Вы тут

Родная мова — дыханне вечнасці


Цэлы марафон імпрэзаў да Міжнароднага дня роднай мовы правялі беларусы Самарскай вобласці


Яна Стрынакова вельмі эмацыйна прачытала верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы “Спадчына”

Мова — як паветра: ім дыхаеш кожны дзень і не задумваешся, наколькі яно важнае. “Родная мова, якую мы чуем ад нараджэння, накладвае пэўны адбітак на розум, душу, надзяляе нас адметным светаўспрыманнем, — разважае прэзідэнт Самарскай абласной арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. — І нездарма ж у моманты асаблівага напружання, у экстрэмальных сітуацыях многія пачынаюць думаць менавіта на роднай мове, нават калі ў штодзённым жыцці яе й не выкарыстоўваюць. Я нарадзілася й вырасла ў Расіі, але мову беларуская люблю, ведаю. Летам 2017‑га прайшла моўны спецкурс на базе РІВШ у Мінску. Не забываць родную мову вельмі важна тым, хто жыве далёка ад сваёй гістарычнай радзімы”.

Штогод беларусы вобласці праводзяць імпрэзы да Дня роднай мовы. Актывісты моладзевага аддзялення суполкі, якім кіруе Юлія Цяплянская, на пачатку года падвялі вынікі леташняй працы, а ў планах надалі ўвагу й моўным пытанням. Спланавалі Тыдзень роднай мовы, пад час якога сустракалі ў сябе навучэнцаў тых навучальных устаноў, з якімі беларуская суполка ў партнёрстве. Скажам, для гімназістаў 2‑й гімназіі зладзілі экскурсію па Доме дружбы народаў вобласці. Было знаёмства з рознымі культурамі ды іх прадстаўнікамі, квэст-гульня — цікавае далучэнне да мовы беларусаў, нашага алфавіта. Гімназістам спадабалася выстава твораў класікаў беларускай літаратуры, а на ўроку яны вывучылі словы “мама”, “тата”, “дружба”, “перамога”, прывітанні й пажаданні па-беларуску.

У Дзень роднай мовы самарскія беларусы паўдзельнічалі ў шматнацыянальнай канцэртнай праграме. Актывістка моладзевага аддзялення суполкі Яна Стрынакова хораша прачытала верш Янкі Купалы “Спадчына”. Потым Яна з Уладзімірам Глухавым у офісе самарскіх беларусаў сустракалі навучэнцаў 124‑й школы, развучылі з імі беларускія прыказкі, прымаўкі, знаёмілі іх з творамі беларускіх пісьменнікаў. Згаданая школа — даўні, надзейны партнёр абласной суполкі беларусаў.

Будзем шчырымі: далёка не ўсе беларусы “сябруюць” з моваю сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Калі вялася падрыхтоўка да Дня роднай мовы, я знайшоў важную інфармацыю: такія дні пачалі святкавацца ў Беларусі рознымі дзяржустановамі толькі з 2009 года. Менавіта тады камісія ААН па пытаннях адукацыі, навукі й культуры палічыла, што беларуская мова таксама знаходзіцца пад пагрозай знікнення. А ў дадзеным выпадку лепш за ўсё пачынаць з сябе. На жаль, так не заўсёды атрымліваецца. Скажам, у Расіі такая карціна: паводле дадзеных Усерасійскага перапісу 2010 года ў краіне жыве больш за 500 тыс. беларусаў і выхадцаў з Беларусі, але толькі 173 980 чалавек пазначылі сябе як носьбітаў беларускай мовы. А калі мы, беларусы, родную мову ў сабе не нясем, то хто ж яе нам “прынясе”? Цікава, якія карэктывы ўнясе Усерасійскі перапіс‑2020? На мой погляд, тое будзе залежыць ужо ад сённяшніх нашых карэктываў ва ўласнай нацыянальнай самасвядомасці, паважаныя супляменнікі.

Мікалай Бойка, г. Самара

Фота Ірыны ГЛУСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.