Вы тут

Ці пісаў Адамовіч вершы? Разважанні наконт таго, як не страціць галоўнае


«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Сёння на YоuTubе набірае папулярнасць ролік, дзе адзін бабруйскі журналіст у рэпартажы з Глушы робіць неверагодныя адкрыцці. На фоне арт-прыпынку ў гонар Алеся Адамовіча ён кажа пра тое, што на сцяне незвычайнага аб'екта акрамя партрэта класіка ёсць яшчэ і яго верш, прысвечаны малой радзіме. А нобелеўскую лаўрэатку, аўтара пранізлівых «Цынкавых хлопчыкаў» і «У вайны не жаночы твар» Святлану Алексіевіч называе «вядомым драматургам». Гэтыя так званыя журналісцкія ляпы выклікаюць па меншай меры прыкрасць.


Алесь Адамовіч, калі і пісаў вершы, нікому іх дакладна не паказваў. Яго дачка Наталля не прыгадала, каб бацька дэкламаваў родным нешта вершаванае са свайго. А на сцяне прыпынку ў Глушы цытата з апошняга твора-прызнання пісьменніка «Віксі», кранальнага і моцнага па ўздзеянні, дзе ён дзяліўся самым патаемным. Нагадаем, што грошы на афармленне прыпынку сабраў Андрусь Архіпенка, бабруйскі актывіст, які згуртаваў вакол сябе такіх жа ініцыятыўных, як ён сам, людзей. У іх планах маштабны праект па ўвекавечанні памяці вядомага земляка. Чарговы этап — устаноўка помніка Алесю Адамовічу. Усе неабходныя дакументы зараз знаходзяцца на разглядзе ў Бабруйскім райвыканкаме. А ініцыятыўная суполка ўжо марыць стварыць у Глушы адпаведную інфраструктуру — паказальнікі, інфармацыйныя таблічкі, звязаныя з імем Адамовіча. Нядаўна яны прадставілі адмысловы праект на конкурсе сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd.

Гэта тое месца, дзе ініцыятыўныя і захопленыя маюць магчымасць атрымаць грошы на добрыя справы. Праект падтрымалі таксама журналісты «Звязды», магілёўскія гісторыкі, пісьменнікі, грамадскія дзеячы.

У Бабруйскім райвыканкаме задаволены дзеяннямі ініцыятыўнага хлопца.

— Ён не пустаслоў, у адрозненне ад некаторых іншых, — кажа Галіна Чарнова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама. — У нас з ім канструктыўнае супрацоўніцтва. Вось і з помнікам вырашаем пытанне. Плануем пакуль устанавіць яго каля сельскага Дома культуры. Там жа збіраемся размясціць экспазіцыю «Жыццё і творчасць Алеся Адамовіча», пад яе ўжо вызвалена памяшканне плошчай 70 квадратных метраў. Архітэктурны праект зацверджаны, шукаем сродкі, каб рэалізаваць яго. Потым, калі будзе музей у будынку аптэкі, усё гэта туды перадасца.

Ідэолаг запэўнівае, што райвыканкам акажа садзейнічанне і ў распрацоўцы турыстычнага маршруту. Што датычыцца прыпынку, то ён сапраўды стаў упрыгожаннем Глушы. І што радуе, адзначыла Галіна Чарнова, вандалы яго не чапаюць. Адчуваецца, што да Адамовіча мясцовыя жыхары заўсёды адносіліся з павагай.

Зараз Андрусь працуе над стварэннем грамадскай арганізацыі, каб узяць на баланс будынак аптэкі і адрамантаваць яго гаспадарчым спосабам. У райвыканкаме кажуць, што парадак рамонту ў гэтым выпадку будзе спрошчаны.

— А мы будзем хадайнічаць перад аблвыканкамам, каб аддаць і гэты будынак, і тыя грошы, якія акумулююцца на рахунку, — удакладняе Галіна Чарнова.

Прыгадалася, як адзін чыноўнік калісьці казаў: калі народу патрэбны будзе музей Адамовіча, ён хуценька назбірае грошы на яго рэканструкцыю. Дабрачынны рахунак, маўляў, ёсць, што яшчэ трэба?

Самы вялікі ўнёсак зрабіла беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. Але апошнія два гады сума практычна не мяняецца. Яе не хапае нават на праектна-каштарысную дакументацыю. Парадокс вось у чым. Андрусь Архіпенка рахунак не адкрываў, але змог сабраць грошы і на прыпынак, і на помнік, збярэ і на інфраструктуру (можна не сумнявацца). Значыць, інтарэс да Адамовіча ёсць?

Напэўна, ён быў бы яшчэ большы, калі б пра беларускіх пісьменнікаў часцей нагадвалі не толькі на ўроках у школе або на нейкіх камерных мерапрыемствах. Наогул, культура — рэч тонкая. Нядаўна глядзела ў тэатры цудоўную п'есу — вельмі цікавая філасофская рэч па творы вядомага заходняга аўтара. І было крыху не па сабе, калі побач зусім маладзенькія глядачкі пачалі заўзята апладзіраваць пад завадную музыку інквізітару, які ў такт мелодыі насаджваў на шомпал лялечныя фігуркі. Сцэнічны герой выглядаў падчас катаванняў сапраўдным мача. Магчыма, гэта і захапіла дзяўчатак, але зноў такі пачуццё прыкрасці засталося. Як і ад вершаў Адамовіча.

Тым больш прывабнымі на гэтым фоне выглядаюць маладыя актывісты, якія ствараюць літаратурны астравок у Глушы, вывучаюць творы Алеся Адамовіча і папулярызуюць іх сярод аднагодкаў.

Нядаўна Андрусь зноў патэлефанаваў, каб паведаміць пра чарговую ідэю.

— Паводле твораў Адамовіча было знята шмат кінакарцін. Мы з сябрамі падумалі і вырашылі, а што калі працягнуць гэтую традыцыю і паспрабаваць стварыць новыя сюжэты? Прапануем усім ахвотным падтрымаць наш конкурс буктрэйлераў пад назвай «Ідзі і чытай» і зняць невялікі ролік на адну з кніг Адамовіча працягласцю не болей за чатыры хвіліны. Зняць яго можна на любую прыладу — відэакамеру, планшэт або тэлефон. Але перш за ўсё трэба падаць заяўку на сайце.

Карысць двайная, атрымаеце асалоду ад прачытання твораў Адамовіча, а яшчэ і зможаце зарабіць. Пераможцы будуць вызначаны ў трох намінацыях — «Найлепшы сцэнарый, ідэя буктрэйлера», «Найлепшая відэааператарская работа і мантаж» і Гран-пры за найлепшы сцэнарый і тэхнічнае выкананне. Абавязкова трэба пазначыць назву твора і імя аўтара. Конкурс доўжыцца да 15 ліпеня. Інфармацыя пра змены будзе публікавацца ў групах конкурсу ў сацыяльных сетках і на сайце аdаmоvісh.bу. Узнагароджанні пераможцаў і адкрыты прагляд буктрэйлераў адбудзецца ў верасні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама:

р/р BY84АKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».