Вы тут

Лаўрышаўскі скарб


Найважнейшай святыняй беларусаў называе гэты ўнікальны рукапісны помнік намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.


Тытульная старонка

Вялікае з нашай духоўнай, культурнай спадчыны, на жаль, не заўсёды бачыцца з адлегласці. Многае ў далечы гадоў, стагоддзяў згубілася, выкрадзена, страчана незваротна. Як згадваем усходне-еўрапейскага першадрукара Францыска Скарыну ды выдадзеныя ім кнігі, то свядомасцю даводзіцца паглыбляцца гадоў на 500 таму. А ўявім сабе: Лаўрышаўскае Евангелле — яшчэ больш аддалены ад нас па часе стварэння рарытэт. Гэта рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ — XІV стагоддзяў. Ацалеў! Хоць па зямлі нашай з тае пары пракаціліся дзясяткі войнаў, сотні пажараў… Ці мала што магло здарыцца са скарбам, нават калі яго вельмі берагуць! Таму гэта — сапраўды знакавая падзея: прэзентацыя ды ўрачыстая перадача ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля. Тое адбылося ў першы дзень каляндарнай вясны ў Музеі кнігі НББ.

Вокладка факсімільнага выдання

Святыня створана была для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Наваградкам у ранні перыяд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Пра тое сведчаць укладныя (дарчыя) запісы, змешчаныя ў самой кнізе. А вёска Лаўрышава жывая па сёння, гэта ў Шчорсаўскім сельсавеце, на Гродзеншчыне. Там быў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, адзін з найстарадаўніх у Беларусі. На былой яго тэрыторыі ў 2015‑м праходзілі археалагічныя раскопкі, былі цікавыя знаходкі. Само ж Лаўрышаўскае Евангелле пакінула тыя мясціны яшчэ ў XІX стагоддзі, калі Беларусь была ў складзе Расійскай імперыі — кнігу вывезлі ў польскі Кракаў. Там і цяпер захоўваецца: у Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх.

Фрагмент Евангелля

Чым адметны скарб? Акрамя тэксту Евангелля, кніга мае гожае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі й фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка). На прэзентацыі факсімільнага выдання намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша казаў, што летась меў магчымасць папрацаваць з самім рукапісным помнікам. І таму ён з упэўненасцю кажа: гэта — адна з найважнейшых святыняў беларусаў. Каштоўны рукапіс, які з’яўляецца супольнай гістарычнай каштоўнасцю Беларусі, Літвы, Польшчы й Украіны, дзякуючы факсімільнаму ўзнаўленню дасяжны даследчыкам, аматарам беларускай даўніны. Факсімільнае выданне выйшла ў канцы 2018 года ў кіеўскім выдавецтве “Горобець” ва Украіне.

Рыгор ГАРЭШКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.