Вы тут

«Музей не павінен быць шафай»


У доме, дзе «жывуць» класікі, атмасфера своеасаблівая... Людзі, якія там працуюць, штодзень судакранаюцца са Словам... Таму на іх — асаблівая місія. Не так даўно Музей гісторыі беларускай літаратуры ўзначаліў Міхаіл Рыбакоў. Пра тое, чым мусіць быць музей сёння і як развіваецца музейная справа ўвогуле, з кіраўніком гэтай установы пагутарыў наш карэспандэнт.

— Міхаіл Леанідавіч, ці складана вам на новай пасадзе?

— Калі прыходзіш са сваім тэмпам, падстройваешся пад людзей, а людзі — пад цябе, заўжды першы час нялёгка. Але тут — паплечнікі, з якімі ў нас ужо склаўся пэўны сумесны рух. Па першай адукацыі я настаўнік гісторыі. Пачынаў у беларускамоўнай школе. Яшчэ ў школе стварыў краязнаўчы музей, потым працаваў як кіраўнік краязнаўчага гуртка — то-бок з музейнай справай знаёмы, і таму няма нічога нязвыклага ў тым, што прыйшоў сюды.

— Значыць, вы лідар па натуры?

— Быць кіраўніком, на мой погляд, — не тое, што быць лідарам. Гэта найперш не перашкаджаць тым, у каго ёсць добрыя ідэі, а дапамагаць. Асабліва калі прыходзяць зацікаўленыя ў ажыцяўленні сваіх ідэй спецыялісты. Разам шукаць найбольш цікавае і спрыяць, каб пра гэта даведалася як мага больш людзей.

— То-бок музей — не толькі ўстанова, якая сама прэзентуе свае каштоўнасці, але яшчэ і пляцоўка для іншых праектаў?

— Так. Мы стараемся зламаць стэрэатып, быццам музей — гэта ціхая прастора, куды прыйшоў, бязгучна ходзіш і разглядаеш старажытныя рэліквіі. Мы хочам зрабіць музей як гасцёўню, як дом, як месца, куды можна прыходзіць штодзень і знаходзіць для сябе нешта новае. Знаёміцца з новымі рэчамі, сябрамі і нават рэалізоўваць задумы.

— Але іншым разам бывае, што ініцыятыва патрабуе дадатковых матэрыяльных затрат ці сутыкаецца з бюракратычным супрацівам...

— Мы шукаем людзей ініцыятыўных, і калі яны знаходзяцца, то найчасцей праект можна арганізаваць і без вялікіх затрат. Далучаецца адзін, другі, трэці — і кожны прыносіць часцінку сваёй душы, — усё адбываецца хутка і без асаблівых праблем. Гэта відаць па нашых імпрэзах, калі прыходзяць і мастакі, і фотамастакі, каб паказаць свае творы, прыходзяць артысты, каб штосьці выканаць, музыкі — штосьці сыграць. Мы даём ім гэту магчымасць, але ніякага матэрыяльнага заахвочвання няма. Прыходзяць гледачы — дораць ім удзячнасць. Мы ў гэты час маем магчымасць паказаць, што ёсць у нашых запасніках, робім свае выстаўкі. Экспануем тое, што заўжды знаходзіцца ў музейных сховах.

— Ведаю, што вы працавалі ў Польшчы. Чым адрозніваецца музейная ўстанова там і ў нас?

— Толькі тым, што кожны музей Польшчы больш цэнтралізаваны для самога сябе. Што ён зарабіў — з таго і будзе жыць. Калі хочаш наладзіць дзелавыя кантакты з музеем, мусіш ісці не ў Міністэрства культуры і цераз яго выходзіць на музей, а напрамую ў музейную ўстанову. Бо яны самі вызначаюць кірункі дзейнасці, вядуць сваю палітыку. Таксама там пашыраная практыка атрымання мецэнацкай падтрымкі. А ў астатнім такая ж самая работа.

— Ці ёсць тое, на што мы можам арыентавацца?

— Так, але гэта больш датычыцца тых, хто займаецца стварэннем глабальных музейных праектаў. Таксама тых, хто мае дачыненне да заканадаўства. Мы ж імкнёмся працаваць і з тымі, хто да нас будзе прыходзіць як просты наведвальнік, і з тымі, хто прымае законы. Прынамсі, запрашаем на мерапрыемствы прадстаўнікоў з парламента. Каб яны маглі бачыць, як музей працуе на самай справе.

— Шмат было спроб рэфармаваць музейную дзейнасць. Напрыклад, раней музеі не ездзілі па школах, цяпер жа гэтая практыка пашырана. Як вам такі досвед?

— Мы працуем не толькі на сёння, але і на будучыню. Ёсць супрацоўніцтва са школамі, з метадычнымі аб’яднаннямі настаўнікаў, з музейшчыкамі, экскурсаводамі, з тымі, хто ўзаемадзейнічае з людзьмі і можа прывесці іх сюды, каб паказаць нешта цікавае на нашай пляцоўцы. Гэта адна з магчымасцяў прыносіць нейкі прыбытак на пазабюджэтныя фонды. Да таго ж і паміж музеямі канкурэнцыя ўзмацняецца. На Захадзе гэта звычайная справа. Грошы так проста ніхто табе не дасць — іх не так і шмат у таго ж міністэрства, таму трэба сябе папулярызаваць, як і тую справу, што робіш. Мы даём школьнікам і студэнтам веды пра літаратуру, яны больш разумеюць, якія магчымасці ў музея — а заўтра і самі прыйдуць у музей і прывядуць дзетак. Гэта тая база, з якой мы павінны працаваць цяпер, каб заўтра музей быў паважаны.

— Ці варта цяпер глабальна змяняць механізм «музей — наведвальнік»?

— Найбольш дзейсны той механізм, калі наведвальнік сам прыйдзе да думкі, што яму цікава сюды завітаць — тады будзе грунтоўна і перспектыўна. Мы ж мусім паказаць, якія магчымасці ў нас ёсць, што музей можа даць канкрэтнаму чалавеку для яго канкрэтна развіцця.

— Як ні шкада, ва ўспрыманні многіх вучняў постаці і Коласа, і Купалы, і Багдановіча — забранзавелыя класікі, якія жылі толькі для таго, каб пісаць вершы. І ўсё ж яны былі людзьмі, са сваімі чалавечымі слабасцямі, марамі... Ці варта ў музеі распавядаць моманты з іх жыцця, якія, магчыма, адкрываюць іх зусім з іншага боку?

— Гэта прынцыпова для музея, бо таксама піяр. Знайсці нейкую цікавостку — момант прыцягнуць увагу нечым незвычайным да асобы пісьменніка, расказаць нешта рэдкае, незвычайнае... Узяць прыклад Максіма Багдановіча: вядома, у яго гімназічным атэстаце не самыя лепшыя адзнакі... Пра што гэта можа сведчыць? Магчыма, яму проста было нецікава, магчыма, не склаліся адносіны з настаўнікамі. Менавіта тое, што выдзяляецца сярод астатняга, і выклікае цікавасць. Каб быў Максім звычайным чалавекам, такім, як іншыя, — магчыма, пра яго ніхто б цяпер не ведаў...

— Ці варта, напрыклад, распавядаць пра тое, што некаторыя пісьменнікі ў 1930-я гады пісалі даносы?

— Нельга прыхарошваць тое, што было. Але... З аднаго боку, можа, і хочацца кагосьці асуджаць, аднак... Трэба падумаць: а якім ты сам быў бы ў тыя часы ў тых умовах? Хай кіне ў іншага камень той, хто сам без граху...

— Цяпер пра маштабны праект па папулярызацыі дзейнасці «Маладняка», у якім акрамя музея гісторыі беларускай літаратуры задзейнічаны яшчэ тры бакі: Нацыянальная бібліятэка, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і сродкі масавай інфармацыі. Гэта для вас першы досвед такога шырокага супрацоўніцтва?

— Для мяне — не. На папярэдніх месцах працы рабіў нешта падобнае: знаходзіў кірункі, у якіх удзельнічалі некалькі зацікаўленых партнёраў. Падобнае было і ў Польшчы — калі мы аб’ядноўвалі некалькі зацікаўленых бакоў. Праводзілі адборачныя туры з удзелам некалькіх грамадскіх арганізацый на фестываль «Славянскі базар», арганізоўвалі гурткі беларускай мовы і літаратурныя пасяджэнні, у Варшаве пачаў дзейнічаць беларускі клуб… Працаваў дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур — там таксама праводзілі і канцэрты, і імпрэзы, і фестывалі нацыянальных культур, якія адбываліся ў Мінску на адкрытых пляцоўках, фестывалі беларусаў замежжа.

А літаратурны кірунак для мяне новы. Ён вельмі цікавы тым, што для добрай справы можам аб’яднаць магчымасці і архіва, і бібліятэкі, і СМІ, і аматараў літаратуры, і ўласныя музейныя сілы.

— З творчасцю маладнякоўцаў вы блізка знаёміцеся толькі апошнім часам ці, магчыма, захапленне імі мае вытокі ў вашай маладосці?

— Калі браць імёны: і Змітрок Бядуля, і Кузьма Чорны, і Міхась Лынькоў, і Кандрат Крапіва, і Пятрусь Броўка, і Пятро Глебка — яны знакавыя, і ўсе выйшлі з «Маладняка». Пад іх уплывам я і сам пачынаў пісаць. Калі б жыў у той час, магчыма, трапіў бы ў тую плынь.

— Якія яшчэ цікавыя праекты вы распрацавалі?

— Ёсць такія. Пачалі збор матэрыялаў па літаратурнай спадчыне замежжа. Мы гэтым і раней займаліся, але цяпер робім гэта мэтанакіравана. Папрасілі падтрымкі ў Міністэрства замежных спраў, праз якое выйшлі на беларускія пасольствы за мяжой. Для нас пачалі перадаваць архівы, кружэлкі, літаратуру аб тым, як жывуць нашы літаратары ў замежжы. Так, Сакрат Яновіч, беларус з Падляшша, іншыя выдатныя беларускія пісьменнікі з розных краін — і пра іх мы павінны ведаць. Да нас паступілі канкрэтныя прапановы, цяпер мы наладжваем кантакты, каб пачаць працаваць. Звярнуліся і да нашых суайчыннікаў, у каго могуць быць кнігі з аўтографамі і розныя дакументы, якія датычаць літаратурнай спадчыны Беларусі. Можа, нехта мае асабістыя рэчы пісьменнікаў — калі яны трапяць у музей, то стануць агульным набыткам. Людзі, апантаныя клопатам аб айчыннай спадчыне, перакананы, што і ў нас ёсць чым ганарыцца. І гэта не адзінкавыя дзеячы, а вялікі пласт. Калі пачынаеш яго вывучаць, з’яўляюцца імёны ўзроўню Гусоўскага і Скарыны, Сымона Буднага — а гэта людзі, якіх ведала ўся Еўропа...

Ёсць ідэі развівацца і ў тым, каб пры музеі стварыўся літаратурны тэатр... Яшчэ адзін кірунак. У беларускай літаратурнай спадчыне — розныя нацыянальныя плыні (польская, літоўская, яўрэйская, украінская, руская і іншыя), што ўплывалі на стварэнне айчыннай літаратуры. Цікавы прыклад выкарыстання татарамі, якія здаўна сяліліся ў нашых мястэчках, беларускай мовы для перакладу кетабаў, — і гэта хіба не адзіны прыклад у мусульманскай рэлігіі.

Музей не павінен быць шафай, дзе на паліцах нешта ляжыць — і ўсё... Патрэбна развіццё. Нашы фонды, напрацоўкі павінны выкарыстоўвацца тымі, хто піша навуковыя працы. Тады гэта ўжо не мёртвы пласт, а тое, што дае нейкія вынікі, праз што можна развівацца далей. Як тое зернейка, якое пачынае расці і дае свае плады. Яшчэ і такі праект хочам запусціць: каб можна было за невялікія грошы купіць абанемент і прыходзіць не толькі каб паглядзець экспанаты, а адпачыць ва ўтульнай атмасферы: папіць кавы, узяўшы з паліцы кніжку... У музей можна прыйсці як да сябра і атрымаць задавальненне...

— Вы і пішаце?

— Калі з’яўляецца натхненне і час. Цяпер гэта рэдкасць. Мінулым годам на маёй малой радзіме быў юбілей Міжнароднага рэгіянальнага фестывалю «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» — з Нацыянальным акадэмічным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Запісалі фестывальную песню — яна была прэзентавана на галоўным канцэрце як падарунак малой радзіме. Пасля працяглага перапынку гэта быў мой паэтычны досвед. А натхніў мяне выдатны чалавек і артыст з вялікай літары, мастацкі кіраўнік хору Міхась Паўлавіч Дрынеўскі.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота: Канстанцін ДРОБАЎ

Крыніца: ЛіМ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.