Вы тут

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў


Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу

Амаль паўгода таму на Савеце БДУ былі агучаны стратэгічныя мэты развіцця ўніверсітэта: сярод іх фігуравалі павышэнне якасці адукацыі, выбудоўванне кадравай палітыкі з апорай на рэальныя дасягненні супрацоўнікаў, павелічэнне колькасці прафесарска-выкладчыцкага складу з вучонымі ступенямі і нават уваходжанне ў 1 % найлепшых універсітэтаў свету. Як вядзецца работа па рэалізацыі пастаўленых задач? Каго павінен рыхтаваць універсітэт: вузкіх прафесіяналаў ці асоб з фундаментальнай падрыхтоўкай і шырокім кругаглядам? Без якіх навыкаў нельга абысціся ў сучасным свеце? Аб усім гэтым мы гутарым з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктарам педагагічных навук, прафесарам Андрэем КАРАЛЁМ.


Андрэй КАРОЛЬ: ”Вельмі цяжка навучыць студэнта мысліць нестандартна…”

Калі няма гатовых рэцэптаў...

— Андрэй Дзмітрыевіч, ці падзяляеце вы думку, што дыплом як траставы сертыфікат універсітэта страчвае сваю значнасць? Адукацыя робіцца бесперапынным працэсам, «канструктарам» з ведаў, якія чалавек можа перасабраць, прычым неаднойчы за сваё жыццё...

— Я так бы радыкальна пра абясцэньванне дыплома ўсё ж не казаў, бо ён усё роўна застаецца важнай часткай біяграфіі чалавека — і навуковай, і прафесійнай, неад'емным складнікам партфоліа любога прафесіянала. Нас заўсёды ацэньваюць, усё мае сваё вымярэнне, у тым ліку і ў адукацыі. Таму для кагосьці заўсёды будзе важна, якую ВНУ ты скончыў. Але на рынку працы адбываюцца сур'ёзныя змены, якіх нельга не заўважаць: у знешнім асяроддзі яны больш імклівыя, чым у сферы адукацыі. У сілу сваёй традыцыйнай кансерватыўнасці ўніверсітэт і школа, не толькі ў нас, але і ўвогуле ў свеце, не заўсёды за імі паспяваюць.

Я, напрыклад, ведаю ІТ-кампаніі, кіраўнікоў якіх у значна большай ступені цікавіць, што ты ўмееш рабіць, і ў меншай — які ў цябе дыплом. Гэта пакуль не масавая практыка ў Беларусі, але пэўныя тэндэнцыі ўжо прасочваюцца. Свет паскараецца, робіцца стаўка на высокую тэхналагічнасць, змяняюцца погляды работадаўцы на тое, хто яму патрэбны, многія прафесіі адыходзяць у мінулае. Пакуль у нас у прыярытэце дыплом, але я не выключаю, што праз 20—30 гадоў будзе па-іншаму. Дарэчы, Марк Цукерберг, адзін з заснавальнікаў самай папулярнай сацыяльнай сеткі, сказаў: «Фэйсбук» — шыкоўны вопыт, мне проста пашанцавала. Але я шкадую, што не давучыўся ў каледжы, дзе табе даюць больш, чым ты ведаеш. Там ты проста атрымліваеш задавальненне, адкрываючы свет...»

— А як ва ўмовах нявызначанасці, калі пра будучыню мала што вядома, можна спраектаваць свой асобасны і кар'ерны рост?

— Трэба зразумець, што няма гатовых рэцэптаў і шаблонаў. І чым далей, тым болей непрадказальным будзе наша жыццё. Таму вучыць трэба не чамусьці канкрэтнаму. Філосафы кажуць, што самае сапраўднае веданне — гэта веданне аб сваім няведанні. І мы павінны вучыць студэнтаў бачыць вобласць свайго няведання, выходзіць за межы стэрэатыпаў, глядзець на рэчы з розных бакоў, бачыць будынак не толькі з фасада. Але ці можна глядзець на свет нестандартна і нешаблонна, калі табе транслююць стандартную шаблонную інфармацыю, упакаваную і расфасаваную па розных дысцыплінах і вучэбных планах? Гэта прыводзіць да таго, што з кожнай гадзінай у маладога чалавека з'яўляецца ўсё больш гатовых ведаў. Несці сумку ўсё цяжэй, але самае крыўднае, што, пакуль гэтыя веды яму транслююцца, яны ўжо паспяваюць састарэць.

Каштоўнасць ведаў залежыць ад спосабу іх атрымання.Чаму мы лічым, што лекцыя павінна абавязкова праходзіць у форме маналогу?

Упэўнены, што студэнтам і школьнікам трэба вучыцца не канкрэтным ведам, а ўменню адкрываць сябе. І праз вывучэнне сябе вывучаць знешні свет, а не наадварот. Трэба выяўляць свае магчымасці, вучыцца ставіць мэты. Каб пабудаваць уласную траекторыю, калі няма дакладных арыенціраў, трэба абапірацца на свой патэнцыял, але для гэтага яго трэба раскрыць.

Патрэбны не «кладаўшчыкі», а стваральнікі

— Як вы лічыце: лекцыйная форма заняткаў сябе яшчэ не зжыла? Наколькі правільна падаваць веды на сподачку ў гатовым выглядзе? Можа, трэба пераходзіць да дыялогу?

— А чаму мы лічым, што лекцыя павінна абавязкова праходзіць у форме маналогу? Маналагічнасць адмаўляе перш за ўсё самастойны, творчы характар спасціжэння навучэнцамі навакольнага свету. Звычайная трансляцыя інфармацыі працуе на «склад», на падрыхтоўку «кладаўшчыка», а не на выхаванне стваральніка свайго поспеху. Вельмі цяжка навучыць мысліць нестандартна, калі адукацыйны працэс звесці да паведамлення шаблоннай інфармацыі ў выглядзе правіл, схем, класіфікацый, тэарэм і заканамернасцяў. Перадатачны характар адукацыі, заснаваны на інфармацыйным падыходзе, прыводзіць да таго, што студэнт на занятках іграе пасіўную ролю, следуючы за логікай выкладчыка. І тут ужо ўзнікае шэраг пытанняў. Ці заўсёды тое, што нам даюць, мы бяром? Ці заўсёды тое, што ўзялі, становіцца нашым? І калі мы бяром, ці заўсёды прымнажаем?

У нашай рэчаіснасці быць экіпіраваным ведамі яшчэ не азначае ўмення іх прымяніць. Атрыманае ад іншых, як правіла, страчваецца. Чаму студэнты часта кажуць: «Зразумеў я многае, але нічаму не навучыўся»? Каштоўнасць ведаў залежыць ад спосабу атрымання, але студэнтаў і навучэнцаў пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у кухні па іх «прыгатаванні». Сістэма трансляцыі загадзя правільнай інфармацыі не развівае творчы пачатак, які ёсць у кожным з нас...

Вядома, лекцыйная форма заняткаў будзе трансфармавацца, і ў нашым універсітэце ўжо многія выкладчыкі адмаўляюцца ад маналогу. Ёсць выкладчык і ёсць студэнт, настаўнік і вучань — і ад таго, як арганізаваны паміж імі дыялог, у вялікай ступені залежыць канчатковы вынік.

— У мінулым годзе ў БДУ быў створаны міжуніверсітэцкі партал «Крэатыўная адукацыя: метадалогія, змест, практыка». Ці стаў ён пунктам росту для сістэмы крэатыўнай адукацыі?

— Мы стваралі адкрытую інтэрактыўную інтэрнэт-пляцоўку з магчымасцю дыстанцыйнага ўдзелу ў яе рабоце ўсіх ахвотных і наладжвання дыялогу. Як я ўжо казаў, для падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў, якія будуць запатрабаваныя наймальнікамі, патрабуецца пераход ад маналагічнага характару навучання да дыялогу, іншая метадалогія навучання, калі студэнта вучаць не браць «чужое», а ствараць уласны адукацыйны прадукт па кожнай канкрэтнай тэме. Я не магу сказаць, што кінутае ў зямлю зерне вырасла за год у буйное дрэва, было б наіўна меркаваць, што змяненні будуць адбывацца з такой хуткасцю, але пэўная частка педагогаў паглядзела на сваю дзейнасць пад іншым вуглом.

Эўрыстычнае навучанне, на якое мы робім стаўку, гэта навучанне на аснове дыялогу, якое раскрывае вучня. Студэнту прапануецца не ўзяць напрамую і засвоіць дасягненні чалавецтва, а вывучаць аб'екты рэчаіснасці (прыроды, тэхнікі, культуры, навукі) самастойна, па прапанаваным педагогам алгарытме. Найважнейшым элементам эўрыстычнага навучання выступае адкрытае заданне, на якое ў кожнага можа быць свой адказ і якое раскрывае ўнутраны патэнцыял навучэнца, матывуе яго на пошукі. Функцыі выкладчыка/настаўніка пры гэтым таксама змяняюцца: ён не дае веды, а арганізоўвае іх пошук. На другім этапе сваё супастаўляецца з чужым — назапашанымі чалавецтвам ведамі ў рамках пэўнай вучэбнай тэмы. У выніку студэнт здзяйсняе ўласныя адкрыцці, спазнае сябе... У дыялагічнасці навучання закладзена магчымасць асабістага росту для студэнта ці школьніка: апошні вучыцца ставіць уласныя мэты, супастаўляць, аналізаваць, дыскутаваць, развівае свае крэатыўныя якасці, стварае ўласны адукацыйны прадукт... І пытанні ён задае ўжо не інфармацыйнага плана, а аб'ёмныя, якія выходзяць за межы аднаго прадмета, у яго фарміруецца цэласнасць свету.

Партал — гэта люстэрка дзейнасці нашых педагогаў. На ім размяшчаюцца і праводзяцца ў анлайн-рэжыме тэматычныя вебінары, круглыя сталы, семінары і канферэнцыі, дыскусіі, абмяркоўваюцца адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы, тэхналогіі навучання.

Усе распрацоўкі выкладчыкаў БДУ ў сферы крэатыўнай адукацыі рэалізуюцца ў навучальным працэсе. Праведзена ўжо звыш 80 эўрыстычных заняткаў і каля 60 інтэрнэт-заняткаў, якія арыентаваныя на фарміраванне асобы студэнта, вучаць яго правільна ставіць мэты, супастаўляць, аналізаваць і ствараюць умовы для самарэалізацыі. На партале можна знайсці метадычныя распрацоўкі выкладчыкаў БДУ, апісанне іх майстар-класаў, відэапрэзентацыі перадавога педагагічнага вопыту, навукова-метадычныя артыкулы выкладчыкаў па актуальных праблемах развіцця ўніверсітэцкай адукацыі.

У БДУ распачаўся выпуск серыі "Крэатыўная адукацыя": выдадзены шэсць практыкумаў адкрытых эўрыстычных заданняў для гуманітарных і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін. Іх выкананне не мае на ўвазе адзіна правільны адказ. Серыя змяшчае заданні выкладчыкаў БДУ і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, апрабаваныя ў працэсе падрыхтоўкі будучых філолагаў, журналістаў, эканамістаў, юрыстаў, палітолагаў, матэматыкаў, біёлагаў, фізікаў, хімікаў і іншых спецыялістаў.

У БДУ распачаўся выпуск серыі “Крэатыўная адукацыя”: выдадзены шэсць практыкумаў адкрытых эўрыстычных заданняў для гуманітарных і прыродазнаўча-навуковых дысцыплін

— 2018 год азнаменаваўся для БДУ запускам першага ў Беларусі ўніверсітэцкага нанаспадарожніка, які да таго ж стаў толькі трэцім аб'ектам айчыннага паходжання на калязямной арбіце. Скажыце, уласны нанаспадарожнік — гэта найперш іміджавая падзея ці ад яго ёсць рэальная карысць для ўніверсітэцкай навукі?

— Канешне, нанаспадарожнік — прадмет гонару для ўніверсітэцкай навукі, вынік дзесяцігадовай працы калектыву супрацоўнікаў і студэнтаў навукова-метадычнага Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій і фізічнага факультэта БДУ. Апаратна-праграмныя сродкі спадарожніка і наземнага комплексу кіравання з'яўляюцца інтэлектуальнай распрацоўкай навукоўцаў і студэнтаў БДУ. Такім чынам універсітэт увайшоў у лік 100 ВНУ свету, якія паспяхова ажыццявілі запуск і эксплуатуюць свае нанаспадарожнікі.

Пры нязначных габарытах нанаспадарожнік валодае ўсімі характарыстыкамі вялікіх спадарожнікаў. Ён абсталяваны ўсімі неабходнымі падсістэмамі энергазабеспячэння, кіравання арыентацыяй і стабілізацыяй, тэлекамунікацыі. На спадарожніку ўстаноўлена лічбавая камера, радыяцыйны спектрометр, інфрачырвоны дэтэктар і іншае навуковае абсталяванне карыснай нагрузкі.

Белдзяржуніверсітэт увайшоў у лік 100 ВНУ свету, якія паспяхова ажыццявілі запуск і эксплуатуюць свае нанаспадарожнікі.

Перад спадарожнікам стаіць шырокі спектр задач: у навуковых мэтах будзе праводзіцца даследаванне радыяцыйных палёў калязямной прасторы, радыяцыйнай трываласці электронных элементаў, дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі.

Да таго ж нанаспадарожнік — гэта лятучая вучэбна-навуковая лабараторыя. Разам з наземным комплексам кіравання, прыёму і апрацоўкі даных студэнты ў рэальных умовах могуць асвойваць касмічныя тэхналогіі і праводзіць навуковыя даследаванні. Усе, хто ўдзельнічаў у праекце, атрымалі ўнікальны вопыт поўнага цыкла распрацоўкі, стварэння і выкарыстання ўласных касмічных апаратаў.

Прызнаюся, што мы ўжо працуем над новым апаратам з крыху іншымі функцыямі, які арыенціровачна плануем запусціць у 2020—2021 гадах. І ў нас ужо ёсць прапановы ад замежных фірмаў паўдзельнічаць у стварэнні новага нанаспадарожніка.

Фінансы і псіхалогія

— Андрэй Дзмітрыевіч, адна з задач, якую вы ставілі перад сабой пасля прызначэння на пасаду рэктара БДУ, — амаладжэнне кадравага складу. Скажыце, а ці лёгка маладому вучонаму зрабіць кар'еру ў БДУ? Напрыклад, стаць дэканам факультэта ці загадчыкам кафедры?

— У БДУ сёння працуюць больш як 2700 выкладчыкаў. Я лічу, што галоўнае ўсё ж такі не ўзрост, а гатоўнасць да перамен. І для мяне важна, каб на кіруючую пасаду прыйшоў той, хто хоча перамен. У гэтага чалавека гараць вочы, ёсць свая стратэгія, бачанне, што можна зрабіць на маленькай кафедры (а іх у нас 154), каб рэалізаваць стратэгічныя мэты ўніверсітэта. Можа быць, ён менш ведае, чым той, хто шмат ведае, але не хоча далейшага прагрэсіўнага руху. Калі аперыраваць лічбамі, то кожны чацвёрты загадчык кафедры ў нас змяніўся. Сярэдні ўзрост новых загадчыкаў — 44 гады. І прыкладна кожны трэці дэкан у нас таксама новы. Іх сярэдні ўзрост — 39 гадоў. Амаладзілася таксама прыкладна 50 працэнтаў прарэктарскага корпуса. Сярэдні ўзрост новых прарэктараў — 47 гадоў. Напрыклад, наш прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі абараніў доктарскую ў 36 гадоў. Я лічу, што гэта добры прыклад для іншых. Новаму дэкану геаграфічнага факультэта — 38 гадоў, фізічнага — 37 гадоў. Гэта людзі не з вуліцы — яны выраслі і сфарміраваліся як прафесіяналы на сваім факультэце.

— Вы ўкаранілі механізм рэйтынгавай аплаты працы ўсіх катэгорый супрацоўнікаў універсітэта. Як калектыў паставіўся да гэтага новаўвядзення?

— Спадзяюся, з разуменнем. Абмеркаванне ў працоўных калектывах доўжылася больш як чатыры месяцы, мы шмат дыскутавалі, улічылі кожны голас. Па выніках рэйтынгавых ацэнак, выстаўленых за 2018 год, штомесячная дадатковая прэмія была прызначана 30 працэнтам выкладчыкаў БДУ.

У рэйтынгавай сістэме вынікі ацэньваюцца па аб'ектыўных крытэрыях, якія адлюстроўваюць вучэбна-метадычную, навуковую, арганізацыйную і выхаваўчую работу выкладчыкаў. Тэхнічная ўнікальнасць рэйтынгу прафесарска-выкладчыцкага складу заключаецца ў поўнай аўтаматызацыі працэсаў выстаўлення рэйтынгавай ацэнкі, разліку і прызначэння прэмій. Гэта дазваляе мінімізаваць суб'ектыўны фактар пры аналізе паказчыкаў эфектыўнасці работы выкладчыкаў.

Унутрыўніверсітэцкі рэйтынг паспрыяў таму, што многія супрацоўнікі цяпер задаюць пытанні накшталт «Якія параметры мне трэба закрыць, паб падняцца ў рэйтынгу?..». І справа тут не толькі ў фінансах, але і ў псіхалогіі. А мы, між іншым, бачым, што нават для таго, каб нам утрымацца ў двух працэнтах найлепшых універсітэтаў свету, трэба, каб кожны супрацоўнік з навуковай ступенню за год падрыхтаваў і апублікаваў свой артыкул у прэстыжным навуковым выданні. Праз рэалізацыю кадравай палітыкі мы маем унікальныя і для БДУ, і для ўсёй краіны вынікі ў навуковай дзейнасці. Летась ва ўніверсітэце былі абаронены і зацверджаны 71 кандыдацкая дысертацыя і 8 доктарскіх.

І хачу дадаць, што ў нас не было ніводнай скаргі ў апеляцыйную камісію ва ўніверсітэце, значыць, інструменты вымярэння эфектыўнасці дзейнасці выкладчыкаў працуюць. Калі работнік не задаволены налічанымі яму баламі, ён мае права пра гэта заявіць.

— А ці можаце вы з упэўненасцю сказаць, што ведаеце, як павінен развівацца вядучы нацыянальны ўніверсітэт? Вам вядомыя рэцэпты поспеху?

— Трэба стварыць такія ўмовы, каб кожны змог рэалізаваць свой патэнцыял і гэта мела б кумулятыўны эфект для ўсяго ўніверсітэта. Вось самая галоўная ўмова. Стратэгія БДУ распрацавана толькі на тры гады, планаваць далей сэнсу няма, бо свет змяняецца вельмі хутка. Мы разумеем, што ўвайсці ў 1 працэнт найлепшых ВНУ (першыя тры сотні) надзвычай складана. На сусветным адукацыйным рынку разгарнулася рэальная вайна за дамінаванне, за права ўплыву, амаль як у спорце. І рэйтынгі — гэта пэўная маніпуляцыя. Я ведаю ўніверсітэты, якія не займаюць высокія пазіцыі ў сусветных рэйтынгах, таму што не адпавядаюць заходнім шаблонам, але яны працуюць на найвышэйшым узроўні. Рэпутацыя ВНУ — гэта індустрыя. У цябе ўкладваюць грошы, і ты займаеш высокія пазіцыі ў рэйтынгу. А чым вышэй твая пазіцыя, тым больш грошай у цябе ўкладваюць. Першая тройка і першая сотня ВНУ амаль не змяняюцца. Любога навічка тут жа пачынаюць «выпіхваць». Крытэрыі ці «правілы гульні» змяняюцца кожны год. Можна, канешне, махнуць на іх рукой, але можна разглядаць рэйтынгі, як нейкі маяк: у якім напрамку нам рухацца, як развіваць універсітэцкую навуку, як расстаўляць акцэнты ў рабоце? Публікацыйная актыўнасць нашых вучоных — вельмі важны паказчык у рэйтынгах. Значыць, будзем яе стымуляваць. Для фарміравання іміджу ўніверсітэта, яго акадэмічнай рэпутацыі прысутнасць у рэйтынгах, за якімі сочыць сусветная супольнасць, усё ж такі важная. Галоўнае — не стаяць на месцы...

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Кастуся ДРОБАВА і прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.