Вы тут

«Мы будзем жыць, жыццё — за нас...»


«Мы будзем жыць, жыццё — за нас...»

Творцы, чые лёсы абарваліся вельмі рана, павінны застацца ў нашай свядомасці. Але для гэтага патрэбна прапанаваць грамадскасці інфармацыю пра іх. Распачалі такую справу яшчэ ў 1990-я гады даследчыкі Ірына Багдановіч і Леанід Маракоў. Мэта маштабнага праекта віртуальнай выстаўкі «На хвалі часу, у плыні жыцця», што днямі прэзентавалі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, падобная: папулярызаваць і ўвесці ў шырокі ўжытак паўнатэкставыя дакументы, якія датычацца жыцця і творчасці літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Распачаты цяпер, праект мусіць завяршыцца ў 2023 годзе — тады «Маладняку» споўніцца 100 гадоў.

Калі для архіва важна найперш захаваць дакументы, для музея — экспанаваць іх, паказаць наведвальніку, то для бібліятэкі — праца з шырокімі коламі грамадства. Праект, у якім, акрамя пералічаных бакоў, задзейнічаны яшчэ і СМІ, спалучыў прыватныя задачы гэтых устаноў з мегазадачай: захаванне нацыянальнай культуры.

Натхняльніцай праекта стала супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Лаўрык. Яна звярнулася ў музей і Беларускі дзяржаўны архіў-музей з прапановай стварыць віртуальную выстаўку пра маладнякоўцаў.

У Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва штогод адбываюцца «Узвышаўскія чытанні», ладзяцца спецыяльныя выстаўкі, дзе можна пазнаёміцца з вельмі цікавымі фактамі з біяграфій пісьменнікаў. Штогод выходзяць зборнікі дакладаў, у фондах ёсць пратаколы з запісамі штодзённага жыцця аб’яднання «Маладняк» — там адлюстраваны і канфлікт, які выбухнуў утварэннем літаб’яднання «Узвышша» — але гэтай інфармацыяй карыстаецца толькі невялікае кола даследчыкаў. Матэрыялы, якімі валодае музей, збольшага знаходзяцца ў сховішчах фондаў. У выніку рэалізацыі ідэі віртуальнай выстаўкі звесткі пра літаратурнае жыццё краіны і саміх творцаў стануць больш даступныя ўсім зацікаўленым — не выходзячы з дому, можна будзе спампаваць і прачытаць любое выданне тых гадоў, датычнае творчасці маладнякоўцаў.

Фрагмент часовай экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

З часам партал Нацыянальнай бібліятэкі адкрые для шырокага карыстання ўсе дакументы па тэме маладнякоўцаў, якімі яна валодае, архіў і музей. Частка дакументаў ужо размешчана на сайце. Адкрывае партал гістарычная даведка пра літаб’яднанне, якая ўтрымлівае звесткі, пачынаючы з яго стварэння ў лістападзе 1923 года, і завяршаючы яго рэарганізацыяй у лістападзе 1928 года ў «Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў». Ёсць звесткі і пра літаб’яднанне «Узвышша» — яго стварылі пісьменнікі, якія выйшлі з «Маладняка». Далей партал змяшчае літаратурна-мастацкія выданні тых гадоў, сярод якіх — шмат часопісаў (можна спампаваць любы з іх). Потым — даследаванні творчасці маладнякоўцаў. У асноўным гэта кнігі, дзе распавядаецца пра арганізацыю, і бібліяграфічныя спісы. Сюды ўваходзяць і алічбаваныя старыя выданні, напрыклад, кніга 1928 года Максіма Гарэцкага «Маладняк за 5 гадоў». Прадстаўлены і тыя, што належаць пяру Алеся Дудара і Зміцера Жылуновіча, а таксама сучасныя даследаванні Ганны Севярынец, Ірыны Багдановіч. Акрамя таго, супрацоўнікі бібліятэкі самі правялі даследаванне, з вынікамі якога можна пазнаёміцца на сайце, — разгледзелі рубрыку «Хроніка часопіса “Маладняк”» і «Хроніка беларускай літаратуры» з часопіса «Полымя» з мэтай прасачыць, чым жылі маладнякоўцы, чым займаліся, чым цікавіліся і вызначылі найбольш істотныя падзеі. Завяршае партал фотагалерэя з падрабязнымі расшыфроўкамі.

Асоба, якая адкрывае сайт, — Валерый Маракоў. Апісаны яго жыццё і творчы шлях. У электронным выглядзе можна пачытаць прыжыццёвыя кнігі пісьменніка, а таксама творы, надрукаваныя ў розныя гады. Затым — успаміны пра яго, кнігі і артыкулы з даследаваннямі яго асобы. Ёсць і фотаздымкі, у тым ліку і з прыватных сямейных архіваў.

«Маладнякоўцы жылі высокімі ідэаламі і марамі пра светлую будучыню. Калі чытаеш пра іх трагічныя лёсы, у душы нешта пераварочваецца і яна застаецца перакуленай, — разважала падчас прэзентацыі галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава. — Што мы можам зрабіць для іх? Каб захаваць памяць пра іх? Рабіць сваю справу — і не абы-як». Плануецца, што на працягу пяці гадоў у часопісе «Маладосць» будуць змешчаны артыкулы пра маладнякоўцаў. А ў найбліжэйшым, сакавіцкім, нумары рыхтуецца да друку расповед пра Валерыя Маракова і традыцыі літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Да прэзентацыі праекта ў музеі гісторыі беларускай літаратуры было прымеркавана і адкрыццё часовай выстаўкі, названай радком з верша Маракова: «Мы будзем жыць, жыццё — за нас». Сёлета адзначаецца 110 гадоў з дня нараджэння паэта, творы якога ўражваюць аптымізмам і які быў адным з самых маладых у сваім шэрагу...

— Мы хочам давесці: «Маладняк» — не адзін, не два і не тры літаратары, а грунтоўная плынь, важкі фундамент. Маладнякоўцы зрабілі свой унёсак у літаратуру — і на тых падмурках узрастала новае пакаленне творцаў. Кожны радок, які яны напісалі, даў падставу развіваць нашу літаратуру далей... — зазначыў дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Крыніца: ЛіМ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.