Вы тут

Што робяць дэпутаты для развіцця Магілёўскай вобласці?


Ніводнае важнае пытанне не вырашаецца без удзелу дэпутатаў. Яны кантралююць выкананне сацыяльна-эканамічных праграм, клапоцяцца аб навядзенні парадку на зямлі, уносяць карэкціроўкі ў інвестыцыйныя праграмы. Вельмі адказна правільна размеркаваць наяўныя рэсурсы па найбольш важных аб'ектах. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці летась гэта дало магчымасць паскорыць работы па Бялыніцкай бальніцы, іншых не менш сацыяльна значных аб'ектах.


— Важна зрабіць своечасовы аналіз, ацаніць і скарэктаваць, — кажа старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. — Гэта дазваляе больш эфектыўна распараджацца бюджэтнымі сродкамі. Але для нас важная не толькі агульная эканоміка, але і развіццё канкрэтных тэрыторый. Летась мы прынялі рашэнне, якое ўтрымлівае комплекс пэўных мер, накіраваных на актывізацыю работы ў гэтым кірунку. Будзем дабівацца, каб усе сельвыканкамы, сельсаветы мелі планы развіцця, якія павінны карэляваць з планамі развіцця раёнаў. Дэпутаты першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню арыентаваны на аказанне максімальнага садзейнічання насельніцтву ў стварэнні фермерскіх гаспадарак, развіцці народных промыслаў. Яны вядуць растлумачальную работу сярод жыхароў сваіх сельсаветаў, расказваюць, якія неабходна сабраць дакументы. Як вынік, колькасць плацельшчыкаў, што ажыццяўляюць дзейнасць па заяўляльным прынцыпе, павялічылася з 2108 чалавек у 2017 годзе да 4185 — у 2018-м, рамеснікаў з 3512 — да 4182, уладальнікаў аграэкасядзіб з 192 — да 209.

Сістэмна працавалі камісіі па садзейнічанні самазанятасці насельніцтва, праводзіліся выязныя пасяджэнні, дзе ўсім зацікаўленым у працаўладкаванні расказвалі пра вакансіі, тлумачылі іх магчымасці. Усё гэта дало свой вынік, і тэмпы зніжэння занятых у эканоміцы запаволіліся. На 1 студзеня 2019 года па вобласці налічвалася 7710 вакансій, з іх рабочых — 4818. На гэтую дату было зарэгістравана 2042 чалавекі, якія шукалі працу. З імі пастаянна вядзецца работа. Калі саіскальнік нічога не выбраў з існуючых вакансій, яму прапаноўваюць асвоіць новую прафесію. Прыярытэты аддаюцца перанавучанню з гарантыяй працаўладкавання. Менавіта 60 % такіх грамадзян атрымалі магчымасць працаўладкавацца пад канкрэтныя заяўкі. Акрамя гэтага, для ўсіх ахвотных заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю прапануюцца субсідыі на арганізацыю сваёй справы.

— Навядзенне парадку на зямлі, гэта, напэўна, адна са звышзадач народных абраннікаў. Што робіцца ў гэтым кірунку?

— Летась аблсавет звяртаў асаблівую ўвагу на рэалізацыю «сотага» ўказа. Быў праведзены семінар на базе Шклоўскага раёна, у якім прынялі ўдзел усе старшыні раённых, часткова сельскіх Саветаў. На практыцы былі паказаны падыходы да працэдуры захавання старых будынкаў, як гэта правільна рабіць, калі ў адным з населеных пунктаў цэлы шэраг падрыхтаваных для зносу дамоў. Шклоўскі раён — адзін з найбольш эфектыўна працуючых у гэтым кірунку. Там жа прадэманстравалі, як выкарыстоўваюцца цяжкадаступныя для тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў землі.

Яны прапануюцца прыватнікам для вядзення бізнесу. У Шклоўскім раёне ёсць добры прыклад, як на такім месцы ў вёсцы Заброддзе быў зроблены гадавальнік раслін. На пленарным пасяджэнні дэталёва прааналізавалі, якія новаўвядзенні прапануе новы, прыняты замест «сотага», 357-ы указ. Ён дае магчымасць больш актыўна выкарыстоўваць адчужэнне нерухомасці, прадаваць яе з аўкцыёну. Такія ж правы атрымалі і некаторыя гарады, напрыклад Бабруйск.

— Сёння ў краіне шмат гаворыцца пра стварэнне камфортных умоў пражывання на вёсцы, але гэта вялікія фінансавыя ўкладанні, якіх заўсёды не хапае...

— Таму мы і ўскладаем вялікія спадзяванні на Саветы першаснага ўзроўню, на актывізацыю работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.
У вобласці створана 10 440 ОТГС, з іх 8540 аднаасобных, 1900 — калегіяльных. Усяго ў органы грамадскага самакіравання было абрана 15 966 чалавек. Наша задача знайсці актыўных старастаў, дапамагчы ім арганізавацца і праз іх садзейнічанне ўцягваць грамадзян у працэс стварэння спрыяльных умоў пражывання. Добры прыклад вёска Вялікая Грава Асіповіцкага раёна. Вяскоўцы стварылі свой актыў, сфарміравалі план развіцця населенага пункта. Не менш цікавы вопыт ёсць у Дрыбінскім раёне. Жыхары вёскі Шастакі пад кіраўніцтвам старасты Ніны Сільчанка рэалізуюць сумесную з калгасам ініцыятыву. Сельгаспрадпрыемства выдзяляе зямлю, дзе насельніцтва саджае бульбу, іншыя культуры, а грошы за рэалізацыю гэтай прадукцыі выкарыстоўваюцца на вырашэнне грамадскіх пытанняў. Актыўна ва ўсім гэтым удзельнічае фермер Уладзімір Рынг. Ён дапамагае землякам і ў іншых пытаннях. Дзякуючы яму ў вёсцы ўстанавілі паклонны крыж, цяпер вяскоўцы атрымалі благаславенне на будаўніцтва новай капліцы. Вельмі важную ролю ў нашай рабоце адыгрываюць ініцыятыўныя людзі. І мы іх стараемся падтрымаць. Пры аблсавеце створана рабочая група па заахвочванні найбольш актыўных старастаў і прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання. Будзем і надалей гэта развіваць.

— Летась была праведзена вялікая работа па ўдасканаленні дзейнасці магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. На нядаўнім пасяджэнні ў Кіраўску эксперты Савета Еўропы ўхвалілі гэтыя дзеянні. Размова ішла пра тое, каб абраць вобласць для рэалізацыі пілотнага праекта па садзейнічанні актывізацыі развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў, павышэнне іх ролі і ўплыву на эканамічнае развіццё тэрыторыі.

— Так. Мы лічым, што на першым этапе максімальныя высілкі трэба накіраваць на навучанне дэпутацкага корпуса і нашых ініцыятыўных старастаў формам і метадам работы з насельніцтвам. Плануем правядзенне семінара-вучобы па рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў. Зробім гэта, хутчэй за ўсё, у выглядзе відэаканферэнцыі, каб ахапіць максімальную колькасць людзей.

Фінансавае пытанне плануем вырашаць за кошт пошуку і прыцягнення міжнародных грантаў тэхнічнай дапамогі. Грошы плануецца накіроўваць на развіццё Саветаў і органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання, на павышэнне актыўнасці грамадзян у прыняцці рашэнняў мясцовага значэння. Мы ўжо падалі заяўкі на ўдзел у некалькіх грантах.

— На кантролі ў дэпутатаў цэлае кола пытанняў — ад рэалізацыі дзяржаўных праграм да канкрэтных праблем у той ці іншай галіне. Над якімі больш дэталёва працавалі дэпутаты летась?

— Напрыклад, камісія па аграрных пытаннях разглядала праблемы з кадрамі ў сельскай гаспадарцы. Размова ішла пра размеркаванне маладых спецыялістаў і іх замацаванне пасля вучэбных устаноў. Станоўчы прыклад па гэтай тэме — праект, рэалізаваны ў Дрыбінскім раёне, дзе на базе адной з навучальных устаноў збіраюць старшакласнікаў і рыхтуюць па запатрабаванай у райцэнтры прафесіі швачкі. За сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі створаны вучэбны кабінет, цалкам абсталяваны сучаснай тэхнікай.

Размаўлялі таксама пра развіццё асабістых дапаможных гаспадарак. Тут сапраўды ёсць складанасці. У краіне існуюць высокія патрабаванні да якасці сыравіны, бо нашы прадпрыемствы працуюць на экспарт. Мы збіраемся больш дэталёва вывучыць гэтую праблематыку і выпрацаваць сістэмныя рашэнні на ўзроўні вобласці. Створана рабочая група па выпрацоўцы і ўнясенні прапаноў.

Летась стварылі ў абласным Савеце дэпутацкую групу грамадскай арганізацыі «Белая Русь», члены якой практыкуюць прыём выбаршчыкаў у грамадскіх прыёмных сумесна з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і прадстаўнікамі выканаўчай улады, каб комплексна разглядаць пытанні і адразу ж даваць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства.

— Летась у Магілёве прайшоў V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дзе ў дэпутатаў дзвюх краін была магчымасць устанавіць больш цесныя сувязі. З кім атрымалася пасябраваць і на якой стадыі вашы адносіны?

— Заключылі пяць пагадненняў з Самарскай і Смаленскай губернскімі Думамі, Калінінградскай абласной Думай, заканадаўчымі сходамі Краснадарскага краю, Калужскай вобласці. Зараз вядзём работу па напаўненні гэтых пагадненняў канкрэтнымі мерапрыемствамі. Атрымалі план узаемадзеяння з Краснадарскага краю. Расійскія калегі прапануюць правесці круглы стол на тэму захавання ўнікальных прыродных комплексаў, сумесныя семінары на канкрэтныя тэмы. Мы збіраемся ў найбліжэйшы час дапоўніць гэты план і пачаць яго рэалізоўваць. Нас цікавіць работа органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, механізм уцягвання насельніцтва ў рашэнне пытанняў мясцовага значэння.

— Вялікая ўвага ў краіне надаецца патрыятычнаму выхаванню моладзі. Маладзёжны парламент, па сутнасці, створаны для таго, каб уцягваць у грамадскую дзейнасць найбольш актыўных і перспектыўных маладых людзей.

— Так, у вобласці вядзецца работа па ўдасканальванні гэтага ўтварэння. Маладзёжныя парламенты існуюць у некалькіх нашых раёнах, плануем стварыць такое аб'яднанне і на ўзроўні вобласці. Але няма адзінай практыкі і шмат пытанняў. Зараз часцей за ўсё выбары праходзяць на базе школ, вучні вылучаюць свае праграмы, але ўзрост гэтых падлеткаў не заўсёды дапамагае ім раскрыцца. У той жа момант рабочая моладзь засталася па-за ўвагай. Трэба, каб прадстаўнікі ад яе таксама былі ў маладзёжным парламенце. Кожны з раёнаў павінен выбраць самых актыўных маладых людзей і дэлегаваць у абласны маладзёжны парламент. Плануецца, што будуць вылучэнцы таксама ад прафсаюзаў, іншых грамадскіх арганізацый. Трэба ахапіць усе сферы, усе кірункі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Стаўка на канкрэтныя тэрыторыі

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.