Вы тут

Што такое Камаедзіца?


«З дзецьмі ў школьным гуртку ладзім адраджэнне цікавых беларускіх абрадаў. Даведалася, што на пачатку вясны на поўначы Беларусі некалі святкавалі Камаедзіцу — у гонар мядзведзя, які прачынаецца. Ці можна даведацца больш падрабязна, які сэнс гэтага свята і калі яго адзначалі», — пытаецца Ганна Герасімовіч з Брэста.


Значнае месца ў старажытных вераваннях і міфалагічных уяўленнях усходнеславянскіх народаў сапраўды займаў мядзведзь. З аднаго боку, моцная жывёла выклікала захапленне; з другога — здольнасць хадзіць на задніх лапах правакавала параўнанне яго з чалавекам і надзяляла незвычайнай магічнай сілай. Яскравым сведчаннем таго, што мядзведзь некалі быў сакральнай татэмнай жывёлінай, з'яўляецца вялікая колькасць паданняў, легендаў і казак і некаторыя абрады і сакральна-магічныя ўзаемаадносіны чалавека і гэтага магутнага звера.

Прысутнасць вобраза мядзведзя ў вясельных абрадах, у любоўнай магіі, лячэнні бясплоднасці, а таксама ў калядных і масленічных абрадах тлумачыцца тым, што мядзведзь у народнай культуры атаясамліваецца з пладаноснасцю і ўрадлівасцю. Адно з самых распаўсюджаных вясельных пажаданняў гучыць так: «Дарую медзі, каб дзеці былі як мядзведзі». А калі дзяўчына страціла цнатлівасць яшчэ да вяселля, то ў песні гучалі словы пра тое, што яе «задраў мядзведзь».

Зразумела, што такая моцная праяўленасць культу мядзведзя ў міфалагічнай і вуснапаэтычнай спадчыне беларусаў не магла не набыць статусу самастойнага святочна-абрадавага комплексу, у якім рытуальны дыялог чалавека са сваім першапродкам павінен быў маркіраваць адпаведную падзею ў структуры традыцыйнага календара. Такое свята на самай справе было зафіксавана ў Докшыцкім раёне (абшары Бягомльшчыны) Віцебскай вобласці. Яно адзначалася 6 красавіка (24 сакавіка па старым стылі), якраз напярэдадні Дабравешчання і атрымала назву — Камаедзіца.

У гэты дзень рыхтавалася асаблівая ежа. На першую страву гатавалі сушаны рэпнік у знак таго, што мядзведзь ужывае пераважна раслінную ежу. Потым падавалі аўсяны кісель, таму што мядзведзь любіць авёс. А вось месца трэцяй рытуальнай стравы займала гарохавая каша, якая разварвалася або ўправала так, што калі яе падавалі на стол, то яна была ў выглядзе камоў (камкоў, камякоў). Менавіта каша і стала асновай для ўзнікнення назвы абраду — «есці камы» — і свята, падчас якога ён выконваўся.

Пасля таго як завяршалася святочная трапеза, усе дамачадцы прымалі ўдзел у выкананні спецыяльнага абраду. І старыя, і маладыя клаліся хто на ложкі, хто на печ, але не адпачывалі і не спалі, а, як адзначалі этнографы, «памінутна самым павольным спосабам перакочваюцца з боку на бок, як мага больш стараючыся прыладзіцца да паварочвання мядзведзя. Цырымонія гэта працягваецца каля дзвюх гадзін, і ўсё гэта робіцца для таго, каб мядзведзь лёгка ўстаў са сваёй зімовай бярлогі».

Даследаванні гісторыкаў культуры і этнографаў сведчаць пра тое, што падобныя абрады, у аснове якіх ляжыць імітацыйная магія, адносяцца да найбольш архаічных і суадносяцца па часе ўзнікнення з той эпохай, калі галоўным заняткам старажытнага чалавека было палявання на звяроў.

Такім чынам, беларускае свята Камаедзіца хутчэй за ўсё адносіцца да самай старажытнай эпохі фарміравання сістэмы светапоглядных уяўленняў у цэлым і структуры традыцыйнага календара, у прыватнасці. І вельмі добра, што такі старажытны абрад, няхай сабе і ў гульнявой форме, атрымае другое жыццё.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв’ю: shutterstock.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».