Вы тут

Юбілей запомніцца музыкай


Магілёўская гімназія­ каледж мастацтваў асаблівым чынам адзначыла 100‑годдзе: зладзіла першы міжнародны конкурс музыкантаў “Магілёўскія найгрышы”


Ульяна Астаньковіч са сваёй выкладчыцай і членамі журы

Можна, святкуючы юбілей, запрасіць гасцей на вялікі банкет. Аднак ці ж гэта крэатыўна? У нашай гімназіі-каледжы мастацтваў вырашылі ўпершыню арганізаваць конкурс юных музыкантаў. Так 23 і 24 лютага вядомая ў рэгіёне навучальна-культурная ўстанова стала домам для ўдзельнікаў, а таксама іх педагогаў, бацькоў, гледачоў — усіх гасцей адкрытага конкурсу выканаўцаў на баяне й акардэоне “Магілёўскія найгрышы”. Падзея адкрывала шэраг імпрэзаў, прысвечаных юбілею.

Такім чынам, конкурс — першы! Мы не імкнуліся неяк спецыяльна завабіць удзельнікаў, зрабіць яго маштабным. Аднак ажно 100 юных выканаўцаў з 26 музычных навучальных устаноў Беларусі, Літвы, Латвіі з’ехаліся ў Магілёў. Паказалі здольнасці свае, іншых паглядзелі-паслухалі ды зрабілі пэўныя высновы. Былі на конкурсе намінацыі “Баян” і “Акардэон” у шасці ўзроставых катэгорыях: ад 7–9 гадовых пачаткоўцаў да тых, хто ўжо на ІІІ-ІV курсах каледжа.

У калідорах і класах — шматлюдна. І шматгучна: удзельнікі паўтараюць конкурсныя творы. Бацькі нервуюцца, педагогі хвалююцца — зразумелая рэч. У журы, якое ўзначаліў старшыня Асацыяцыі беларускіх баяністаў і акардэаністаў, заслужаны артыст Беларусі, прафесар Беларускай дзяржакадэміі музыкі Мікалай Сеўрукоў, увайшлі вядомыя музыканты й педагогі. Былі ў журы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі музычных школ “Сon Anіma”, сябар Міжнароднай канфедэрацыі акардэаністаў (CІA) Сподрыс Качанс (Латвія), загадчык кафедры баяна й акардэона БДАМ, дацэнт Аляксандр Шувалаў, загадчыца аддзела акардэона Новавільнюскай музычнай школы Алена Бярэзіна (Літва), мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Смаленскага рускага народнага аркестра імя В. П. Дуброўскага Ігар Каждан (Расія), загадчык кафедры музыкі ды эстэтычнай адукацыі Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А. Куляшова, дацэнт Пётр Забелаў. Потым яны адзначалі: узровень падрыхтоўкі многіх выканаўцаў быў высокі. Канкурэнцыя! Выбраць лепшых аказалася няпроста.

Два Гран-пры конкурсу засталіся ў Магілёве. У намінацыі “Акардэон” перамагла Ульяна Астаньковіч, навучэнка Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў (выкладчыца Раіса Сінялобава), у намінацыі “Баян” — Канстанцін Масяёнак, навучэнец дзіцячай школы мастацтваў № 3 імя М. М. Салдатава (выкладчык Канстанцін Забелаў). Іншыя ўдзельнікі ўдастоены ганаровых званняў лаўрэатаў і дыпламантаў, усім уручаны памятныя пернікі з сімволікай конкурсу. Члены журы адзначылі высокі ўзровень як арганізацыі конкурсу, так і выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў. Усіх кранула цёплая атмасфера, якая панавала на конкурсе, хоць і не без духу суперніцтва сярод канкурсантаў, не без дэбатаў у шэрагах журы. “Узровень арганізацыі першага для гімназіі-каледжа конкурсу вельмі высокі, — лічыць Сподрыс Качанс. — І гэта — сведчанне прафесійнасці ўсяго педкалектыву”. Ганаровы госць з Латвіі ўпэўнены, што ў конкурса ёсць вельмі добрая будучыня, што ён адкрые новыя таленты, а геаграфія ўдзельнікаў будзе пашырацца.

Два дні наша гімназія-каледж мастацтваў жыла ў напружаным рытме конкурсу, які стаў не проста спарборніцтвам яркіх талентаў, але й вялікім святам музыкі, якое, спадзяюся, будзе мець працяг.

Наталля Курыла, намесніца дырэктара Магілёўскай гімназіі-каледжа па выхаваўчай рабоце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».