Вы тут

У Віцебску з'явіцца яшчэ адзін падземны пешаходны пераход


У сувязі з рэканструкцыяй Полацкага пуцеправода ў Віцебску з'явяцца новыя аб'екты. На вуліцы Касманаўтаў пабудуюць падземны пешаходны пераход. На вуліцы Цітова - дадатковую электрападстанцыю: тут зноў будуць хадзіць трамваі. Праўда, у ваколіцах велізарнай будоўлі давядзецца высекчы больш за 400 дрэваў, паведамляюць «Витебские вести».


Новы пуцеправод будзе дасягаць шырыні 45 метраў, разам з уздымам і спускам яго даўжыня складзе больш за 400 метраў.

Заязджаць і з'язджаць з яго трэба будзе па развязкам-«матылькам», а з боку вуліцы Касманаўтаў з'явіцца падземны пешаходны пераход. Па вуліцы Цітова адновіцца рух трамваяў, тут дадаткова пабудуюць цягавую электрападстанцыю.

Зараз на аб'екце кожны дзень задзейнічана каля 70 спецыялістаў і 15-18 адзінак тэхнікі. Асноўная нагрузка - на бетоншчыкаў, зваршчыкаў і арматуршчыкаў, яны робяць падмурак пад прамежкавыя апоры, якія будуць трымаць мост. Усяго іх трэба будзе ўзвесці 45, пакуль гатовыя 7.

Чакаецца, што ў другім паўгоддзі пачнуць узводзіць апоры моста і з боку вуліцы Цітова, амаль ля самога Полацкага рынка. Будаўнікі запэўніваюць, што гэта не паўплывае на працу папулярнага базару.

Зараз рэканструкцыя падыходзіць да самага важнага этапу - у красавіку плануюць пачаць дэмантаж старога моста, які праходзіць над чыгункай.

З дакладнасцю да хвілін неабходна разлічыць час, каб развесці цягнікі, пакуль краны на чыгуначных платформах будуць разбіраць 30-тонныя бетонныя пралёты, частка якіх даўжынёй да 14 метраў. Для гэтага спатрэбіцца не раз абмяжоўваць рух чыгуначнага транспарту на 7-8 гадзін. Калі б не ажыўлены трафік, будаўнікі справіліся б за тыдзень, а так спатрэбіцца як мінімум месяц.

- Пры добрым раскладзе ў гэтым годзе мы плануем асвоіць каля 40 млн рублёў, а каштарысны кошт аб'екта ў дзейных цэнах - каля 115 млн, - растлумачыў першы намеснік генеральнага дырэктара УКБ аблвыканкама Веньямін Барсук. - Вылучаюцца грошы з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, вядзецца праца па адкрыцці крэдытнай лініі на 50 млн рублёў ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Гэта ўсё дасць магчымасць ужо ў 2019-м цалкам адпрацаваць рэканструкцыю пуцеправода з боку вуліцы Касманаўтаў, пабудаваць апоры і падмурак моста праз чыгунку.

Пры рэканструкцыі пуцеправода высякуць 406 дрэў. На гэта ёсць адпаведнае рашэнне гарвыканкама. Эколагі атрымалі кампенсацыйныя выплаты на пасадку новых дрэў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».