Вы тут

Як у сталіцы наводзяць парадак на зямлі


Сёлетні месячнік па добраўпарадкаванні, які пачнецца неўзабаве, будзе скіраваны больш на ўпрыгожванне і азеляненне тэрыторыі, пасадку клумбаў і добраўпарадкаванне ды рамонт дзіцячых пляцовак, чым на ўборку, лічаць сталічныя камунальнікі. Цёплае надвор'е дазваляе прыбіраць зімовыя наступствы ад прыроды і жыхароў раней.


Прыдарожны кантрафакт

Ранняя вясна 2019-га дазваляе да пачатку месячніка прыбраць асноўную частку смецця з газонаў і падрыхтаваць двары да пасадак дрэў і кветак, хоць раней усё гэта прыходзілася рабіць паралельна, кажуць прадстаўнікі ЖКГ.

Да пачатку вясенняй уборкі майстры абыходзяць тэрыторыю і складаюць план, дзе што трэба адрамантаваць, пафарбаваць і адладзіць. А яшчэ — пазбаўляюць горад ад несанкцыянаваных шчытоў з рэкламай. Хоць змагаюцца з нелегальнай прапагандай камунальнікі цягам усяго года, новыя заклікі да паслуг, якія не ўзгоднены з уладамі, рэгулярна з'яўляюцца ўздоўж дарог, каля прыпынкаў, ля крам. Гэтыя месцы лічацца самымі праглядаемымі і наведваемымі.

— Такія «рэкламадаўцы» — кожны сам умелец у сваёй справе. Рэкламуюць самыя розныя рэчы: крамы, рамонт абутку, гадзіннікаў, цэнтры ранняга развіцця — як правіла, гэта справа дробных прадпрымальнікаў. Некаторыя пасля таго як шчыт прымем, перастаюць самавольна папулярызаваць сябе такім чынам, іншыя пасля папярэджання проста перастаўляюць шчыт у іншае месца, — гаворыць Алеся САВІЧ, намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні ЖКГ № 2 Фрунзенскага раёна Мінска. — Аднойчы я званіла па рэкламным нумары і прасіла прыбраць шчыт з вуліцы Глебкі. Прынялі, але літаральна праз пару гадзін я натрапіла на яго на вуліцы Жудро.

Сабраны кантрафакт складзіруецца ў камунальнікаў, і яго можна забраць. Штрафаваць пры гэтым ніхто не будзе, аднак лекцыю пра парушэнне такім чынам заканадаўства гора-рэкламшчыку выслухаць давядзецца. Праўда, прыходзяць па канфіскаваную маёмасць адзінкі, і праз нейкі час шчыты ўтылізуюць, бо захоўваць няма дзе. А збіраецца такой прадукцыі вельмі шмат — 50-60 штук за пару тыдняў. Прыбіраюць яе з вуліц не толькі камунальнікі, але і дарожнікі, і азеляняльнікі.

— Калі падлічыць, колькі каштуе шчыт і мацаванне, а пасля яшчэ і штраф, калі папярэджанне не дайшло, то, пэўна, узгодненая па законе рэклама абышлася б танней, — разважае Алеся Савіч. — Дарэчы, прапаганды паслуг без узгаднення становіцца менш. Ды і тое, што людзі не прыходзяць забіраць сваю маёмасць, сведчыць: яны ўсведамляюць, што здзейснілі правапарушэнне.

Пакуль мы размаўляем, камунальнікі перакусваюць абцугамі ланцужок, якім чарговы кантрафакт прышпілены да прыдарожнага слупа. На тыдні гэты «ўлоў» далёка не першы.

Сістэма сіта і ручная праца дзеля газона

Рыхтуючы горад да вясны, займаюцца і варушэннем снежных куч, якія стварыліся пры зімовай уборцы. Калі зляжалы снег раскідаць з гурбаў, ён хутчэй растае, і тады можна спорна вымятаць з клумбаў лісце, акуркі, канфеці і іншае смецце. Часта ў такіх завалах знаходзяць і бутэлькі, і цэлыя пакеты з адходамі.

— Аднойчы я прыехала на агляд, а мне акурат пад ногі з акна прыляцеў пакет са смеццем. І гэта сведчанне нізкай культуры насельніцтва. Як ужо чалавек прывык рабіць, так будзе і далей дзейнічаць.

Разам з ёй мы назіраем, як камунальнікі-мужчыны лапатамі раскідваюць снег з куч (рэпартаж мы рабілі на мінулым тыдні), а жанчына граблямі выграбае дробнае смецце з участка, дзе раскіданы напярэдадні снег ужо растаў.

— Зараз вельмі спрыяльнае надвор'е для варушэння. Днём гурбы падтайваюць, а ўначы падмарожваюцца, і ўнутры іх з'яўляюцца ледзяшы. Так што сыходзіць яны будуць вельмі доўга. Калі не варушыць, то і да мая даляжаць у цені, чорныя і брудныя. А так атрымліваецца сістэма сіта: снег тае, вада сыходзіць, і застаецца дробнае смецце, якое лёгка сабраць, — кажа спецыяліст.

Ад жыхароў заўваг не складзіраваць снег пад вокнамі ўзімку і не варушыць вясной ніколі не было, гавораць камунальнікі. Наадварот: чым раней «прыбяруць зіму», тым хутчэй клумбы заквітнеюць, і можна будзе высаджваць кветкі і рабіць нешта па сезоне.

Небяспекі для раслін такі снег таксама не ўяўляе, бо пешаходныя сцежкі, каб яны не ледзянелі, пасыпаюць рэагентамі ўжо пасля таго, як снег счышчаюць з дарогі. Так што нават калі тут і трапляецца «хімія», то ў мінімальнай колькасці.

— Снежныя кучы пасля зімы таксама можна было б пасыпаць рэагентамі, каб яны хутчэй расталі, аднак тады на гэтым месцы не будзе ні кветніка, ні газона. Таму прыходзіцца такую цяжкую працу выконваць рукамі, каб захаваць азеляненне тэрыторыі, — заўважае Алеся Савіч.


У межах красавіцкага месячніка Мінск упрыгожыцца 2880 дрэвамі і 19 тысячамі кустоў, сярод якіх, напрыклад, фарзіцыя, шыпшына, туі, ядловец. З больш чым 1,5 мільёна кветак абяцаюць стварыць прыгожыя кампазіцыі і зладзіць вертыкальнае і гарызантальнае азеляненне. На 160 тысячах м2 пазбавяцца ад крытычнай ямкавасці, пасля чаго пачнецца планавы рамонт іншага асфальтавага пакрыцця. На гэтыя і іншыя работы па добраўпарадкаванні сёлета выдзелена 44 мільёны 233 тысячы рублёў, расказала Валянціна БАРКОЎСКАЯ, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі. Яна ўдакладніла, што сёлета плануецца капітальна адрамантаваць 28 двароў, збудаваць 103 кантэйнерныя пляцоўкі, адрамантаваць 173 вонкавыя лесвіцы і 35 гектараў газонаў.

А вось прадстаўнікі сталічнага камітэта аховы прыроды асаблівую ўвагу падчас навядзення парадку на зямлі аддаюць наяўнасці несанкцыянаваных звалак на тэрыторыях прадпрыемстваў, пры дарогах і месцах адпачынку, а таксама недапушчэнню захвання другасных матэрыяльных рэсурсаў на палігонах, зазначыў Сцяпан ДУБНІЦКІ, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Сярод праблемных пытанняў па-ранейшаму застаюцца нясвоечасовыя меры па падтрымцы зямельных участкаў у належным санітарным стане, нясвоечасовы вываз адходаў і іх складзіраванне ў несанкцыянаваных месцах, — расказаў ён.

У межах Года малой радзімы, якімі аб'яўлены 2018—2020 гады, Міністэрства прыродных рэсурсаў праводзіць экалагічную кампанію «Добраўпарадкуем малую радзіму». Яе сутнасць у тым, што кожнае прадпрыемства і жыхар павінны ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне паркаў, сквераў і двароў. Прыбраць смецце, пасадзіць дрэва, зладзіць дзіцячую пляцоўку.

Да 1 чэрвеня ва ўсёй краіне плануюць стварыць паркі сямейных дрэваў. У сталіцы яны з'явяцца ў Фрунзенскім, Першамайскім, Ленінскім і Савецкім раёнах. За жаданне мець уласнае дрэва, прыйдзецца заплаціць. У залежнасці ад віду дрэва кошт яго будзе ад 7 да 40—50 рублёў. Упершыню такую паслугу будуць прапаноўваць і ў загсах. Прычым не толькі падчас рэгістрацыі шлюбу, але і пры скасаванні, а таксама пры нараджэнні дзіцяці.

А вось ад баршчэўніка будуць працягваць пазбаўляцца. Яго плошчы ўжо паменшыліся амаль на 17 гектараў. Цяпер у сталіцы ён сустракаецца на 40,6 гектара. Аднак складанасць у тым, што яго насенне нават праз дзесяць гадоў здольнае прарастаць.

Акрамя таго, штогод у Беларусі праходзіць конкурс па комплексным добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Сёлета камісію асабліва ўразілі менавіта невялікія населеныя пункты краіны. Сярод найбольш руплівых — аграгарадок Белавежскі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, Буда-Кашалёва ў Гомельскай вобласці, Капыль, Мядзел і аграгарадок Суднікі, што ў Валожынскім раёне на Міншчыне, заўважыла Ганна КУДРАВЕЦ, кансультант аддзела горадабудаўніцтва галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва:

— Мы не чакалі, што такія паказчыкі будуць у малых гарадах. Такая разнастайнасць у прымяненні сучасных тэхналогій і цікавых рашэнняў архітэктурнага асяроддзя па стварэнні паркаў, сквераў, дзіцячых і спартыўных пляцовак. Толькі гледзячы на карцінку, ужо хочацца там пабываць.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.