Вы тут

TV супраць YouTube: што выбірае моладзь?


Чым хутчэй развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, тым часцей паўстае пытанне: а ці цікава дзецям і падлеткам глядзець тэлебачанне і наколькі запатрабаваныя перадачы апошняга, разлічаныя на маладую аўдыторыю? Ці яе ўвагай ужо цалкам завалодаў інтэрнэт?


— Дакладнай статыстыкі ў нас няма — лічбы даволі складна сабраць, — гаворыць прадзюсар тэлеканала «Беларусь 2» Ягор Шолькін. — Аднак вядома, што тэлебачанне часцей глядзяць падлеткі ў невялікіх гарадах і вёсках. Мяркую, што гэта звязана з тым, што там асабліва няма чым займацца, тады як, напрыклад, у сталіцы жыццё віруе. Мы стараемся ствараць праекты, якія будуць цікавыя дзецям, рукамі саміх дзяцей: ездзім па рэгіёнах, даведваемся пра інтарэсы падлеткаў, бо без іх ідэй не разумеем, што «зойдзе» аўдыторыі, а што — не.

А як жа меркаванне, што падлеткі зусім не глядзяць тэлевізар, паколькі ў іх ёсць альтэрнатыва: смартфоны, планшэты, ноўтбукі? Дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Алеся Кузьмінава лічыць: «Калі тэлепраграмы яго перанясуць на інтэрнэт-пляцоўку, то ў іх павялічыцца шанц дастукацца да гледача, прыцягнуць увагу». На кафедры праводзілі даследаванне: апыталі паўтары тысячы старшакласнікаў, студэнтаў і выпускнікоў, і высветлілася, што моладзь пазнае тэлеперадачы па назве, ва ўсялякім разе рэспандэнты могуць прыкладна расказаць, пра што яны. Але іх рэйтынг даволі нізкі з-за таго, што тыя не прадстаўлены на платформах у інтэрнэце.

З вынікамі гатовы паспрачацца галоўны рэдактар сайта факультэта журналістыкі Аляксандр Градзюшка. Калі тэлеперадача загружаецца ў інтэрнэт, але не адаптуецца пад яго, яна ўсё адно не будзе папулярнай, лічыць ён. «Відэасюжэт на ТБ і відэасюжэт у сеціве — зусім розныя рэчы, — кажа галоўны рэдактар сайта. — У інтэрнэце працягласць прагляду — дзве-тры хвіліны аптымальна, а ў ідэале — паўтары хвіліны. Калі сюжэт вялікі, як на тэлебачанні, яго проста не даглядзяць да канца».

...Адметна, што цяпер па колькасці праглядаў у падлеткаў пераважае забаўляльны кантэнт. Становяцца папулярнымі зусім іншыя фарматы, далёкія ад фарматаў традыцыйных медыя. Да таго ж, моладзь стала давяраць не выступоўцам, якіх бачыць па тэлебачанні, а лідарам меркаванняў, блогерам, што выказваюць асабістыя пачуцці, думкі. Апошнія могуць быць далёкімі ад аб'ектыўных, але яны знаходзяць водгук у аўдыторыі.

Гэта пацвярджаюць падлеткі 13—14 гадоў з мінскай дзіцячай тэлестудыі «Пражэктар». Яны — частыя наведвальнікі папулярнай інтэрнэт-пляцоўкі для загрузкі і прагляду відэа YouTube. Некаторыя з іх лічаць, што на ТБ не хапае праграм пра Беларусь, яе адметныя мясціны, пра тое, што адбываецца ў жыцці падлеткаў: канцэрты, выстаўкі і іншыя мерапрыемствы. У сваёй тэлестудыі яны з дапамогай кіраўніка, дырэктара Веры Ткачэнкі ствараюць тыя праграмы, якія іх цікавяць.

З 2016 да 2019 года падлеткі зрабілі і выпусцілі ў эфір пры падтрымцы «Сталічнага тэлебачання» два адукацыйныя сацыяльныя праекты для дзяцей «Беларусь на далоньцы» і «Юныя чэмпіёны», дзе вядучыя — таксама дзеці. Усяго на рахунку «Пражэктара» — 53 выпускі з рознай тэматыкай і рубрыкамі: «Гісторыя беларускага цырка», «Музей касманаўтыкі», «Усё пра самы вялікі ў свеце самазвал — БелАЗ», «Стадыён «Дынама», «Крэўскі замак» ды іншыя.

Дырэктар тэлестудыі Вера Ткачэнка цалкам згодная, што час змяніўся, і YouTube больш прываблівае моладзь. Аднак яна змагаецца за тое, каб на тэлебачанні абавязкова існавалі дзіцячыя праекты, якія робяцца самімі хлопчыкамі і дзяўчаткамі. Бо тое, што кажуць блогеры — не заўсёды карэктна і праўдзіва. Трэба мадыфікавацца, развівацца, шукаць новыя шляхі да прываблівання аўдыторыі. «Галоўнае — зрабіць праект так, каб было захапляльна, весела, драйвова, — кажа яна. — А пасля адаптаваць гатовы прадукт пад інтэрнэт-пляцоўку».

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.