Вы тут

Прамежкавыя вынікі бітвы за «Ураджай»


У асяродку мастакоў можна пачуць такі афарызм: калі хочаш намаляваць дрэва, малюй пустату паміж галінкамі. Мне падаецца, гэтым выразам можна трапна ахарактарызаваць не толькі мастацкую, але і драматургічную тэхніку, асаблівы стыль драматурга Паўла Пражко. Фіксуючы ў словах і здымках побытавыя пустэчы нашай паўсядзённасці, Пражко ўрэшце стварае панарамны вобраз сучаснага чалавека — героя, з якім, па вялікім рахунку, нічога не адбываецца, але ў той жа час адбываецца яго жыццё.


Сцэна са спектакля «Ураджай».

Адзін з першых тэкстаў Пражко, які «выстраліў», — «Ураджай» — таксама пра гэта, але не толькі. Два хлопца і дзве дзяўчыны збіраюць яблыкі ў нейкім садзе, без асаблівай прывязкі да часу і прасторы. Гледачу зразумела, што нехта збіраў тут садавіну да іх, пакінуўшы пасля сябе паламаныя скрыні. І што нехта прыдзе ў сад пасля гэтай чацвёркі, дарэчы, не на лепшую спадчыну: «Як змаглі, так сабралі», — кажа адзін з герояў Ягор, аглядаючы сумніўны вынік працы, якую вянчае адвернуты сук.

Побытавасць камунікацыі паміж персанажамі, пэўная камічнасць не адмаўляюць глыбіні трактоўкі. «Ураджай» можна ўспрыняць як абсурдысцкую п’есу: чалавецтва, пазбаўленае гармоніі ды такая сабе пачатковая стадыя распаду мовы. П’есу можна прачытаць як прытчу: прыйшлі на паламанае — паламанае і пакінем пасля сябе, бо няма нічога новага пад сонцам. Тэкст можна інтэрпрэтаваць як пакаленчае выказванне: мы маладыя, мы прыйшлі ў сад, мы маглі б нешта зрабіць, але не ведаем, што і як правільна.

І пры такіх магчымасцях «Ураджай» мае на дзіва незайздросны лёс на сталічнай сцэне. Напісаны ў 2007 годзе тэкст на пляцоўцы Цэнтра беларускай драматургіі у 2009-м досыць аскетычна, у фармаце чыткі прадставіў рэжысёр Павел Харланчук. У 2012-м на сцэне ўсё таго ж ЦБД адбылася абмежаваная колькасць паказаў спектакля «Ураджай» рэжысёра Таццяны Ларынай. А ў рэпертуарны тэатр п’еса трапіла больш чым праз дзесяць гадоў пасля напісання: на пачатку 2019-га рэжысёр Дзмітрый Цішко паставіў яе на камернай сцэне Купалаўскага.

Час ад часу даводзіцца чуць пра нейкую асаблівую мадэль развіцця беларускага тэатра: маўляў, еўрапейскі тэатр — гэта не наш кантэкст, мы ідзём па сваім уласным шляху. Выпадак з «Ураджаем» для мяне яскрава дэманструе: часцяком пад шыльдай уласнага шляху апынаецца татальная рассінхранізацыя тэатральных працэсаў. Фактычна і праз дзесяцігоддзе мы не займелі належнай пастаўленай версіі гэтага «праграмнага» тэксту Пражко (як, дарэчы, і належнага існавання гэтага драматурга ў беларускім тэатральным кантэксце). Чытка Харланчука была такім сабе шапачным знаёмствам. Версія Таццяны Ларынай была самай цікавай з трох згаданых, але так і не атрымала рэпертуарных магчымасцяў і выхаду да шырокага гледача. «Ураджай» Цішко, хоць і пастаўлены мала таго, што ў рэпертуарным, дык у дадатак галоўным драматычным тэатры краіны, але ж рэжысёр паўнавартасна не раскрыў магчымасцяў тэксту, фактычна прадставіўшы яго як досыць шараговую камедыйную п’есу.

Пра «Ураджай» Дзмітрыя Цішко, канечне ж, варта пагаварыць асобна, як і пра самы свежы погляд на гэты тэкст і адпаведна своеасаблівы маркёр цяперашняга стану рэчаў. Студзеньская прэм’ера п’есы Пражко паказала, што праблема ўзаемадзеяння з сучасным тэкстам, напісаным сучаснай мовай, па-ранейшаму актуальная для нашай прасторы, нягледзячы на ўсе поспехі праектнага тэатра.

Ключавым элементам для спектакля Дзмітрыя Цішко становіцца эксцэнтрыка. Чацвёрка персанажаў і рэплікі проста не скажа: любое дзеянне для іх — гэта катастрофа; любое слова прамаўляецца падкрэслена акцэнтавана. Прыбіванне дошкі да дна скрыні выглядае як выратаванне сусвету, а простае пытанне пра назву гатунку яблык аздабляецца асаблівай інтанацыяй. Побытавасць, звычайнасць, закладзеныя ў тэкст Пражко, вынішчаныя. Тут, на мой погляд, і здарыўся асноўны канфлікт рэжысёра ды матэрыялу. Ва «Ураджаі» Пражко героі гавораць пра яблыкі, пра тое, як іх збіраць ды захоўваць, але насамрэч вядуць гаворку пра нешта іншае, што выказаць па нейкай прычыне не здольныя. Гэты тэкст пра тое, як сёння будуецца камунікацыя за сталом, дзе абедаюць у той час, калі руйнуюцца лёсы. Варта толькі памятаць, што і словы, і стравы, і сервіроўка за абедам сёння іншыя, зрэшты, маштаб руйнавання — таксама. Аднак замест акцэнтаванай побытавасці на сцэне Купалаўскага з’яўляецца гратэск.

Эксцэнтрыка добра заўважная ў вырашэнні мізансцэн. Вось празрыстая кроў хлешча струменьчыкам з парэзу. Вось клубы дыму ад маленькай цыгарэты зацягваюць сцэну, а хлопцы замілавана ўдыхаюць «свежае паветра». Вось Валера карцінна патрапляе малатком па пальцах. Усё гэта так нагадвае цыркавыя рэпрызы, што ў пэўны момант ловіш сябе на думцы: выйдзі ў гэты драўлянаяблычны аскетызм Нікулін і Шуйдзін са славутым бервяном — яны б нічога не разбурылі, нібыта толькі іх і чакалі.

Дарэчы, пра аскетычную сцэнаграфію Андрэя Жыгура варта сказаць асобна: гэта адзін з самых моцных складнікаў спектакля. Сцэнічная прастора ператворана ў вялікую скрыню, у якой змяшчаецца цэлы свет — сад, вуглаватая драўляная яблыня, маленькія скрынкі, грудкі яблык. Аднак рашэнне рэжысёра крыху прыглушае гэты касмічны пачатак, ствараючы алюзію на цыркавы манеж, дзе адбываецца дзеянне. Светскрыня трапна спалучыўся б і з фіналам Пражко — песняй «Sky is over» Сержа Танкяна. Але на фоне зруйнаванага саду замест «неба больш няма» гучыць джазавы матыўчык, які паралеліцца з не менш вясёлым пачаткам, дзе героі спявалі дзіцячую песеньку пра «Ураджай»…

Пра што думаецца пад гэтую вясёлую музычку і хрумст яблыкаў, з якімі акцёры выходзяць на паклон у разбураны сад? Пра тое, што трактоўкі ды пошукі могуць быць розныя, але бітву за «Ураджай» мы пакуль што прайграём. Не, безумоўна, перамогі ёсць. Сталічны рэпертуар займеў, нарэшце, адну з найлепшых п’ес Паўла Пражко. Але займець і зразумець — паняцці пакуль не тоесныя. Можна перайначыць мастакоўскі афарызм на тэатральны капыл: збіраючы «Ураджай», збірай і пустату паміж яблыкамі. Але дзесяцігоддзя нам для гэтага мала.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Ганны ШАРКО

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.