Вы тут

З Небам — на сваёй мове


Беларускамоўным шляхам цяпер можна рухацца да найвышэйшых ісцін, далучацца да хрысціянскіх каштоўнасцяў, прамудрасцяў і традыцый. Бо ўжо ёсць пераклады Новага Запавету на беларускую мову і нават на палескую гаворку.


Фёдар Клімчук. Фота: imenamag.by

Гаварыць з Усявышнім па-беларуску — даўно не навіна. І на палескай гаворцы — таксама: мяркую, ад нараджэння тое робяць тысячы палешукоў-хрысціян. Ды некаму можа падацца дзіўным: навошта ж было ўвесь Новы Запавет перакладаць яшчэ й на мову дыялектную? А зрабіў тое кандыдат філалагічных навук Фёдар Клімчук (1935–2018). Памёр ён, трохі не дачакаўшыся выхаду кнігі. Пераклаў Евангелле на мову, якую чуў з маленства ў роднай вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна. Пераклад у выданні, што нядаўна пабачыла свет, пададзены ў заходнепалескай спрошчанай транскрыпцыі. Гэта, казаў мовазнаўца, каб кожны чалавек, хто ведае адзін-два кірылічныя алфавіты й хоць бы адзін лацінскі, мог чытаць тэксты без каментароў: так, як гучаць яны ў брэсцка-пінскіх гаворках.

Дык усё ж: навошта?..

Мова як шлях да духоўнасці

Звернемся спачатку да самога Евангелля. У святога апостала Паўла, у ягоным Першым пасланні да карынфянаў знаходзім глыбокую развагу: “Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі; Але ў царкве лепей хачу пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых настаўляць, чым процьму словаў на мове незнаёмай” (І Кар., 14: 18,19). Тым і кіраваліся ў розныя часы асветнікі, перакладаючы Новы Запавет, робячы яго зразумелым па ўсім свеце. І ў падзвіжніцкай працы ўсходнеславянскага першадукара Францыска Скарыны ёсць такі пасыл: пашырэнне кніг Бібліі, бо яны ж якраз і перакладаліся, друкаваліся “люду паспалітаму для навучання”.

На Беларусі жывуць праваслаўныя хрысціяне, католікі, уніяты, пратэстанты. І гістарычна сталася так, што тут, у цэнтры Еўропы, між глабальнымі культурнымі традыцыямі Усходу і Захаду мова набажэнстваў у розных храмах, малітоўных дамах мае свае адметнасці. Дзеля таго, каб з Небам зносіцца можна было па-свойску, на зразумелай, звычнай мове, і адаптуюцца ў Беларусі да сучаснай беларускамоўнай сітуацыі біблійныя тэксты.

На пачатку года, як вядома, ушаноўваліся лаўрэаты прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. У іх ліку былі й перакладчыкі Бібліі на родную мову. Гэта калектывы Біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі.

Вось што казаў пасля тае ўрачыстасці карэспандэнту газеты “Звязда” Ніне Шчарбачэвіч протаіерэей Сергій Гардун — старшыня рабочай групы і адказны рэдактар перакладу, які зроблены праваслаўнай царквой: “Прыемна, што на такія рэчы, як пераклад Бібліі на родную мову, наша грамадства і ўлады звяртаюць увагу і цэняць іх. Чаму гэта так важна для мяне асабіста?.. Я вырас у той час, калі за наведванне храма, хрышчэнне, вянчанне звальнялі з работы. Евангелле было пад забаронай. Хоць за мяжу выязджалі рэдка, але калі ехалі, то Свяшчэннае Пісанне канфіскоўвалі. Гэта кніга дзесьці была, але ў вельмі абмежаванай колькасці. Цяпер мы жывем у краіне, дзе зусім іншае стаўленне да царквы, да Бібліі. Яна прызнаецца самай важнай і галоўнай кнігай, прычым для ўсяго чалавецтва. Гэта радасна і прыемна”. Святар спадзяецца, што новыя пераклады “будуць больш чытацца, пашырацца, мы наблізімся да сваіх вытокаў. Будзем адчуваць сваю роднаснасць з Кірылам Тураўскім, Еўфрасінняй Полацкай, прападобнамучанікам Афанасіем, Францыскам Скарынам. Яны жылі ў хрысціянскай традыцыі, заклалі падмурак нашай культуры, духоўнасці. Важна, каб мы не толькі памяталі імёны, але й набліжаліся да іх духоўнасці. Пераклады таму спрыяюць, і сама прэмія спрыяе духоўнаму адраджэнню”.

Протаіерэй Сергій Гардун. Фота: izdatsovet.by

Заслугоўвае вялікай павагі, што пераклад Евангелля, пра які гаворыць айцец Сергій, зроблены з арыгінала, хоць у постсавецкі час было складана знайсці людзей, якія ведаюць і старажытнагрэчаскую мову, і сучасную беларускую. Звярталіся перакладчыкі да іншых перакладаў, да прац Скарыны: глядзелі, якую ён выкарыстоўваў лексіку. І, па сутнасці, прадоўжылі яго традыцыю. Святар заўважае, што раней беларускія пераклады Евангелля рабіліся не ў надта спрыяльных умовах: “Скажам, пераклад пратэстанта Лукаша Дзекуця-Малея, які выйшаў у 1931 годзе, рабіўся ў межах тагачаснай Польшчы. А польскі ўрад вельмі адмоўна ставіўся да беларускай мовы й да беларускага нацыянальнага жыцця. У такіх умовах людзі спрабавалі нешта рабіць. Дзекуць-Малей не меў дастатковай адукацыі, перакладаў з рускай і з польскай моў. Нехта іншы пасля спрабаваў зрабіць яшчэ лепшы тэкст”.

Цікава, што айцец Сергій, жывучы з дзяцінства ў беларускай вёсцы, якраз у беларускамоўнай плыні пачувае сябе найбольш арганічна: “Больш-менш размаўляць па-руску я пачаў з чацвёртага класа. Да таго быў псіхалагічны бар’ер: я хоць і разумеў, але не казаў. Напрыклад, некаторыя рускія словы, мне здавалася, вельмі дзіўна гучаць, я чырванеў, калі вымушаны быў іх прамаўляць. Да таго ж думаў: як гэта гаварыць не на роднай мове, а на нейкай іншай?.. Па праўдзе кажучы, да канца школы, па-за межамі ўрокаў мы заўсёды размаўлялі на сваёй мове. Я назіраў, што толькі адслужыўшы ў войску, вяртаючыся, хлопцы пачыналі размаўляць па-руску. Мы ж у побыце карысталіся сваёй мовай. Я люблю мовы, рускую мову люблю. Па-польску таксама выдатна чытаю, пішу і неяк нават перакладаў афіцыйную сустрэчу. Але ў жыцці аддаю перавагу беларускай мове. Прамаўляю на ёй пропаведзі, размаўляю, калі ёсць з кім”.

На вокладцы беларускамоўнага Евангелля змешчаны еўфрасіннеўскі крыж: адзін з сімвалаў Беларусі.

“У думках перамяшчаўся ў Палестыну...”

У Фёдара Клімчука, у адрозненне ад калег-перакладчыкаў, не было за спіной матэрыяльнай падмогі касцёла ці царквы. І працаваў паляшук адзін. А другое ўжо выданне яго перакладу Новага Запавету (па-палеску пішацца: “Новый Завіт”) гэтым разам поўнае. Грошы на кнігу збіралі краўдфандынгам па ініцыятыве праекта “Традыцыя” на чале з вядомым спеваком Сержуком Доўгушавым. “Фёдар Клімчук быў захоплены таксама й гісторыяй, фальклорам, этнаграфіяй не толькі роднага Палесся й Беларусі ў цэлым, але й многіх краін Еўропы, — паведаміў нам пра старэйшага сябра Сяржук. — Ён даследваў гісторыю такіх этнічна складаных рэгіёнаў як Крым, былая Югаславія, Карабах. Першым у Беларусі пачаў выкарыстоўваць этналінгвістычную метадалогію, распрацаваную маскоўскім акадэмікам Мікітам Талстым. Значную частку даследаванняў Фёдар Данілавіч, працуючы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, праводзіў у вёсцы Сіманавічы, што за 10 км на поўнач ад Драгічына, і ў заходнепалескім рэгіёне. За яго плячыма больш за 200 навуковых прац, безліч экспедыцый”.

Народныя спевы былі яшчэ адным захапленнем палешука — тым і зблізіліся, пэўна ж, навуковец і спявак. Фёдар Данілавіч сам запісаў, ведаў каля 1000 песень на мясцовым дыялекце, на літаратурнай беларускай, украінскай, рускай і польскай мовах; пераняў іх ад маці, Настассі Андрэеўны Клімчук (1912–1989) і ад многіх сваіх аднавяскоўцаў. Для перакладу асноўнай часткі Новага Запавету рупліўцу спатрэбілася больш за 20 гадоў. Асабліва плённа працаваў над перакладам на пенсіі. Сам Фёдар Данілавіч пісаў, як тое рабіў: “Звычайна... браўся адзін верш... Тэкст перачытваўся. Затым я ў думках перамяшчаўся ў Палестыну першай паловы І ст. н. э., нібыта станавіўся непасрэдным назіральнікам тых падзей... І распавядаў сваім землякам... што пабачыў. Потым я гэтае паведамленне запісваў”.

Для перакладу навуковец, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі 2000 года ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук (як адзін з аўтараў “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”) выкарыстоўваў тэксты на беларускай, украінскай, рускай, стараславянскай мовах. Пераклаўшы кавалачак, Фёдар Данілавіч зачытваў яго маці. Калі яна казала: “Не, мы так не гаворым”, — перарабляў. Удакладняў у старэйшых аднавяскоўцаў розныя словы. Казаў сябрам і цікаўным: калі на нейкую мову перакладзеная Біблія — значыць, мова тая ніколі не знікне й не забудзецца.

Так і захаваў вучоны роднай палескай вёскі гаворку — на стагоддзі. Як кажуць, і Богу, і людзям на карысць. Зроблены ім пераклад ужо называюць: “Палеская Біблія”.

Сяржук Доўгушаў яшчэ тлумачыць, спасылаючыся на досвед сябра: дыялекты, на якіх існуе багатая літаратура, ва ўсходнеславянскай традыцыі прынята называць літаратурнымі мікрамовамі. У іншых краінах іх называюць рэгіянальнымі мовамі. Вось Фёдар Клімчук і падвысіў статус палескай гаворкі, вывеў яе з зоны дыялектаў у мікрамовы, бо выдаў па-заходнепалеску і “Слова пра паход Ігаравы”, і ўрыўкі з твораў Гамера, Талстога і Гогаля, перакладаў Шата Руставэлі...

Цалкам ці часткова Біблія перакладзеная ўжо на паўтары тысячы моваў, мікрамоў і дыялектаў свету. Цяпер сярод іх — і гаворка вёскі Сіманавічы, высокае Неба для жыхароў якой дзякуючы рупліўцу-земляку стала крышку бліжэйшым.

 

Землякі Фёдара Клімчука з “Новым Завітам” у народных строях на прэзентацыі выдання. Фота novychas.by

Іван Ждановіч 

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».