Вы тут

Архітэктурная спадчына Мсціслава. Пакінуць нельга ратаваць


«Няма грошай» — самая частая фраза, якую давялося чуць пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу. Аднак ці толькі ў сродках справа, калі гаворка ідзе пра гісторыка-культурныя помнікі, якіх засталіся адзінкі не толькі ў нашай краіне, але і па ўсёй Еўропе?


Дыямент і перліны

Па задумцы малады Пётр Мсціславец паказвае на Маскву, у рэальнасці ж быццам заклікае: «Паглядзіце, што нарабілася. Не праходзьце міма!»

Уладзімір Караткевіч назваў Мсціслаў «дыяментавым горадам» толькі таму, што трапіў сюды сонечным ранкам пасля неверагоднай студзеньскай завірухі. «І ўсе будынкі, увесь горад гарэў, іскрыўся, пераліваўся дзівоснымі колерамі, нібы чысцейшай вады дыямент», — пісаў ён у 1982 годзе. Мне пашчасціла не менш, чым пісьменніку, хоць і паехала я ў старажытнае мястэчка вясной. У гэты час у Мінску ззяла сонейка і высыхалі апошнія лужыны. Шэсць гадзін у цягніку на ўсход краіны, і — містыка! — снег у вочы, снег пад нагамі, снег паўсюль. Вось табе і «дыямент зямлі беларускай». Праўда, бляск яго за апошні час крыху пацямнеў у святле навін пра разбурэнне касцёла Святога Архангела Міхаіла з 270-гадовай гісторыяй (вядомага як езуіцкі), што знаходзіцца ў цэнтры горада.

Цікава, што і Караткевіч у сваім эсэ пра Мсціслаў быў занепакоены станам «архітэктурнай перліны» Магілёўшчыны. Ён здзіўляўся, чаму касцёл не пастаўлены пад ахову дзяржавы, «хаця будынак здаровы і ў ім яшчэ зусім нядаўна быў Дом культуры. Прыкласці б крыху сродкаў і рук і аднавіць яго, не пакідаць сярод горада здаровых муроў, асуджаных на руйнаванне (колькі ж гэта іх па Беларусі!)». Не згадзіцца з пісьменнікам нельга, асабліва ў наш час, калі нават ахова дзяржавы не зберагла ўнікальны ўзор віленскага барока.

У Мсціслаўскім раёне — 22 помнікі архітэктуры і 56 помнікаў археалогіі. Сярод іх — паўразбураная Ануфрыеўская царква ў вёсцы Сялец, пажарная каланча, езуіцкі касцёл, былая мужчынская гімназія і драўляны лямус, якія па дакументах з 2013 года належаць Мсціслаўскаму археалагічна-краязнаўчаму музею. Большасць будынкаў у запушчаным стане, а ўстанова — бюджэтная і зусім не багатая.

Нельга сказаць, што тутэйшы люд абыякавы да праблемы. Каго на вуліцы ні спыні — усё раскажуць і пакажуць. Не толькі словам, але і справай дапамагаюць. Так, адзін гараджанін зладзіў дабрачынны канцэрт, а грошы, атрыманыя ад продажу білетаў, перавёў на рахунак мясцовага фонду «Адраджэнне гісторыка-архітэктурных помнікаў Мсціслава». Дарэчы, за год на яго паступіла больш за адзінаццаць тысяч рублёў.

Калі ў інтэрнэце прагледзець апошнія навіны, звязаныя з захаваннем архітэктурнай спадчыны Мсціслава, то абавязкова знойдзеш відэаролікі блогера Дзяніса Касцюкевіча. Малады чалавек праславіўся, запісваючы звароты да Міністэрства культуры з просьбамі выдаткаваць сродкі на рэстаўрацыю касцёла ў родным горадзе.

Мы пачалi пiсаць лiсты ў Мiнстэрства культуры значна раней i нават дабiлiся таго, што касцёл уключылi ў пералiк помнiкаў, якiя могуць фiнансавацца са сродкаў рэспублiканскага бюджэту. Неаднаразова звярталiся ў аблвыканкам, у iншыя iнстанцыi i арганiзацыi паведамлялi аб стане аб'екта, адпраўлялi лiсты па райвыканкамах з просьбай аб размяшчэннi на сваiх сайтах рэквiзiтаў дабрачыннага, — дзелiцца дырэктар музея Людмiла Кiрыенка. — Не лепшая сiтуацыя з кармелiцкiм касцёлам, якi з'яўляецца гiсторыка-культурнай каштоўнасцю I катэгорыi. Ён стаiць у спiсе на фiнансаванне даўно, але пакуль мiнкульт разводзiць рукамi, тлумачачы: «У краiне зараз шмат аб'ектаў на рэканструкцыi, iх неабходна завяршыць. Iнакш пачнем паўсюль, а скончыць нiдзе не зможам».

Музейшчыкі робяць усё, што ў іх сілах: займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, прылеглых да будынкаў, і праводзяць шыкоўныя экскурсіі па горадзе, якія, на жаль, не пазбаўленыя сумных нотак.

Два з паловай мільёны і спадзяванні

— Будынак былога езуіцкага касцёла не эксплуатуецца каля пяцідзесяці гадоў. У канцы 80-х у ім распачалі рэканструкцыю, але Савецкі Саюз разваліўся, грошы зніклі і праект згарнулі. З таго моманту ніякіх работ не вялося, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях развіцця будаўнічага комплексу, архітэктуры, жыллёвай і камунальнай гаспадаркі Віталь Шматаў.

Мсціславу пашчасціла і не пашчасціла адначасова. З аднаго боку, у горадзе захавалася столькі архітэктурных помнікаў. Вялікая ўдача для правінцыйнага гарадка! З іншага, усё гэтае хараство трэба трымаць у належным стане, што бюджэт райцэнтра, вядома, сам пацягнуць не можа. Адкуль возьмуцца грошы ў раёне, які, паводле статыстыкі, адзін з самых небагатых у краіне?

— Пра рэстаўрацыю касцёла гаворка не ідзе. Зараз задача — зняць аварыйнасць будынка і закансерваваць у тым выглядзе, які маем на дадзены момант. Праектаваннем займаецца «Магілёўграмадзянпраект», выканаўца — будтрэст № 12 Магілёўскага УКБ. Акрамя таго, працэс курыруе спецыяліст з «Белрэстаўрацыі». Каб да пачатку асноўных работ сцены касцёла «не паехалі», там усталявалі часовыя драўляныя падпоркі. У інтэрнэце «добрыя каментатары» пачалі пісаць пра банер, якім нядаўна абнеслі будынак. Маўляў, такім спосабам мы імкнёмся схаваць праблему. Гэта не так. Банерная сетка не дае адскочыць асобным цаглінкам і аскепкам на галаву мінакам, — тлумачыць Віталь Шматаў. — Ужо ў гэтым годзе плануецца ўзмацніць фундамент, зрабіць жорсткі каркас унутры і «сцягнуць» сцены, падлатаць дах. Ёсць у будынку элементы, якія аднавіць немагчыма, таму іх прыйдзецца прыбраць.

Будынкі езуіцкага комплексу стаяць сцяной да сцяны. Абваліцца адзін — пацягне за сабой астатнія.

— Сцяна абвалілася ў канцы 2017-га, а пастанова на абласным узроўні аб прызначэнні выканаўца работ было прынята толькі ў верасні. Чаго так доўга чакалі?

— Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. Як бы ні хацелася паскорыць працэс, без дазволу спецыялістаў мы не маем права нічога чапаць. Абследаванне, складанне рэкамендацый, першасная ачыстка завалаў — усё патрабуе часу, — тлумачыць спадар Шматаў. — Праблема не толькі ў тым, што мы губляем архітэктурны помнік. У адным двары з касцёлам — будынкі музычнай школы і цэнтра дзіцячай творчасці. Пакуль яго не закансервуюць, побач знаходзіцца небяспечна. Зараз навучэнцаў «раскідалі» па горадзе, спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час яны вернуцца ў свае класы. На ўсё пра ўсё нам спатрэбіцца 2,5 мільёна рублёў. Пэўную суму выдаткаваў аблвыканкам. Зараз спадзяёмся на станоўчы адказ з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.

Слова эксперту

Езуіцкі храм быў пабудаваны ў 1750-х гадах, а кармеліцкі — у 1760-х. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Андрэй Мяцельскі зараз якраз працуе над кнігай, прысвечанай касцёлам Мсціслаўскага ваяводства. У канцы 80-х гадоў кандыдат гістарычных навук меў дачыненне да рэстаўрацыі кармеліцкага храма, а пасля таго як фінансаванне знікла, вымушаны прыглядваць за ім збоку. Навуковец метафарычна называе мсціслаўскія касцёлы «хворымі» і кажа, што лячэнне ім патрэбна тэрмінова. Праўда, у цудоўнае выратаванне езуіцкага храма ён не верыць: «Памрэ, так і не дачакаўшыся хуткай дапамогі».

Кармеліцкі касцёл таксама доўга не працягне без належнай рэканструкцыі.

— Я быў унутры езуіцкага касцёла за чатыры месяцы да абрушэння. Ужо тады было зразумела, што вось-вось ён складзецца, быццам картачны домік. Дах працякаў дзесяцігоддзямі, а вада, як вядома, камень точыць. Акрамя таго, склалася ўражанне, што ў касцёле мелі месца «чорныя раскопкі». Скляпенні падвалаў былі па-варварску прабітыя чалавекам — пры натуральных абрушэннях зямля ляжыць зусім не так, — дзеліцца Андрэй Анатолевіч. — Сёння пра поўнае аднаўленне езуіцкага касцёла ніхто не кажа. Але ці загавораць пра яго пасля? Праблема не толькі ў адсутнасці грошай. Фактычна ніхто не бачыць патрэбы ў гэтым будынку з практычнага пункту гледжання. Вядома, што проста так грошы ў рэстаўрацыю ўкладвацца не будуць. З самага пачатку павінна быць канцэпцыя далейшага выкарыстання. Будынак вялізны, а Мсціслаў не Магілёў — насельніцтва ўсяго дзесяць тысяч жыхароў. Не зробіш канцэртную ці выставачную залу, а каталіцкая парафія на самым усходзе Беларусі зусім маленькая, ім хапае кармеліцкага храма. Ён, дарэчы, таксама даўно патрабуе працягу сур'ёзнай рэстаўрацыі. Там бяда была з першага дня. Касцёл будавалі на рагу паміж двух яроў, што моцна паслабіла канструкцыю, і ўжо ў ХІХ стагоддзі скляпенні пачалі «трашчаць». Тады яры засыпалі, чым крыху прытармазілі працэс, але арыгінальныя каменныя скляпенні ўсё роўна абваліліся, і замест іх паставілі драўляныя. А мы ў свой час залівалі бетонныя. Дарэчы, так яны з 1991-га ў апалубках і стаяць.

Па словах навукоўца, багатыя фрэскі кармеліцкага касцёла — неверагодны культурны скарб. Тут евангельскія сюжэты і выявы святых пераплятаюцца з роспісамі, прысвечанымі гісторыі горада. Напрыклад, «Узяцце Мсціслава рускімі войскамі» і «Трубяцкая разня». Першая фрэска мае шматфігурную кампазіцыю, складаныя колеравыя пераходы і, што асабліва каштоўна, — мы бачым гарадскую панараму. Другая выява паказвае ўварванне ў горад князя Трубяцкога. Цікава, што менавіта гэтыя фрэскі збераглі касцёл ад разбурэння ў часы атэізму.

— Літоўскія гісторыкі, мастацтвазнаўцы і архітэктары любяць паказваць у сваіх кніжках здымак кармеліцкага касцёла ў Мсціславе як «самы ўсходні помнік у стылі віленскага барока», — зазначае Андрэй Мяцельскі. — Яны маюць рацыю. Але для беларусаў гэтыя будынкі — яшчэ і самыя старыя архітэктурныя аб'екты, якія захаваліся ў задняпроўскай частцы Магілёўскай вобласці. Дык чаму ж замежнікі высока ацэньваюць іх, а мы так нядбайна абыходзімся?

Напрыканцы зноў хочацца звярнуцца да Караткевіча, які марыў, што аднойчы Мсціслаў стане «горадам-музеем і тым дасць прыклад на стварэнне яшчэ некалькіх». Варта зазначыць, для ўвасаблення задумы пісьменніка ў жыццё тут робіцца нямала: тры гады таму да абласных «Дажынак» адрэстаўравалі пажарную каланчу (такіх у Беларусі ўсяго тры: тут, у Гродне і ў Полацку), а таксама аднавілі праваслаўную Траецкую царкву ў цэнтры горада. На тэрыторыі раёна знаходзіцца знакаміты Пустынскі Свята-Успенскі манастыр, які паступова выходзіць са стану запусцення і падымаецца з руін. На Замкавай гары з небыцця паўстаў цэлы драўляны горад: археолагі знайшлі рэшткі старажытнага Мсціслава ХІІ—ХІІІ стагоддзяў. Але ж колькі працы яшчэ наперадзе. Уладзімір Сямёнавіч гэта прадбачыў, таму і пісаў: «...Аднаму раёну гэтага не ўзняць. [...] Дапамагчы б ім яшчэ зберагчы, не запаскудзіць, утрымаць у прыгажосці слаўнае сваё мінулае».

Ганна КУРАК, фота аўтара

Мінск — Мсціслаў — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.