Вы тут

У чым карысць этнаграфічнага кутка


Рэчы, зробленыя сваімі рукамі, у адрозненне ад вырабаў масавай вытворчасці, заўсёды ўнікальныя. І калі раней гэтыя прадметы былі практычнага прызначэння, то цяпер перайшлі ў разрад мастацтва. Вырабы з дрэва, лазы, гліны; ткацтва, вышыўка, вязаная цацка — такое багацце прадстаўлена ў афармленні краязнаўчага кутка Гарадзецкай сельскай бібліятэкі-клуба. Шмат старанняў і фантазіі прыкладзена для таго, каб выстаўкі «Памяць народа культура захоўвае», «З бабуліных куфраў» выглядалі цікава і прывабна.


Актывістка Гарадзецкай сельскай бібліятэкі-клуба Антаніна Клімец.

Бібліятэка-клуб у вёсцы Гарадзец — адно з любімых месцаў жыхароў. Тут ёсць сваё кола пастаянных наведвальнікаў — чытачоў, якія прыходзяць з задавальненнем і ведаюць, што іх чакаюць і заўсёды рады. Цікавая суразмоўца, актыўная, заўсёды ветлівая, з добрым настроем і аптымізмам Антаніна Клімец чытае ў бібліятэцы параўнальна нядаўна; яна пераехала з Пухавіцкага раёна. Усё жыццё марыла жыць у вёсцы, мець уласны домік, майстраваць вырабы. Напэўна, спрыяла гэтаму «вясковая проза» Васіля Шукшына і Фёдара Абрамава, якая ў Антаніны Васільеўны ў шэрагу любімай. Творы гэтых аўтараў не толькі пра вёску — пра чалавека, які ў любых абставінах павінен мець годнасць, які шукае ідэал не ў вялікіх гарадах, а там, дзе захаваліся сапраўдныя народныя маральныя крытэрыі, што не залежаць ад моды. Мары спраўджваюцца. Цяпер жанчына на пенсіі, чакае ў госці дзяцей, унука Алёшу. І, канешне, займаецца любімай справай.

Вырабы майстрыхі можна ўбачыць у этнаграфічным кутку Гарадзецкай сельскай бібліятэкі-клуба. Не раз праводзіла майстар-клас для чытачоў бібліятэкі ў рамках клуба «Рукадзельніцы».

Сакрэты вырабу лялек-абярэгаў захоўвае і перадае карыстальнікам бібліятэкі-клуба: «дамавічкі» чытачкі Сафіі Свірко падкрэсліваюць новую творчую індывідуальнасць маленькага таленту. Антаніна Клімец упэўнена, што павага да традыцый свайго народа — падмурак, на якім спее любоў да роднай зямлі.

Нашы продкі на любыя выпадкі жыцця стваралі сваімі рукамі з падручных матэрыялаў абярэгі з асаблівай энергетыкай. Многае аб значэннях лялек-талісманаў ведае Антаніна Васільеўна. «“Зернявушка”, — кажа яна, — сімвал хлеба. Унутры такой лялькі — зерне. На свята Пакроваў, калі ўжо скончаны збор ўраджаю, нашы землякі збіралі збожжа ў мяшочак, дэкарыравалі яго і ставілі ў хаце пад абразамі. “Зернявушкі” засцерагалі сям’ю ад голаду і дапамагалі перажыць зіму. Увесну самым першым у зямлю ішло збожжа з мінулагодняй “зернявушкі”, а ў канцы года рабілі новую». Лад жыцця ў Беларусі ў старажытныя часы шмат у чым залежаў ад пары года, ураджаю, прыродных умоў. Лічылася, што чым каса даўжэйшая, тым большае шчасце, таму косы ва ўсіх лялечак доўгія. У абярэгах майстар увасабляе жыццёвую мудрасць і простыя каштоўнасці. А па параду і падрабязнае тлумачэнне заўсёды можна звярнуцца да Антаніны Васільеўны.

Стварэнне сям’і — вялікі крок у дарослае жыццё для маладой пары. Кожная дзяўчына, перад тым як стаць жонкай, абавязаная зрабіць сваімі рукамі крыжыкам вышытыя ручнікі, як сваю спадчыну. Гэтую старадаўнюю традыцыю вышыўкі ручнікоў рупліва працягвае выдатная майстрыха. «Разнастайныя сюжэты вышыўкі ручнікоў адрозніваюцца сваім характарам і кампазіцыяй, — тлумачыць Антаніна Васільеўна, — традыцыйныя для Беларусі колеры ручніка белы (колер чысціні) і чырвоны (жыцця, крыві, сваяцтва). Нашы прабабкі ведалі дзясяткі, а то і сотні разнастайных узораў! Злучаючыся на ручніку, арнаменты распавядалі гісторыю цэлага роду». Напэўна, таму да ручніка ставіліся вельмі беражліва, перадавалі яго як рэліквію з пакалення ў пакаленне.

Веды продкаў — найвялікшая спадчына, якую трэба цаніць і шанаваць, упэўнена Антаніна Клімец. Праца Гарадзецкай сельскай бібліятэкі-клуба спрыяе гэтаму.

Наталля ХЛАПКОВА, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кіраўскай цэнтральнай бібліятэкі Магілёўскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.