Вы тут

Мікалаеўскія рамантыкі


Песімістам здаецца, што беларуская мова паступова знікне з ужытку. Аднак беларусы Мікалаева спрыюць яе пашырэнню і ва Украіне.


Прыемна бачыць у афармленні стэнда нашу газету

Аднымі з першых сёлетнюю імпрэзу ў беларускіх суполках замежжа, прысвечаную Дню роднай мовы, зладзілі сябры Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. “Правялі 16.02.2019 цікавае мерапрыемства, — паведаміла ў рэдакцыю кіраўніца суполкі Таццяна Дзяменнікава”.

У яе самой шмат спраў і па асноўнай працы: ураджэнка вёскі Сіманавічы Глускага раёна Гомельшчыны — намесніца начальніка ўпраўлення па пытаннях рынкавых адносін у Дэпартаменце эканамічнага развіцця й рэгіянальнай палітыкі Мікалаеўскай аблдзяржадміністрацыі. Няма ёй калі апісваць, як усё прайшло. Скінула нам па элпошце сцэнар свята, фотаздымкі, спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, што на падзею адгукнуліся. А гэта тэлеканал “Миколаїв”, інтэрнэт-газета “Новости N”. І яшчэ на інтэрнэт-форуме “Мелочи жизни” дабрадзей пад нікам “Юный натуралист” свае нататкі пакінуў. Здорава: розгалас пайшоў. Каму цікава — паглядзіце.

У невялічкім тэлесюжэце ў блоку навін тэлеканала “Миколаїв” Таццяна Дзяменнікава па-ўкраінску расказвае пра імпрэзу. Яе дапаўняе Галіна Міняйла, таксама родам з Беларусі. З закадравага каментара вынікае: у 18 гадоў прыехала беларуска ў Адэсу, “і там зустріла свойго чоловіка”, а ў 21 — пасялілася ў Мікалаеве. “Нас тут многа!” — удакладняе Галіна, спявачка гурта “Родныя напевы”. Далей журналісты прыводзяць лічбы, якія пацвярджаюць: звыш 275 тысяч беларусаў жыве на Украіне, на Мікалаеўшчыне ж нашых суродзічаў — каля 9 тысяч.

Мікалаеўскія беларусы на Святочнай імпрэзе

Свята было зладжана ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Марка Крапіўніцкага, дзе залу аформілі ў нацыянальным стылі. На выставе пра Беларусь, там жа аформленай, прыемна бачыць (ёсць фотаздымкі) нумары газеты “Голас Радзімы”. Важкі аргумент за тое, каб газета й надалей выдавалася і ў друкаваным, папяровым фармаце, а не толькі ў электронным: бо сайты ж такую выставу не ўпрыгожаць. Газета яскрава сведчыць, што Бацькаўшчына зацікаўлена ў пашырэнні беларускай прысутнасці ў свеце, увазе да сваёй дыяспары. А на свяце ў Мікалаеве сярод іншых тое бачылі й ганаровыя госці: прадстаўнікі ўпраўлення нацыянальнасцяў і рэлігій абласной дзяржадміністрацыі, дэпутацкага корпуса Мікалаеўскага гарсавета і аблсавета, кіраўнікі Савета нацыянальных таварыстваў вобласці, абласной арганізацыі Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны. Сама ж літаратурна-музычная кампазіцыя “Родная мова — цудоўная мова” ўключала з густам падабраныя вершы, песні беларускія, суправаджалася адпаведнай музыкай, была зроблена з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных сродкаў. І ўсе, хто выступаў, былі ў прыгожых нацыянальных касцюмах.

Янка Яцкавец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».