Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Футбалісты зборнай Беларусі пацярпелі другое паражэнне ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы, саступіўшы ў гасцях Паўночнай Ірландыі — 1:2.

Адзіны гол у вароты сапернікаў забіў Павел Стасевіч, якому асісціраваў Аляксандр Глеб, дарэчы, гэтыя гульцы ў адрозненне ад мінулага матча выйшлі на поле з першых хвілін.

— Крыўдна прайграваць такі матч на апошніх хвілінах. Да манеры саперніка са мноствам падач, флангавай гульні мы рыхтаваліся. І таму крыўдна ўдвая, што прапусцілі другі мяч пасля нізавой флангавай перадачы: не паспелі закрыць цэнтральную зону, — адзначае галоўны трэнер беларускай зборнай Ігар Крывушэнка. — Але што рабіць? Як бы крыўдна ні было, трэба глядзець далей. Напэўна, у плюс занёс бы тое, што каманда змагалася да канца, была больш сканцэнтраванай, дзейнічала больш злой. Напэўна, хлопцы адчулі, што можна гуляць ад саперніка і дамагацца выніку.

Такім чынам, паўночнаірландцы ўзначалілі турнірную табліцу, атрымаўшы дзве перамогі ў дзвюх сустрэчах. Нагадаем, на старце яны абыгралі ў сябе дома эстонцаў — 2:0.

У другім матчы другога тура групы С у Амстэрдаме сустракаліся зборныя Нідэрландаў і Германіі, госці атрымалі перамогу — 3:2.

Турнірнае становішча: Паўночная Ірландыя — 6 ачкоў (2 матчы; розніца мячоў — 4-1), Германія — 3 (1; 3-2), Нідэрланды — 3 (2; 6-3), Эстонія — 0 (1; 0-2), Беларусь — 0 (2; 1-6). Свой наступны паядынак кваліфікацыі Еўра-2020 зборная Беларусі правядзе 8 чэрвеня на полі «Барысаў-Арэны» супраць футбалістаў Германіі.

2. Ілья Шымановіч абнавіў рэкорд Беларусі ў плаванні на 100 м брасам на турніры FFN Gоldеn Tоur — Саmіllе Muffаt у Марсэлі (Францыя).

На папярэдняй стадыі беларус пераадолеў дыстанцыю за 58,79 сек., устанавіўшы новы рэкорд на 100 м брасам. У фінальным заплыве ён перавысіў сваё дасягненне 58,29 сек. Плывец выканаў нарматыў на летнія Алімпійскія гульні ў Токіа.

Адзначым, што Ілья Шымановіч у Францыі таксама перамог на дыстанцыі 50 м брасам — 27,00 сек. У іншым фінальным заплыве на 200 м брасам ён стаў другім — 2 хв. 11,38 сек. Паспяхова правяла турнір у Францыі беларуска Аліна Змушко, якая заняла першае месца на дыстанцыі 200 м брасам — 2 хв. 29,7 сек.

3. Беларускія атлеты заваявалі 11 узнагарод на Кубку свету па самба — мемарыяле Анатоля Харлампіева, які прайшоў 22—23 сакавіка ў Маскве.

Сярод беларускіх атлетаў на найвышэйшую прыступку п'едэстала падняліся Вера Гарэлікава (60 кг) і Святлана Цімашэнка (80 кг). Сярэбранымі ўзнагародамі адзначыліся Анфіса Капаева (48 кг), Анжэла Жылінская (72 кг), Кацярына Калюжная (звыш 80 кг), Аляксандр Круглік (82 кг) і Сяргей Лесяк (100 кг). Бронзавымі — Анастасія Мацюшка (56 кг), Уладзіслаў Бурдзь (57 кг), Сцяпан Папоў (74 кг) і Ілья Жупікаў (звыш 100 кг).

Удзел у спаборніцтвах прыняло больш за 250 спартсменаў з 33 краін.

4. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова прайграў першы матч 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў нямецкаму «Фленсбургу» — 28:30.

Самым выніковым у складзе БГК стаў Петар Джоржыч, які закінуў шэсць мячоў. Зваротны паядынак за выхад у чвэрцьфінал адбудзецца 31 сакавіка на «Фленс-Арэне». Пераможца гэтай двухраўндавай дуэлі ў барацьбе за пуцёўку ў «Фінал чатырох» згуляе з лепшай камандай пары «Спортынг» (Лісабон, Партугалія) — «Веспрэм» (Венгрыя).

5. Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці прабіліся ў чвэрцьфінал турніру ў Маямі (прызавы фонд — 8 369 455 долараў).

У другім раўндзе дуэт адолеў сербска-расійскі тандэм Аляксандра Круніч / Аляксандра Панова — 6:3, 1:6, 10:7. У 1/4 фіналу Азаранка і Барці 27 сакавіка будуць змагацца з парай Дар'я Юрак (Харватыя) / Ралука-Ёана Олару (Румынія).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Крыўдна прайграваць такі матч»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».