Вы тут

“На хвалі часу, у плыні жыцця”


Віртуальны праект "На хвалі часу, у плыні жыцця" прымеркаваны да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. Праект разлічаны на доўгі перыяд часу – з 2019 па 2023 год.

Датай стварэння згуртавання “Маладняк” лічыцца 28 лістапада 1923 года, калі ў мінскім камсамольскім клубе “КІМ” сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў: Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча – з мэтай стварэння літаратурнай суполкі паэтаў і пісьменнікаў.

Згуртаванне “Маладняк” адыграла вялікую ролю ў развіцці беларускай савецкай літаратуры і станаўленні арганізацыйных форм літаратурнага працэсу. З дзейнасці ў гэтым аб’яднанні пачаўся творчы шлях многіх буйных пісьменнікаў БССР: Петруся Броўкі, Міхаcя Лынькова, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Скрыгана, Пятра Глебкі і інш.

Пра станаўленне і дзейнасць аб’яднання раскажа гістарычная даведка, а таксама алічбаваныя поўныя тэксты часопісаў і альманахаў (“Маладняк”, “Аршанскі маладняк”, “Дняпроўскія ўсплёскі”, “Зарніцы”, “Світанне” і іншыя), кніг з маладнякоўскай кніжніцы (“Маладняк Янку Купалу” (1925), “Слуцкія песняры” (1926) “Алёша” (1927) і інш.), дакументальнай літаратуры. На дадзены момант у праекце прадстаўлена 60 алічбаваных крыніц.

Раздзел “Апантаным усё пад сілу” змяшчае кнігі і перыядычныя выданні пра творчую дзейнасць суполкі. Можна пазнаёміцца з поўнымі тэкстамі кніг Максіма Гарэцкага “Маладняк за 5 гадоў”, Цішкі Гартнага “Узгоркі і нізіны”, Тодара Глыбоцкага (А. Дудара) “Пра нашы літаратурныя справы”; артыкуламі з газет “Звязда”, “ЛІМ” і часопіса “Маладняк”. Фрагментарна выкладзена інфармацыя з рубрык “Хроніка” часопіса “Маладняк” і “Хроніка беларускай культуры” з часопіса “Полымя”, якая знаёміць з дзейнасцю згуртавання (1924–1928).

У рамках супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва была падрыхтавана фотагалерэя ўнікальных фодаздымкаў з подпісамі, выверанымі архівістамі.

На працягу пяці гадоў запланавана прадставіць на партале цыкл праектаў пра выбітных асоб літаратурнай арганізацыі “Маладняк”, якія былі яе актыўнымі сябрамі, арганізатарамі філій літаб’яднання ў розных кутках Беларусі. Запланавана размяшчэнне інфармацыі пра Адама Бабарэку, Кузьму Чорнага, Уладзіміра Дубоўку, Уладзіміра Хадыку, 3мітрака Бядулю і інш.

Распачынае гэты цыкл праект, прымеркаваны да 110-годдзя сябра згуртавання – беларускага паэта і перакладчыка Валерыя Дзмітрыевіча Маракова (1909–1937). Сямнаццацігадовы падлетак стаў вядомым паэтам адразу пасля выхаду сваёй першай кнігі “Пялёсткі” (1926), а выпусціўшы праз год новую – “На залатым пакосе” – зрабіўся адным з куміраў маладых чытачоў. Да пачатку ХХІ ст. імя паэта было малавядомае, пакуль асобай свайго рэпрэсаванага родзіча не зацікавіўся яго пляменнік – пісьменнік Леанід Маракоў (1958–2016), стварыўшы кнігу “Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст” (1999).

Валерый Маракоў рана загінуў, пакінуўшы пасля сябе толькі чатыры кнігі паэзіі: “Пялёсткі” (1926), “На залатым пакосе” (1927), “Вяршыні жаданняў” (1930), “Права на зброю” (1933), з поўнымі тэкстамі якіх можна пазнаёміцца ў раздзеле “Сэрца, сагрэтае сумам”. Падрыхтаваны таксама бібліяграфічны спіс яго прыжыццёвых публікацый у перыядычных выданнях, якія знаходзяцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі.

У фотагалерэі паэта змешчаны фотаздымкі з асабістага архіва Валерыя Маракова, які захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Творчасць паэта даследавалі К. Камейша, В. Рагойша, А. Бельскі, М. Мішчанчук, С. Грахоўскі і інш, кнігі і артыкулы якіх прадстаўлены ў асобным раздзеле, прысвечаным трагічнаму лёсу паэта.

З віртуальным праектам можна пазнаёміцца на беларускамоўнай версіі сайта бібліятэкі. З цягам часу плануецца размяшчэнне матэрыялаў у перакладзе на рускую і англійскую мовы.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 29 69(8 017) 293 27 19.

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/pradsta-lyaem-novy-virtualny-praekt-bibliyateki-na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.