Вы тут

Звольнены губернатар Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі


У другі дзень камандзіроўкі на Магілёўшчыну Прэзідэнт наведаў малочнатаварны комплекс «Сліжы» ААТ «Амкадор-Шклоў».

Забягаючы наперад, адзначым, што ў выніку кіраўнік дзяржавы даручыў правесці поўную праверку прадпрыемства. За тым, што прывяло да такога рашэння, прасачыў наш карэспандэнт.


З думкай пра чалавека

...Падчас сваёй рабочай паездкі Прэзідэнт адправіўся ў аграхолдынг «Купалаўскае». Нагадаем, даручэнне аб яго стварэнні было дадзена яшчэ ў 2016 годзе падчас камандзіроўкі беларускага лідара ў рэгіён, а ў ліпені 2017-га холдынг быў афіцыйна зарэгістраваны. У яго склад уваходзяць ТАА «Купалаўскае» — кіруючая кампанія холдынга», ЗАТ «Вялікія Славені», ААТ «Амкадор-Шклоў» і ААТ «Новагарадзішчанскае».

Папярэдні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў холдынг прыйшоўся на чэрвень мінулага года. Тады ён адзначыў, што гэта сур'ёзны праект дзяржаўнага маштабу, аднак работы ідуць бессістэмна і павольна.

Наведваючы малочнатаварны комплекс «Сліжы» ААТ «Амкадор-Шклоў», які ўваходзіць у склад холдынга, кіраўнік дзяржавы заявіў, што стратныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы трэба вывесці на рэнтабельнасць. Паводле слоў Прэзідэнта, у сродках масавай інфармацыі, асабліва ў расійскіх, паездкі беларускага лідара па сельгасарганізацыях тлумачаць адсутнасцю вынікаў і неабходнасцю новых рашэнняў.

Беларускі лідар заўважыў, што без стратных гаспадарак Беларусь можа жыць і працаваць, таму што частка мадэрнізаванай сельскай гаспадаркі цалкам забяспечвае спажыванне малака ўнутры краіны і экспарт. «Але там жа жывуць нашы людзі, там жа ёсць зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а падымаем іх», — адзначыў ён.

Чарговы раз Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: галоўнае — гэта людзі, іх нельга пакінуць па-за ўвагай. Трэба на ўсіх землях, якія знаходзяцца ў севазвароце, стварыць нармальную вытворчасць, а таксама не забываць аб рэалізацыі новых кірункаў, займацца імпартазамяшчэннем.

Гаварылі пра малочную галіну, а таксама будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Асобна абмеркавалі і жывёлагадоўлю, у прыватнасці, рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб'ектаў і свінагадоўчую галіну. Прэзідэнт падкрэсліў: праз два месяцы павінна быць поўная яснасць са свінагадоўляй. У «Купалаўскім» трэба выйсці на канчатковую прадукцыю і гандаль гэтай прадукцыяй — такая была задума, сказаў Аляксандр
Лукашэнка.

Таксама беларускі лідар растлумачыў, чаму Шклоўскім раёнам займаюцца асабліва старанна. «Таму што я ведаю тут кожную гаспадарку. Таму мы спакойна на працягу, напэўна, 10—12 гадоў прыводзім у парадак Шклоўскі раён, але не толькі яго», — сказаў Прэзідэнт.

Што да самога холдынга, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго склад просяцца і іншыя арганізацыі, аднак спяшацца не варта, трэба выбудаваць тое, што ёсць, і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.

Парадкам і не пахне

Пасля даклада аб выніках работы холдынга і яго перспектывах кіраўніку дзяржавы паказалі тэрыторыю комплексу. Сітуацыя непрыемна здзівіла Прэзідэнта — убачыўшы кароўнікі, ён абурыўся ўмовамі ўтрымання жывёлы, а таксама поўнай бязладзіцай у вытворчых памяшканнях.

«Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынга («Купалаўскае». — «Зв.»), я вас наогул не разумею», — сказаў ён.

Склалася ўражанне, што комплекс існуе ледзь не дзесяць гадоў, хоць яму літаральна два гады. «Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ на вочы беларускаму лідару трапіўся зламаны дзвярны вушак, у адным з памяшканняў не працаваў вентылятар... А гэта — элементарны парадак.

Змена маршруту — гэта ўжо традыцыйная асаблівасць рабочых паездак кіраўніка дзяржавы. Далей Прэзідэнт запатрабаваў паглядзець іншыя базы гаспадаркі, таму было прынята рашэнне адправіцца ў мясцовы мехдвор.

Уражанні ад гэтага месца ў кіраўніка дзяржавы таксама нярадасныя. Напрыклад, там стаялі непрацуючыя пагрузчыкі — адзін з іх прастойваў без рамонту чатыры месяцы. Чаму? Адказу не было.

Пасля перад вачыма паўсталі спісаныя ва ўтыль камбайны, іржавыя непрацуючыя машыны, іншыя прыстасаванні... Відавочна, да тэхнікі на прадпрыемстве ставяцца неахайна. Высветлілася, што тэрыторыя захламленая металаломам і старымі запчасткамі, хапае гэтага і ў ангарах. Цікава, што некаторая тэхніка была набытая не так даўно — проста яе не выкарыстоўвалі, таму яна зараз і не функцыянуе. Хоць здавалася б: да прыезду рыхтаваліся, усе тэрыторыі правяралі загадзя.

«Вакол могілкі, што на вуліцы, што пад дахам», — так ахарактарызаваў мехдвор Аляксандр Лукашэнка.

У выніку кіраўнік дзяржавы зрабіў істотныя кадравыя змены. Ён даў рэзкае даручэнне: зняць з пасад усіх, хто вінаваты ў такіх умовах гаспадарання і стане вытворчай дысцыпліны ў аграхолдынгу «Купалаўскае». Акрамя таго, ён запатрабаваў распачаць крымінальныя справы пры наяўнасці складу злачынства. Беларускі лідар таксама запатрабаваў, каб яму на стол паклалі спіс з імёнамі ўсіх, хто суправаджаў яго падчас гэтага візіту, бо «акрамя губернатара і іншых тут яшчэ былі канкрэтныя людзі, якія павінны былі за гэта адказваць».

Такім чынам, канкрэтныя кадравыя змены наступныя: памочнік Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў стаў выконваючым абавязкі старшыні Шклоўскага райвыканкама, тады як старшыня райвыканкама Васіль Віцюноў прызначаны кіраўніком аграхолдынга «Купалаўскае». Першы намеснік губернатара Магілёўскай вобласці Мікалай Кароцін будзе выконваць абавязкі губернатара, бо старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі пасады пазбавіўся.

Што датычыцца астатніх службовых асоб, у найбліжэйшы час Адміністрацыя Прэзідэнта ўнясе па іх прапановы.

Новаму кіраўніку холдынга Прэзідэнт назваў тэрмін для навядзеня парадку. «Праз два месяцы я прайду ўсе гэтыя гаспадаркі», — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Па тэмпах развіцця эканомікі за 2018 год Магілёўская вобласць заняла апошняе месца, па выніках першых двух месяцаў 2019 — перадапошняе. Апошняе месца вобласць у 2018-м заняла і па прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадарцы, перадапошняе — па экспарце. У 2019-м па асобных паказчыках сітуацыя стала трохі паляпшацца, аднак па той жа сельскай гаспадарцы па выніках студзеня і лютага 2019 года вобласць усё яшчэ на апошнім месцы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?