Вы тут

Што варта памятаць пра туберкулёз


Туберкулёз застаецца небяспечнай інфекцыяй, у тым ліку і ў Беларусі. У Еўрапейскім рэгіёне, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожную гадзіну яе выяўляюць у 30 чалавек. Але дзякуючы ў тым ліку і намаганням гэтай арганізацыі з 2000 года ў свеце ўдалося папярэдзіць 54 мільёны смерцяў ад туберкулёзу.


У Беларусі, якая разам з шэрагам постсавецкіх краін знаходзіцца ў ліку лідараў, у прыватнасці па мультырэзісцэнтным (устойлівым да найбольш эфектыўных лекаў) туберкулёзе, захваральнасць і смяротнасць пакрысе зніжаюцца. Паводле інфармацыі галоўнага пазаштатнага фтызіятра Міністэрства аховы здароўя, дырэктара РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзя Гурэвіча, зараз смяротнасць складае 2,6 чалавека на 100 тысяч насельніцтва. Пры гэтым яшчэ дзесяць гадоў таму яна была амаль у шэсць разоў большай. Летась у Беларусі захварэла на туберкулёз 1916 чалавек, сярод іх 23 дзіцяці. Захваральнасць сярод дзяцей, дарэчы, таксама істотна зніжаецца: яшчэ дзесяцігоддзе таму хваробу выяўлялі ў сярэднім у 150 дзяцей у год. Павышаецца і эфектыўнасць лячэння: мультырэзісцэнтны туберкулёз вылечваецца ў 70 % выпадкаў, а з множнай лекавай устойлівасцю — у 86 %.

Лячэнне аднаго пацыента абыходзіцца нятанна: у Брэсцкай вобласці, дзе рэалізуецца пілотны праект па скарачэнні ложкавага фонду і перавод хворых на амбулаторнае лячэнне пасля непрацяглага тэрміну ў стацыянары, яно каштуе 23 тысячы рублёў, у Мінску — 87 тысяч рублёў. Як адзначыў каардынатар праграм па інфекцыйных хваробах краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў, хворы на туберкулёз з пачаткам тэрапіі не здольны заразіць навакольных і патрэбы трымаць яго ў стацыянары няма. Таму праект па аптымізацыі ложкавага фонду працягнецца ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Асноўнымі сімптомамі туберкулёзу з'яўляецца працяглы, больш за тры тыдні, кашаль, павышаная тэмпература. Аднак спецыфічных сімптомаў можа і не быць, пры гэтым у хворага адзначаецца слабасць, задышка, зніжаны апетыт, стомленасць, вечарамі могуць праймаць дрыжыкі, з'яўляцца крывахарканне. Вызначыць захворванне можна падчас флюараграфіі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Адступае, але не здаецца

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.