскі раёны. На тэрыторыі першых трох (яны найбольш пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС) чацвёрты год рэалізуецца праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, створаная ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 235. На жаль, тыя льготы і прэферэнцыі, якія гарантуе Указ, не вельмі ажывілі тут прадпрымальніцкую дзейнасць. Не лепшае эканамічнае становішча ў Быхаўскім і Клічаўскім раёнах. І пілотны праект, які стартаваў летась, якраз і разлічаны на тое, каб палепшыць становішча на тэрыторыі раёнаў. Стаўка робіцца на прыцягненне сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі і задзейнічанне актыўнага насельніцтва.


У кожнага раёна ёсць вопыт работы з грантамі міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Слаўгарад уключыўся ў гэтую дзейнасць з 2007 года. Мясцовы фонд развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра» рэалізаваў за гэты час 21 праект. Тры з іх дапамаглі адрадзіць традыцыі сыраробства ў раёне і нават стварыць адпаведны фестываль. Слаўгарадскі філіял грамадскага аб'яднання «Сяльчанка» даў магчымасць знайсці сваю справу найбольш актыўным жыхарам раёна і ўвасобіў у жыццё два буйныя праекты. Яшчэ чатыры на рахунку спажывецкага кааператыва «Гіжэнскі аграрый» — усе яны маюць адносіны да добраўпарадкавання і арганізацыі самазанятасці грамадзян.

У 2015 годзе аналагічны фонд развіцця сельскіх тэрыторый пад назвай «Старт-Узыход» адкрыўся ў Краснаполлі. На яго рахунку пяць сацыяльна важных праектаў. З іх дапамогай атрымалася захаваць цудоўны помнік прыроды мясцовага значэння — батанічны сад «Іваноў хутар», арганізаваць відэашколу для перспектыўнага бізнесу, аб'яднаць насельніцтва для сумеснага вырошчвання гародніны, стварыць у вёсцы Яноўка хакейную сталіцу раёна і падтрымаць вяскоўцаў у іх жаданні займацца садоўніцтвам.

Над рэалізацыяй праектаў працуе мясцовы фонд развіцця сельскіх тэрыторый Быхаўскага раёна, які адкрыўся каля двух гадоў таму.

Усе гэтыя некамерцыйныя арганізацыі паспяхова супрацоўнічаюць з органамі ўлады ў сферы занятасці і самазанятасці насельніцтва, займаюцца вырашэннем экалагічных і сацыяльных праблем. Па абагульненых звестках, за 2018 год імі прыцягнута і асвоена каля 500 000 еўра, выдзеленых па лініі Еўрапейскага саюза, ПРААН і іншых міжнародных арганізацый. Сродкі дапамаглі рэалізаваць шмат вельмі неабходных і важных для раёнаў праектаў. У аграгарадку Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна адкрыўся школьны энергапарк, у Краснаполлі — рэсурсны цэнтр «Энергазберажэнне ў побыце», у Быхаве — «Дом-інтэрнат з нулявымі стратамі энергіі», пры Клічаўскім аграрна-тэхнічным каледжы створаны клас энергаэфектыўнасці. Але такіх рэсурсных цэнтраў не хапае, каб здзейсніць рэвалюцыю ў эканоміцы. Таму і спатрэбілася аб'яднаць высілкі. А заадно больш зладжана працаваць па некалькіх асноўных кірунках. Напрыклад, у моладзі ёсць магчымасць праявіць сябе ў крэатыўнай эканоміцы. Гэта ўсё, што звязана з творчасцю, ІT-тэхналогіямі, арганізацыяй свят. За апошнія паўтара года ў пяці раёнах створана сем пілотных мадэляў крэатыўных відаў дзейнасці, каля 10 спецыялістаў у кожным раёне працуюць над папулярызацыяй гэтага віду бізнесу, у рэгіён прыцягнута не менш за тры мільёны долараў ЗША. Вельмі перспектыўны турыстычны кірунак. У Слаўгарадскім раёне размешчаны водна-балотны заказнік «Слаўгарадскі», у Клічаўскім — два заказнікі — гідралагічны «Астравы Дулебы» і біялагічны «Свіслацка-Бярэзінскі», у Быхаўскім — ландшафтны заказнік «Старыца». І тут таксама ёсць над чым працаваць.

— Навізна праекта заключаецца ў тым, што ўпершыню ў Беларусі прадугледжваецца ўзаемадзеянне паміж раёнамі ў фармаце мадэльных рэгіянальных праектаў, дзе кожны раён адыгрывае сваю ўнікальную ролю, падае свае рэсурсы, як для сумесных дзеянняў у інтарэсах усяго рэгіёна, так і кожнага раёна паасобку, — кажа старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў, а па сумяшчальніцтве яшчэ і старшыня каардынацыйнага савета рэгіянальнага праекта Святлана Язерская. — Такое ўзаемадзеянне дапаможа нам палепшыць занятасць насельніцтва ў сельскай мясцовасці. А на тэрыторыі пяці раёнаў сёння пражывае больш за 80 тысяч чалавек. Падчас падрыхтоўкі праекта было створана 20 мікрарэгіёнаў, для развіцця якіх распрацоўваюцца 60 ініцыятыў. Ёсць спадзяванні, што 20 будуць падтрыманыя праектам, а на рэалізацыю астатніх пойдуць унутраныя рэсурсы і спонсарскія сродкі. Абноўлены анлайн-сэрвіс і створана смарт-праграма ў выглядзе лічбавай карты для прасоўвання канкурэнтных пераваг рэгіёна. Сфарміраваныя тэматычныя сеткі — сельскі турызм, арганічнае земляробства, саветы вёсак. Распрацаваны тры буйныя праекты ў супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі, для 1500 чалавек створаны ўмовы для павышэння самазанятасці ў рэгіёне.

Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў:

— Пяць раёнаў, якія маюць складаную эканамічную абстаноўку, цяжкасці са сваім развіццём, аб'ядналіся для сумеснага рашэння сваіх ініцыятыў з прыцягненнем грантаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Такі саюз дапамагае кансалідаваць вопыт і веды некалькіх раёнаў і разам выступаць. Гэта дасць магчымасць прыцягнуць больш значныя фінансавыя рэсурсы і стварыць дадатковыя магчымасці для развіцця рэгіёнаў. Актыўна прымаюць у гэтым удзел народныя выбраннікі, раённыя Саветы дэпутатаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Сродак ад дэпрэсіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.