Вы тут

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй


Амаль сорак гадоў на Купалаўскай сцэне — на акцёра Віктара Манаева, у ролях якога поруч з камедыяй нязменна ідуць драма і трагедыя, у тэатр гледачы бягуць — толькі пяткі блішчаць. Пры такой папулярнасці — неад'емнасці — перад камерай нашага фатографа спадар Віктар сказаў: «Я саромеюся». Парысаваўся. Народны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, бяскрыўдны жартаўнік і проста цёплы ў стасунках чалавек, які ў пачатку года атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта, расказаў нам пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».


— Сваю творчую кар'еру вы прысвяцілі сцэне Купалаўскага тэатра, як і Зоя Белахвосцік, з якой мы не так даўно размаўлялі. Таму задам вам аналагічнае пытанне: вы калі-небудзь шкадавалі, што, лічы, паўжыцця аддалі адной пляцоўцы?

— Не-не-не, ніколі не шкадаваў, толькі дзякаваў Богу. Каб яшчэ аддаць, але жыццё кароткае. Колькі яно — шэсцьдзясят гадоў, семдзесят, ну восемдзесят, інакш можна было б і болей працаваць. Толькі пачынаеш разумець, што такое тэатр і акцёрства, а сілы ўжо не тыя, як дваццаць гадоў таму.

— То-бок сорак гадоў у Купалаўскім нават замала?

— Канешне, мала. Гэта тое ж самае, калі б вы жылі з любімым чалавекам, а ў вас запыталіся: «Слухайце, а ці не шмат часу вы з ім праводзіце? Вам не надакучыла з адным і тым жа мужчынам?» Такіх пытанняў не ўзнікае, калі любіш і кахаеш.

— Калі вы паступалі ў тэатральна-мастацкі інстытут, у грамадстве лічылася прэстыжным быць акцёрам?

— Наўрад, я нават слова такога не ведаў, пра грошы тады ніхто не думаў. Я не з-за прэстыжу туды пайшоў, у мяне выбару не было, у школе я з трэцяга класа займаўся ў драматычным гуртку, усе ведалі, што Манаеў будзе артыстам. Першы час я нават не думаў, што акцёр — гэта прафесія. У маім уяўленні артысты тэатраў — як мы ў школе сядзелі на ўроках і ў вольны час ставілі спектаклі — працавалі ў крамах ці на заводах, а вечарам збіраліся і ігралі. Я не ведаў, што на гэта трэба вучыцца.

— Ці змянілася ў параўнанні з часамі, калі вы пачыналі працу, стаўленне да тэатра і ў цэлым да культуры?

— На жаль, змяніліся і месца, і роля культуры. Тады людзі таксама былі небагатыя, але стаўленне да мастацтва мелі зусім іншае. Не з боку дзяржавы — тут нічога асабліва не памянялася, а з боку звычайных людзей. Яшчэ ў мае студэнцкія часы ў гардэробе пераапраналіся, боты клалі ў сумку, а ў тэатральную залу ўваходзілі ў туфельках. Гэта было неяк неабходна — хадзіць на спектаклі, слухаць класіку, ведаць пра пастаноўкі тэатра оперы і балета. Колькі мы там прападалі! І на гэта знаходзіўся час, хоць асабіста я быў заняты больш, чым зараз. Як мы бегалі на канцэрты ў філармоніі, ляцелі слухаць хор Мініна. Нават у школе нас не прымушалі — мы з сябрамі ўсё рабілі самі. Калі мне падабаўся спектакль у Купалаўскім, я расказваў пра яго аднакласнікам, збіраў грошы, набываў білеты па трыццаць капеек на бельэтаж і мы разам ехалі глядзець. Нашым класным кіраўніком была маладая дзяўчына, хоць за нас старэйшая гадоў на дзесяць, дык мы і яе бралі з сабой. Гадоў пяць таму ў нас у Купалаўскім яшчэ працавала касірка Леакадзія Іосіфаўна Сарока — яна мяне памятала з тых часоў. Сёння ж у людзей больш нейкай мітусні, гэта заклапочанасць, прычым часовым і нетрывалым, лунае ў паветры. Увесь час кажуць, што няма часу, бо трэба зарабляць грошы. Зараз такая ідэалогія — грошы і грошы, хоць яны ніколі нікога не выратоўвалі і на зямлі не дазвалялі пакінуць больш, чым адмерыць Бог.

— А як гэты пераход да іншых каштоўнасцяў адбыўся, што здарылася?

— Усё зруйнавалася, да пэўных рэчаў было адно стаўленне — стала зусім іншае. У савецкія часы мы гаравалі, што закрытыя ад навакольнага свету, а калі заслона абвалілася, нічога добрага не атрымалася. Ну, паездзілі, паглядзелі, але разам з гэтым да нас хлынула тое, што на гэтай зямлі, можа, і не было патрэбна. Дагэтуль долар ніколі не быў у цэнтры каштоўнасцяў, як бы бедна людзі не жылі. Адна ідэалогія знікла, прыйшлі іншыя, усё стала дазволена, чалавек на ўсё займеў правы. Мяне маці выхоўвала па-іншаму.

— Вы сказалі, што стаўленне да культуры з боку дзяржавы не змянілася. А якое гэта стаўленне?

— У тэатры мы заўсёды чакалі паляпшэнняў, што будзе больш гастроляў, на мастацтва будзе выдаткоўвацца больш грошай, прыдуць новыя часы і мы нарэшце зажывём. І так ужо сорак гадоў, адны і тыя ж спадзяванні. Ездзіць сталі менш, хоць нават у савецкія часы аб'ездзілі ўвесь Саюз. З Томска ехалі ў Ялту, Адэсу, Львоў, былі ў Архангельску, Мурманску. Мы ездзілі і расказвалі, што ёсць такая Беларусь, Мінск, Купалаўскі, які сапраўды лічыўся адным з найлепшых тэатраў Савецкага Саюза. І нас пазнавалі: ведалі, што Купалаўскі — гэта тэатр, дзе працуюць Галіна Макарава, Стэфанія Станюта, Мікалай Яроменка. Зараз кажуць, што няма грошай. Купалаўскаму цяжка выехаць нават у абласныя цэнтры, маўляў, там людзі бяднейшыя і не могуць заплаціць за білет па мінскіх коштах. Раней жа маглі.

— Гастролі тэатра ў савецкія часы былі абмежаваны тэрыторыяй Саюза ці вы яшчэ некуды выязджалі?

— Ездзілі ў Польшчу, Балгарыю. Гастроляў у капіталістычных краінах асабліва не памятаю, але і так было цікава. Уявіце сабе: прыехаць на базу атамных падводных лодак у Северадзвінск. Мы трапілі туды ў чэрвені, калі там увогуле не было ночы, суцэльны дзень. Для нас гэта быў шок, вечар жа павінен быць вечарам, а тут сонца не заходзіць. Аднойчы я лёг днём адпачыць. Прачынаюся і думаю, што трэба ісці на спектакль, а потым гляджу — людзі ўжо снедаюць, я ўсё пераблытаў! З Северадзвінска мы паехалі ў Кіеў, дзе радаваліся «нармальным» цёмным начам. На гастролях у Адэсе калектыў тэатра жыў побач з пляжам «Аркадзія», і пасля спектакля мы ішлі купацца, куплялі вядро памідораў за пяць капеек, абмяркоўвалі будучыню, адзначалі дні нараджэнні, мой у тым ліку... Шмат што памятаецца. Трупа была зладжаная, таму што мы кантактавалі адно з адным не толькі на рэпетыцыях, але і ў паездках, было больш чалавечых стасункаў, як у сям'і. Зараз усе такія заклапочаныя, асабліва моладзь, — трэба зарабляць грошы на жыццё, бо заробкі артыстаў вымушаюць жадаць лепшага, карміць дзяцей, купіць машыну, бо хуткасць стала іншай. Мы заўсёды ўсё паспявалі і мелі даволі вольнага часу, па сабе ведаю, а зараз нікуды не паспяваеш. Нават навукоўцы кажуць, што час скарачаецца і на тое, што раней можна было зрабіць за гадзіну, сёння не хопіць, скажам, шасці.

— Калі наваколле так змянілася, то як змяніўся Купалаўскі? Гэта ўсё яшчэ сям'я?

— Так, сям'я, сапраўды сям'я, гэта не для прыгожага слова. Старэйшыя пайшлі, зараз у нас шмат моладзі, але цёплыя адносіны засталіся, што, напэўна, перадаецца ад айцоў-заснавальнікаў. У Купалаўскім заўсёды на першым месцы стаялі чалавечыя каштоўнасці. Людзі тут прыжываюцца не толькі па майстэрстве, але і па асабістых якасцях. Тым больш у нашай працы, дзе ты павінен нешта аддаваць, важна, чым ты напоўнены. Помніце, як Ранеўскай сказалі, што яна «выплюхнулася» на сцэне? А яна адказала: «Мілачка мая, гэта ж не памыі, каб іх «выплюхваць». Мелася на ўвазе, чым сэрца напоўнена, тое яно людзям і аддае.

— Вы вядомы сваімі камедыйнымі ролямі, а ў прафесійных колах існуе меркаванне, што камедыя — найскладанейшы жанр. Што б вы сказалі тым, для каго камедыя — лёгкае непрыцязальнае відовішча?

— Камедыя — гэта адбітак чалавечага жыцця, якое само па сабе з'яўляецца камедыяй. П'есы Антона Чэхава, нават калі ў іх няма нічога смешнага, усё роўна камедыйныя: людзі не чуюць адно аднаго, не заўважаюць тых, каго ім пасылае Бог. Калі паглядзець на нас зверху — таксама будзе смешна. Мы быццам пасланы на зямлю для нечага вялікага, напрыклад, каб аддаць дзеля каго-небудзь жыццё, а мы мітусімся. Часу застаецца менш і менш, а мы ўсё носімся, нам трэба тое і іншае. А можа, варта проста пасядзець у цішыні?.. Узорная камедыя — «Рэвізор» Мікалая Гогаля, у якой людзі прынялі абы-што за самае галоўнае. Гэта смешна і трагічна. Таму, вядома ж, сапраўдная высокая камедыя — не проста ха-ха, хі-хі, а суіснаванне смешнага і трагічнага.

— Вы здымаліся ў адным з самых, напэўна, лепшых савецкіх фільмаў «Ідзі і глядзі» Элема Клімава. Вы памятаеце гэтыя здымкі?

— Канешне. Мяне тады ўразіла стаўленне Элема Клімава да кіно і сваёй справы. У мяне была маленькая роля аднаго з партызанаў, фатографа, які павінен рассмяшыць атрад перад аперацыяй. На экране я прысутнічаў хвіліны тры, але мяне выклікалі ў Маскву, я цэлы тыдзень жыў у гасцініцы «Масфільма», куды Клімаў сам прыходзіў, каб адрэпеціраваць маю частку. Ён у мяне спытаў: «Ты зможаш рассмяшыць трыста чалавек?» — а я хоць і быў сарамлівым, бадзёра сказаў: «Паспрабую!» Іх трэба было насамрэч рассмяшыць, бо гэта былі не артысты, а масоўка. Цэлы тыдзень мы рэпеціравалі маленькі эпізод, таму можаце ўявіць, колькі Клімаў працаваў з выканаўцам галоўнай ролі Аляксеем Краўчанкам, у тым ліку каб у таго «дах не паехаў». Здымалі пад Смалявічамі, усё было вельмі натуральна. У тэатры я тады рэпеціраваў «Радавых» Дударава, а пасля ехаў у «сапраўдны» партызанскі лагер. Алесь Адамовіч, пісьменнік і аўтар сцэнарыя, увесь час быў побач, атмасфера была такая, што ніякай ігры не магло быць, толькі сапраўднае жыццё. І ўвогуле фільм, канешне, моцны. Гэта быў адказ Клімава на серыял «Сямнаццаць імгненняў вясны», дзе фашысты — разумныя і чысценькія. Ад карціны ўсе былі ў шоку, асабліва, кажуць, у ФРГ, дзе маладыя немцы пасля прагляду пыталіся ў бацькоў, чаму яны хавалі ад іх такую праўду.

— На вашу свядомасць заўважна ўплывае рэлігія. Што вера дае вам у жыцці?

— Яна дае самае, напэўна, важнае — само жыццё і яго сэнс, разуменне, дзеля чаго жыць і займацца сваёй справай. Калі ведаеш, што твая душа бессмяротная, ты, вядома ж, задаешся пэўнымі пытаннямі. Ёсць такое сцверджанне, што, каб выканаць сваю ролю на зямлі, трэба пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і вырасціць сына. А ёсць людзі, якія па пэўных прычынах не могуць нарадзіць дзіця, — і што, сэнс жыцця знікае? А дрэва пасадзіць? — якраз тут недалёка стаяць дрэвы, на якіх фашысты вешалі партызанаў і падпольшчыкаў. Хтосьці ж іх пасадзіў... Ну а дом — можна і публічны дом пабудаваць. Якраз тэатр можа дапамагчы знайсці сэнсы, тут ты разумееш, што важныя не толькі твае перажыванні. Гогаль казаў, што тэатр — прыступка да сапраўднай духоўнасці, ён можа падняць чалавека над матэрыяльным. А Гогаля ці, скажам, Дастаеўскага ўвогуле нельга ўявіць без веры, іх творчасць на ёй грунтуецца. Праўда, сэнс мастацтва таксама можа быць разбуральным, хаця ў такім выпадку гэта не мастацтва. Таленавіты вучоны можа вынайсці атамную ці нейтронную бомбу, а таленавіты аўтар — разварушыць нізкія пачуцці. Альбо, наадварот, падняць душу і сэрца да неба. Вера таксама дае разуменне, што за кожнае слова прыйдзецца даць адказ — персанажам ты яго прамовіў альбо самім сабой.

— То-бок ёсць рэчы, якіх на сцэне вы не зробіце?

— Вядома, і я заклікаю тых, хто займаецца мастацтвам, быць вельмі пільнымі. У Евангеллі сказана, што «спакусы не могуць не прыйсці ў свет, але бяда таму, праз каго яны прыходзяць». Трэба памятаць, што мы за ўсё адказныя, і праз гэта думаць, ці стане каму-небудзь лепш і лягчэй ад таго, што мы побач.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.