Вы тут

У Магілёве прагучалі пазыўныя «М.@rt.кантакту-2019»


21 сакавіка адбылося афіцыйнае адкрыццё міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт-2019» і прайшлі яго першыя тры спектаклі — незалежны тэатральны праект «Гэтамы» (Беларусь/Украіна), пастаноўка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы «За крапівой бераг» і «Тарцюф» тэатра «Майстэрня» з Санкт-Пецярбурга.


Але тэатральныя падзеі, звязаныя з фестывалем, пачаліся яшчэ раней. За дзень да старту вядомы расійскі майстар сцэны і педагог, мастацкі кіраўнік тэатра «Майстэрня» Рыгор Казлоў правёў у сценах абласнога драмтэатра майстар-клас, а магілёўскі лялечны тэатр запрасіў на генеральны прагляд новай пастаноўкі «Кандыд, або Аптымізм». Рэжысёр тэатра Ігар Казакоў, тройчы ўладальнік нацыянальнай прэміі Рэспублікі Беларусь, неаднаразовы ўдзельнік і лаўрэат міжнародных фестываляў, уладальнік Гран-пры форуму «M.@rt.кантакт», як заўсёды, парадаваў свежым поглядам на філасофскі матэрыял і арыгінальнымі сцэнічнымі рашэннямі. Спектакль заяўлены ў афішы форуму на 25 сакавіка і абяцае стаць адной з яго «разыначак». Нагадваем, што на працягу тыдня на некалькіх магілёўскіх пляцоўках пройдзе 23 пастаноўкі тэатраў з дзесяці краін свету.

Паралельна будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры і маладой журналістыкі, у рамках спецыяльнай праграмы форуму Цэнтр беларускай драматургіі сумесна з адукацыйным цэнтрам «ПОСТ» і магілёўскім Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў правядуць ролевую гульню жывога дзеяння па матывах п'есы «Бзік» Аляксея Макейчыка, на пляцоўцы кнігарні «Чытайбург» прагучыць лекцыя на тэму сучаснай драматургіі. Адбудуцца майстар-класы, прэс-канферэнцыі, творчыя сустрэчы з удзелам тэатральных крытыкаў і тэатразнаўцаў, выстаўкі.

Дарэчы, адна з іх, музыкальная, адкрылася ў абласным драмтэатры напярэдадні форуму. Малады, але ўжо прызнаны аўтар Павел Лабурдаў перадае сваё ўспрыманне свету праз малюнак, да якога напісана музыка. Наогул, «М.@rt.кантакт» менавіта той фестываль, дзе можна ўбачыць і пачуць шмат чаго новага, перадавога, нестандартнага. Прасякнуцца атмасферай форума, захапіцца яго чараўніцтвам, крышачку змяніцца самому і па-новаму паглядзець на свет вакол нас будзе магчымасць яшчэ да 27 сакавіка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Ад Кандыда да Вішнёвага саду

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.