Вы тут

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры


Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе. Нават тыя, хто асабіста з ім не сутыкаўся, з лёгкасцю пакажуць гасцям старажытнага мястэчка яго работы. Каля кавярні ў цэнтры вы ўбачыце грозных рыцараў, на тэрыторыі РАНС — адважнага пажарнага. А Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж, дзе Аляксандр працуе майстрам па вытворчым навучанні, пазнаеце па «жалезнай парачцы» — каларытным прафесару і бабулі з партфелем.


Ад садовай мурашкі да сярэднявечнай арміі

— У нашага Паўлавіча рукі залатыя. Але што тут расказваць? Хадзем глядзець, — кажа намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мікалай Феданенкаў, як толькі я пераступаю парог каледжа.

Творчае багацце майстра займае добрую частку экспазіцыі музея навучальнай установы: фантазійная мэбля — дэкаратыўныя столікі і нават тахта; рыцарскія шлемы і мячы, зробленыя з дасведчанасцю гісторыка; жартаўлівыя і рэалістычныя скульптуры жывёл, букеты руж, а таксама міні-копія легендарнай «Кацюшы», «звараная» да 70-годдзя Перамогі. І ўсё гэта створана са звычайнага дахавага жалеза, якім пакрываюць дамы.

— Звярніце ўвагу на стол, дзе ляжыць гасцявая кніга. Яго таксама распрацаваў Аляксандр. А залатыя літаркі на шыльдах музея бачыце? І яны аўтарскай работы. Выразаныя з металу і пакрытыя нітрыдам тытану, таму і блішчаць, быццам царкоўныя купалы, — раскрывае творчыя сакрэты майстра Мікалай Віктаравіч. — Ён, дарэчы, не толькі на жалезе спецыялізуецца. Узімку, напрыклад, лепіць снежныя скульптуры — сімвалы года — і фарбуе гуашшу. Дзяцей ад гэтай прыгажосці не адарваць, а ўся моладзь горада прыходзіць на фоне сэлфі рабіць. Летам падчас знакамітага «Рыцырскага фэсту» фотазона каледжа таксама адна з самых папулярных дзякуючы раскошным каралеўскім крэслам. Аляксандр Паўлавіч зрабіў іх з дрэва, але багата дэкарыраваў літымі дэталямі па ўласных эскізах.

Пакуль начальнік хваліць майстра, той сціпла стаіць збоку і толькі зазначае: «Інтэрв'ю — не мой моцны бок», аднак на размову пагаджаецца.

— Адкуль узялася ідэя жалезных скульптур? Папярэдні дырэктар каледжа Валерый Дробышаў шмат увагі аддаваў добраўпарадкаванню тэрыторыі, нават калі гаворка ішла пра звычайныя клумбы пад вокнамі, ён імкнуўся зрабіць іх асаблівымі, не такімі, як ва ўсіх (гэтую традыцыю мы працягваем і цяпер). У 2006-м набудавалі мы так званых мурашнікаў — металічныя каркасы запоўнілі зямлёй, а зверху высадзілі дэкаратыўны мох. Само па сабе выглядала нядрэнна, але не хапала нейкай цікавінкі. «Паскраблі па сусеках» майстэрняў, знайшлі непатрэбныя металічныя рэшткі, з якіх і атрымаўся «першынец» — фігурка мурашкі. З часам у кампанію да яго падсялілі божую кароўку, матыля, пчалу, жабку і бусла, — успамінае Аляксандр. — Першы «жалезны чалавек» з'явіўся ў нас зноў жа па прапанове дырэктара. Ён убачыў побач з нейкай навучальнай установай адлітую скульптуру студэнта і загарэўся ідэяй паставіць нешта падобнае тут. Умоў для ліцця ў нас не было, ды і плагіятам займацца непрыгожа. Вырашылі зрабіць прафесара з ліставога металу. Ён цяпер мясцовая знакамітасць і любімчык студэнтаў падчас сесіі — прыходзяць да яго прасіць халявы на экзаменах. А калі ў горадзе пачалі праводзіць «Рыцарскі фэст», то з нашай майстэрні сталі «выходзіць» і мужчыны ў даспехах. Адзін, другі, трэці... Цэлая армія!

Адметнай асаблівасцю творчасці Аляксандра Папова можна назваць яе экалагічнасць.

— Мы ў асноўным выкарыстоўваем матэрыялы, якія ўжо пабылі ва ўжытку. Метал — рэч не танная. Таму мы адразу двух зайцоў забіваем: і грошы імкнёмся сэканоміць, і пра экалогію клапоцімся.

Гледзячы на майстра і вынікі яго працы, разумееш: чалавек дакладна на сваім месцы. Аднак, па словах самога Аляксандра Паўлавіча, у зваршчыкі ён трапіў выпадкова.

— У дзяцінстве аб якіх толькі прафесіях мы не марылі! Маме на кухні дапамагалі — хацелі стаць кухарамі, на рэчку хадзілі — капітанамі, бацьку за рулём бачылі — кіроўцамі. У старшых класах усур'ёз задумваўся стаць настаўнікам гісторыі, але тады ж адтэрміноўкі ад арміі не было, таму вырашыў спачатку адслужыць. Каб не губляць год да прызыву, у Магілёве атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю зваршчыка. Ведаў, што з такой спецыяльнасцю дакладна не прападу. І сапраўды — пасля службы адразу ж уладкаваўся на працу. Некалькі гадоў быў звычайным зваршчыкам, а пасля мяне пераманілі на работу ў каледж.

«Самадзелкін» і кампанія

— У педагогіку я прыйшоў у 1992 годзе. Крыху досведу за гэты час назапасілася. Назіранні за выпускнікамі прывялі да такой высновы: зваршчыкамі могуць быць людзі з пэўным характарам — спакойныя і няспешныя. За працу з высокімі тэмпературамі можна брацца толькі з халодным розумам, інакш нічога не атрымаецца. Пры гэтым заўважу, што многія выхоўваюць у сабе гэтыя якасці з часам. Прафесія накладвае адбітак на чалавека. Сярод сталых зваршчыкаў не бывае халерыкаў. Вядома, брак здараецца ў любой справе. Сталяр, напрыклад, цвік не туды ўбіў. Яго можна выцягнуць. Муляр кладку «закасіў» — яе можна разабраць і скласці па новай. Многім здаецца, што і няправільна звараны метал можна распіліць, а пасля зноў прыварыць. Быццам так і трэба. Але якасць у такога шва будзе на парадак горшая, і праслужыць выраб не так доўга. Каб не псаваць дарагі матэрыял і не выдаваць халтуру, трэба ўмець валодаць не толькі рукамі, але і ўласнымі эмоцыямі.

Зазначае Аляксандр Паўлавіч і надзвычайную важнасць адукацыі ў сваёй справе.

— Без яе ў зваршчыкі аніяк не трапіць. Прафесія хоць рабочая, але адказная. Калі на занятках у каледжы будзеш «філоніць», то дыплом, магчыма, і атрымаеш, але ж працаваць па спецыяльнасці ўсё роўна не дапусцяць. Возьмуць хіба толькі падаваць электроды сапраўднаму зваршчыку. З іншага боку, стараннасць, дасціпнасць і акуратнасць добра ўзнагароджваюцца. Ёсць у нашай краіне заводы, дзе нашы хлопцы зарабляюць каля дзвюх тысяч рублёў у месяц.

— Ведаеце, што сёння прафесія зваршчыка — адна з самых запатрабаваных? — запытваюся ў майстра.

— Кожны дзень пра гэта навучэнцам кажу, — усміхаецца ў адказ Аляксандр. — Увогуле, мая першая задача — зматываваць хлопцаў і дзяўчат на дзейнасць і толькі пасля вучыць іх самой тэхніцы зваркі. Амаль ва ўсіх навучэнцаў з самага пачатку ўзнікаюць іскрынкі цікавасці. Паглядзяць упершыню праз шчыток на плаўлены метал — дзіва! Тут і зараджаецца той самы стрыжань будучага зваршчыка. Прыходзяць да цябе студэнты і просяць: «Дайце паварыць!» А калі даць? Тут жа вучэбная праграма, планы. Адступішся — не паспееш даць базу, без якой нікуды. Былі часы, калі мы ў майстэрні пасля заняткаў заставаліся. Раз, другі, трэці. Кіраўніцтва аднойчы гэта ўбачыла і прапанавала ўзяць гурток. І мне капейка, і дзецям на карысць. Вось так і з'явіўся наш «Самадзелкін» — гурток тэхнічнай творчасці.

Дарэчы, студэнты нярэдка дапамагаюць выкладчыку са скульптурамі.

— Мог бы іх рабіць і сам, але які я тады педагог? Самая прадукцыйная вучоба, калі ты не проста расказваеш, а паказваеш на рэальных прыкладах. Адкуль бяруцца тыя самыя рамеснікі, якія запаўняюць вуліцы Мсціслава падчас «Рыцарскага фэсту»? Нехта калісьці іх навучыў з гліны ляпіць, з дрэва выразаць, з саломы плесці. Вось і наша прафесія адносіцца да рамесніцкай. Кожны з нашых навучэнцаў у будучыні можа абсталяваць дома майстэрню і распачаць сваю справу. Адзін з выпускнікоў пераехаў пад Санкт-Пецярбург і так і зрабіў. Спачатку сумяшчаў звычайную працу з творчасцю, а пасля адмовіўся ад графіка «з васьмі да пяці» і перайшоў на вольны хлеб.

— А ў вас ніколі не ўзнікала жадання рабіць скульптуры і іншыя дэкаратыўныя прадметы не як майстар каледжа, а як прыватнік?

— У кватэры асабліва не развернешся. Ды і са студэнтамі, бывае, так «наварышся», што хочацца пераключыцца на нешта іншае. У вольны час я пішу карціны. Жывапісам захапляюся яшчэ са школы, але пастаянна імкнуся ўдасканаліць навыкі. Нядаўна пачаў рабіць партрэты ў 3D-тэхніцы.

Што цікава, работы Папова ўпрыгожваюць дамы не толькі беларусаў, але і жыхароў памежных раёнаў Расіі. А скульптуры, акрамя Мсціслава, можна пабачыць у Шклове, аграгарадку Мазалава, на шматлікіх прафесійных выстаўках.

Натуральна, такі таленавіты чалавек не мог застацца без увагі. Летась Аляксандр Паўлавіч атрымаў падзяку прэм'ер-міністра за сумленную працу ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення, а таксама стаў прызёрам абласнога конкурсу «Майстар года».

Ганна КУРАК, фота аўтара і з архіва героя

Мінск — Мсціслаў — Мінск

Загаловак у газеце: Мастацтва з іскрынкай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.