Вы тут

Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы можа пазбавіцца пасады


Апошні тыдзень сакавіка Аляксандр Лукашэнка пачаў з рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Тут Прэзідэнт наведаў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Газавік-Сіпакова» ў аграгарадку Дабрэйка.


Фота БЕЛТА

Прадпрыемства — паспяховае, рэгіён — адстае

«Газавік-Сіпакова» — філіял РУП «Магілёўаблгаз». Агульная плошча сельгасугоддзяў складае амаль 6 тысяч гектараў, у тым ліку ворных — 4,7 тысячы гектараў. На прадпрыемстве працуюць каля 240 чалавек.

У гаспадаркі даволі нядрэнныя паказчыкі: тэмп росту аб’ёму вытворчасці валавой прадукцыі за студзень — люты 2019 года склаў 103 % да аналагічнага перыяду мінулага года.

Аб’ёмы жывёла- і птушкагадоўлі павялічыліся на 9,5 %, рэалізацыі гэтай прадукцыі — у 1,5 раза. Валавая вытворчасць малака склала 1,9 тысячы тон (101 %), яго рэалізацыя — 1,7 тысячы тон (103,4 %). Таварнасць малака вырасла з 88,4 % да 90,5 %.

Безумоўна, акрамя вынікаў работы прадпрыемства, кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці і Шклоўскага раёна, падрыхтоўцы тэхнікі, машын і абсталявання да веснавых палявых работ.

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся спецыялізацыяй прадпрыемства, а таксама яго перспектывамі. Адказваў на пытанні беларускага лідара дырэктар «Газавік-Сіпакова» Вадзім Гарбіна.

Паводле яго слоў, цяпер яны займаюцца вытворчасцю малака і мяса, але ў будучыні гэтыя напрамкі пашыраць. Праз некалькі гадоў плануюць вырабляць рапсавы алей, зараз рапс толькі вырошчваюць і прадаюць.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, прадпрыемства працуе добра, але стаяць на месцы не варта. Ён падкрэсліў, што кожнай гаспадарцы патрэбна іскрынка, па-старому працаваць нельга. Пры гэтым трэба не толькі генераваць новыя ідэі, але і ствараць новыя напрамкі развіцця.

Важна вырабляць і вырошчваць тое, што запатрабавана, што прадаецца на рынку. Калі гэта брусніцы або грыбы — трэба звярнуць увагу на гэтыя папулярныя пазіцыі.

Паспяховым гаспадаркам трэба працаваць не толькі па стандартных, прапрацаваных кірунках. Калі ёсць якасная база, можна і трэба заняцца развіццём «свежага». «Усё, традыцыйна працаваць забыліся — гэта павінна працаваць аўтаматам. Трэба ствараць новае», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пагаварылі і пра тое, як ідуць справы ў іншых сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна. На жаль, тут не ўсё так добра, як у «Газавік-Сіпакова»: Прэзідэнт незадаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці і паабяцаў прыняць жорсткія меры.

Чакаем кадравых перастановак?

І гэта не проста здагадкі — непасрэдна падчас наведвання прадпрыемства кіраўнік дзяржавы даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта ўнесці прапановы па кандыдатурах на пасаду свайго памочніка па Магілёўскай вобласці і віцэ-прэм’ера.

«Цэлы віцэ-прэм’ер, які загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны Прэзідэнта. Памочнік Прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці. Губернатар самы прасунуты. І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў прысутных.

Ён нагадаў, што займацца гэтым пытаннем было даручана і губернатару Магілёўскай вобласці Уладзіміру Даманеўскаму.

Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, беларускі лідар даў тыдзень на ўнясенне прапаноў, інакш «пойдзеце самі сюды працаваць».

Міхаіл Русы. Фота БЕЛТА

Такім чынам, у найбліжэйшы час пасады могуць страціць Міхаіл Русы і Генадзь Лаўранкоў. Па словах кіраўніка дзяржавы, на працягу года ў іх быў час змяніць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы ў Магілёўскай вобласці, аднак выніку няма.

Далей Аляксандр Лукашэнка агледзеў, як гатова тэхніка да палявых работ, пагутарыў з супрацоўнікамі прадпрыемства і наведаў рамонтныя цэхі.

Прыйшоў, убачыў і зрабіў

Як толькі кіраўнік дзяржавы пакінуў прадпрыемства, журналісты пачалі даймаць пытаннямі яго дырэктара — Вадзіма Гарбіну. Яшчэ б — чалавеку ўсяго 35 гадоў, а ён паспяхова кіруе гаспадаркай, якую Прэзідэнт прыводзіць у прыклад.

«Першае — мы будзем пераходзіць на інтэнсіўны шлях вытворчасці малака. Будзем займацца племянной жывёлагадоўляй, — расказаў аб перспектыўных напрамках Вадзім Гарбіна. — Для гэтага будуем цэх раздою на 320 галоў, што дасць нам нармальна раздаіць пяршачку, гэтым мы ўжо падымем малако».

Акрамя таго, на прадпрыемстве займаюцца новымі культурамі ў раслінаводстве, аналізуюць высокапрадукцыйныя, высокаўраджайныя і высокабялковыя віды. «Як сказаў Прэзідэнт, трэба нешта новае знайсці. Мы будзем займацца і знойдзем. Адна з асноўных ідэй — вырошчванне і продаж цялушак. Гэта адзін з самых выгадных кірункаў. Пасля таго як увядзём цэх раздою, мы будзем займацца вырошчваннем цялушак», — дадаў ён.

У гаспадарцы вельмі нядрэнная сярэдняя зарплата — амаль 900 рублёў, ёсць сацыяльны пакет. Кіраўнік дзяржавы палічыў такі ўзровень зарплаты добрым для вёскі. У чым сакрэт поспеху? Вадзім Гарбіна расказаў, што першапачаткова, пры аб’яднанні гаспадарак, Магілёўаблгаз уклаў у прадпрыемства сродкі. Аднак, падкрэсліў дырэктар, з кожным годам уліванні гэтай арганізацыі ў яго гаспадарку скарачаюцца, а выручка — падымаецца.

«Газавік-Сіпакова» плануе выйсці на самафінансаванне. Дарэчы, вопыт замацавання гаспадарак за буйнымі прадпрыемствамі папрасіў вывучыць Прэзідэнт, паколькі, па яго словах, «будзе складана без прамысловасці выцягнуць сельскую гаспадарку».

Акрамя таго, на «Газавіку-Сіпакова» пастаянна кантактуюць з навукоўцамі, пераймаюць тэхналогіі і вопыт — нават іншых краін. Толькі такі шлях дае плён.

«Калі будзем на месцы стаяць — гэта ўсё, — сказаў кіраўнік гаспадаркі. — Усе нашы супрацоўнікі гатовыя развівацца, тым больш трэба зарабіць грошы — проста так не плацім».

Прагучала пытанне з нагоды масавай сяўбы. «Не, мы яшчэ не пачыналі. Чакаем надвор’я. Якія прагнозы ў гэтым годзе на ўраджайнасць збожжавых? Пакуль сказаць цяжка, снегу ў нас было шмат. Я думаю, усё пойдзе, угнаенні, сродкі і паліва ёсць. Думаю, возьмем больш чым 50 цэнтнераў з гектара. 70? Мы плануем атрымаць 70», — пацвердзіў Вадзім Гарбіна.

А што там з пасяўной?

Прысутнічаў на прадпрыемстве і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. Ён расказаў журналістам, што ў бягучым годзе стаіць задача павялічыць аб’ём вытворчасці прадукцыі раслінаводства не менш чым у 1,2 раза. Пры гэтым ранняя вясна патрабуе вельмі высокай мабілізацыі і арганізаванасці для таго, каб правесці ў аператыўныя тэрміны сяўбу ранніх збожжавых яравых культур, правесці догляд азімых яравых культур.

«На сённяшні дзень практычна ва ўсіх рэгіёнах ідуць работы. Больш актыўна — гэта паўднёвая частка тэрыторыі нашай краіны, у Брэсцкай вобласці практычна сёння ўжо будзе пасеяна палова ўсіх збожжавых яравых. Да 30 працэнтаў наблізіцца Гомельская вобласць, да гэтай жа рысы падыдзе і Гродзенская вобласць з-за пэўных прыродна-кліматычных умоў і геаграфічнага размяшчэння. Натуральна, больш павольна ідзе праца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Тут яшчэ не пачалася вегетацыя азімых збожжавых культур, рапсу ў той момант, калі ў паўднёвай частцы завершыцца іх падкормка. Таму тэхнічна рэспубліка гатова», — адзначыў ён.

Такім чынам, у гатоўнасці знаходзіцца сельскагаспадарчая тэхніка, энерганасычаныя машыны, прычапная тэхніка, ёсць запчасткі і сэрвісныя цэнтры, каб у максімальна сціслыя тэрміны правесці комплекс вясенне-палявых работ, накіраваных на захаванне ўраджаю азімых збожжавых і фарміраванне яравых збожжавых. Створаны штаб у Міністэрстве, рэгулярна будуць праводзіцца нарады з абласцямі.

Акрамя таго, па словах Леаніда Зайца, стан азімых збожжавых культур сёлета досыць нядрэнны. Па асобных палях ёсць снежная цвіль, але гэта адзінкавыя плошчы, таму баяцца няма чаго. Тым больш што за такімі землямі ўважліва сочаць спецыялісты і навуковыя супрацоўнікі, каб своечасова ўзмацніць падкормку або перасеяць.

«У гэтым годзе мы павінны атрымаць не менш як 8,5 мільёна тон збожжа ў свірнавай вазе, не менш за 700 тысяч тон рапсу, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў, 180 тысяч тон ільнотрасты — гэта ў дастатку забяспечыць нашу жывёлагадоўлю травяністымі кармамі», — сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.

Раннюю вясну Леанід Заяц назваў плюсам для аграрыяў: клімат мяняецца, трэба быць да гэтага гатовым і перабудоўваць сістэму. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы арыентуе аграрыяў на нетрадыцыйныя для нашай краіны культуры, на тыя, якія маглі б прыносіць нядрэнны прыбытак для гаспадарак у паўднёвай і цэнтральнай частках Беларусі. Гэта, напрыклад, вытворчасць кавуноў, вінаграду. Галоўнае, каб быў станоўчы вынік.

«Няма такіх пасяўных кампаній, якія былі б лёгкімі. Краіна ў гэтым годзе дастаткова арганізавана падышла да правядзення веснавой пасяўной кампаніі», — рэзюмаваў міністр.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».