Вы тут

Ад Дантэ да Томаса Венцлавы


У мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга прозы і паэзіі вільнюскага беларуса Алега Мінкіна “Мяне тут не было”.


Выданне сталася 102-й кнігай з Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”, заснаванай у 2009 годзе. Алег Мінкін родам з Магілёўшчыны, ён паэт, празаік і перакладчык, даўно жыве ў Літве. Аўтар кніг “Сурма” (1985), “Расколіна” (1991), “Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў” (1994), “За месяцам месяц” (1994), “Пенаты” (2007) ды іншых. Шмат перакладае. Яшчэ ў 1993-м у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет пераўвасоблены ім зборнік паэзіі польскага класіка Цыпрыяна Каміля Норвіда “Ідзі за мною”. Пасля выйшлі ў перастварэнні на беларускую мову кнігі Баляслава Лесьмяна “Пан Блішчынскі”, Леапольда Стафа “Высокія дрэвы”. Алег Мінкін уклаў анталогію вершаў для дзяцей “Побач з намі на зямлі: жывёль- ны свет”.

У 2018 годзе паэт і перакладчык адзначаны Літаратурнай прэміяй Міхася Стральцова: “...за метафарычнае багацце паэтычнай мовы, за тэматычную і метрычную разнастайнасць радка, за захаванне чысціні стылю й класічных традыцый літаратуры”.

Значную частку кнігі “Мяне тут не было” займае раздзел перакладаў пад назвай “Высокія дрэвы”. Поруч прадстаўлены вершы Эдгара По (у тым ліку — і легендарны “Крумкач”), Дантэ Аліг’еры, Арцюра Рэмбо, Шарля Бадлера, Гіёма Апалінэра, Мідзьені, Леаніда Лары, Томаса Венцлавы, Яна Бжэхвы, Збігнева Герберта, Чэслава Мілаша, Канстанта Ідэльфанса Галчынскага, Адама Міцкевіча, Казіміра Пшэрвы-Тэтмаера, Юльяна Тувіма, Цыпрыяна Каміля Норвіда, Баляслава Лесьмяна, Леапольда Стафа, Васіля Стуса, Івана Франка, Міколы Зэрава. Сапраўды, як высокія дрэвы, як вежы паўстаюць перад чытачом славутыя паэты суседніх і болей далёкіх ад Беларусі краін. Розныя часіны, розныя мастацкія школы, розны гістарычна-літаратурны ландшафт — усё гэта паяднана талентам, жаданнем перакладчыка данесці да чытача не толькі свае ўласныя творчыя зацікаўленні, але й расказаць пра бязмежныя мастацкія далягляды сусветнай паэзіі.

Беларуская паэтычная Вільня ранейшых часін — гэта цэлы мастацкі сусвет! Гэта творчыя і жыццёвыя лёсы Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка... Сёння ды ў бліжэйшыя да нас дзесяцігоддзі літаратурная Вільня — таксама з адметным беларускім каларытам: Таццяна Сапач, Аляксей Анішчык, Сяргей Дубавец, Лявон Луцкевіч, Зоська Верас, Сяргей Харэўскі... І кніга “Мяне тут не было” Алега Мінкіна — у значнай ступені вандроўка літаратурнымі сцежкамі старажытнай Вільні.

Кастусь Ладуцька

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».