Вы тут

Што дапамагае нясвіжскай кніжніцы працаваць на апераджэнне?


Бібліятэка — розуму аптэка. Той, хто гэта зразумеў, заўсёды спяшаецца сюды. А як інакш? Калі акрамя інтэлектуальнага задавальнення і духоўнага падсілкавання тут яшчэ і настрой уздымуць, дадуць штуршок да творчага развіцця, ды на велапрагулку запросяць... Акурат як у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўла Пранузы, супрацоўнікі якой не стамляюцца шукаць новае і сучаснае і маюць жаданне падзяліцца гэтым з наведвальнікамі.


Батлейка Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўла Пранузы нікога не пакідае абыякавым

Ва ўмовах даступнасці электроннай інфармацыі і сэрвісаў наспела неабходнасць перагледзець звыклыя метады работы. Але ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы не сталі адмаўляцца ад традыцыйных сустрэч з пісьменнікамі, мастакамі, творцамі. Чытачы актыўна наведваюць такія імпрэзы. Як, напрыклад, адмысловы форум «Акрыленыя кнігай», куды завітваюць айчынныя пісьменнікі Валянціна Паліканіна, Павел Ушынец, Надзея Бука і іншыя. Злабадзённыя пытанні абмяркоўваюць падчас круглага стала.

Асабліва папулярныя тут формы работы, якія прадугледжваюць актыўнасць чытачоў: квэсты, ток-шоу... Іх у кніжніцы ладзяць з 2012 года. Летась арганізавалі гарадскі гісторыка-краязнаўчы велаквэст «PRO-кацімся» — дзеля папулярызацыі гістарычнага краязнаўства і выхавання любові да малой радзімы. Захапіў цікавы квэст па нясвіжскім парку «Тэрыторыя МНС», арганізаваны сумесна з раённым аддзелам надзвычайных сітуацый. На вызначаных пунктах удзельнікі выконвалі заданні ад супрацоўнікаў РАНС, даследавалі інтэлектуальныя і духоўныя традыцыі мінулага.

Новы інфармацыйны імідж бібліятэка займела дзякуючы дыялогу з гараджанамі. Новыя чытачы, у прыватнасці, з’явіліся дзякуючы пешаходнай прагулцы «Маршрут пабудаваны». Духоўна-асветніцкі цэнтр «Існасць» — сумесны праект бібліятэкі, раённай газеты, мясцовага выканаўчага камітэта. Раз на месяц у раённай газеце «Нясвіжскія навіны» выходзіць духоўная старонка «Вытокі». Клуб «Ноеў каўчэг» ладзіць падарожжы па храмах Нясвіжскага раёна. Пры бібліятэцы працуюць гасцёўня для людзей сталага ўзросту «Ясь і Яніна», літаратурна-музычнае аб’яднанне «Валошкі», краязнаўчы клуб «Спадчына», маральнадухоўны сямейны клуб «Згода», інтэлектуальны клуб «Што? Дзе? Калі?», пазнавальны клуб «Мы САМИ». Такі шырокі «асартымент» дзейнасці падмацаваны прадстаўнічым бібліятэчным фондам. На пачатак 2018 г. у кніжніцы — каля 90 тыс. выданняў. Тут згадваюць, што на момант адкрыцця — 5 красавіка 1945 года — у бібліятэцы было 1200 экз. выданняў; кніжніца размяшчалася ў памяшканні гарадской ратушы — архітэктурным помніку ХVIII стагоддзя. Цяпер супрацоўнікі бібліятэкі выдаюць больш за 110 тыс. экз. выданняў і абслугоўваюць звыш 7 тысяч самых розных чытачоў.

Пасля пераезду бібліятэкі ў новы будынак з’явілася магчымасць свабодна арганізоўваць мастацкія выстаўкі. І гэта дало штуршок для прыцягнення не толькі мясцовых мастакоў, але і творцаў з Мінска, Смалявіч, іншых раёнаў. «З мастакамі ладзяцца не толькі сустрэчы, але і майстар-класы. У прыватнасці, захапіў усіх майстар-клас па японскай акварэлі. Малявалі не толькі на сталах, але і на падлозе», — дзеліцца Зоя Сілкова, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі.

Дзе даваць жыццё ідэям? У кніжніцы! Сучасная бібліятэка дае магчымасці ўвасобіць ідэі ў вынаходніцтвы: акрамя інфармацыйных рэсурсаў, сёння распаўсюджваюцца так званыя грамадскія гасцёўні, якія запатрабаваны не толькі вынаходнікамі, бізнесменамі, але і звычайнымі наведвальнікамі (гэта зручнае месца для сустрэч). Дапамагчы зірнуць на звыклыя рэчы свежым поглядам паранейшаму дапамагаюць аб’яднанні па інтарэсах, вучэбныя курсы, майстар-класы, выстаўкі.

Акрамя мастацкіх выставак, у Нясвіжскай бібліятэцы экспануюць выязныя літаратурна-дакументальныя выстаўкі айчынных музеяў. «Гэта добры досвед для бібліятэкі раённага ўзроўню, якой самой складана арганізаваць такія выстаўкі. А вось скарыстаць тыя, што ёсць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (“Аркадзь Куляшоў. Ад Бесядзі да акіяна”), Дзяржаўным літаратурным музеі М. Багдановіча, Дзяржаўным мемарыяльным музеі Якуба Коласа (выстаўка “Якуб Колас. Чалавек-эпоха. Час”) — вялікая ўдача. І чытачам гэта падабаецца», — адзначае Зоя Сілкова.

У кніжніцы ладзіцца фестываль паэзіі імя Паўла Пранузы (у 2015 годзе бібліятэцы прысвоена імя беларускага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, педагога, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Паўла Пранузы), які стаў ужо традыцыяй. Яшчэ адна завядзёнка — акцыя «Бібліяноч», якую тут праводзяць у рамках Дня бібліятэк. Здзіўляюць ужо шосты раз: чытальная зала ператвараецца ў інтэлектульную гульнёвую пляцоўку, абанемент — у востраў творчасці, для самых маленькіх працуе бібліянянька. З кожным годам колькасць наведвальнікаў павялічваецца.

Прымусіць прыйсці ў бібліятэку немагчыма. Сюды павінна цягнуць. І менавіта атмасфера — патэнцыял, рухавік.

Ці магчыма стварыць у кніжніцы ідэальныя ўмовы для творчага пошуку? Вядома, калі ініцыятывы падтрымлівае кіраўніцтва. Адміністрацыя Нясвіжскай бібліятэкі заснавала штогадовую бібліятэчную прэмію «Бібліятэчны Оскар».

Шмат у кніжніцы розных тэматычных пляцовак. «Парады з вуснаў несвіжан» — сумесны праект бібліятэкі і сярэдняй школы № 4. Юныя журналісты-школьнікі бяруць інтэрв’ю ў вядомых несвіжан, і вынікам становіцца стварэнне электроннага часопіса. «На кніжных абшарах» — праект раённай бібліятэкі і раённай газеты: больш як 5 гадоў сацыякультурная дзейнасць бібліятэкі асвятляецца на старонках газеты.

Плённы спосаб пашырэння магчымасцяў кніжніцы — партнёрства. Нясвіжская бібліятэка першыя крокі ў гэтым напрамку зрабіла ў 2016 годзе, калі падпісала дамову аб супрацоўніцтве з гарадамі Пулавы (Польшча), Радзівілішкіс (Літва), Аўцэ (Латвія). Нядаўна абмяняліся вопытам з літоўскімі калегамі і наведалі горад Радзівілішкіс, пазнаёміліся з асаблівасцямі дзейнасці публічных бібліятэк Літвы, наведалі Нацыянальную бібліятэку ў Вільнюсе. Літоўскія калегі, у сваю чаргу завітаўшы ў Нясвіж, былі ўражаны нашай беларускай батлейкай і запрасілі з паказам у Літву.

Нясвіжская раённая бібліятэка супрацоўнічае з шасцю гарадамі розных краін. Літвійскі Аўцэ бібліятэкары Нясвіжа наведалі з праграмай «Падарожжа ў казку», прадставілі кнігі на выстаўцы, арганізавалі майстар-класы. Летась кніжніца ўзяла ўдзел у 15-м фестывалі кнігі ў г. Пулавы (Польшча), там двума спектаклямі прадставілі нашу батлейку.

На фоне найноўшых сістэм электронных сэрвісаў бібліятэка становіцца генератарам камунікацыі, што мабілізуе новыя якасці для паспяховага ўзаемадзеяння і дапамогі асобе, якая ратуецца ад лішку інфармацыі ў сучасным свеце.

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Сакрэт паспяховай камунікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?