Вы тут

Як арганізоўваюць вольны час для дзяцей і моладзі ў Германіі


У рамках сумеснага праекта «Моладзь у журналістыцы» Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА і нямецкай грамадскай арганізацыі Рrеssеnеtzwеrk fur Jugеndthеmеn е.V. (РNJ) беларускія журналісты адправіліся ў Берлін, каб высветліць, як мясцовая моладзь праводзіць вольны час. Наш карэспандэнт даведаўся, ці ёсць адрозненні ад беларускіх рэалій, як мясцовым дзецям прывіваюць любоў да сельскай гаспадаркі, а таксама як у Германіі дапамагаюць разнастаіць жыццё малазабяспечаным сем'ям з дзецьмі.


Ма­ла­дзёж­ная фер­ма Morіtzhof.

Месца для душы

Першым пунктам нашага візіту была маладзёжная ферма Mоrіtzhоf. Дзіўнае па многіх прычынах месца, яно размяшчаецца на тэрыторыі адрэзку колішняй Берлінскай сцяны. Тлумачым: гэта грандыёзнае збудаванне паступова мадэрнізавалі і ў выніку яно ператварылася ў сур'ёзную інжынерна-тэхнічную канструкцыю, якая складалася з дзвюх сцен, металічнай сеткі з калючым дротам, паласы з металічнымі шыпамі, вартавых вежаў... Увогуле, паміж дзвюма сценамі (цяпер іх, вядома, няма) і размяшчаецца маладзёжная ферма!

Дарэчы, сёння зямля ў такіх месцах каштуе шалёных грошай, таму побач з фермай актыўна ўзводзяцца новыя будынкі, у тым ліку і жылыя дамы. Наяўнасцю незвычайнага аб'екта на такім прынадным кавалачку многія забудоўшчыкі не задаволеныя.

Але вернемся да фермы: як расказала Крыстэль Хэфенбергер, адна з супрацоўніц каманды Mоrіtzhоf (у нас яе пасаду назвалі б педагог-арганізатар), гэта такое месца, куды могуць прыйсці дзеці і займацца ўсім, чым ім захочацца (зразумела, у рамках закона). На ферме жыве мноства свойскіх жывёл — куры, кошкі, свінні, авечкі, козы, коні — іх можна даглядаць; а яшчэ там ёсць проста няўяўная колькасць розных інструментаў — можна нешта майстраваць і будаваць.

Рашэнне аб стварэнні такой фермы было прынята раённым урадам Берліна, яна існуе ўжо каля 20 гадоў. Зараз тут стала працуе чатыры чалавекі, а яшчэ чацвёра выступаюць у ролі валанцёраў. Цікава, што такіх цэнтраў па Берліне некалькі, ёсць такія месцы і па ўсёй Германіі.

Па сутнасці, гэта варыянт для правядзення вольнага часу пасля школы. Сюды прыходзяць дзеці ад 6 да 16 гадоў, на кожную ўзроставую катэгорыю прадугледжана свая актыўнасць. Для дзяцей гэта ўсё бясплатна: фінансуе ферму той самы раённы ўрад, частка даходаў паступае ад ахвяраванняў. Дарэчы, выніковую справаздачу па расходах вельмі строга вывучае дзяржава.

Па словах Крыстэль Хэфенбергер, на ферме ўсе дзеці становяцца роўныя. Няважна, колькі зарабляюць бацькі, у якой кватэры жывуць, на якой машыне ездзяць. Сюды прыходзяць дзеці з сем'яў з самым розным дастаткам, але гэта ніяк не ўплывае на іх адносіны.

Яшчэ, на яе думку, такая ферма — гэта выдатная магчымасць для дзяцей расслабіцца. Сёння бацькі ў Германіі імкнуцца нагрузіць дзіця, заняць яго час рознымі справамі (дарэчы, немцы вельмі цікава называюць такіх актыўных мам і татаў — бацькі-верталёты). А тут — свабода і магчымасць рабіць усё, што душа пажадае.

У халодную пару года дзяцей на ферме, натуральна, менш — 20—25 у дзень. Але як толькі пачынаецца пацяпленне, іх колькасць узрастае да 60 у дзень. Ферма адчыняе свае дзверы з панядзелка да суботы, прычым не на вялікі прамежак часу. З чым гэта звязана? Жывёлам таксама патрэбны адпачынак ад людзей.

Вядома, дзяцей кантралююць, аднак гэта не нагляд — у Германіі ёсць разуменне: у першую чаргу за тое, што адбываецца з дзіцем, адказваюць бацькі. Зразумела, што пэўная адказнасць ляжыць на работніках фермы, але, напрыклад, калі дзіця захоча крыху раней пайсці дадому, яго адпусцяць і пры гэтым патэлефануюць бацькам — на гэтым усё.

У любым выпадку ферма — гэта выдатнае месца, якое ў гульнявой форме прывівае дзецям любоў да жывёл, да працы рукамі, у больш шырокім сэнсе — да сельскай гаспадаркі.

Берлінскі палац дзяцей і моладзі

Ці­ка­вы факт: ва­кол ле­ген­дар­на­га гра­фі­ці  на Бер­лін­скай сця­не дзя­жу­раць на­тоў­пы  ту­рыс­таў, каб зра­біць фо­та.  Хо­чаш атры­маць сваё —  трэ­ба вы­браць мо­мант  і з усіх ног бег­чы  да па­лат­на.

Так, тут усё правільна напісана — адным з пунктаў нашага візіту стаў, як аказалася пазней, фактычны аналаг вядомага сталічнага цэнтра — FЕZ-Bеrlіn. Ён быў заснаваны ў 1979-м у ГДР як Палац піянераў. Не, не падобны на наш палац вонкава, проста выконвае падобныя функцыі.

У размове з кіраўніком РR-дэпартамента цэнтра Марыён Гузэлай высветлілася, што плошча будынка, у якім размяшчаецца цэнтр, — 13 тысяч квадратных метраў, а плошча прылеглай паркавай тэрыторыі — 20 гектараў. Ёсць дзе разгарнуцца!

Тут пастаянна праводзяцца мерапрыемствы для сем'яў з дзецьмі ва ўзросце ад аднаго да 14 гадоў, прычым тэмы ўвесь час вар'іруюцца. Колькасць наведванняў таксама ўражвае — у залежнасці ад мерапрыемства ў выхадныя сюды прыходзяць ад дзвюх да дзесяці тысяч наведвальнікаў. Мерапрыемствы платныя, уваходны білет у выхадны дзень — 4 еўра (для шматдзетных — 3,5 еўра). У працоўныя дні сюды прыходзяць групы з дзіцячых садкоў і школ, кошт на групу з 30 чалавек — ад 50 да 80 еўра.

Сапраўды вялікую колькасць варыянтаў правядзення вольнага часу цэнтр прапануе на канікулах. Марыён Гузэла без залішняй сціпласці заявіла, што яны арганізуюць найлепшыя канікулы ў Берліне. Напрыклад, узімку праходзілі дні Гары Потэра, таму ўвесь будынак (успомніце яго плошчу) ператварыўся ў магічную школу Хогвартс, а дзеці сталі яе вучнямі.
Такім чынам яны становяцца дзейнымі асобамі квэсту — збіраюць магічныя камяні, рашаюць розныя задачы.

А летам, напрыклад, праводзіцца буйное мерапрыемства, калі будынак цэнтра і прылеглая тэрыторыя становяцца горадам: дзеці афіцыйна атрымліваюць ад яго ключ, абіраюць урад, шукаюць працу, ходзяць у банк і супермаркет... Чымсьці нагадвае дзень самакіравання ў беларускіх школах, толькі ў большым маштабе.

Галоўны прынцып работы цэнтра: вучэнне праз перажыванні, эмоцыі ад таго, што адбываецца. Не сухая тэорыя, а пастаянныя дзеянні.

Унутры цэнтра ёсць мноства спецыялізаваных пляцовак — ад сцэн для выступленняў да ўласнага лялечнага тэатра, але найбольшае ўражанне робіць цэнтр касманаўтыкі. Тут ёсць літаральна ўсё: ад трэнажораў для касманаўтаў да рэальнага касмічнага чаўнака.

А што, калі мала грошай?

Гэта лагічнае пытанне, нават нягледзячы на тое, што многія актыўнасці для дзяцей і моладзі ў Германіі праводзяцца бясплатна. Многія бежанцы, якія прыязджаюць у гэтую краіну, у першую чаргу думаюць не пра тое, як развесяліць дзяцей, а пра тое, як іх пракарміць. Тым не менш, каб дзеці не выпадалі з грамадскага жыцця і ўвесь час развіваліся, у Германіі прыдумалі цікавы праект.

Пра яго сутнасць расказаў менеджар Маладзёжнай культурнай службы Гунар Гульднэр: каб падтрымаць малазабяспечаныя сем'і, у краіне ўвялі так званую сямейную карту.

Што яна сабой уяўляе: гэтая невялікая кніга коштам у шэсць еўра, у якой ёсць 300 купонаў, каб атрымаць зніжку на тое ці іншае мерапрыемства. Тыраж кнігі — 50 тысяч асобнікаў. Дарэчы, такую кнігу можа купіць любая сям'я, не толькі малазабяспечаная, але разлік у першую чаргу на іх.

Маладзёжная культурная служба мае каля 500 партнёраў — каткі, басейны, музеі, заапаркі і іншыя ўстановы, дзе можна з карысцю правесці вольны час. Сумесна з імі і ствараюцца купоны.

Цікавая асаблівасць кнігі — 200 латарэй. Купляючы «сямейную карту», кожны атрымлівае магчымасць выйграць наведванне бясплатнага мерапрыемства — напрыклад, схадзіць у тэлестудыю. Самая класная латарэйная пазіцыя — экскурсія ў дацкі горад Білун, у якім знаходзіцца парк забаў Легалэнд.

...І дарэчы, ва ўсіх месцах у Берліне, куды вадзілі беларускіх журналістаў, пастаянна казалі аб планах на будучыню. Імкненне да развіцця, магчыма, галоўная рыса, якая асабліва прыцягвае ў нямецкай сістэме.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара,

г. Берлін

Загаловак у газеце: Не смартфонам адзіным...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».