Вы тут

Каля мільёна беларусак пакутуюць ад эндаметрыёзу


Эндаметрыёз жартам называюць хваробай тэорый, бо яго прычыны да канца не высветленыя. Тым часам, па некаторых даных, ад яго пакутуюць каля мільёна беларусак. Галоўная небяспека гэтай хваробы ў тым, што яна паражае жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту і прыводзіць да бясплоддзя. Як распазнаць эндаметрыёз, ці трэба рабіць аперацыю і на якія аналізы не варта траціць грошы, расказала акушэр-гінеколаг 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Аляксандра БУРГУТА.


— Аляксандра Дзмітрыеўна, што гэта за з'ява — эндаметрыёз?

— Напэўна, ніхто дакладна не зможа растлумачыць гэту з'яву і яе прычыны. Вядома, што гэта паталагічнае адсяванне эндаметрыя — функцыянальнай слізістай абалонкі поласці маткі, якая ў жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту рэгулярна аддзяляецца, што і праяўляецца ў выглядзе штомесячнага крывацёку. Па нейкіх прычынах гэтыя астраўкі слізістай абалонкі «мігрыруюць» за пагранічную мембрану поласці маткі і трапляюць у сценкі маткі, тазавыя органы — яечнікі, матачныя трубы, мачавы пухір, кішэчныя паглыбленні, петлі кішэчніка. Гэта найбольш распаўсюджаныя выпадкі. Вельмі рэдка, але здараецца, што яны мігрыруюць у лёгкія, слёзную залозу (адсюль некалькі дзён у месяц могуць быць крывавыя слёзы), плеўру, дыяфрагму. Прычыны ўзнікнення гэтага захворвання дагэтуль дакладна не ўстаноўлены. Тэорый існуе шмат, і ніводная з іх не мае поўнай доказнай базы.

— Якія жанчыны знаходзяцца ў групе рызыкі?

— Адназначна можна сказаць: тыя, хто так ці іначай меў траўматызацыі слізістай абалонкі поласці маткі, хто перанёс выскрабанні, аборты, аперацыі на жаночых палавых органах, у прыватнасці на матцы, асабліва калі гэта ўмяшанне з ускрыццём поласці маткі. Скажам, калі жанчыне выдалялі міёму з выкананнем метрапластыкі (з пранікненнем у поласць маткі) — яна ў групе рызыкі. Кесарава сячэнне — таксама аперацыя з ускрыццём поласці маткі. Зараз кесаравых сячэнняў выконваецца шмат, і гэта таксама ўплывае на распаўсюджанасць эндаметрыёзу.

— Што можа быць сігналам аб тым, што трэба звярнуцца да ўрача?

— Мы будзем весці размову пра генітальны эндаметрыёз, які сустракаецца ў 90 працэнтах выпадкаў. Як правіла, гэта захворванне ўключае тры асноўныя сімптомы. Па-першае, боль, прычым як падчас менструацыі, так і ў іншыя дні, гэта так званы сіндром хранічных тазавых боляў. Аб'ектыўных прычын для болю няма, але на працягу цыкла ные, цягне ў нізе жывата, болі суправаджаюць палавы акт. Па-другое, анамальныя менструацыі, вялікія па аб'ёме выдзяленні і працяглыя — не
5-7 дзён, а каля 10. Прычым характэрныя выдзяленні да і пасля іх. І трэці сімптом, актуальны для жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, — бясплоддзе. Асабліва калі гэта эндаметрыёз яечнікаў, клятчатачных прастораў таза, які спалучаецца са спаечным працэсам органаў малога таза. Адсюль могуць быць перагібы, сцяжкі, спайкі ў раёне матачных труб і іх механічная непраходнасць. А вось пашкоджаны эндаметрыёзам яечнік актыўна губляе свой запас яйцаклетак, так званы аварыяльны рэзерв. Таму кажуць, што «эндаметрыёз есць яечнікі». Тканка яечніка часткова гіне, і чым даўжэй маладая жанчына не лечыць эндаметрыёз яечніка, тым меншыя з кожным годам яе магчымасці зацяжараць.

Ёсць і некалькі спадарожных сімптомаў. Адзін з іх, дарэчы, анемія. На яго часта не звяртаюць увагі, спісваючы на багатыя месячныя. Бываюць такія выпадкі, што ў жанчыны не вельмі моцныя месячныя па нашых крытэрыях, але сам па сабе эндаметрыёз «пад'ядае» гемаглабін, гэта так званая анемія хранічнага захворвання. Такія анеміі не яўныя, латэнтныя, але яны часта суправаджаюць гэта захворванне.

— Эндаметрыёз можа перараджацца ў рак?

— Такіх даных няма. Магчыма, гэта ў нейкім сэнсе актуальна для эндаметрыёідных кістаў яечнікаў. Але гэта, хутчэй, не пытанне перараджэння такой кісты ў рак. Бо часам тое, што падчас ультрагукавой дыягностыкі мы апісваем як эндаметрыёідную кісту, зусім ёй не з'яўляецца. Таму што толькі пасля выдалення кісты і яе гісталагічнага даследавання можна дакладна назваць яе разнавіднасць.

— Гэта праўда, што, калі з эндаметрыёзам усё ж удаецца зацяжараць, хвароба знікае?

— Так. Цяжарнасць — адзін з наймагутнейшых сродкаў тэрапіі эндаметрыёзу. Вялізныя дозы гармону прагестэрону, якія арганізм выпрацоўвае для падтрымання цяжарнасці, з'яўляюцца лячэбнымі пры гэтай хваробе. Мы часам нават назіраем, як эндаметрыёідныя кісты невялікіх памераў цалкам знікаюць падчас цяжарнасці. Па-за цяжарнасцю прагестэрон таксама выкарыстоўваецца для лячэння эндаметрыёзу.

— Эндаметрыёз з гадамі прагрэсуе?

— У рэпрадуктыўным узросце — так. Можна сказаць, што свайго піка ён дасягае ў 40—45 гадоў, калі пачынаюцца скачкі гарманальнага фону. У перыяд менапаўзы ён павольна знікае.

— Як лячыць гэту хваробу? З дапамогай гарманальных таблетак ці лепш рабіць аперацыю?

— Сучасныя рэкамендацыі заклікаюць адмаўляцца ад хірургічнага ўмяшання пры эндаметрыёзе. Нават пры лячэнні тых жа эндаметрыёідных кістаў імкнуцца максімальна абысціся без аперацыі. Зразумела, ёсць выпадкі, калі яе не пазбегнуць: гэта бясплоддзе, выкліканае спаечнымі працэсамі. У такім выпадку абавязкова прыйдзецца вызваляць матачныя трубы ад спаек, каб жанчына магла планаваць цяжарнасць. Зразумела, не абысціся без аперацыі і ў выпадку буйных, большых за пяць сантыметраў, кістаў яечнікаў, бо ёсць небяспека іх перакруту, некрозу і іншага. Але калі ідзе размова пра невялікае адсяванне эндаметрыёзу па тазавай брушыне, зараз стараюцца не аперыраваць. Хірургічнае ўмяшанне можа пагаршаць лячэнне эндаметрыёзу: мы зноў пранікаем у малы таз, зрушаем ачагі — і яны даюць новыя адсяванні. Вялікая група даследаванняў паказвае, што няма даных аб перавазе хірургічнага лячэння над кансерватыўным. Таму зараз усё лячэнне пераважна гарманальнае.

— А ці можна абысціся падчас лячэння без гармонаў?

— Пацыенткі таксама часта задаюць такое пытанне. Эндаметрыёз — хвароба жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, і яго не бывае ў менапаўзе, бо няма эстрагенавай падтрымкі. Пакуль у жанчыны высокі эстрагенавы фон у рэпрадуктыўным узросце, у яе будзе эндаметрыёз. Як толькі эстрагенавы фон падае — у менапаўзе ці, скажам, з-за выдалення яечнікаў, хіміятэрапіі, якая падаўляе функцыю яечнікаў, эндаметрыёз будзе сыходзіць. Таму трэба разумець, што нельга лячыць гарманальна залежнае захворванне негарманальнымі сродкамі. Мы выкарыстоўваем шэраг гарманальных прэпаратаў — ад найпрасцейшых камбінаваных аральных кантрацэптываў пэўнага складу для маладых жанчын пры лёгкіх формах эндаметрыёзу да вялікай групы гестагенных прэпаратаў ці аналагаў прагестэрону. Тут вялікі выбар і цэны розняцца. Такія прэпараты падбіраюцца індывідуальна кожнай жанчыне.

— Праўда, што гэта захворванне вылечыць нельга, можна толькі купіраваць?

— Так, калі ў жанчыны ёсць схільнасць да гэтага працэсу, радыкальна яе вылечыць складана. Можна зрабіць маладой дзяўчыне лапараскапію, каагуляваць ачагі эндаметрыёзу, выдаліць эндаметрыёідную кісту, прызначыць падтрымальны курс гарманальнай тэрапіі, яна зацяжарыць, і ўсё ў яе будзе добра. Але дзесьці бліжэй да 40 гадоў, калі пачнуцца скачкі гарманальнага фону, праблема зноў можа з'явіцца.

Ёсць вялікая распаўсюджаная памылка, што пры эндаметрыёзе трэба здаваць аналіз на палавыя гармоны. У сваёй практыцы я ніколі не бачыла грубых парушэнняў гарманальнага фону ў жанчын, якія пакутуюць на эндаметрыёз. Важна разумець, што гэта няўлоўныя індывідуальныя асаблівасці гарманальнага фону, якія мы не можам змерыць лічбамі. Губляць час, грошы і магчымасці на аналіз на гармоны ў такой сітуацыі, калі эндаметрыёз не суправаджаецца парушэннем менструальнага цыкла, няма сэнсу.

Алена КРАВЕЦ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Небяспечная «міграцыя»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».