Вы тут

Анатоль Юніцкі. Беларус, які змяніў погляды на развіццё транспарту*


«Мы павінны мысліць смела і прымяняць рашэнні, якія яшчэ ўчора здаваліся немагчымымі»

У сярэдзіне красавіка будзе святкаваць свой юбілей наш зямляк, знакаміты інжынер і нястомны вынаходнік Анатоль Юніцкі, правадзейны член (акадэмік) Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук (РАЕН, 1999 г.) і Рускай акадэміі навук і мастацтваў (РуАН, 1998 г.), вучоны ў галіне транспартных сістэм — доктар філасофіі транспарту (2002 г.), член Федэрацыі касманаўтыкі СССР (1986 г.), лаўрэат Славацкай Прэміі міру (2018 г.).

Наша газета двойчы даволі падрабязна расказвала пра інавацыйную транспартную тэхналогію SkуWау («Нябесны шлях») — незвычайны праект Анатоля Эдуардавіча, што не мае аналагаў у свеце і можа стаць самым грандыёзным у ХХІ стагоддзі. Коратка паўторымся: транспартныя сродкі SkуWау перамяшчаюцца над зямлёй, на бяспечным «другім узроўні», па спецыяльнай рэйкава-струннай эстакадзе, пры ўзвядзенні якой спатрэбіцца істотна менш будаўнічых матэрыялаў, чым на будаўніцтва чыгунак ці асфальтаваных дарог. Па эстакадзе рухаюцца рэйкавыя аўтамабілі на стальных колах, аснашчаныя супрацьсходнай сістэмай і інтэлектуальнай сістэмай бяспекі і кіравання. Лёгкія і кампактныя юнікары і юнібайкі прыводзіць у дзеянне матор-кола, як і высакаскорасныя юнібусы з надзвычай высокімі аэрадынамічнымі якасцямі.

Падмацаваная патэнтамі і дыпломамі сусветных галіновых выставак, сістэма дазваляе ажыццяўляць пасажырскія і грузавыя перавозкі любых аб'ёмаў. Пры гэтым спецыялісты фірмы-распрацоўшчыка падчас гутаркі з журналістамі падкрэсліваюць: інавацыйная транспартная тэхналогія SkуWау з'яўляецца найбольш эканамічнай, экалагічнай і бяспечнай з усіх вядомых транспартных сістэм і здольная эфектыўна вырашыць праблемы перавозак людзей і грузаў не толькі ў гарадах і рэгіёнах, але і паміж краінамі і кантынентамі. А з цягам часу і на планетарным узроўні.

Толькі адзін прыклад з нашага жыцця. Дарога ад заходняй граніцы Беларусі да расійскай сталіцы на камфартабельных юнібайках зойме не 13—14 гадзін, як цяпер цягнікамі, а толькі каля дзвюх гадзін. Не выпадкова новыя тэхналогіі SkуWау на адной з выставак у белакаменнай выклікалі цікавасць Дзмітрыя Мядзведзева, у той час прэзідэнта Расіі.


Сусветнае прызнанне

Славацкая Прэмія міру Анатолю Юніцкаму

Зусім нядаўна, 11 снежня 2018 года, у сталіцы Славакіі Браціславе адбылася цырымонія ўзнагароджання Анатоля Юніцкага міжнароднай Прэміяй міру, другой па сваёй значнасці пасля Нобелеўскай прэміі міру. Яна ўручаецца выдатным навуковым і грамадскім дзеячам, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё чалавечай цывілізацыі.

Пры ўручэнні яму Прэміі міру Анатоль Юніцкі зазначыў:

«Для меня вялікі гонар быць узнагароджаным Славацкай Прэміяй міру. Хачу падзякаваць камітэту прэміі за высокую ацэнку маёй працы ў галіне стварэння інавацыйных транспартна-інфраструктурных тэхналогій. Асабліва важным у гэтай сувязі лічу міжнародны фармат прэміі, што адпавядае маштабам тых задач, вырашэнню якіх прысвечана ўсё маё жыццё — больш за 40 гадоў.

Мы павінны мысліць смела і прымяняць рашэнні, якія яшчэ ўчора здаваліся немагчымымі. Калі для выратавання планеты нам патрэбна будзе стварыць альтэрнатыву аўтамабілю — гэта неабходна зрабіць ужо зараз, а не адкладваць на заўтра. Бо аўтамабілі, у тым ліку электрамабілі, штогод забіваюць на планеце каля 1,5 мільёна чалавек, больш за 10 мільёнаў робяць інвалідамі і калекамі, і каб дагадзіць ім, ужо «закатаны» ў асфальт глебы на тэрыторыі, роўнай плошчы дваццаці Славакій.

Калі для забеспячэння ўстойлівай будучыні прамысловасць трэба вынесці на калязямную арбіту — распрацоўкі ў гэтым кірунку таксама неабходна пачынаць як мага хутчэй.

Рэфармаванне транспартна-інфраструктурнай сферы планеты, у тым ліку геакасмічнай, павінна стаць асновай для якасных змен, і мае інавацыйныя распрацоўкі могуць забяспечыць неабходны фундамент для іх.

Ас­но­вай гэ­тай кні­гі  з'яў­ля­ец­ца ма­на­гра­фія  Ана­то­ля Юніц­ка­га  «Струн­ныя транс­парт­ныя сіс­тэ­мы: на Зям­лі  і ў кос­ма­се».  Упер­шы­ню кні­га  вый­шла ў свет  у 1995 го­дзе. Па­шы­ра­нае  аў­та­рам і ба­га­та  ілюст­ра­ва­нае на­ву­ко­вае  вы­дан­не вы­хо­дзі­ла  ў 2017 го­дзе і вось за­раз,  у 2019-м.

За апошнія гады праект струннага транспарту SkуWау — самага экалагічнага і бяспечнага спосабу перамяшчэння з усіх калі-небудзь створаных — здзейсніў вялікі скачок у развіцці і ўшчыльную наблізіўся да рэалізацыі. Транспартнымі комплексамі, заснаванымі на маіх напрацоўках, ужо цікавяцца ўлады многіх краін па ўсім свеце. Гэта сведчыць аб тым, што пытанні ўстойлівага развіцця і экалогіі не толькі не страчваюць сваёй важнасці, але і становяцца ўсё больш актуальнымі».

Даведка

Прэмія існуе з 2015 года, і сярод яе лаўрэатаў, напрыклад, Хасэ Анхель Гурыа — адзін з найбуйнейшых у свеце фінансістаў, генеральны сакратар Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Дарэчы, летась было 12 намінантаў — кароль Бутана, генерал дэ Голь і іншыя прыкметныя ў сусветнай палітыцы і эканоміцы фігуры. Перамогу прысудзілі нашаму земляку. Кантэкст быў такі: «Юніцкі дае чалавецтву шанц выжыць».

На ўрачыстасці прысутнічалі міністр абароны Славакіі, паслы Расійскай Федэрацыі і Кітая, а таксама навукоўцы і палітыкі, паспяховыя прадпрымальнікі.


«Беларускія электрамабілі больш эфектыўныя за «Тэслу»

Гутарка з юбілярам на фоне несумненных поспехаў, у якіх тым не менш сумняваюцца

Гісторыя станаўлення асобы Юніцкага як навукоўца пачыналася ў Беларусі. З кароткімі перапынкамі на Казахстан, Расію і шэраг іншых краін потым зноў прадоўжылася на радзіме.

Каб падрабязна расказаць яе, спатрэбіцца кніга. Дарэчы, такая кніга ёсць. А ў нас месца толькі на штрыхі. Бо важна спыніцца на галоўным, найбольш рэальным сёння і ў хуткім часе запатрабаваным. Калі пакуль што не на радзіме, то ў краінах, найбольш прасунутых у сэнсе ўспрымальнасці да парадаксальных навацый навукова-тэхнічнага прагрэсу і больш багатых.

— Цяга да вынаходніцтва абудзілася ў вас, відаць, калі жылі ў Казахстане, непадалёку ад Байканура? Паўплываў Байканур?

Цэх до­след­на-экс­пе­ры­мен­таль­най вы­твор­час­ці.

— Значна раней. Мне было гадоў 5-6, калі пачаў рабіць першыя ракеты. Яшчэ ў Беларусі, у вёсачцы сваёй, у камарынскіх Круках, дзе цяпер самая «злосная» чарнобыльская зона. І так гэтым захапіўся, што шукаў любую магчымасць. Тады кіно ў вёску вазілі кінаперасоўкамі, фільмы былі на шырокіх плёнках, якія часта рваліся, і іх выкідвалі цэлымі кавалкамі. Яны цудоўна гарэлі, і нехта выкарыстоўваў для «дымароў», як і грабеньчыкі. А я — для ракет. Калі мне было гадоў сем, то знайшлі раскіданыя па лесе скрыні з нямецкім порахам. «Макароніны» бяздымнага пораху сталі самым лепшым палівам для ракет. Мае захапленні не былі бяскрыўдныя, аднаго разу ледзьве не спаліў хату. Ужо тады я задумваўся, як лепш пабудаваць сваю дзіцячую ракету з фольгі, куды скіраваць соплы для большай дальнасці палёту і гэтак далей, канструяваў, адным словам.

Калі пераехалі жыць у Казахстан, пра поспехі краіны ў асваенні космасу я ўжо ведаў, і гэта надавала асаблівага старання. Падыходзіў да свайго захаплення больш сур'ёзна, пачаў чытаць спецыяльную літаратуру. Пораху з нямецкіх складоў не было, давялося вынаходзіць самому. Атрымаўся адзін з варыянтаў дымнага пораху, кампаненты якога купляў у аптэцы і гаспадарчым магазіне. Вагі таксама зрабіў з падручнага матэрыялу, гіркамі служылі манеткі. У 9—10 класах рабіў ужо ракеты, якія ўзляталі на вышыню два-тры кіламетры. І першую ў сваім жыцці ўзнагароду — ганаровую грамату Джэзказганскага райкама камсамола — атрымаў школьнікам за мадэль дзеючага ракетадрома.

Вось калі я стаў на поўным сур'ёзе займацца вынаходніцтвам — рабіў паліва, канструкцыйныя матэрыялы, саму канструкцыю ракеты, пірапатрон, партатыўны парашут, які раскрываўся. Эксперыменты не заўсёды былі ўдалыя, давялося лячыць у бальніцы абпалены твар. Такія былі мае ўніверсітэты.

Штрыхі біяграфіі

Нарадзіўся Анатоль Эдуардавіч 14 красавіка 1949 года на беларускім Палессі. А сярэднюю школу скончыў у Карагандзінскай вобласці Казахстана, куды пераехала сям'я.

Выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута. Другую вышэйшую адукацыю атрымаў па спецыяльнасці «Патэнтнае права і вынаходніцтва». Працаваў кіраўніком патэнтна-ліцэнзійнай службы Інстытута механікі металапалімерных сістэм Акадэміі навук БССР (г. Гомель), вядучым інжынерам вытворчага аб'яднання «Карал».

У 1986 годзе стаў членам Федэрацыі касманаўтыкі СССР з праектам неракетнага транспартнага сродку для выхаду ў космас, аснову якога склалі струнныя тэхналогіі. Старшыня грамадскага камітэта па праблемах безракетных транспартных касмічных сістэм, аўтар і распрацоўшчык праекта па безракетным асваенні космасу з дапамогай Агульнапланетарнага транспартнага сродку (АТС).

Па гранце Савецкага фонду міру арганізаваў у Гомелі Цэнтр навукова-тэхнічнай творчасці моладзі «Зорны свет». З гэтага часу ствараў разнастайныя навуковыя структуры ў Беларусі, Расіі і іншых краінах для фінансавання навукова-тэхнічных распрацовак.

У сакавіку 1996 года струнная транспартная сістэма была разгледжана на пасяджэнні камісіі вучонага савета Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта шляхоў зносін. Экспертызу ажыццяўлялі сем дактароў і 10 кандыдатаў тэхнічных навук, у тым ліку тры акадэмікі Акадэміі транспарту РФ. Эксперты прызналі актуальнасць, арыгінальнасць і тэхнічную мэтазгоднасць струннай транспартнай сістэмы і яе тэхніка-эканамічную эфектыўнасць.

У 1998 і 2001 гадах кіраваў праектамі ААН па сваёй тэматыцы.

У 2002 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Струнныя транспартныя сістэмы — новыя тэхналогіі ў наземным транспарце» ў Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. Навуковым кіраўніком работы з'яўляўся акадэмік, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М. С. Высоцкі, знакаміты генеральны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода.

Аўтар больш чым 140 вынаходніцтваў, 29 з іх рэалізаваны ў народнай гаспадарцы СССР з сумарным эканамічным эфектам, які перавышае 100 мільёнаў савецкіх рублёў. Узнагароджаны залатымі медалямі Усерасійскага выставачнага цэнтра — былога ВДНГ СССР (1998 г., 2002 г.), прэміяй транспартнай галіны Расіі «Залатая калясніца», Залатым знакам якасці «Расійская марка» ў намінацыі «Тэхналогія струннага транспарту» і шматлікімі дыпломамі сусветных выставак.

— Пазней вы атрымалі адукацыю інжынера шляхоў зносін...

— Але цяга да вынаходніцтва нікуды не знікла, творчасць стала законам жыцця. Калі мець на ўвазе галоўныя этапы, то стварыў аптымальную і экалагічна чыстую сістэму для выхаду ў космас. У 1977 годзе падаў заяўку на Агульнапланетарны транспартны сродак. І сустрэў магутнае супрацьдзеянне сістэмы. Спачатку было «Вы не ўлічваеце ўплыў Месяца». Даказаў, што ўлічваю. «Вы не ўлічваеце сонечны вецер». Пераканаў, што і пра сонечны вецер не забыўся. «Не ўлічваеце, што Зямля не з'яўляецца ідэальным шарам з неаднародным гравітацыйным полем... І потым — не хопіць энергіі, бетону, металу...» І гэтак далей. Прыводзіў разлікі, якія разбівалі такія аргументы, але знаходзіліся новыя, не менш абсурдныя.

У тыя гады па агульнапланетарным сродку Юніцкі арганізаваў і правёў міжнародную канферэнцыю, гранд выдзеліў Савецкі камітэт абароны міру. Адначасова апублікаваў у саюзным друку артыкул «Выратавальны круг планеты».

Прэ­зен­та­цыя пра­ек­та SkyWay «Юні­ма­біль»  на спе­цы­я­лі­за­ва­най  вы­стаў­цы «Ін­ва­Экс­па. Гра­мад­ства для ўсіх». Маск­ва, ве­ра­сень 2018 г.

У 1986 годзе Анатоль Эдуардавіч стаў членам Федэрацыі касманаўтыкі СССР. Узначаліў секцыю неракетнага асваення космасу. У 1988 годзе пры падтрымцы Федэрацыі касманаўтыкі і Савецкага фонду міру правёў у Гомелі з дапамогай абкама камсамола і Інстытута механікі металапалімерных сістэм НАНБ, у якім працаваў, міжнародную навукова-практычную канферэнцыю па праблемах неракетнага асваення космасу. На яе сабраліся 500 чалавек з усяго свету, што сведчыць аб вартасці ідэі. Прысутнічалі чатыры касманаўты.

Распрацаваў сваю сістэму тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач, падаў больш за сотню заявак на вынаходніцтвы. Атрымана вялікая колькасць патэнтаў. «Нашы ноу-хау прыносяць вялікі эфект і недаступныя для канкурэнтаў».

Стварыў сваю навуковую школу, школы канструктараў і праектную, а таксама транспартных машынабудаўнікоў. «Сёння ў нас працуе больш за 800 інжынераў. Гэта важна, бо без кваліфікаваных кадраў немагчыма стварыць ніводзін бізнес, тым больш інавацыйны».

Лі­ней­ны го­рад SkyWay (ві­зу­а­лі­за­цыя).

І ўвесь гэты час адбіваўся ад крытыкаў і нядобразычліўцаў. Вось як ён сам каментуе такую сітуацыю.

— Усім сваім нядобразычліўцам я ўдзячны за вучобу. Яны стымулявалі маю творчую думку. У выніку я прапанаваў найбольш эфектыўную аэрадынаміку сваіх юнілётаў і юнібайкаў. Мы стварылі цудоўны дызайн гэтых машын і нашых станцый. Эстэтычны канструкцыйны мінімалізм — маё крэда як інжынера. Прыгожы самалёт той, які добра лятае, а не той, які прыгожа размаляваны. Эстэтыка прысутнічае ў нас ва ўсім. Усё, што мы робім, — прыгожае. І нічога лішняга. На пераследаванні ў мяне няма злосці, ёсць эмоцыі. На самай справе гэта патрэбна ўспрымаць як праяўленне ўвагі, як пазітыў...

І працягвае:

— Вось новая распрацоўка: гарадскі электрамабіль. Якая тут можа быць крытыка? Нам ніхто не даручаў, а мы стварылі свой электрамабіль, які ўжо бегае, — юнімабіль. Гэта не юнібус для струны, а гарадскі электрамабіль, для асфальту. Ён прыдатны для перавозкі пасажыраў, у тым ліку для перавозкі калясачнікаў. Толькі ў нашым электрамабілі калясачнік заязджае ў салон у сваім крэсле. Прышпільваецца і едзе, седзячы ў крэсле. Бо яно зроблена як крэсла кіроўцы. Прычым ён можа заязджаць не з вуліцы, а з тратуара, што больш бяспечна і зручна, і выязджаць на тратуар. Зрабілі два тыпы інвалідных крэслаў, у якіх няма сусветных аналагаў, адно з іх можа рухацца самастойна і праехаць 40 кіламетраў з хуткасцю 20 км у гадзіну. Пасажыр кіруе ім з дапамогай джойсціка.

Наш транспартны сродак выклікаў цікавасць удзельнікаў мінулагодняй восеньскай выстаўкі транспарту для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, яна праходзіла ў Маскве. Пра гэтую распрацоўку ведаюць у Егіпце, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, у Індыі, іншых краінах. І паступілі прапановы наладзіць серыйную вытворчасць. Машына праязджае на зарадцы 120 кіламетраў, магчыма паставіць больш магутны акумулятар, і будзе 200.

З ду­хоў­ным лі­да­рам Ты­бе­та  Да­лай-ла­мам XІV  пад­час дзе­ла­вой па­езд­кі ў Ін­дыю.

— Ці завяршыліся выпрабаванні двухмеснага юнівіда?

— Выпрабаванні разнавіднасці нашага электрамабіля працягваюцца. Увогуле, мы спраектавалі і вырабілі дзевяць разнастайных мадэляў сваіх электрамабіляў. Вось іх выявы вісяць на сцяне, можаце сфатаграфаваць. Альбо ўзяць гэты здымак у нас. Яны рознай умяшчальнасці, а грузавыя — рознай грузападымальнасці. У іх розны скорасны рэжым. І кожная з іх па-свойму ўнікальная. Пачалі рабіць юніконт для перавозкі кантэйнераў у трапічным варыянце.

Чатыры машыны сертыфікаваны — юнібайк, юнікар, юнібус манарэйкавы і юнібус бірэйкавы 24-месны.

Зараз у рабоце паязды падвясныя і навясныя, двухпавярховыя, калі эстакада ў двух ці трох узроўнях. Інакш кажучы, у нас многа чаго ў рабоце. Акрамя таго, зрабілі шэсць розных транспартных ліній.

Асноўныя вузлы, агрэгаты, дэталі вырабляем самі. Нават самі робім матор-кола. Спраектавалі рухавік на пастаянных магнітах і наладзілі вытворчасць цэлай лінейкі рухавікоў з вадкасным ахалоджваннем — на тры кілаваты, на пяць кілават, на дзесяць і гэтак далей. Таму што з такімі характарыстыкамі — няма, не купіш.
У нас свая цудоўная вытворчая база, і яна дазволіла гэта зрабіць.

— Як вы ставіцеся да людзей, якія інвеставалі свае сродкі ў праект?

Ана­толь Эду­ар­да­віч  уз­на­га­ро­джа­ны  між­на­род­най  сла­вац­кай  Прэ­мі­яй мі­ру.  Бра­ціс­ла­ва,  сне­жань 2018 г.

— Патрэбна зазначыць, што яшчэ раней інвестарамі тэхналогій SkуWау выступілі, падтрымліваючы нашы разнастайныя праекты, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, Міністэрства эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі, Дзяржбуд Расіі, губернатары Краснаярскага краю (тады яшчэ Аляксандр Лебедзь) і Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі — Югры, кіраўнікі адміністрацый Хабараўска, Стаўраполля і Екацярынбурга, Дзяржкіно — яшчэ СССР і Савецкі фонд міру. І што самае галоўнае — больш за
200 000 звычайных людзей з розных краін. Гэта мае галоўныя партнёры, я стаўлюся да іх з вялікай павагай, бо яны паверылі ў мяне як інжынера. І пацвердзілі свой давер на мінулагоднім экалагічным фэсце пад Мінскам, у нашым ЭкаТэхнаПарку, куды прыехалі некалькі тысяч чалавек з большасці краін свету.

Мае ўдзячныя адносіны да іх не залежаць ад сумы інвестыцый. Няважна, чалавек унёс сто долараў ці некалькі тысяч. Без яго ста долараў мы не змаглі б зрабіць тое, што зрабілі. Тым больш падняць новую галіну. Гэта наш фундамент.

— У 70 гадоў падводзіць вынікі рана, хіба што — прамежкавыя. Вы задаволены прамежкавымі вынікамі?

— Калі б усё гэта адбылося раней, такія вось вынікі, магчыма, я не быў бы да іх гатовы. А так я разумею, што зроблена, і гатовы ісці далей. Я стварыў групу кампаній назаўсёды. І хачу, каб справа прадаўжалася.


У актыве

Што ўжо зроблена

  • Вытворча-зборачны цэх і два новыя адміністрацыйна-вытворчыя будынкі.
  • Скорасная гарадская пасажырская траса працягласцю 1 км, двухузроўневая — для падвяснога і навяснога транспарту. Маецца на ўвазе, што яна будзе прадоўжана.
  • Гарадская манарэйкавая пасажырская траса працягласцю 800 м.
  • Падвясны і навясны гарадскі пасажырскі юнібус (бірэйкавыя,
  • 48 пасажыраў) — дзве адзінкі.
  • Падвясны гарадскі пасажырскі юнібус (манарэйкавы, 14 пасажыраў).
  • Грузавая фірменна-струнная эстакада SkуWау.
  • Пасажырская станцыя.
  • Грузавы юнітранс для перавозкі сыпучых грузаў з поездам працягласцю 400 м.
  • Грузавы падвясны юнікар для перавозкі розных грузаў, а ўсяго дзевяць мадэляў электрамабіляў SkуWау.
  • Пагрузачна-разгрузачныя тэрміналы, анкерныя апоры, больш за 40 прамежкавых апор вышынёй ад 4 да 15 м, шматлікія іншыя элементы інфраструктуры ЭкаТэхнаПарка.
  • Садова-паркавы комплекс з больш як 2000 садовых дрэваўі возера 2500 м2 з экасістэмай.

Вачыма замежных прафесіяналаў

Людзей паглядзець, сябе паказаць

— Усё сапраўды пазнаецца ў параўнанні. Для вас выхад на замежныя рынкі — гэта прынцыпова. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра свае міжнародныя кантакты, пра ўдзел у сусветных транспартных выстаўках.

— Калі трапляеш на такія выстаўкі, дзе сустракаеш аднадумцаў, гэта радуе — тут суцэльнае свята навуковай Ідэі. І заўсёды прыемна вось што: калі замежнікі бачаць, што мы зрабілі, яны, мякка кажучы, заўсёды ашаломленыя: як мы змаглі? Напрыклад, японцаў з іх культам навукова-тэхнічнага прагрэсу зробленае намі настолькі ашаламіла, што здымачная група такійскага тэлебачання зняла спачатку адзін фільм пра наш незвычайны струнны транспарт, праз год яшчэ адзін, і абодва дэманстраваліся па японскім тэлебачанні. Яны так пракаментавалі: мы прыехалі да вас па натхненне.

На між­на­род­най вы­стаў­цы  Future CіtіesShow 2018,  г. Ду­бай.

Нас іншы раз выдаюць за вялікіх фантазёраў. Скажыце, ці маглі б прагматычныя і спрактыкаваныя ў перадавых тэхналогіях жыхары Краіны ўзыходзячага сонца двойчы звяртацца да пустых фантазёраў з малавядомай для іх краіны па навінкі, якія прымусілі б іх здымаць дарагія фільмы? Думаю, што не, і з намі яны былі шчырымі.

На такіх выстаўках замежнікі фатаграфавалі нашы юнікары і юнібусы рэнтгенаўскімі апаратамі. Пара здымкаў, і ўсё як на далоні. Хай нехта ўспрыме мае словы як вобраз, але мне не да вобразнасці, бо напрацаванае гадамі цяжкай работы заслугоўвае таго, каб максімальна доўга заставацца нашай тэхналогіяй. Пры гэтым скажам, што мы робім свае машыны для людзей і не дзеля грошай.

На выстаўках мы кожны раз пераконваемся, што нашы электрамабілі эфектыўнейшыя за іншыя, у тым ліку за знакамітую «Тэслу». Нашы накапляльнікі энергіі больш эфектыўныя за батарэі ўсіх іншых фірмаў, у тым ліку і за акумулятары Маска. Канешне, на выстаўках можна ўбачыць нешта карыснае і для сябе, але мы больш давяраем уласнай навуцы. У нас вельмі многа навукі, свая навуковая школа. Свой выпрабавальны цэнтр вельмі салідны.

Напрыклад, многія буйныя інвестары і спецыялісты ў розных галінах транспарту ўдзельнічалі ў выстаўцы Іnnоtrаns 2018 у Берліне. Прамысловыя гіганты накшталт Sіеmеns, Hіtасhі, Аlstоm дэманстравалі тут найлепшае з таго, што створана за апошні час. І ўсё ж адной з самых незвычайных і ўражальных навінак выстаўкі па агульным прызнанні стаў наш юнілёт SkуWау — высакаскорасны струнны транспарт з Беларусі. Інжынеры, маркетолагі, дызайнеры ў галіне транспарту з розных краін згаджаліся з тым, што паказаная беларусамі машына — нешта прынцыпова новае ў свеце рэйкавага транспарту. Яна здольная разганяцца да 500 кіламетраў за гадзіну, пры гэтым расходуючы ўсяго 0,93 кілаграма паліва на пасажыра на 100 кіламетраў шляху, што беспрэцэдэнтна мала. На хуткасці 100 км за гадзіну паказчык не перавысіць 0,105 кілаграма.

Кан­струк­цыя кас­міч­най  ін­дуст­ры­яль­най «Ар­бі­ты»  з та­ра­і­даль­ны­мі  Эка­Кос­ма­Да­ма­мі  (ві­зу­а­лі­за­цыя).

Вы пытаецеся, якім чынам дасягаецца? Дзякуючы высокаму ККД сістэмы «стальное кола — стальная рэйка», а таксама таму, што машына рухаецца па эстакадзе. За кошт гэтага, а таксама ўнікальнай формы машыны мы змаглі атрымаць паказчык Сх=0,06, блізкі да тэарэтычнай мяжы. Кіраванне высакаскорасным юнілётам цалкам аўтаматызаванае, што дазваляе забяспечыць мінімальны бяспечны інтэрвал руху дзве секунды. Фантастыка?

Прадукцыйнасць перавозак пры такіх параметрах можа перавышаць 200 тысяч пасажыраў у суткі.

Аналітыкі звярнулі ўвагу: у той час, калі астатнія заняты аптымізацыяй вузлоў і механізмаў агульнавядомых транспартных сродкаў, тут прадстаўлена прынцыпова новае рашэнне. Выкарыстанне блокчэйн-тэхналогій, работа з Bіg Dаtа, стварэнне аўтаматызаваных сістэм кіравання комплексамі з магчымасцю адаптацыі раскладу руху пад аб'ёмы пасажырапатоку, інавацыйныя распрацоўкі ў сферы інфраструктуры, стварэнне дадатковых паслуг для людзей з абмежаванай мабільнасцю дэманструюць сістэмнасць падыходу SkуWау і скіраваны на ўсебаковае ўключэнне ў працэсы трансфармацыі лакальнай і глабальнай транспартнай сістэмы.

Высакаскорасныя і іншыя рашэнні беларускай фірмы заўважылі і ўважліва вывучылі прадстаўнікі ўсіх буйных кампаній-удзельнікаў выстаўкі ў Берліне. Яны высока ацанілі патэнцыял тэхналогіі і адзначылі, што па шырыні сфер магчымага прымянення SkуWау не мае аналагаў. Не выпадкова выставачная пляцоўка гасцей з Мінска была ў ліку самых наведваемых.

— Ёсць фотаздымак, на якім вы цалуеце высакаскорасны юнібус.

— Бо я ганаруся гэтай унікальнай машынай. (Як і юнілётам, характарыстыкі якога прыведзены крыху вышэй.)

Жонка А. Э. Юніц­кага, ге­не­раль­ны ды­рэк­тар ЗАТ «Струнныя тэхналогіі» На­дзея Ко­са­ра­ва.

Магутнасць рухавіка юнібуса 400 конскіх сіл, і, каб атрымаць хуткасць 500 км за гадзіну, ён расходуе толькі восем літраў на 100 км шляху, вязе шэсць пасажыраў.

Віцэ-прэзідэнт адной з вядучых сусветных кампаній зазначыў пра нашу прадукцыю, пра якасць салона яшчэ на Берлінскай выстаўцы 2017 года: «Выгляд у вас не горшы, чым у Мерседэса».

Спадар віцэ-прэзідэнт тры разы ўдакладняў, адкуль мы, — калі яму паказвалі і расказвалі пра вытворчасць. І тройчы перапытваў: а дзе гэта? Прыемна, што мы змаглі здзівіць такога прафесіянала і якасцю свайго транспарту, і краінай-вытворцам, пра якую ён да гэтага не чуў.

Асабліва прыемным было тое, што спецыялісты заўважылі: за апошнія два-тры гады струнны транспарт з добра прапрацаванага канцэпта ператварыўся ў транспартную сістэму, якая функцыянуе, адразу з некалькімі мадэлямі рухомага саставу, гатовымі не толькі да выставак, але і да продажу.

Такі ж цёплы прыём нашы навінкі сустрэлі і на транспартным кангрэсе ў Сінгапуры.

Перспектывы развіцця

Мірная экспансія юнілётаў пачалася

Генеральны канструктар Анатоль Юніцкі ўпэўнены: хутка мы будзем жыць у новай Еўразійскай прасторы, якая выйдзе на новыя эканамічныя і сацыяльныя паказчыкі. Транспартнымі артэрыямі стане сукупнасць трас SkуWау, аб'яднаных у адзіную сетку Транснет. Такія ж сеткі будуць стварацца ў Еўропе, Амерыцы, Афрыцы з наступным аб'яднаннем у адну глабальную сетку.

З эканамічнага пункту гледжання гэта непазбежна, бо сёння перамяшчэнне хуткім, танным і экалагічным спосабам — важная патрэба для людзей. Акрамя стварэння зручнага гарадскога, міжгародняга і міжнароднага транспарту гэтая ўніверсальная сістэма дазволіць уключыць у эканамічны абарот сыравіну, якая знаходзіцца ў цяжкадаступных рэгіёнах, у вечнай мерзлаце, джунглях і высакагор'і.

Пра тое, што гэта цалкам рэальныя планы, сведчыць і інтарэс, праяўлены зусім нядаўна да струннага транспарту кіраўніцтвам Арабскіх Эміратаў. Наша газета коратка расказвала пра гэта, але навіна таго заслугоўвае, каб да яе звярнуцца яшчэ раз.

Сёлета на саміце сусветнага ўрада ў Дубаі прадстаўнікі 140 краін і міжнародных арганізацый абмеркавалі інавацыі ў навуцы, тэхналогіях і глабальным кіраванні. Яго ўдзельнікам паказалі фактычна дзве інавацыі — SkуWау і электракар (электрамабіль) фірмы «Ягуар».

Іх агледзелі эмір Дубая, ён жа прэм'ер-міністр і віцэ-прэзідэнт краіны, і наследны прынц, яны прысутнічалі на саміце. Прадукцыя SkуWау, наколькі можна меркаваць нават са слоў арабскіх СМІ, зрабіла моцнае ўражанне.

Магчыма, таму ўслед адбыўся яшчэ шэраг прыемных падзей. Цяпер у Арабскіх Эміратах ствараецца Інавацыйны цэнтр SkуWау, якога ўжо чакаюць на ўсім Блізкім Усходзе.

Праверка космасам

Даць чалавецтву надзею

— Зусім нядаўна выйшла з друку ваша цудоўная манаграфія, таўшчынёй, як усе тамы «Вайны і міру» разам, якая складаецца з дзвюх частак: SkуWау («Нябесны шлях») і SpaceWay («Касмічны шлях»). У другой частцы размова ідзе пра шляхі далейшага развіцця нашай цывілізацыі. Пракаментуйце, калі ласка.

— Справа ў тым, што я цвёрда перакананы: у нашай цывілізацыі няма іншага шляху для выжывання, акрамя пераносу прамысловасці ў космас. Ідэя перасялення чалавецтва на Марс ці на іншыя планеты не вытрымлівае крытыкі. Гэтае перакананне не пакідае мяне амаль сорак гадоў, і на працягу ўсяго гэтага часу з'яўляецца галоўным матывам усяго, што я раблю. Мне многага ўдалося дасягнуць з часу першай публікацыі на гэтую тэму ў 1982 годзе ў саюзным часопісе «Изобретатель и рационализатор», але яшчэ больш належыць зрабіць.

— Тое, што вы прапануеце для рашэння асноўных праблем сучаснай касманаўтыкі, — тэма для асобнай сустрэчы і асобнай размовы, настолькі гэта цікава, нават захапляльна і... складана для ўспрымання. Ва ўсякім разе, на першы погляд. Давайце будзем мець на ўвазе магчымасць наступнай сустрэчы, а сёння прашу вас спыніцца на асобных момантах. Як бы падрыхтаваць чытачоў да больш грунтоўнага расказу.

— Як ні дзіўна, рашэнне асноўных праблем сучаснай касманаўтыкі існуе даўно. Яшчэ ў 70-я гады мною быў прапанаваны праект неракетнай геакасмічнай транспартнай сістэмы — Агульнапланетарны транспартны сродак (АТС), які здольны ў найкарацейшыя тэрміны выводзіць велізарную колькасць карыснага грузу на каляземную арбіту.

Агуль­на­пла­не­тар­ны  транс­парт­ны сро­дак,  су­ме­шча­ны з транс­парт­най сіс­тэ­май SkyWay  (ві­зу­а­лі­за­цыя).

Аснову прапанаванай праграмы індустрыяльнага асваення космасу складае самае грандыёзнае інжынернае збудаванне на планеце за ўсю гісторыю цывілізацыі — тараідальная канструкцыя даўжынёй 40 тысяч кіламетраў і дыяметрам больш за 12 тысяч кіламетраў. У папярочніку яна мае памер усяго 2-3 метры. Гэта і ёсць агульнапланетарны транспартны сродак. Інакш кажучы, размешчанае паралельна экватару Зямлі кола, якое складаецца з асобных сегментаў і знаходзіцца на абсталяванай эстакадзе, што апаясвае планету. Дзякуючы спецыяльным сістэмам, дзейнасць якіх заснавана на законах фізікі, АТС здольны за адзін раз даставіць на арбіту каля 10 мільёнаў тон усялякіх грузаў і да 10 мільёнаў пасажыраў, калі гэта спатрэбіцца. За год АТС зможа выходзіць у космас да ста разоў. І знізіць сабекошт геакасмічных перавозак больш чым у тысячу разоў.

Экалагічна чысты саманясучы геакасмічны транспарт, які працуе выключна на электрычнай энергіі, дазволіць рэальна ажыццявіць індустрыялізацыю бліжняга космасу і забяспечыць вынас за межы планеты ўсіх шкодных для зямной біясферы прамысловых вытворчасцяў.

— Аднавіўшы іх на каляземнай арбіце...

— Так. І гэта адразу адкрые доступ да прынцыпова новых тэхналогій за кошт выкарыстання ўнікальных касмічных магчымасцяў, недаступных на Зямлі: бязважкасці, глыбокага вакууму, звышнізкіх і звышвысокіх тэмператур і гэтак далей. Вынас прамысловасці за межы планеты радыкальна палепшыць асяроддзе існавання чалавека, наш агульны дом — біясферу Зямлі.

Практычна ўсе інжынерныя рашэнні праекта шырока вядомы, апрабіраваны на практыцы. Праект за мінулыя 40 гадоў шматразова даследаваны і правераны разліковымі метадамі. Ён цалкам тэхнічна і эканамічна абгрунтаваны і даступны для эканомікі такіх краін, як ЗША, Кітай ці Расія.

Зя­лё­ныя Эка­Да­мы-баш­ні, бла­кіт акі­я­на, пра­гу­лач­ныя па­рус­ні­кі —  заўт­раш­ні дзень пла­не­ты Зям­ля?

Для рэалізацыі праекта ў чалавецтва сёння ёсць усё неабходнае. Тэрмін рэалізацыі можа скласці да 15 гадоў.

І вось што яшчэ важна. Такая глабальная геакасмічная праграма дазволіць аб'яднаць вакол сябе ўсе развітыя краіны свету агульнасцю мэт і задач, прыцягнуць іх да фінансавання гэтага звышамбіцыйнага праекта, закліканага выратаваць чалавецтва.

— Дзякуй за гутарку.

Ад рэдакцыі. Выказваем шчырую ўдзячнасць за рознабаковую дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі начальніку аддзела інфармацыі і друку ЗАТ «Струнныя тэхналогіі» Яўгену Пятрову і спецыялістам па рабоце са СМІ Арцёму Сапрыку і Вячаславу Еўтуху.

Публікацыю падрыхтаваў Уладзімір Хількевіч

*УНП 192425076

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.