Вы тут

Юрый Горлаў: Займацца неабходна тым, што прыносіць прыбытак


На пасаду старшыні райвыканкама ён прызначаны паўгода таму. Падчас узгаднення яго кандыдатуры кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтную задачу па развіцці горада. Справа ў тым, што Маладзечна ўваходзіць у лік адзінаццаці буйных населеных пунктаў краіны з колькасцю насельніцтва больш за 80 тысяч чалавек. У Маладзечанскім раёне перш за ўсё акцэнт зрабілі на развіццё прамысловасці і самога горада з вялікім сацыяльна-эканамічным патэнцыялам, на пытанні працоўнай занятасці і заработнай платы. Сярэдні заробак за мінулы год тут склаў 801 рубель.


— Юрый Мікалаевіч, якія рэзервы вы бачыце ў павышэнні заробкаў, працоўнай занятасці?

— У нашым рэгіёне налічваецца 150 суб'ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці, у тым ліку 39 прамысловых прадпрыемстваў. Прадукцыя рэалізуецца ў 37 краін свету, але найбольшы аб'ём яе — 75 % — экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю. Таму працуем над дыверсіфікацыяй прадукцыі. Такія прадпрыемствы, як Маладзечанскі малочны камбінат, Малінаўшчызненскі завод «Аквадзіў», «Велес-Міт», выйшлі на рынкі Кітая. Што датычыцца апошняга, то ў яго велізарны патэнцыял.

Сельская гаспадарка ў агульным аб'ёме прадукцыі складае 8 %. І я бачу патэнцыял у яе развіцці. Маладзечанскі раён можа дасягнуць валавога збору збожжа не менш як 100 тысяч тон. Летась, напрыклад, перагледзелі структуру пасяўных плошчаў. Канешне, рабіць гэта неабходна паступова. Сёлета прадпрыемствы, якія на працягу многіх гадоў займаліся цукровымі буракамі і неслі страты, выслабанілі ад гэтых абавязкаў. На маю думку, трэба займацца тым, што дае прыбытак. Сёння ў раёне вырошчваецца 600 гектараў ільну. Гэта нямнога, тым не менш бачым і тут праблему. Таму прынялі рашэнне, што даўгунцом зоймецца райаграсэрвіс. У гэтым выпадку будуць іншая зацікаўленасць, зніжэнне затрат і атрыманне прыбытку ад рэалізацыі льновалакна на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Мінаблвыканкам нам дапамагае ў набыцці 20 адзінак «льняной» тэхнікі.

Калісьці раён уваходзіў у лік сямі раёнаў Міншчыны па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Гэтыя пазіцыі трэба адраджаць. За тры месяцы мінулага года пабудавалі трынаццаць прафілакторыяў для цялят да двух месяцаў, у сёлетніх планах — яшчэ больш за дваццаць.

У гаспадарцы «Гарадзілава» пабудавалі свінагадоўчы комплекс на 100 тысяч галоў, такі ж узвялі ў «Палачанах».

Ёсць у нас і планы па рэарганізацыі сельгасарганізацый, якія сёння працуюць не на поўную сілу. Дзякуючы Указу кіраўніка дзяржавы ідзе іх аздараўленне, матэрыяльнае ўмацаванне, набываецца лізінгавая тэхніка за кошт бюджэту Мінскай вобласці. Гэта сур'ёзная падтрымка і штуршок для далейшага развіцця.

— У Маладзечне вялікі прамысловы патэнцыял яшчэ з савецкага перыяду. Апошнія гады даволі паспяхова працуе малы і сярэдні бізнес. Якія перспектывы ў гэтых кірункаў?

— У горадзе ў савецкі перыяд працавалі магутныя прадпрыемствы, у тым ліку такія, як заводы «Спадарожнік», «Модуль», дзе колькасць работнікаў дасягала 5—7 тысяч. І сёння ў нас ёсць магутнасці для развіцця прамысловага патэнцыялу. У жніўні мінулага года па аснове Указа Прэзідэнта прынятае рашэнне аб уключэнні
96 гектараў плошчаў, што належаць чатыром прамысловым прадпрыемствам, у свабодную эканамічную зону «Мінск». З гэтымі пляцоўкамі актыўна працуем.

У раёне шырока прадстаўлены малы і сярэдні бізнес. У нас больш як 1,5 тысячы такіх прадпрыемстваў, больш за 3,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. У экспарце тавараў і паслуг сярэдні і малы бізнес займае 50 %. Мяркуем давесці яго да сусветнага ўзроўню — 69—70 %. Дэкрэт Прэзідэнта № 7 сёння дазваляе любому чалавеку адкрываць сваю справу, што дае штуршок для развіцця рэгіёна. На тэрыторыі раёна налічваецца 26 ужо гатовых пляцовак, якія можам прапанаваць для наладжвання бізнесу, у тым ліку 13 па інвестыцыйных дагаворах і 11 аўкцыённых.

— Як кажуць, парадак пачынаецца з малога — парадку на зямлі. Наколькі ведаю, у Маладзечанскім раёне ў гэтым кірунку напрацаваны добры вопыт. Ці не так?

— Сёлета ў горадзе рэалізаваны праект па зносе нявыкарыстанай маёмасці. У прыватнасці, у цэнтры разбураўся будынак на працягу дваццаці гадоў. Яго знеслі, расчысцілі тэрыторыю і прынялі рашэнне абсталяваць тут зону адпачынку: паставім лаўкі, пасадзім дрэвы, кветкі. Непадалёку знаходзіцца інтэрнат, дзе жывуць маладыя сем'і з малымі. Ім будзе дзе пагуляць, падыхаць свежым паветрам.

Прадоўжым азеляненне безгаспадарчых участкаў абапал аўтамабільных трас. Пастаўлена задача перад кожнай арганізацыяй, прадпрыемствам на сваіх тэрыторыях высадзіць дрэвы, кусты, уладкаваць кветнікі. У далейшым падумаем, як арганізаваць конкурс па выніках 2019 года на найлепшае прадпрыемства па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні.

Сёлета Беларусь святкуе 75-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сувязі з чым кіраўнік дзяржавы ставіць задачу навесці парадак на воінскіх пахаваннях. Мы перагледзім папярэдняе рашэнне райвыканкама і замацуем за арганізацыямі кожны помнік, магілу. Прычым правядзём гэтую работу не да 3 ліпеня, а да 9 мая.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Тры пытанні да ўлады

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».