Вы тут

Магілёў з задавальненнем акунуўся ў напружаны тэатральны рытм


На жаль, усё прыемнае калі-небудзь заканчваецца. Вось і цудоўнае свята ў выглядзе міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт-2019» сёння развітаецца з Магілёвам да наступнага года.


Вечарам на сцэне лялечнага і абласнога драматычнага тэатраў адбудуцца апошнія спектаклі і прагучаць назвы пастановак, якія, па версіі прафесіяналаў і асобна маладых тэатралаў, могуць прэтэндаваць на званне «Падзея форуму». Будзе таксама названы спектакль, які атрымае прыз глядацкіх сімпатый. Пасля прагляду пастаноўкі кожны ахвотны можа прагаласаваць сваім білетам, апусціўшы яго ў адмысловую скрыню. Па традыцыі свае меркаванні гледачы могуць выказаць і на сцяне форуму, якая ўстаноўлена ў фае драматычнага тэатра. Там, дарэчы, ужо практычна не засталося вольнага месца.

За шэсць дзён форуму гледачы ўбачылі ўжо 21 з 23 заяўленых пастановак тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі, Грузіі, Латвіі, Арменіі, Украіны, Ізраіля, Прыднястроўя, Польшчы і Літвы. Яны яшчэ доўга будуць жыць тымі ўражаннямі, якія атрымалі падчас праглядаў. Эпатажны «Голы кароль» у выкананні артыстаў даўгаўпілскага тэатра, паэтычны «За крапівой бераг» брэсцкага акадэмічнага тэатра, сюррэалістычны «Вырадак» ад маскоўскага тэатра «Ведагонь», нашумелы «Рэвізор» Купалаўскага тэатра, правакацыйныя дынамічныя пастаноўкі Стаса Жыркова — «ГЭТАМЫ», «Паляванне на сябе» і «Яна яго кахала», сацыяльны рэйв-бэнд «ЦэШо» ўкраінскага Цэнтра сучаснага мастацтва «Дах» — яшчэ спатрэбіцца час, каб усё гэта асэнсаваць і пераварыць. А як пранізліва і тонка перадала свае пачуцці непараўнальная Нарынэ Грыгаран у монаспектаклі «Мая сям'я ў маім чамадане».

У аснове яго споведзь гераіні пра жахлівы эпізод з яе жыцця падчас ваеннага карабахскага канфлікту, калі яна была яшчэ школьніцай. Магілёву пашчасціла ўбачыць рэкордную колькасць пастановак паводле вядомых нам яшчэ з школьнай праграмы класічных твораў Чэхава, Гогаля, Мальера, Шэкспіра, але ў сучасным прачытанні. Кагосьці гэта парадавала, кагосьці, наадварот, расчаравала. Нават строгія тэатразнаўцы разышліся ў ацэнцы «Тарцюфа», якога прывёз вядомы тэатр «Майстэрня» з Санкт-Пецярбурга. Маладыя крытыкі былі больш катэгарычныя ў сваіх выказваннях, а старэйшыя дыпламатычна адзначалі, што рэжысёр Рыгор Казлоў нічога проста так не робіць. Але ўсе аднагалосна пагадзіліся з тым, што сцэнаграфія зроблена вельмі добра. Шмат кампліментаў атрымаў спектакль магілёўскага лялечнага тэатра «Кандыд, або аптымізм» маладога, але ўжо тытулаванага магілёўскага рэжысёра Ігара Казакова. Адным словам, уражанняў шмат. Некаторыя аматары глядзелі па два спектаклі ў дзень. Галоўнае было паспець дабрацца з драмтэатра ў лялечны тэатр — менавіта на гэтых дзвюх сцэнах адбылася большая частка фестывальных падзей. Прыцягнула ўвагу творчасць таленавітага ўкраінскага рэжысёра і акцёра Стаса Жыркова. На фестывалі было прадстаўлена ажно тры яго сумесныя з беларускімі акцёрамі спектаклі. Сам ён вельмі цёпла адгукаўся і пра форум, і пра яго гледачоў.

— На гэтым фестывалі я, здаецца, ужо пяты раз, — паведаміў ён карэспандэнту «Звязды». — На ім можна пабачыць вельмі класныя работы, і цудоўна, што Магілёў мае магчымасць акунуцца ў той вялікі свет, які існуе вакол.

Неаднаразова на форум прыязджае Анастасія Васілевіч, тэатразнавец, куратар праектаў Цэнтра беларускай драматургіі. Гэтым разам яна ўпершыню выступіла ў ролі крытыка. На яе думку, на найлепшыя спектаклі форуму могуць ужо прэтэндаваць дакументальныя праекты заслужанай артысткі Арменіі Нарынэ Грыгаран «Мая сям'я ў маім чамадане» і «Чалавек з Падольска» маскоўскага Тэатра.dос.

— Яны вельмі падобныя адзін на аднаго, але зроблены ў розных эстэтыках. І гэта здорава. Можна было ўбачыць, наколькі разнастайным бывае дакументальны тэатр. А яшчэ вельмі прыемныя ўражанні атрымала ад спектакля «Кандыд, або аптымізм» Ігара Казакова. Для мяне Нарынэ і «Кандыд» пакуль што фаварыты форуму. Што, на жаль, не скажаш пра беларускія спектаклі на малой сцэне. Яны мяне не зачапілі.

Анастасія прызналася, што вельмі чакае спектакль Стаса Жыркова «Гэта ўсё яна», які якраз сёння пройдзе на сцэне лялечнага тэатра.

— Ён быў напісаны ў лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі сумесна з Андрэем Івановым, мне здаецца, што гэта таксама будзе вельмі цікавае адкрыццё.

Фестывальныя дні былі насычаны калятэатральнымі падзеямі. Адбыліся майстар-класы, прэс-канферэнцыі, творчыя сустрэчы, выстаўкі. Форум цікавы яшчэ і тым, што дае магчымасць не толькі паглядзець, але і абмеркаваць спектакль. Творчая майстэрня, дзе можна было паслухаць, што думаюць людзі пра ўсе гэтыя тэатральныя эксперыменты, працавала нават у выхадныя. І гэта было цудоўна, бо вельмі цікава параўнаць адчуванні прафесіяналаў з глядацкімі.

Форум прайшоў 14-ы раз, і гэта яскравае сведчанне таго, што ён знайшоў сваё месца на фестывальнай афішы Беларусі. Яго чакаюць і з ім лічацца. Пра гэта на адкрыцці форуму казалі і міністр культуры Юрый Бондар, і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Гэтая тэатральная падзея запатрабаваная, а значыць, у яе ёсць будучыня.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Сяргея КАРПЯКОВА

Загаловак у газеце: Іду на «кантакт»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.