Вы тут

Маргарыта Ляўчук: Опера — гэта маё прызванне


Яна — выканаўца новага пакалення, лаўрэат 12 міжнародных конкурсаў, салістка Вялікага тэатра оперы і балета, музычнага дома «Класіка». Дзяўчына часта гастралюе не толькі па Беларусі, але і за яе межамі, выконвае арыі сусветна вядомых кампазітараў. Яе працоўны графік распісаны па гадзінах, часу для адпачынку застаецца няшмат. Але для размовы з «Чырвонкай. Чырвонай зменай» спявачка знайшла «фортку» ў сваім раскладзе.


— Марго, ці ёсць партыі, якія вы пакуль што не спяваеце з-за якіх-небудзь абставін?

— Узрост і асаблівасці голасу вельмі ўплываюць на тое, што можна выдатна выконваць. У мяне лёгкае, светлае гучанне голасу — сапрана. Некаторыя кампазіцыі будуць выйгрышней выглядаць праз гадоў 10–15, калі голас стане больш грубы і насычаны. Таму на гэты конт я не хвалююся.

— Як вы думаеце, чаму опера часта асацыюецца з нудотай?

— «Класічную музыку любяць усе, проста не ўсе яшчэ пра гэта ведаюць», — так гучыць дэвіз музычнага дома «Класіка», і я з гэтым згодная. Опера — гэта мастацтва. Калі раней людзі часта з неразуменнем ставіліся да яе, то цяпер гэты кірунак папулярны. Мне падабаецца прыязджаць у розныя гарады і бачыць здзіўленыя і шчаслівыя твары гледачоў. Прыемна, калі людзі падыходзяць і кажуць, што дзякуючы мне яны палюбілі або адкрылі для сябе оперу. Да таго ж, класічнае выкананне запатрабавана. Беларускіх салістаў часта запрашаюць выступаць у сусветнавядомых тэатрах, нашы вакалісты становяцца пераможцамі прэстыжных конкурсаў.

— Вы пачалі займацца класічнай музыкай у дзяцінстве. Як гэта адбылося?

— Я нарадзілася ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна. Памятаю, як часта збірала вакол сябе мясцовых дзяцей і арганізоўвала канцэрты, казала ўсім, што буду спявачкай. На кожным свяце родныя прасілі прадэманстраваць свае здольнасці. З дзяцінства ўсё візуалізавала, фантазіравала. Прыемна, што цяпер гэта не мроі, а рэальнасць. Калі я вырашыла заняцца спевамі, умоў для гэтага на малой радзіме было няшмат — толькі ў мясцовым Доме культуры, дзе я часам выступала. На адным з канцэртаў да мяне падышла незнаёмая дзяўчына і сказала, што ў мяне ёсць талент і што мне трэба абавязкова наведваць музычную школу. Тады мне было 10 гадоў, гэта позна для пачатку кар'еры спявачкі. Але мы з бацькамі рызыкнулі — паехалі ў Брэст, дзе знаходзілася найбліжэйшая музычная школа. Выкладчыкі адзначылі мой цудоўны слых, зразумелі, што я перспектыўная дзяўчынка, і ўзялі мяне. Я атрымлівала добрыя адзнакі, удзельнічала ў розных конкурсах, нават экзамены здавала экстэрнам.

— Ці ўдавалася сумяшчаць музычную школу і звычайную? Былі праблемы з настаўнікамі?

— Я ўсё паспявала. Ніколі не прапускала школьныя ўрокі, і на заняткі ў хоры спяшалася з задавальненнем. Паездкі за 15 кіламетраў ад дома кожны дзень не былі цяжарам. У той час, як астатнія школьнікі адпачывалі ў нядзелю, даводзілася ўставаць а палове шостай раніцы і ехаць. Рада, што мяне падтрымлівалі бацькі. Мама нават уладкавалася працаваць на палову стаўкі, каб праводзіць і сустракаць мяне з музычнай школы.

— Якім вы былі падлеткам?

— Актыўным: акрамя захаплення спевамі хадзіла ў драматычны гурток, была ў складзе каманды КВЗ. Але ўсё ж вырашыла скіраваць сваю энергію на музыку. Пасля школы паступіла ў музычны каледж на харавое дырыжыраванне, па яго заканчэнні зразумела, што хачу быць салісткай. Падала дакументы на вакальнае аддзяленне ў Акадэмію музыкі. Для таго каб добра здаць іспыты, хадзіла на платныя падрыхтоўчыя курсы. Паспяхова паступіла на бясплатнае аддзяленне і вучылася на адны дзясяткі. Гэта быў цікавы і складаны час. Кожны дзень трэба было даводзіць усім, што чагосьці заслугоўваю. Я заўсёды была стараннай вучаніцай, лавіла задавальненне ад заняткаў. Дзякуючы таму, што спрабавала свае сілы ў многіх кірунках, змагла вызначыць, што мне бліжэй опера. Не ўяўляю, каб я займалася чымсьці акрамя спеваў, гэта маё прызванне.

— Музычны каледж, музычны дом, Акадэмія музыкі, пасля — Вялікі тэатр оперы і балета. Складана было патрапіць у гэты калектыў?

— У Оперным тэатры кожны год арганізуюць праслухоўванне для вакалістаў. Я з першага курса адкладала гэтую справу, лічыла, што ў мяне яшчэ не дастаткова прафесійнага досведу. На апошнім годзе навучання ў Акадэміі музыкі ўсё ж вырашыла пайсці: трэба было выканаць арыю царыцы ночы з «Чароўнай флейты» Моцарта. У гэты час я ўжо працавала над ёй разам з дырыжорам Алегам Лесуном. Да майго здзіўлення, мне адмовілі, нават не праслухаўшы, сказалі, што сапрана не патрэбны. Калі пра гэта даведаўся Алег, ён абурыўся, бо я цудоўна спявала партыю. Дырыжор пагаварыў з кіраўніцтвам Вялікага тэатра оперы і балета, неўзабаве мне прызначылі сустрэчу, зацвердзілі на ролю, ды яшчэ і прапанавалі іншую — ролю Барбарыны ў оперы Моцарта «Вяселле Фігара».

— Вы памятаеце сваё першае публічнае выступленне перад вялікай аўдыторыяй? Якія былі адчуванні?

— Гэта было пяць гадоў таму. Музычны дом «Класіка» арганізоўваў канцэрт «Класіка каля Ратушы», на плошчы сабралася дзесяць тысяч чалавек — гэта выклікала страх. Я разумела, што не павінна рэагаваць на знешнія раздражняльнікі. Як толькі ўзяла першую ноту, хваляванне сышло. Аркестр, дырыжор, публіка — усё было ідэальна. Я адчувала шалёную энергетыку, але такое бывае не часта. Я вельмі патрабавальная да сябе і іншых.

— На сцэне і ў жыцці вы...?

— Дзёрзкая і смелая. Я баец, прывыкла працаваць у поўную сілу. Да таго ж, я Авен! Не цярплю хлусні, несправядлівасці, заўсёды адстойваю сваю пазіцыю. Прайшоўшы праз цяжкасці, магу з упэўненасцю сказаць: яны зрабілі мяне мацнейшай. Камфортныя ўмовы для развіцця не далі б мне такіх вынікаў, якія я цяпер маю. Жыццё заўсёды расстаўляе ўсё па сваіх месцах.

— Вы — фіналістка тэлепраекта «Вялікая опера» 2017 года. Раскажыце пра гэты вопыт.

— «Вялікая опера» — мара для многіх вакалістаў. Гэта адзінае шоу для оперных спевакоў, таму ўсе вельмі хочуць у ім удзельнічаць. Калі ў Вялікі тэатр прыйшло запрашэнне ад арганізатараў конкурсу, мне прапанавалі адправіць заяўку. Тады на расійскі канал «Культура» прыйшло 900 лістоў ад ахвотных. З іх адабралі 36 выступоўцаў, і толькі дзесяць дайшлі да эфіру. У той час я шмат рэпетавала і ў мяне сеў голас. Прыйшлося ехаць на кастынг у такім стане. Вырашыла, што галоўнае — пазітыўны настрой. Я спадабалася суддзям і стала ўдзельніцай праекта, а пасля дайшла да фіналу. Пасля заканчэння конкурсу мяне сталі больш пазнаваць. З іншымі выступоўцамі мы і дагэтуль у добрых стасунках, лічым адзін аднаго сям'ёй, часта сустракаемся. Крута, што ва ўсіх, хто ўдзельнічаў у «Вялікай оперы», графік распісаны штохвілінна, без работы ніхто не застаўся.

— У 2016 годзе вы зняліся ў расійскім фільме «Анёл-выратавальнік» у ролі спявачкі Элен. Што цяжэй: спяваць на сцэне або знаходзіцца ў кадры?

— У кіно пануе іншая атмасфера, чым на канцэртах. Да здымак рыхтуешся цэлы дзень, робіш грым па некалькі гадзін. Адна рэпетыцыя, другая, трэцяя... не паспяваеш паесці. Да выступлення ж я рыхтуюся максімум гадзіну і сіл на гэта страчваю менш.

— Летась у вас адбыўся першы сольны канцэрт. Вы доўга да яго ішлі?

— Шчыра кажучы, я не марыла аб ім, мяне паставілі перад фактам, што ён будзе. Справа ў тым, што пасля маіх выступленняў многія гледачы пыталіся, калі ж адбудзецца сольнік Маргарыты Ляўчук. Дырыжор Андрэй Галанаў і мой прадзюсар Аляксандр Чахоўскі за невялікі прамежак часу ўсё арганізавалі. Мне было прыемна даведацца, што білеты на канцэрт былі хутка распрададзены па ўсёй Беларусі.

— Для оперных спевакоў важна мець добрую фізічную падрыхтоўку?

— Галоўнае, не запускаць сябе, бо гледачы хочуць бачыць перад сабой прыгожага дагледжанага артыста. Оперным спевакам нельга качаць прэс, таму што павінен быць свабодны мяккі жывот, каб набіраць паветра. Астатняе дазваляецца.

— У вашым профілі «УКантакце» стаіць цікавы статус: «Шануйце маю цішыню». У гэтым ёсць пэўны пасыл для вашых фаловераў?

— Сэнс гэтай фразы мае для мяне вялікае значэнне. У мяне і так шмат музыкі ў жыцці, таму дома люблю цішыню: сплю ў бірушах, не пераношу, калі турбуюць без важкай прычыны. Многія мужчыны, напрыклад, думаюць: калі яна не выстаўляе фатаграфіі са сваім хлопцам, значыць, у яе яго няма. Гэта не так! Я прыгожая дзяўчына, і ў дэпрэсіі не знаходжуся. Не люблю растрачваць сваю энергію, мне не трэба лішніх стасункаў. У вольны час я падобная на ката: сплю, ем, часам гуляю. Ведаю, што калі вярнуся дадому, трэба будзе вывучыць тры оперы да чэрвеня. Таму зараз дазваляю сабе рэлакс.

— Якая прафесійная парада будзе карысная для спевакоў-пачаткоўцаў?

— «Не захапляйцеся нюансамі, спявайце голасам». Гэтую фразу я пачула ад сваёй выкладчыцы па вакале. Спачатку было складана зразумець, аб чым гаворка, але з часам усё ўсвядоміла. Не трэба быць залішне пачуццёвым на сцэне, спрабаваць даказаць усім, што ты разумееш сэнс таго, пра што спяваеш. З-за гэтага голас часта застаецца «па-за кадрам», а так быць не павінна. Я сама змагаюся з эмацыянальнасцю, вучуся своечасова ўключаць «халодную» галаву. У оперы «Рамэа і Джульета», дзе я выконваю ролю Джульеты, мой партнёр — іспанец. У пятым акце пастаноўкі яго заўсёды захлістваюць эмоцыі, і ён плача. Для артыстаў добра, калі плачуць гледачы, а не мы. Таму для сябе я зразумела: на сцэне я спакойная, калі «паміраю», гэтак жа і «адраджаюся», не «нашу з сабой» ролю дадому.

І яшчэ адна парада, якая спатрэбіцца не толькі спевакам: стаўцеся да ўсяго спакойна. Не плачце з-за адной няўдачы і не занадта радуйцеся перамогам. Сёння мы можам быць вядомыя і багатыя, а заўтра застацца ні з чым. Трэба працаваць і ніколі не расслабляцца. Я чалавек, які жыве адным днём. Вядома, стаўлю перад сабой пэўныя мэты, але не глабальныя. Іду да іх паступова, каб не хвалявацца з-за надуманых вынікаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.