Вы тут

«Звязда» апублікавала Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі на беларускай мове


Пастанова Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь № 1

Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь пастанаўляе:

1. Зацвердзіць Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (дадаецца).

2. Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям у практычнай дзейнасці кіравацца палажэннямі Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

3. Дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь адлюстроўваць вынікі рэалізацыі Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у штогадовым дакладзе Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь аб стане нацыянальнай бяспекі і мерах па яе ўмацаванні.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

18 сакавіка 2019 г., г. Мінск

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Савета Бяспекі

Рэспублікі Беларусь

18.03.2019 № 1

РАЗДЗЕЛ І

Агульныя палажэнні

ГЛАВА 1

Сусветнае значэнне інфармацыйнай сферы

1. На цяперашнім этапе сусветнага развіцця інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для сучаснага чалавека, грамадства, дзяржавы і аказвае ўсёабдымны ўплыў на эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў краінах і рэгіёнах. У выніку павышэння насычанасці і дынамікі грамадскіх адносін, сусветных і рэгіянальных падзей, росту ўсеагульнага інтэлектуальнага патэнцыялу значна павялічваюцца інфармацыйныя патрэбы людзей.

Інфармацыйнае грамадства, якое фарміруецца ў глабальным маштабе, уяўляе сабой новы этап развіцця цывілізацыі з перавагай ведаў і інфармацыі, уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій на ўсе сферы чалавечай дзейнасці. Кардынальна павышаецца роля інфармацыйных тэхналогій у рэалізацыі правоў і свабод грамадзян.

Індустрыя тэлекамунікацыі стала адной з найбольш дынамічных і перспектыўных сфер сусветнай эканомікі. З працэсамі інфарматызацыі ўсё больш звязваюцца нацыянальныя эканамічныя інтарэсы і перспектывы інвестыцый.

2. Разам з тым трансфармацыя соцыуму ў інфармацыйнае грамадства спараджае новыя рызыкі, выклікі і пагрозы, якія наўпрост закранаюць пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку абароненасць інфармацыйнай прасторы, інфармацыйнай інфраструктуры, інфармацыйных сістэм і рэсурсаў.

ГЛАВА 2

Актуальнасць і значэнне Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

3. Фарміраванне ў Рэспубліцы Беларусь інфармацыйнага грамадства, якое забяспечвае даступнасць інфармацыі, распаўсюджванне і выкарыстанне ведаў для паступальнага і прагрэсіўнага развіцця, разглядаецца як нацыянальны прыярытэт і агульнадзяржаўная задача.

4. Актуальнасць і значэнне Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (далей — Канцэпцыя) абумоўліваюцца наступнымі фактарамі:

павышэннем значнасці фарміравання інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь, яго ролі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы, бяспекі рэалізацыі нацыянальных стратэгій і планаў стварэння лічбавай эканомікі і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў цэлым;

неабходнасцю прадметнай і ўсебакова ўсвядомленай абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы, якія вызначаюцца Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, абагульнення практычна і навукова абгрунтаваных поглядаў на забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, канкрэтызацыі і дэталізацыі падыходаў да гэтай дзейнасці;

неабходнасцю разгляду інфармацыйнай бяспекі як адасобленага феномена і нарматыўнага інстытута, а таксама прававога замацавання асноў дзяржаўнай палітыкі па абароне нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы;

фарміраваннем новай сферы грамадскіх адносін па гарантаванні інфармацыйнай бяспекі;

важнасцю паляпшэння каардынацыі і кіравальнасці дзейнасці суб'ектаў, уцягнутых у развіццё інфармацыйнай сферы і забеспячэнне яе бяспекі, устойлівага і паслядоўнага функцыянавання механізмаў рэагавання на рызыкі, выклікі і пагрозы інфармацыйнай бяспецы;

неабходнасцю інфармавання грамадзян, а таксама міжнароднай супольнасці аб прынятых у Рэспубліцы Беларусь поглядах на сферу інфармацыйнай бяспекі і прыярытэтах яе забеспячэння;

інтэграцыяй Беларусі ў сістэму міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, важнасцю павышэння канцэптуальнай і тэхналагічнай сумяшчальнасці і сінхранізацыі мэт і задач нацыянальнай сістэмы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі з карэспандуючымі сістэмамі іншых дзяржаў і арганізацый.

ГЛАВА 3

Прадмет, мэта, задачы Канцэпцыі, яе сувязь з іншымі дактрынальнымі дакументамі

5. Канцэпцыя ўяўляе сабой сістэму афіцыйных поглядаў на сутнасць і змест забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, вызначае стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.

Канцэпцыя забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі, стварае метадалагічную аснову для ўдасканалення дзейнасці па яе ўмацаванні, служыць асновай для фарміравання дзяржаўнай палітыкі, выпрацоўкі мер па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, канструктыўнага ўзаемадзеяння, кансалідацыі намаганняў і павышэння эфектыўнасці абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы.

6. Канцэпцыя грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у галінах нацыянальнай бяспекі, інфарматызацыі, развіцця лічбавай эканомікі, інфармацыйнага грамадства, навукі і тэхналогій, абароны інтэлектуальнай уласнасці, іншых актах заканадаўства.

Канцэпцыя грунтуецца на Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, а менавіта:

зыходзіць з разумення асноўных тэндэнцый сучаснага свету, вызначаных у ёй асноўных нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы, патэнцыйных альбо рэальна існуючых пагроз нацыянальнай бяспецы;

канкрэтызуе мэты, задачы і прынцыпы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, асноўныя кірункі нейтралізацыі ўнутраных крыніц пагроз і абароны ад знешніх пагроз нацыянальнай бяспецы ў гэтай сферы;

прадугледжвае рэалізацыю гэтых мэт, задач і прынцыпаў як неад'емную частку функцыянавання агульнай сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

7. Канцэпцыя таксама зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, яе месца і ролі ў сучасным свеце, грунтуецца на пагадненнях аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, двухбаковых пагадненнях і іншых абавязацельствах Рэспублікі Беларусь у галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, улічвае асноўныя палажэнні актаў міжнародных арганізацый, у тым ліку рэзалюцый Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, рэкамендацый Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

8. Для мэт гэтай Канцэпцыі выкарыстоўваюцца наступныя паняцці і іх азначэнні:

уздзеянне на інфармацыю — дзеянне па змяненні формы падачы і (або) зместу інфармацыі;

дзяржаўная інфармацыйная сістэма — сукупнасць банкаў даных, інфармацыйных тэхналогій і комплексу (комплексаў) праграмна-тэхнічных сродкаў, якая фарміруецца або набываецца за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, а таксама сродкаў дзяржаўных юрыдычных асоб;

дзяржаўны інфармацыйны рэсурс — арганізаваная сукупнасць дакументаванай інфармацыі, якая ўключае базы даных, іншыя сукупнасці ўзаемазвязанай інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах, якая фарміруецца або набываецца за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, а таксама сродкаў дзяржаўных юрыдычных асоб;

дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне — ажыццяўленне інфармацыйнага ўплыву на палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы, дзейнасць дзяржаўных органаў, а таксама на фізічных і юрыдычных асоб у мэтах паслаблення абараназдольнасці дзяржавы, парушэння грамадскай бяспекі, прыняцця і заключэння загадзя нявыгадных рашэнняў і міжнародных дагавораў, пагаршэння адносін з іншымі дзяржавамі, стварэння сацыяльна-палітычнай напружанасці, фарміравання пагрозы ўзнікнення надзвычайных сітуацый, разбурэння традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцяў, стварэння перашкод для нармальнай дзейнасці дзяржаўных органаў, прычынення іншай шкоды нацыянальнай бяспецы;

абарона інфармацыі — комплекс прававых, арганізацыйных і тэхнічных мер, накіраваных на забеспячэнне канфідэнцыяльнасці, цэласнасці, сапраўднасці, даступнасці і захаванасці інфармацыі;

інфармацыйная бяспека — стан абароненасці збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад знешніх і ўнутраных пагроз у інфармацыйнай сферы;

інфармацыйная інфраструктура — сукупнасць тэхнічных сродкаў, сістэм і тэхналогій стварэння, пераўтварэння, перадачы, выкарыстання і захоўвання інфармацыі;

інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь — неад'емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку;

інфармацыйная сфера — сукупнасць інфармацыі, інфармацыйнай інфраструктуры, суб'ектаў, якія ажыццяўляюць збор, фарміраванне, распаўсюджванне і выкарыстанне інфармацыі, а таксама сістэмы рэгулявання грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры гэтым;

інфармацыйная прастора — галіна дзейнасці, звязаная са стварэннем, пераўтварэннем, перадачай, выкарыстаннем, захоўваннем інфармацыі, якая аказвае ўздзеянне ў тым ліку на індывідуальную і грамадскую свядомасць і ўласна інфармацыю;

кібератака — мэтанакіраванае ўздзеянне праграмных і (або) праграмна-апаратных сродкаў на аб'екты інфармацыйнай інфраструктуры, сеткі электрасувязі, якія выкарыстоўваюцца для арганізацыі ўзаемадзеяння такіх аб'ектаў, з мэтай парушэння і (або) спынення іх функцыянавання і (або) стварэння пагрозы бяспецы інфармацыі, якая апрацоўваецца такімі аб'ектамі;

кібербяспека — стан абароненасці інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая змяшчаецца ў ёй, ад знешніх і ўнутраных пагроз;

кіберінцыдэнт — падзея, якая фактычна ці патэнцыяльна пагражае канфідэнцыяльнасці, цэласнасці, сапраўднасці, даступнасці і захаванасці інфармацыі, а таксама ўяўляе сабой парушэнне (пагрозу парушэння) палітык бяспекі;

кібертэрарызм — атакі на інфармацыйныя сістэмы, якія нясуць пагрозу здароўю і жыццю людзей, а таксама здольныя справакаваць сур'ёзныя парушэнні функцыянавання крытычна важных аб'ектаў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, альбо перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, альбо застрашвання насельніцтва, альбо дэстабілізацыі грамадскага парадку;

кіберустойлівасць — здольнасць інфармацыйнай сістэмы прадбачыць змяненні абстаноўкі і своечасова адаптавацца да іх у мэтах паспяховага прадухілення негатыўных наступстваў або хуткага аднаўлення пасля кіберінцыдэнту;

міжнародная інфармацыйная бяспека — стан міжнародных адносін, які выключае парушэнне сусветнай стабільнасці і стварэнне пагрозы бяспецы дзяржаў і сусветнай супольнасці ў інфармацыйнай прасторы;

забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі — сістэма мер прававога, арганізацыйна-тэхнічнага і арганізацыйна-эканамічнага характару па выяўленні пагроз інфармацыйнай бяспецы, прадухіленні іх рэалізацыі, спыненні і ліквідацыі наступстваў рэалізацыі такіх пагроз;

злачынствы ў інфармацыйнай сферы — прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі (кіберзлачынствы) і іншыя злачынствы, прадметам ці сродкам здзяйснення якіх з'яўляюцца інфармацыя, інфармацыйныя сістэмы і сеткі;

суверэнітэт даных — падпарадкаванасць адносін у сувязі з інфармацыяй у лічбавай форме, якія ўзнікаюць на тэрыторыі Беларусі, нацыянальнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь.

Іншыя тэрміны ў Канцэпцыі прыведзены ў значэннях, якія выкарыстоўваюцца ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і міжнародных актах, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.

РАЗДЗЕЛ ІІ

Стан і развіццё інфармацыйнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь

ГЛАВА 4

Гуманітарны аспект інфармацыйнай сферы

9. Асноватворным нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у інфармацыйнай сферы з пункту гледжання гуманітарнага аспекту з'яўляецца рэалізацыя канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, свабоду думак, перакананняў і іх свабоднага выказвання, а таксама права на тайну асабістага жыцця.

10. У цяперашні час стан інфармацыйнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца высокім узроўнем доступу насельніцтва краіны да масавай інфармацыі. Колькасць нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі (далей — СМІ) і інтэрнэт-рэсурсаў няўхільна павялічваецца, фарміруецца пры ўдзеле дзяржавы і ў недзяржаўным сектары. Беларуская інфармацыйная прастора адкрыта для актыўнай работы замежных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў. У краіне штогод павялічваюцца прапускная здольнасць знешніх каналаў доступу ў сетку Інтэрнэт, колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў, абанентаў сетак электрасувязі. Таксама развіваецца інфармацыйнае ўзаемадзеянне грамадзян, ствараюцца сеткавыя супольнасці для камунікацыі, абмену інфармацыяй, досведам і ведамі, грамадскага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў, шырока прымяняецца практыка краўдфандынгу, павышаецца роля грамадскіх саветаў і незалежных экспертаў у прыняцці рашэнняў дзяржаўнымі органамі, фарміруюцца інстытуты грамадскага самакантролю ў мэтах захавання гістарычнай, культурнай спадчыны і ўмацавання правасвядомасці.

У цэлым беларускай інфармацыйнай прасторы ў поўнай меры ўласцівыя сусветныя трэнды інфарматызацыі, у тым ліку перавод СМІ ў лічбавы фармат (дыгіталізацыя), спалучэнне іх розных тыпаў (мультымедыйнасць), адаптацыя інфармацыйнага прадукту да распаўсюджвання праз Інтэрнэт, збліжэнне і зліццё ў ёй розных тыпаў СМІ (канвергенцыя).

11. У той жа час сусветнае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (далей — ІКТ) абумоўлівае пастаяннае з'яўленне новых крыніц інфармацыі, што аб'ектыўна зніжае ў інфармацыйнай прасторы долю айчыннага кантэнту і патрабуе больш актыўнай работы па яго прасоўванні. Зыходзячы з гэтага неабходна на дзяржаўным узроўні прымаць меры па павышэнні аб'ёму, разнастайнасці і якасці нацыянальнага кантэнту, хуткасці яго прадастаўлення, даверу насельніцтва да афіцыйнай інфармацыі і дзяржаўных СМІ, адаптацыі формаў распаўсюджвання інфармацыі да першачарговых інфармацыйных патрэбнасцяў грамадзян, а таксама дасягненні балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

ГЛАВА 5

Тэхналагічны аспект інфармацыйнай сферы

12. Асноўнымі кірункамі інфарматызацыі ў Рэспубліцы Беларусь вызначаны развіццё эфектыўнай і празрыстай сістэмы дзяржаўнага кіравання, забеспячэнне хуткіх, зручных і бяспечных камунікацый паміж дзяржавай, бізнесам і грамадзянамі, мадэрнізацыя нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, укараненне ІКТ у рэальным сектары эканомікі, удасканаленне сацыяльнай сферы на аснове ІКТ, умацаванне ўласнай галіны інфармацыйных тэхналогій.

13. Лічбавая трансфармацыя эканомікі з'яўляецца найважнейшым складнікам фарміравання інфармацыйнага грамадства і адным з галоўных кірункаў развіцця Рэспублікі Беларусь, у выніку якога ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі ўсе галіны, рынкі, сферы жыццядзейнасці дзяржавы павінны быць пераарыентаваны на новыя лічбавыя эканамічныя мадэлі.

Для вырашэння гэтай задачы ў краіне вызначаны структура кіравання інфарматызацыяй і архітэктура электроннага ўрада. Развіваюцца інавацыйныя лічбавыя тэхналогіі, заснаваныя на сістэмах штучнага інтэлекту, нейронных сетак, якія забяспечваюць работу з разнастайнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, у тым ліку масівамі вялікіх даных, метадах размеркаваных вылічэнняў (воблачныя тэхналогіі), тэхналогіі рэестра блокаў транзакцый (блакчэйн).

Беларусь паслядоўна ўдзельнічае ў працэсах інфарматызацыі на трансгранічным контуры, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўрапейскага саюза і іншых сусветных сістэм палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння і партнёрства.

14. Разам з гэтым аб'ём прымянення інфармацыйных тэхналогій у рэальным сектары эканомікі застаецца невысокім. Ступень лічбавізацыі галін эканомікі розная, што зніжае чаканы сінергетычны эфект ад сінхроннай інфарматызацыі, і з улікам гэтага трэба распрацоўваць лічбавую палітыку для канкрэтных сфер дзяржаўнай жыццядзейнасці, арыентаваць пілотныя праекты лічбавізацыі на іх галіновае маштабаванне, ствараць цэнтры кампетэнцыі па пытаннях лічбавай трансфармацыі. Патрабуецца пераход электроннага ўрада ад простага аказання паслуг па запытах грамадзян да праактыўнай работы з насельніцтвам. Хуткае развіццё ІКТ і павелічэнне інфармацыйных патрэб грамадства абумоўліваюць неабходнасць асваення новых стандартаў у сферы тэлекамунікацый, павышэння прадукцыйнасці і надзейнасці сеткавай інфраструктуры.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

Дзяржаўная палітыка забеспячэння інфармацыйнай бяспекі

ГЛАВА 6

Мэты і кірункі дзяржаўнай палітыкі

15. Мэтай забеспячэння інфармацыйнай бяспекі з'яўляецца дасягненне і падтрыманне такога ўзроўню абароненасці інфармацыйнай сферы, які забяспечвае рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і яе прагрэсіўнае развіццё.

Забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай у гэтай галіне, якая ўключае ў сябе фарміраванне, удасканаленне і рэалізацыю арганізацыйных, прававых, навукова-тэхнічных, праваахоўных, эканамічных мер забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы. У сваю чаргу, менавіта праз развіццё гэтай сферы галоўным чынам гарантуецца і яе бяспека.

16. На дзяржаўным узроўні ажыццяўляецца маніторынг, аналіз і ацэнка стану інфармацыйнай бяспекі, прымяняюцца індыкатары ацэнкі яе стану. Вызначаюцца прыярытэтныя кірункі прадухілення пагроз інфармацыйнай бяспецы, мінімізацыі іх дэструктыўнага ўздзеяння і лакалізацыі наступстваў. Распрацоўваецца і рэалізуецца комплекс мер стратэгічнага і тактычнага характару па папярэджанні і нейтралізацыі інфармацыйных рызык, выклікаў і пагроз.

17. Забяспечваецца канстытуцыйнае права грамадзян свабодна шукаць, атрымліваць, перадаваць, вырабляць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю любым законным спосабам, права на тайну асабістага жыцця і іншую тайну, што ахоўваецца законам, абарону персанальных даных і аўтарскіх правоў, а таксама захаванне балансу правоў з абмежаваннямі, звязанымі з гарантаваннем нацыянальнай бяспекі. Фарміруюцца прававыя, арганізацыйныя і тэхналагічныя ўмовы для бяспекі функцыянавання нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі, ажыццяўляецца дзяржаўны і грамадскі кантроль іх дзейнасці.

Рэалізуецца максімальная даступнасць для грамадзян і арганізацый дзяржаўных электронных паслуг, адміністрацыйных працэдур і інфармацыйных рэсурсаў дзяржаўных органаў і арганізацый.

Павышаецца дасведчанасць грамадзян і грамадства аб пагрозах нацыянальнай бяспецы і дзяржаўных мерах па яе гарантаванні, іх уцягнутасць у забеспячэнне бяспекі інфармацыйнай сферы.

18. Дзяржава ўсебакова садзейнічае абароненасці нацыянальных інфармацыйных сістэм, арганізацыі бяспекі праграмнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца грамадзянамі і арганізацыямі. З мэтай паляпшэння ўстойлівасці дзяржаўнага сектара да інфармацыйных рызык асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, укараняюцца новыя сродкі і спосабы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.

Распрацоўваюцца стандарты інфармацыйнай бяспекі і з іх улікам праводзіцца аўдыт дзяржаўных сістэм інфармацыйнай бяспекі. Развіваецца смарт-праектаванне рашэнняў па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. На нарматыўным узроўні вылучаецца і рэгламентуецца функцыянаванне крытычна важных аб'ектаў інфарматызацыі (далей — КВАІ). Заахвочваецца развіццё тэхналогій бяспекі ў бізнесе і жыццядзейнасці грамадзян.

19. Дзеянні, якія наносяць істотную шкоду інтарэсам, што ахоўваюцца законам, у інфармацыйнай сферы або якія ствараюць небяспеку яе прычынення, крыміналізуюцца ў крымінальным законе ў адпаведнасці з існуючымі сусветнымі падыходамі. Рэалізуюцца крокі па зніжэнні пагроз кіберзлачыннасці, у тым ліку кібертэрарызму, расследаванні і спыненні дзеянняў уцягнутых у тэрарыстычную дзейнасць асоб, перакрыцці каналаў прапаганды тэрарызму, прыцягнення і вярбоўкі прыхільнікаў, заахвочвання і правакавання тэрарыстычнай актыўнасці, фінансавання тэрарызму.

Уводзяцца прававыя рэжымы бяспекі інфармацыі і інфармацыйных рэсурсаў, тэхнічныя ўмовы і палітыкі бяспекі. Ажыццяўляецца выяўленне і прыцягненне да ўстаноўленай законам адказнасці асоб, якія наносяць шкоду дзяржаўным інфармацыйным сістэмам, забяспечваецца дзяржаўная абарона інтарэсаў грамадзян і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці.

20. Развіваецца ўзаемадзеянне дзяржавы, грамадскасці, бізнес-супольнасці, СМІ ў мэтах своечасовага выяўлення рызык і выклікаў інфармацыйнай бяспекі, перашкоды кібератакам і акцыям дэструктыўнага інфармацыйнага ўздзеяння, павышэння эфектыўнасці праваахоўнай дзейнасці.

21. Удзяляецца асаблівая ўвага кадраваму патэнцыялу ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. На сучасным адукацыйным і тэхналагічным узроўні ажыццяўляецца спецыяльная падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне прафесійнай кваліфікацыі асоб, якія забяспечваюць інфармацыйную бяспеку, супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі органамі, установамі адукацыі і галіновымі прадпрыемствамі ў падборы, падрыхтоўцы і працаўладкаванні такіх кадраў, інтэграванне тэматыкі інфармацыйнай бяспекі ў адукацыйныя праграмы ўсіх узроўняў навучання. Фарміруецца дзяржаўны заказ на падрыхтоўку кадраў.

22. Вырабляюцца сродкі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Нарошчваецца навуковы патэнцыял і фінансаванне работ па даследаванні і стварэнні новых рашэнняў у сферы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, у тым ліку тэхнічнай абароны інфармацыі, крыпталогіі, крыміналогіі, крыміналістыкі. Дзяржава ажыццяўляе фінансаванне прыярытэтных кірункаў забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, перш за ўсё ў рамках дзяржаўных праграм. Распрацоўваюцца інавацыйныя метады і тэхналогіі абароны інфармацыйных рэсурсаў і сістэм.

23. Ажыццяўляюцца намаганні па павышэнні дзейснасці міжнароднага права і захаванні маральных нормаў адказных паводзінаў у інфармацыйнай прасторы, аказваецца садзейнічанне распрацоўцы і ўкараненню мер па ўмацаванні даверу ў інфармацыйнай прасторы. Ствараюцца і развіваюцца каналы міжнароднага абмену вопытам у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, а таксама інфармацыяй аб пагрозах нацыянальным інтарэсам, у тым ліку ўразлівасцях інфармацыйных сістэм, інцыдэнтах у інфармацыйнай інфраструктуры.

24. Бяспека інфармацыйнай сферы і ў цэлым стан інфарматызацыі ў Рэспубліцы Беларусь характарызуюцца міжнароднымі рэйтынгамі і іншымі агульнапрынятымі ў свеце крытэрыямі, індэксамі і індыкатарамі, у тым ліку якія ляжаць у аснове паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, забеспячэння нацыянальнай бяспекі і адлюстроўваюць іншую ўсебаковую дзейнасць дзяржавы, звязаную з гэтай сферай.

ГЛАВА 7

Інфармацыйны суверэнітэт

25. Ва ўмовах абвастрэння міжнародных супярэчнасцяў становіцца праблематычным выпрацаваць эфектыўныя і агульнапрынятыя правілы паводзінаў сусветнай супольнасці ў інфармацыйнай прасторы. Падыходы розных краін да ацэнкі пагроз у інфармацыйнай сферы і супрацьдзеянні ім не супадаюць, а па асобных кірунках палярызуюцца.

У сувязі з гэтым найважнейшай мэтавай устаноўкай забеспячэння інфармацыйнай бяспекі з'яўляецца інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь.

26. Інфармацыйны суверэнітэт дасягаецца, перш за ўсё, шляхам фарміравання сістэмы прававога рэгулявання адносін у інфармацыйнай сферы, якая гарантуе бяспечнае ўстойлівае развіццё, сацыяльную справядлівасць і згоду.

27. У рамках гэтай сістэмы дзяржава забяспечвае развіццё нацыянальных СМІ і тэлекамунікацый, сучасных ІКТ, нацыянальнай індустрыі вытворчасці сродкаў інфарматызацыі, а таксама абарону нацыянальных рынкаў інфармацыйных і тэлекамунікацыйных паслуг, якія зніжаюць залежнасць ад тэхналогій замежнай вытворчасці і скарачаюць лічбавую няроўнасць. У грамадстве выхоўваецца і стымулюецца крытычнае стаўленне да праяў непавагі да нацыянальных асноў, традыцый і парушэнняў нормаў маралі і права ў інфармацыйнай сферы, нецярпімасць да дэзынфармацыі, інфармацыйных маніпуляцый і іншых няяўных інфармацыйна-псіхалагічных уздзеянняў.

28. Фарміруюцца прававыя ўмовы і межы дзейнасці замежных і міжнародных суб'ектаў у нацыянальнай інфармацыйнай прасторы для забеспячэння патрэб грамадзян у знешнім інфармацыйным абмене без культурнай і інфармацыйнай экспансіі, умяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь.

29. Ствараюцца неабходныя ўмовы для пабудовы і бяспечнага развіцця функцыянальнай, тэхналагічна самадастатковай, надзейнай і ўстойлівай інфармацыйнай інфраструктуры. Ажыццяўляецца абарона інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку дзяржаўных сакрэтаў, іншай ахоўваемай інфармацыі, персанальных даных, якая забяспечвае палітычную самастойнасць дзяржавы, абароненасць жыццёвай прасторы чалавека, захаванне духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага грамадства, навукова-тэхналагічныя перавагі і рэалізацыю іншых нацыянальных інтарэсаў. Рэспублікай Беларусь рэалізуецца прынцып «суверэнітэту даных».

30. Імкненне да інфармацыйнага суверэнітэту не разыходзіцца з міжнародна-прававымі прынцыпамі забеспячэння правоў і свабод, якія гарантуюць канкурэнтнае і свабоднае развіццё ва ўмовах сусветнай лічбавай трансфармацыі.

ГЛАВА 8

Інфармацыйны нейтралітэт

31. У міжнародных адносінах інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь забяспечваецца ў тым ліку на аснове прынцыпу інфармацыйнага нейтралітэту, які прадугледжвае правядзенне міралюбнай знешняй інфармацыйнай палітыкі, павагу агульнапрызнаных і агульнапрынятых правоў любой дзяржавы ў гэтай сферы, выключэнне ініцыятывы ўмяшання ў інфармацыйную сферу іншых краін, накіраванага на дыскрэдытацыю або аспрэчванне іх палітычных, эканамічных, сацыяльных і духоўных стандартаў і прыярытэтаў, а таксама нанясення шкоды інфармацыйнай інфраструктуры якіх бы там ні было дзяржаў і ўдзелу ў іх інфармацыйным супрацьстаянні. Пры гэтым Рэспубліка Беларусь адстойвае ўласныя нацыянальныя інтарэсы ў інфармацыйнай сферы з выкарыстаннем усіх наяўных сіл і сродкаў.

32. У мэтах забеспячэння палітыкі інфармацыйнага нейтралітэту павышаецца ступень прысутнасці Беларусі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, пашыраецца міжнародны інфармацыйны абмен, падтрымліваецца ўстанаўленне і рэгуляванне ўсеагульных правілаў паводзінаў у гэтай сферы і ажыццяўляецца заключэнне пагадненняў па гарантаванні міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

ГЛАВА 9

Дзяржаўнае рэагаванне на рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы

33. Дзяржава ажыццяўляе рэагаванне на рызыкі і выклікі ў інфармацыйнай сферы з мэтай папярэджання іх трансфармацыі ў пагрозы нацыянальнай бяспецы, развіцця і маштабавання шкоднага ўздзеяння.

Рэагаванне на рызыкі і выклікі ў інфармацыйнай сферы ажыццяўляецца ўсімі без выключэння дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў адпаведнасці з галіной іх дзейнасці згодна з непасрэдным прызначэннем максімальна поўна і аператыўна. Дзяржава ў асобе гэтых дзяржаўных органаў і арганізацый забяспечвае своечасовае прыняцце мер бяспекі, неадкладна апавяшчае зацікаўленыя суб'екты, мінімізуе шкоду і лакалізуе наступствы, вызначае датычных асоб і арганізацыі, назапашвае вопыт процідзеяння пагрозам.

34. Дзяржаўнае рэагаванне на рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы прадугледжвае збор інфармацыі аб выкарыстоўваемых тэхналогіях, спосабах дэструктыўных інфармацыйных уздзеянняў і здзяйснення кіберзлачынстваў, аналіз, ацэнку і прагназаванне стану бяспекі гэтай сферы, выяўленне выклікаў і пагроз, якія рэалізуюцца, лакалізацыю негатыўных наступстваў і аднаўленне нанесенай шкоды (урону). Вызначаецца абароненасць і ўстойлівасць аб'ектаў інфармацыйнай бяспекі, у тым ліку інфармацыйнай інфраструктуры, інфармацыйных рэсурсаў, індывідуальнай, групавой і масавай свядомасці да дзеяння пагроз. Выяўляюцца і выключаюцца ўмовы ўзнікнення і рэалізацыі рызык, выклікаў і пагроз інфармацыйнай бяспецы.

35. Падрыхтоўваюцца і ўкараняюцца сцэнарыі і планы крызіснага рэагавання на кібератакі, камп'ютарныя інцыдэнты, акты дэструктыўнага інфармацыйнага ўздзеяння, іншыя пагрозы інфармацыйнай бяспецы, а таксама праводзяцца вучэнні і трэніроўкі сіл рэагавання.

Рэалізуецца палітыка інфармацыйнага стрымлівання, якая выяўляецца ў дэманстрацыі дакладнай гатоўнасці да адбіцця дэструктыўных інфармацыйных уздзеянняў, дастатковай магчымасці тэхналагічнага, арганізацыйнага, прававога процідзеяння пагрозам у інфармацыйнай сферы і выяўлення іх крыніц.

36. У выпадку істотнага ўскладнення інфармацыйнай абстаноўкі, звязанага ў тым ліку з неабходнасцю забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы, ажыццяўляюцца дадатковыя меры абароны інфармацыйнай сферы прававымі, інфармацыйна-тэхналагічнымі, тэхнічнымі і іншымі метадамі (інфармацыйнае проціборства), забяспечваецца прыярытэтнае ўзаемадзеянне ваеннай арганізацыі дзяржавы і грамадзянскага сектара.

37. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя воінскія фарміраванні арганізуюць меры па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі ў рамках рашэння ўскладзеных задач па сваім непасрэдным прызначэнні з прымяненнем сучасных, высокатэхналагічных сіл і сродкаў.

38. Беларусь удзельнічае ў міжнародным рэагаванні на патэнцыяльныя рызыкі, выклікі і пагрозы інфармацыйнай бяспецы ў рамках заключаных дагавораў і пагадненняў, ажыццяўляе міждзяржаўнае ўзаемадзеянне ў аналізе рызык, выклікаў і пагроз інфармацыйнай бяспецы, абмен вопытам і сумесныя практычныя мерапрыемствы.

РАЗДЗЕЛ ІV

Бяспека інфармацыйнай прасторы як адна з найважнейшых умоў развіцця суверэннай, дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы

ГЛАВА 10

Абумоўленасць мер па забеспячэнні бяспекі ў інфармацыйнай прасторы

39. Глабальнае ўзрастанне ролі інфармацыі ў сістэме грамадскіх адносін, адкрытасць інфармацыйнай прасторы і павышэнне ўзроўню інфарматызацыі насельніцтва абумоўліваюць новыя меры бяспекі інфармацыйнай сферы з пункту гледжання забеспячэння дзяржавай паўнавартаснай рэалізацыі сваіх суверэнных правоў і інтарэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

40. Механізмы дэструктыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на асобу, грамадства і дзяржаву пастаянна ўдасканальваюцца, а маштабнае маніпуляванне масавай свядомасцю прымае такую ж вастрыню, як барацьба за тэрыторыі, рэсурсы і рынкі. Праз інфармацыйную прастору ажыццяўляецца наўмысная дыскрэдытацыя канстытуцыйных асноў дзяржаў і іх уладных структур, размыванне нацыянальнага менталітэту і самабытнасці, уцягванне людзей у экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць, распальванне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці, фарміраванне радыкальнага і пратэснага патэнцыялу. Інфармацыйны фактар адыгрывае ўсё больш значную ролю ў міждзяржаўных канфліктах і няяўных дзеяннях, накіраваных на парушэнне суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці краін і зніжэнне тэмпаў іх развіцця. У выніку інфармацыйных уздзеянняў істотна мяняюцца сацыяльныя сувязі чалавека ў грамадстве, стыль мыслення, спосабы зносін, успрыманне рэчаіснасці і самаацэнка.

Усё большую занепакоенасць выклікае актыўнае распаўсюджванне ў інфармацыйнай прасторы фальсіфікаванай, непраўдзівай і забароненай інфармацыі. Зніжэнне крытычных адносін спажыўцоў інфармацыі да фэйкавых паведамленняў навінавых рэсурсаў, у сацыяльных сетках і на іншых анлайн-платформах стварае перадумовы наўмыснага выкарыстання дэзынфармацыі для дэстабілізацыі грамадскай свядомасці ў палітычных, сацыяльна-небяспечных, іншых падобных мэтах.

41. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набываюць адказныя паводзіны ўсіх удзельнікаў інфармацыйных працэсаў, а таксама выпрацоўка агульных правілаў камунікацыі ў інфармацыйнай прасторы, заснаваных на прызнанні ідэнтычнасці правоў і абавязкаў у існуючай рэальнасці (фізічным свеце) і віртуальнай прасторы.

ГЛАВА 11

Асноўныя кірункі гарантавання бяспекі ў інфармацыйнай прасторы

42. Для Рэспублікі Беларусь асноўнымі крыніцамі пагроз інфармацыйна-псіхалагічнага характару ў інфармацыйнай сферы з'яўляюцца інфармацыйнае проціборства паміж вядучымі сусветнымі цэнтрамі сілы, мэтанакіраванае фарміраванне ўнутры і за межамі краіны інфармацыйных падстаў для дыскрэдытацыі дзяржаўнай знешняй і ўнутранай палітыкі.

43. З улікам гэтага галоўная мэта забеспячэння бяспекі інфармацыйна-псіхалагічнай кампаненты інфармацыйнай сферы заключаецца ў захаванні інфармацыйнага суверэнітэту і правядзенні палітыкі інфармацыйнага нейтралітэту, а таксама фарміраванні ўстойлівага імунітэту супраць дэструктыўных інфармацыйна-псіхалагічных уздзеянняў на масавую грамадскую свядомасць, а ў неабходных выпадках — і супрацьдзеянне ім.

44. Для гэтага галоўным чынам неабходна на дзяржаўным узроўні забяспечыць фарміраванне, выкарыстанне і развіццё інфармацыйнай прасторы выключна ў мэтах сацыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця, а таксама пастаянную, актыўную і эфектыўную дзейнасць дзяржаўных органаў, арганізацый, навукова-экспертнай супольнасці ў інфармацыйнай прасторы, асабліва нарошчваць яе ў сетцы Інтэрнэт.

45. У прыярытэтным парадку неабходна падтрымліваць захаванне ў грамадстве традыцыйных сацыяльных асноў і каштоўнасцяў, адкрытае і ўсебаковае інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі, а таксама перашкоду ў законным парадку распаўсюджванню незаконнай і недакладнай масавай інфармацыі.

ГЛАВА 12

Захаванне традыцыйных асноў і каштоўнасцяў

46. Для павышэння ўстойлівасці грамадства да дэструктыўных інфармацыйных уздзеянняў неабходна засяродзіць намаганні на захаванні сфарміраваных у грамадскай свядомасці традыцыйных фундаментальных каштоўнасцяў народа, якія выступаюць у якасці аднаго з асноўных элементаў забеспячэння яго адзінства і адной з умоў няўхільнага развіцця дзяржавы.

47. Інфармацыйная палітыка Рэспублікі Беларусь нацэльваецца на прасоўванне такіх жыццёвых прыярытэтаў, як гуманізм, міралюбнасць, добрасуседства, справядлівасць, узаемадапамога, моцныя сямейныя адносіны, здаровы лад жыцця, стваральная праца, прынятыя ў беларускім грамадстве нормы маралі, пазітыўная правасвядомасць. У інфармацыйнай сферы ў поўнай меры знаходзяць адлюстраванне роўныя правы ўсіх без выключэння нацыянальнасцяў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь, паважлівае стаўленне да ўсіх традыцыйных рэлігій і веравызнанняў. Найважнейшае значэнне мае падтрымка і ўсямернае развіццё грамадзянска-патрыятычнай ідэалогіі.

48. Беларуская мова разам з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве двухмоўем садзейнічае павышэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства і фарміраванню яго духоўнасці. Пашырэнне сацыяльных функцый і камунікатыўных магчымасцяў беларускай мовы, яе паўнавартаснае і ўсебаковае развіццё разам з іншымі элементамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы.

49. Патрабуе далейшай паслядоўнай рэалізацыі дзяржаўная гістарычная палітыка, накіраваная на замацаванне ў Беларусі і за яе межамі беларускай нацыянальнай канцэпцыі гістарычнага мінулага краіны і беларускай мадэлі памяці, пабудаванай у адпаведнасці з гэтай Канцэпцыяй у якасці дамінуючай.

ГЛАВА 13

Інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі

50. Інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі накіравана на развіццё масавай палітычнай свядомасці грамадзян, павышэнне патэнцыялу і якасці дзяржаўнага кіравання, узмацненне ўспрымання Беларусі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца праз максімальна адкрытае і аператыўнае давядзенне да насельніцтва Рэспублікі Беларусь і сусветнай супольнасці дакладнай і поўнай інфармацыі аб дзейнасці органаў дзяржаўнай улады Беларусі, мерах, што ажыццяўляюцца па ўдасканаленні сацыяльна-эканамічных адносін, выпрацаваных і прынятых заканадаўчых, іншых нарматыўных прававых актах і іншых рашэннях ва ўнутры- і знешнепалітычнай сферах.

51. Дзяржава забяспечвае пабудову канструктыўнага і ўсёабдымнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж органамі ўлады, сродкамі масавай інфармацыі і грамадскасцю на ўсіх узроўнях.

52. Асаблівае значэнне набывае канкурэнтаздольнасць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якая дасягаецца ў тым ліку праз нацыянальную вытворчасць высакаякаснага кантэнту і фарміраванне сучаснай сістэмы медыявымярэнняў.

53. Дзяржава аказвае прававую падтрымку айчынным СМІ, накіраваную на павышэнне якасці аўдыявізуальнага прадукту і пашырэнне тэматычнай і жанравай разнастайнасці праграм, фарміраванне іншых дадатковых магчымасцяў развіцця, у тым ліку праз заканадаўчае рэгламентаванне аб'ёму і якасці замежнага вяшчання ў Рэспубліцы Беларусь, рэгуляванне аб'ёму рэкламных паслуг, вызначэнне аптымальных умоў рэгістрацыі.

54. Органы ўлады, іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі, установы навукі, адукацыі і культуры, службовыя асобы і прадстаўнікі навукова-экспертнай супольнасці праводзяць актыўную, высокатэхналагічную і рознабаковую дзейнасць у інфармацыйнай прасторы, уключаючы нацыянальныя і замежныя электронныя сродкі масавай інфармацыі, іншыя інтэрнэт-рэсурсы і сродкі інтэрнэт-камунікацыі, а таксама ствараюць умовы для фарміравання сучасных айчынных медыйных аналітычных, навуковых і дыскусійных пляцовак.

ГЛАВА 14

Бяспека масавай інфармацыі

55. Адносіны ў галіне масавай інфармацыі заснаваны на прынцыпах законнасці, дакладнасці, павагі правоў і свабод чалавека, разнастайнасці думак, абароны маралі і іншых. Нароўні з канстытуцыйным забеспячэннем свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь для захавання гэтых прынцыпаў усталёўваюцца заканадаўчыя патрабаванні да распаўсюджвання масавай інфармацыі, якія адпавядаюць сусветнай практыцы і агульнапрынятым сацыяльным стандартам. Ажыццяўляецца грамадскі кантроль за распаўсюджваннем у інфармацыйнай прасторы незаконнай і недакладнай інфармацыі.

56. Не дапускаецца распаўсюджванне інфармацыі, якая накіравана на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, ужывання наркатычных сродкаў і ім падобных рэчываў, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, іншай інфармацыі, забароненай заканадаўствам. На дзяржаўным узроўні рэалізуюцца меры па перашкодзе распаўсюджванню інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, і недакладных звестак, а таксама па зніжэнні ананімнасці ў інфармацыйнай прасторы. Пры трансляцыі кантэнту не дазваляецца прымяненне схаваных тэхналагічных прыёмаў, якія ўздзейнічаюць на падсвядомасць людзей або аказваюць шкодны ўплыў на іх здароўе.

57. Абмяжоўваецца ў заканадаўчым парадку распаўсюджванне інфармацыі без знака ўзроставай катэгорыі, а таксама заахвочваюцца меры бацькоўскага кантролю пры выкарыстанні дзецьмі інфармацыйных тэхналогій.

РАЗДЗЕЛ V

Забеспячэнне бяспекі інфармацыйнай інфраструктуры

ГЛАВА 15

Абумоўленасць мер па забеспячэнні бяспекі інфармацыйнай інфраструктуры

58. Лічбавая трансфармацыя эканомікі і інавацыі ў галіне ІКТ нароўні з сусветным развіццём і нарошчваннем тэхналагічных магчымасцяў ва ўзаемадзеянні людзей, бізнесу, дзяржаўных інстытутаў абумоўліваюць неабходнасць прыняцця асобых мер, якія гарантуюць давер і бяспеку пры стварэнні і выкарыстанні ў сучасным інфармацыйным грамадстве інфармацыйнай інфраструктуры і даных у інфармацыйных сістэмах.

59. Палітычная і сацыяльна-эканамічная сферы, грамадская і ваенная бяспека становяцца ўсё больш уразлівымі перад наўмыснымі або выпадковымі тэхналагічнымі ўздзеяннямі, якія фарміруюцца ў тым ліку ва ўмовах недастатковых глабальных механізмаў узгодненага і дзейснага папярэджання і стрымлівання кіберінцыдэнтаў у сетцы Інтэрнэт.

Паўсюднае функцыянаванне аб'ектаў прамысловасці, транспарту, энергетыкі, электрасувязі, аховы здароўя і сістэм жыццезабеспячэння з аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання ставіць у прамую залежнасць жыццё і здароўе насельніцтва, экалагічную і сацыяльную бяспеку ад іх надзейнасці і абароненасці. Кібератакі на інфармацыйную інфраструктуру разглядаюцца ў свеце як адна з найбольш значных пагроз бяспецы.

У многіх нацыянальных узброеных сілах ствараюцца і развіваюцца кібервойскі, а правядзенне кібераперацый прадугледжваецца ў дактрынальных і стратэгічных дакументах. Адначасова разглядаецца магчымасць рэагавання на кібератакі як на ўзброеную агрэсію, што ва ўмовах практычнай немагчымасці дакладнай ідэнтыфікацыі іх крыніц (ініцыятараў) можа прывесці да бяздоказнай і адвольнай трактоўкі абгрунтаванасці сустрэчных ваенных дзеянняў.

Няўхільна расце колькасць кіберзлачынстваў. Інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы становяцца як прадметам злачынстваў, так і сродкам іх здзяйснення. Фарміруецца татальная залежнасць фінансавага сектара і іншых сектараў ад надзейнасці электронных сістэм захавання, апрацоўкі і абмену данымі.

60. Аднак ні ў глабальным, ні ў рэгіянальных маштабах пакуль не ўдаецца эфектыўна перашкодзіць распрацоўкам і распаўсюджванню сродкаў, заведама прызначаных для знішчэння, блакіравання, мадыфікацыі, выкрадання інфармацыі ў сетках і рэсурсах або нейтралізацыі мер па яе абароне. Выпрацоўка прававых, працэдурных, тэхнічных і арганізацыйных мер супраць кіберуздзеянняў на інфармацыйныя рэсурсы адстае ад фарміравання рэальных і патэнцыйных пагроз іх ажыццяўлення.

ГЛАВА 16

Асноўныя кірункі забеспячэння бяспекі інфармацыйнай інфраструктуры

61. У якасці найбольш верагодных крыніц пагроз кібербяспецы разглядаюцца адмовы тэхнічных сродкаў і збоі праграмнага забеспячэння ў інфармацыйных і тэлекамунікацыйных сістэмах, супрацьпраўная дзейнасць асобных асоб і злачынных груп, наўмысныя дзеянні і памылкі персаналу інфармацыйных сістэм, якія выяўляюцца ў парушэнні ўстаноўленых рэгламентаў іх эксплуатацыі і правілаў апрацоўкі інфармацыі, залежнасць Беларусі ад іншых краін — вытворцаў праграмных і апаратных сродкаў пры стварэнні і развіцці інфармацыйнай інфраструктуры.

62. Перад Рэспублікай Беларусь стаіць стратэгічная мэта развіцця сістэмы забеспячэння кібербяспекі, якая базіруецца на перадавых міжнародных падыходах кіравання рызыкамі і прызначана для рэалізацыі доўгатэрміновых мер па іх скарачэнні да прымальнага ўзроўню.

63. Нацыянальная сістэма забеспячэння кібербяспекі павінна рэалізоўваць увесь магчымы комплекс прававых, арганізацыйных і тэхнічных мер па забеспячэнні бяспекі нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, у тым ліку інфармацыйных сістэм, забяспечваць канфідэнцыяльнасць, даступнасць і цэласнасць інфармацыі, а таксама лёгка трансфармавацца і адаптавацца ў зменлівай абстаноўцы за кошт пастаяннага аналізу на прадмет адпаведнасці актуальным рызыкам кібербяспекі.

64. У першую чаргу неабходна забяспечыць кіберустойлівасць нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, крытычна важных аб'ектаў інфарматызацыі і дзяржаўных інфармацыйных сістэм, эфектыўнае процідзеянне кіберзлачынствам.

ГЛАВА 17

Бяспека нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт

65. Неабходнай умовай рэалізацыі правоў грамадзян у інфармацыйнай сферы, падтрымання высокага ўзроўню інфармацыйнага абмену, аказання інфармацыйных паслуг з'яўляецца ўстойлівае функцыянаванне і кіравальнасць нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт. У Рэспубліцы Беларусь кібербяспека нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт забяспечваецца галоўным чынам за кошт адбіцця асноўнага аб'ёму кібератак на інфармацыйныя сістэмы і сеткі перадачы даных шляхам блакіравання шкодных камунікацый паміж суб'ектамі і аб'ектамі ўздзеянняў.

66. Дзяржавай падтрымліваецца і стымулюецца прымяненне найлепшых практык забеспячэння кібербяспекі. Найбольш перспектыўнай задачай разглядаецца стварэнне адзінай дзяржаўнай сістэмы маніторынгу нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт з адначасовым фарміраваннем воблачнай платформы прадастаўлення комплексных сэрвісаў інфармацыйнай бяспекі дзяржаўнаму сектару і бізнес-супольнасці ў інтарэсах аўтаматызаванага ўліку кіберінцыдэнтаў і аператыўнага абмену інфармацыяй аб іх паміж упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі, аператарамі электрасувязі і камандамі хуткага рэагавання на камп'ютарныя інцыдэнты (СЕRТ/СSІRТ). У перспектыве таксама неабходна фарміраванне экасістэмы для стварэння і функцыянавання нацыянальнага цэнтра сведчання, каранёвы сертыфікат якога будзе з'яўляцца давераным для асноўных аперацыйных сістэм і вэб-браўзераў.

67. Разам з гэтым трэба арганізаваць функцыянаванне службы ацэнкі рэпутацыі ІР-адрасоў для прадастаўлення ў рэжыме рэальнага часу пастаўшчыкам інтэрнэт-паслуг звестак аб адрасах, якія выкарыстоўваюцца для кібератак.

68. Неабходна забяспечыць дасягненне і захаванне балансу паміж надзейнай ідэнтыфікацыяй карыстальнікаў, рэгістрацыяй іх дзеянняў і стварэннем умоў для бяспечнага збору, апрацоўкі, прадастаўлення, захавання і распаўсюджвання персанальных даных у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, а таксама фарміраванне і развіццё нацыянальных рынкаў страхавання кіберрызык і паслуг тэсціравання на пранікненне.

ГЛАВА 18

Кіберустойлівасць КВАІ і дзяржаўных інфармацыйных сістэм

69. Забеспячэнне бяспекі інфармацыйнай інфраструктуры ажыццяўляецца шляхам выдзялення найбольш значных аб'ектаў інфарматызацыі, адмова функцыянавання або парушэнне работы якіх можа пацягнуць значныя негатыўныя наступствы для нацыянальнай бяспекі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, інфармацыйнай, экалагічнай і іншых сферах.

З мэтай дасягнення кіберустойлівасці КВАІ ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца асобы комплекс прававых, арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, заснаваны на выпрацоўцы крытэрыяў аднясення аб'ектаў да такой катэгорыі і прыняцці ў дачыненні да іх адпаведных мэтанакіраваных і ўсебаковых ахоўных мер. Такі падыход дазваляе ствараць індывідуальную мадэль бяспекі кожнага КВАІ з улікам сістэматызаваных агульных патрабаванняў па бяспецы, эфектыўна выяўляць і ацэньваць рызыкі, падтрымліваць высокую гатоўнасць да папярэджання і лакалізацыі наступстваў кібератак, а таксама праводзіць знешнюю ацэнку створаных сістэм бяспекі.

70. Павышэнне эфектыўнасці забеспячэння бяспекі КВАІ неабходна ажыццяўляць з дапамогай інтэгравання ў дзяржаўную сістэму маніторынгу нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт галіновых сістэм маніторынгу і кантролю кіберпагроз. Пры забеспячэнні кіберустойлівасці КВАІ Беларусь зацікаўлена ў выкарыстанні міжнародных стандартаў і найлепшых практык. Важнае практычнае значэнне маюць рэгулярныя кібервучэнні і спаборніцтвы з прыцягненнем эксплуатуючага персаналу, уласнікаў, уладальнікаў і знешніх суб'ектаў, якія задзейнічаны ў гарантаванні кібербяспекі.

71. Дзяржава зацікаўлена ў абароне ад рызык, выклікаў і пагроз дзяржаўных інфармацыйных сістэм. У гэтых мэтах вызначаюцца парадак іх стварэння і эксплуатацыі, уключэння ў інфармацыйныя сеткі і правілы абмену інфармацыяй, а таксама прымяняюцца спецыяльныя працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі.

У перспектыве дасягненне неабходнага ўзроўню абароны сэрвісаў электроннага ўрада і кіберустойлівасці дзяржаўных інфармацыйных сістэм павінна забяспечвацца галоўным чынам за кошт іх бяспечнага праектавання і эксплуатацыі, а не прыняцця далейшых ахоўных мер, а таксама праз укараненне іх абгрунтаванай уніфікацыі пры пабудове і мадэрнізацыі гэтых сістэм.

72. Неад'емнай часткай забеспячэння бяспекі КВАІ і дзяржаўных інфармацыйных сістэм з'яўляецца выкарыстанне арыгінальнага ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, якое рэгулярна абнаўляецца і атрымліваецца з давераных крыніц.

ГЛАВА 19

Процідзеянне кіберзлачыннасці

73. У Рэспубліцы Беларусь створана сістэма папярэджання, выяўлення, спынення і ўсебаковага расследавання кіберзлачынстваў. Забяспечваецца адпаведнасць нормаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у гэтай галіне ўзроўню грамадскага развіцця, сусветным тэндэнцыям прававога рэгулявання і перадавому замежнаму вопыту.

У сувязі са з'яўленнем новых грамадска небяспечных дзеянняў у інфармацыйнай сферы вызначаецца крымінальная і іншая адказнасць за іх здзяйсненне. Забяспечваецца пастаяннае ўдасканаленне формаў і метадаў папярэджання, выяўлення, спынення і расследавання кіберзлачынстваў, павышаецца своечасовасць і якасць аператыўна-вышуковай дзейнасці.

74. Беларусь зацікаўленая ў збліжэнні і ўніфікацыі падыходаў процідзеяння кіберзлачынствам на міжнародным узроўні, выпрацоўцы агульных стандартаў у правапрымяняльнай практыцы, міжнародным абмене вопытам і практычным узаемадзеянні. Ажыццяўляюцца рэалізацыя рэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы кібербяспекі, адсочванне дзейнасці злачынных груп і асобных злачынцаў, якія дзейнічаюць у кіберпрасторы.

75. Важнае значэнне ў супрацьдзеянні кіберзлачынствам мае павышэнне даверу паміж праваахоўнымі органамі, арганізацыямі дзяржаўнага і прыватнага сектараў, адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі, аб'яднанне іх намаганняў у папярэджанні, выяўленні, спыненні і расследаванні кіберзлачынстваў. Адной з эфектыўных мер папярэджання і прафілактыкі кіберзлачынстваў з'яўляецца зніжэнне матывацыі іх здзяйснення за кошт ліквідацыі ўмоў фарміравання супрацьпраўных схем.

76. Разам з гэтым адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў з'яўляецца прафілактыка кіберзлачыннасці, заснаваная на папулярызацыі сярод насельніцтва, перш за ўсё моладзі, нецярпімасці да асацыяльных паводзінаў у інфармацыйнай прасторы, правядзенні растлумачальнай работы ў СМІ і сетцы Інтэрнэт у мэтах фарміравання бяспечнай нацыянальнай інфармацыйнай экасістэмы. Для павышэння правасвядомасці і зніжэння ўразлівасці ад кібератак праводзіцца навучанне грамадзян асновам паводзінаў у інфармацыйнай сферы.

РАЗДЗЕЛ VІ

Забеспячэнне бяспекі інфармацыйных рэсурсаў

ГЛАВА 20

Абумоўленасць мер па забеспячэнні бяспекі інфармацыйных рэсурсаў

77. З'яўленне шырокіх і даступных магчымасцяў для збору, захавання і апрацоўкі вялікага аб'ёму даных, стварэнне тэхналогій прамога доступу да інфармацыі абумоўліваюць неабходнасць разглядаць яе як самастойны і каштоўны рэсурс. Інфармацыйныя рэсурсы становяцца прыярытэтным аб'ектам злачынстваў і кіберінцыдэнтаў, падвяргаюцца выкраданню, мадыфікацыі, знішчэнню, блакіраванню і іншым уздзеянням.

78. Павышаецца значэнне тэхнічнай абароны інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, у той час як сродкі выкрадання, незаконнага блакіравання і іншага ўздзеяння на інфармацыйныя рэсурсы ўніверсальна прымяняюцца ў палітычных, ваенных, разведвальных, эканамічных, злачынных і іншых мэтах.

Множныя пагрозы і рызыкі незаконнага і неабгрунтаванага ўмяшання ў прыватнае жыццё грамадзян, выкраданне персанальных даных, кампраметацыя рэквізітаў доступу і залішняе прафіляванне звужаюць асабістую прастору чалавека і парушаюць яе прыватнасць. Раскрыццё асабістай інфармацыі стала неад'емным атрыбутам карыслівых злачынстваў і злачынстваў супраць асобы.

Фарміруецца нелегальны рынак баз і банкаў даных, попыт на якія абумоўлівае выкраданне інфармацыйных масіваў, якое суправаджаецца парушэннем аўтарскіх правоў.

ГЛАВА 21

Асноўныя кірункі забеспячэння бяспекі інфармацыйных рэсурсаў

79. Асноўнымі крыніцамі пагроз у галіне забеспячэння бяспекі інфармацыйных рэсурсаў у Рэспубліцы Беларусь трэба разглядаць дзейнасць асобных асоб, злачынных груп, нядобрасумленных айчынных і замежных арганізацый, аб'яднанняў ці супольнасцяў, накіраваную на атрыманне неправамернага доступу да гэтых рэсурсаў у палітычных, ваенных, камерцыйных, асабістых і іншых мэтах, які ажыццяўляецца ў абыход устаноўленага парадку або насуперак агульнапрынятым нормам маралі, а таксама парушэнне функцыянавання інфармацыйнай інфраструктуры.

80. Асноўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі ў галіне забеспячэння бяспекі інфармацыйных рэсурсаў з'яўляецца захаванне іх даступнасці, цэласнасці і канфідэнцыяльнасці.

81. Сістэма забеспячэння бяспекі інфармацыйных рэсурсаў заснавана на стратэгічным прынцыпе захавання балансу свабоды інфармацыі і права на тайну, гарантыях дзяржавы на распаўсюджванне або прадастаўленне агульнадаступнай інфармацыі.

Дзяржава забяспечвае пашырэнне бяспечнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў добрасумленных карыстальнікаў, развіццё сэрвісаў якаснага і зручнага прадастаўлення інфармацыі, удасканаленне сістэм яе даных.

82. На гэтым этапе неабходна галоўным чынам забяспечваць надзейную і ўсебакова абумоўленую абарону інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, бяспеку персанальных даных і дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў.

ГЛАВА 22

Абарона дзяржаўнай і службовай тайны

83. Бяспека даных, аднесеных да дзяржаўнай або службовай тайны, забяспечваецца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам аб дзяржаўных сакрэтах. Пры дапамозе прававой забароны абмяжоўваецца абарачэнне інфармацыі, якая ўтрымлівае звесткі, аднесеныя да дзяржаўных сакрэтаў, атрыманне асобамі сакрэтных звестак. Выключаюцца захоўванне і апрацоўка звестак у агульнадаступных формах, у тым ліку ў інфармацыйных сістэмах, якія маюць доступ у сетку Інтэрнэт і іншыя адкрытыя камп'ютэрныя сеткі. Уводзіцца адказнасць за парушэнне прававой забароны і прадпісанняў у сферы дзяржаўных сакрэтаў.

84. Разам з гэтым аднясенне інфармацыі да дзяржаўных сакрэтаў з'яўляецца выключным правам строга вызначанага пераліку дзяржаўных органаў і арганізацый і ажыццяўляецца на падставе ацэнкі шкоды (урону) ад выдавання, выкрадання або страты такой інфармацыі. Арганізацыйныя, матэрыяльныя і іншыя выдаткі на забеспячэнне абароны гэтай інфармацыі не могуць перавышаць названай шкоды (урону), высновы аб магчымасці і памеры якой робяцца на аснове канкрэтных паказчыкаў (індыкатараў) або прынятых практык.

Дзяржава зыходзячы з прэзумпцыі свабоднага распаўсюджвання інфармацыі, а таксама з мэтай павышэння адкрытасці сацыяльна-эканамічных і іншых грамадскіх адносін зацікаўлена ў паслядоўным памяншэнні колькасці дзяржаўных органаў і арганізацый, надзеленых паўнамоцтвамі засакрэчвання інфармацыі, і агульнага аб'ёму дзяржаўных сакрэтаў з адначасовай гарантавана эфектыўнай абаронай звестак, якія ахоўваюцца. Пры гэтым не дапускаецца пашырэнне або ўзмацненне жорсткасці рэжымных мер, не абумоўленае сістэмнымі недахопамі ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў, якія пацягнулі шкодныя наступствы.

85. Узнікае неабходнасць адаптацыі інстытута тайнаў да развіцця інфарматызацыі. Разам з арганізацыйна-прававымі мерамі забеспячэння бяспекі інфармацыі ўзрастае роля яе абароны і тэхнічнымі метадамі. У галіне тэхнічных і крыптаграфічных метадаў абароны дзяржаўных сакрэтаў максімальна ўлічваюцца наяўныя звесткі аб сродках, метадах, тэхналогіях атрымання несанкцыянаванага доступу да інфармацыйных рэсурсаў, якія ахоўваюцца, вынікі аператыўна-вышуковай і контрразведвальнай дзейнасці, навуковых даследаванняў і вопытных распрацовак, а таксама ўсебаковыя веды ў галіне сучасных ІКТ і асаблівасці абстаноўкі ў сферы нацыянальнай бяспекі.

Дзяржаўныя органы, надзеленыя паўнамоцтвамі па вызначэнні парадку абароны дзяржаўных сакрэтаў ад уцечкі па тэхнічных каналах, забяспечваюць яго адэкватнасць і суразмернасць магчымым рызыкам.

ГЛАВА 23

Бяспека інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання і абарона персанальных даных

86. У адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца фарміраванне і абарона службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, а таксама абарона інфармацыі, якая складае камерцыйную, прафесійную, банкаўскую і іншую тайну, якая ахоўваецца законам, інфармацыі аб прыватным жыцці фізічнай асобы, персанальных даных, іншай інфармацыі, доступ да якой абмежаваны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

87. Ва ўмовах фізічнай немагчымасці і немэтазгоднасці цалкам аддзяліць інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, якія змяшчаюць гэтыя даныя, ад сеткі Інтэрнэт і іншых сетак агульнадаступнага карыстання фізічным і юрыдычным асобам неабходна ажыццяўляць неабходныя прававыя, арганізацыйна-распарадчыя і тэхнічныя меры, якія забяспечваюць мінімізацыю колькасці кіберінцыдэнтаў і шкоды ад іх у гэтых сістэмах.

88. Дзяржава ў сваю чаргу павінна ўдасканальваць патрабаванні да абароны інфармацыі, у тым ліку працягваць развіццё сістэмы пацвярджэння адпаведнасці сродкаў тэхнічнай і крыптаграфічнай абароны інфармацыі, а таксама ліцэнзавання дзейнасці ў галіне тэхнічнай абароны інфармацыі.

89. Дасягненне абароненасці персанальных даных забяспечвае ўзважаная дзяржаўная палітыка па вызначэнні патрабаванняў да разнастайных суб'ектаў інфармацыйных адносін, якія ажыццяўляюць збор, апрацоўку і захаванне гэтых даных.

Увага дзяржавы засяроджваецца на ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы ў гэтай галіне. Дзяржаўнае рэгуляванне збору, апрацоўкі, прадастаўлення і распаўсюджвання персанальных даных ажыццяўляецца з улікам сучаснага міжнароднага вопыту, у тым ліку адпавядае палажэнням міждзяржаўных актаў. Падыходы да абароны персанальных даных, што фарміруюцца ў Беларусі, грунтуюцца на прынцыпе «бяспека па ўмаўчанні».

90. Важнай мерай па ўзмацненні кантролю ў гэтай сферы з'яўляецца функцыянаванне ў дзяржаве ўпаўнаважанага суб'екта (суб'ектаў) па абароне правоў фізічных асоб пры апрацоўцы іх персанальных даных.

ГЛАВА 24

Забеспячэнне бяспекі дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і агульнадаступнай інфармацыі

91. Дзяржава забяспечвае абарону інфармацыйных рэсурсаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні дзяржаўных органаў і арганізацый, ажыццяўляе прававое рэгуляванне карыстання, валодання і распараджэння інфармацыйнымі рэсурсамі. У гэтых мэтах ствараецца адзіная сістэма ўліку і захаванасці інфармацыйных рэсурсаў, а таксама прымяняюцца спецыяльныя працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі.

92. Дзяржаўнымі органамі ажыццяўляецца абарона агульнадаступнай інфармацыі ад супрацьпраўнага знішчэння, мадыфікацыі, блакіравання правамернага доступу, неабгрунтаванага засакрэчвання, утойвання, несвоечасовага распаўсюджвання ці прадастаўлення. Дзяржава забяспечвае забарону цэнзуры, гарантуе аператыўнае давядзенне агульнадаступнай інфармацыі вызначанымі заканадаўствам спосабамі, пашырае магчымасці адпаведных сэрвісаў, рэалізуе канцэпцыю «адкрытых даных». Дзяржава зацікаўлена ў падтрыманні балансу паміж патрэбай грамадзян у азнаямленні з агульнадаступнай інфармацыяй, іх права на адмову ад атрымання такой інфармацыі, а таксама неабходнасцю яе абароны ад супрацьпраўных замахаў.

РАЗДЗЕЛ VІІ

Механізмы рэалізацыі канцэпцыі

ГЛАВА 25

Выкарыстанне палажэнняў Канцэпцыі пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў і іншых дакументаў

93. Палажэнні Канцэпцыі выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, дзяржаўных праграм, перспектыўных і бягучых планаў работы дзяржаўных органаў, у рэалізацыі праектаў залучаных грамадскіх арганізацый і ініцыятыў грамадзян, а таксама пры ацэнцы стану нацыянальнай бяспекі і ўдакладненні індыкатараў гэтага стану.

94. Распрацоўка і ажыццяўленне мер у галіне забеспячэння і ўмацавання інфармацыйнай бяспекі, якія адпавядаюць гэтай Канцэпцыі, грунтуюцца на навуковым забеспячэнні, уключаючы фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, і выніках практычнай дзейнасці.

95. У галіне прававога забеспячэння інфармацыйнай бяспекі Канцэпцыя служыць асновай для спецыяльных актаў заканадаўства, якія вызначаюць прававое становішча суб'ектаў забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, рэгулююць дзейнасць дзяржаўных органаў па яе забеспячэнні, фармулююць нормы і правілы правамерных паводзінаў у інфармацыйнай сферы, неабходныя рэгламенты, абмежаванні і забароны, замацоўваюць іншыя нормы па гарантаванні бяспекі інфармацыйнай сферы і абароненасці адпаведных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

ГЛАВА 26

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі

96. Эфектыўнаму вырашэнню задач у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі павінна садзейнічаць пастаяннае мэтанакіраванае ўзаемадзеянне паміж дзяржаўным сектарам і камерцыйнымі арганізацыямі ў форме дзяржаўна-прыватнага партнёрства з мэтай прыцягнення кампетэнцый, кадраў, тэхналогій, капіталу прыватных прадпрыемстваў, павышэння аддачы выкарыстання бюджэтных сродкаў і актываў прадпрыемстваў, сумеснай распрацоўкі і рэалізацыі інвестыцыйных і іншых праектаў у галіне інфармацыйнай бяспекі.

97. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі разглядаецца як юрыдычна аформленае супрацоўніцтва дзяржаўнага органа і суб'екта гаспадарчай дзейнасці недзяржаўнай формы ўласнасці, якое заснавана на аб'яднанні рэсурсаў і размеркаванні рызык, рэалізуецца для забеспячэння інфармацыйнай бяспекі з прыцягненнем прыватных інвестыцый і кампетэнцый.

98. Адным з найважнейшых кірункаў рэалізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы гарантавання інфармацыйнай бяспекі з'яўляецца падтрымка айчынных вытворцаў праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм і сістэм інфармацыйнай бяспекі.

Нароўні з пераадоленнем залежнасці Беларусі ад іншых краін — вытворцаў праграмных і апаратных сродкаў рэалізацыя інфраструктурных праектаў і праектаў, непасрэдна звязаных з забеспячэннем інфармацыйнай бяспекі праз механізм партнёрства дзяржавы і айчынных прыватных кампаній, павінна спрыяць фарміраванню рынкавага попыту на імпартазамяшчальную нацыянальную інфармацыйна-тэхналагічную прадукцыю, павышэнню яе якасці.

99. Дзяржава зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з ІТ-кампаніямі, інтэрнэт-правайдарамі, аператарамі сувязі і знешнімі экспертамі ў абнаўленні і развіцці механізмаў выяўлення пагроз інфармацыйнай бяспецы праз ІТ-аўдыт, маніторынг кіберрызык, пошук уразлівасцяў і актуальных сродкаў абароны, выпрацоўку правілаў паводзінаў у сетцы Інтэрнэт.

100. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства спрыяе падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў у галіне інфармацыйнай бяспекі, фарміраванню актуальных праграм падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў, укараненню новых адукацыйных і прафесійных стандартаў у гэтай сферы, а таксама павышэнню агульнай камп'ютарнай адукаванасці насельніцтва, уключаючы навучанне людзей старэйшага і сярэдняга ўзросту камп'ютарным навыкам, правілам карыстання персанальнымі данымі, уменню бяспечнай работы ў сетцы Інтэрнэт.

101. У сувязі з трансфармацыяй грамадскіх адносін у інфармацыйнай сферы дзяржаўна-прыватнае партнёрства становіцца найбольш эфектыўнай мадэллю забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. У ёй дзяржава вызначае мэты, стратэгічныя задачы і рэгулятыўныя падыходы, а бізнес-супольнасць прадастаўляе тэхналогіі, веды і рэсурсы для вырашэння пастаўленых задач. Пры гэтым дзяржава імкнецца гарантаваць тэхналагічную нейтральнасць і абарону прыватных арганізацый (і іх інвестыцый) ад магчымых рызык.

ГЛАВА 27

Удзел Рэспублікі Беларусь у забеспячэнні міжнароднай інфармацыйнай бяспекі

102. Мэтай забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі з'яўляецца выяўленне, папярэджанне і нейтралізацыя знешніх рызык, выклікаў і пагроз інфармацыйнай бяспецы. Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйнай бяспекі на рэгіянальным, двухбаковым, шматбаковым і глабальным узроўнях накіравана на зніжэнне рызыкі выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій для ажыццяўлення варожых дзеянняў і актаў агрэсіі ў дачыненні да Беларусі.

103. У рамках забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі ажыццяўляецца актыўнае, усебаковае, узаемавыгаднае міжнароднае, у тым ліку міжведамаснае, супрацоўніцтва.

Забяспечваецца ўдзел Рэспублікі Беларусь у міжнародных арганізацыях, профільных міжнародных дагаворах, двухбаковых адносінах з іншымі дзяржавамі, у іншых формах міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў мэтах фарміравання механізмаў міжнароднага ўзаемадзеяння па супрацьдзеянні пагрозам міжнароднай інфармацыйнай бяспецы.

104. Галоўным сродкам для дасягнення мэт забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі з'яўляюцца падтрымка і прасоўванне адпаведных ініцыятыў, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у інфармацыйнай сферы.

Беларусь падтрымлівае прасоўванне мер даверу ў сферы міжнароднай інфармацыйнай бяспекі і выступае за адказныя паводзіны дзяржаў у інфармацыйнай сферы, якія прадугледжвалі б у першую чаргу прадухіленне ў ёй канфліктаў, а не іх урэгуляванне. Дзяржавы павінны ўстрымлівацца ад мэтанакіраваных дэструктыўных інфармацыйных уздзеянняў на іншыя краіны, выключаць выкарыстанне сваёй тэрыторыі для ажыццяўлення кібератак, а таксама процідзейнічаць выкарыстанню схаваных шкодных функцый і праграмных уразлівасцяў у праграмна-апаратных сродках, дабіваючыся іх бяспекі для карыстальнікаў.

105. Рэспубліка Беларусь прымае ўдзел у міжнародным інфармацыйным абмене на аснове міжнародных дагавораў і пагадненняў, у рамках юрысдыкцыі — гарантуе яго бяспеку.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».