Вы тут

Навум Гальпяровіч. Лёгкая зямля…


Нявыдуманыя апавяданні

Паэт з зоны

Сустрэчы часам бываюць зусім нечаканыя. Асабліва калі жывеш у невялікім горадзе і працуеш карэспандэнтам рэспубліканскага радыё. Не паспее прагучаць у эфіры твой чарговы рэпартаж, як абавязкова нехта, сустрэўшы на вуліцы, тут жа выкажа сваю думку, падзеліцца ўласным уражаннем.

Гэта ў поўнай меры спазнаў я, калі жыў і працаваў у Наваполацку. І не сказаць, каб тыя абставіны надта цешылі самалюбства. Хутчэй наадварот, яны надавалі больш клопатаў і перажыванняў, бо я штодня нібы знаходзіўся сам-насам са сваімі думкамі і справамі перад тысячамі людзей.

Ды што там гаварыць, калі выпадковы прахожы мог зрабіць мне якую заўвагу ці пачаць высвятляць падрабязнасці таго, што мною было агучана ў эфіры, я заўсёды хваляваўся: ці так раблю, як трэба…

І ўсё ж тая сустрэча была незвычайнай. Вяртаючыся з працы дадому, я заўважыў у двары дарагую іншамарку, ля якой стаяла невялікая купка людзей, плячыстых, коратка пастрыжаных, падобных на тых, якіх у наш час называлі качка́мі.

На сэрцы стала неяк трывожна, тым больш, што ад купкі аддзяліўся адзін, які стаў рухацца да мяне…

Нечакана на яго вуснах паявілася прыязная ўсмешка.

— Добры дзень! Вы мяне не ведаеце, а я вас добра ведаю. Колькі разоў у думках сабе казаў: «Вось каму першаму пасля вяртання пляшку пастаўлю!»

І ён працягнуў мне закрытую каробку.

— Гэта каньяк, самы дарагі. Ведаеце, ваш голас вяртаў мяне да родных мясцін, нібыта сам дом са мной размаўляў.

Аказалася, мой суразмоўца вярнуўся з мясцін, як кажуць «не такіх ужо аддаленых». Там, у зоне, заўсёды было ўключана радыё, і ён, слухаючы мае рэпартажы, на нейкі час быццам вяртаўся ў родныя мясціны.

Я не ведаў нават што яму адказаць, а незнаёмец між тым працягваў:

— Я хутка з’язджаю, але хацеў бы з вамі сустрэцца пагаварыць. У мяне ёсць шмат чаго вам расказаць і што паказаць. Не зараз, канечне. Можна, ваш нумар тэлефона?

Ён гаварыў неяк падкрэслена інтэлігентна, адчувалася, што сачыў за чысцінёй вымаўлення.

Крыху павагаўшыся, я назваў нумар тэлефона карпункта.

— Што ж, дзякуй. Спадзяюся на сустрэчу. І ён, пакінуўшы мяне ў поўнай разгубленасці, пакрочыў да машыны. Хутка ён і яго паплечнікі зніклі ў ёй за паваротам.

Наступныя дні мяне не пакідала трывога: што хоча ад мяне няпрошаны госць?

Мне і раней некаторыя гаварылі: «Вось бы вам пра маё жыццё расказаць…» Але часцей гэта было ў розных выпадковых застоллях, як кажуць, «пад п’яную лавачку».

А тут…

Тэлефонны званок раздаўся праз тыдзень. Той жа голас ветліва папытаўся, каля я змагу яго прыняць. Я назваў час…

На ўсялякі выпадак папярэдзіў сына-студэнта, каб ён час ад часу мне тэлефанаваў на карпункт. Ці мала што: такіх наведвальнікаў у мяне яшчэ не было…

Незнаёмец прыйшоў не адзін. Разам з ім быў высокі хударлявы мужчына, нечым падобны на маладога артыста Алега Янкоўскага. Я часам бачыў раней яго ў горадзе.

— Я кіраўнік клуба ўсходніх адзінаборстваў, — нібы адказваючы на маё пытанне, — прадставіўся хударлявы. — А гэта наш сябар Антон. Вы далі згоду на сустрэчу з ім. Ён хоча пагутарыць, але, просьба — яна павінна мець канфедэальны характар.

Апошняе слова відавочна далося хударляваму не проста.

— Канфідэнцыяльны, — мякка паправіў яго Антон. — Дзякуй, Руслан, можаце ісці.

Такі пачатак мяне яшчэ больш заінтрыгаваў.

— Ну дык слухаю, — пачаў я, калі за сябруком госця зачыніліся дзверы.

— Ведаеце, я не толькі ўдзячны вам за голас, што вяртаў мяне ў родныя мясціны, — няспешна пачаў Антон, — я ведаю, што вы літаратар і хачу паказаць вам свае творы.

У яго быў прыемны нізкі голас, даволі сімпатычны твар. Рукі… Міжволі я глядзеў на сціснутыя кулакі, на пальцы з сінімі татуіроўкамі… Мне казалі раней, што такія кулакі на зоне некаторыя штучна накачваюць парафінам…

Гэтыя рукі выдавалі мінулае суразмоўцы, больш нічога ў знешнім выглядзе яго не было незвычайнага.

— Перш, чым паглядзіце гэта, — Антон дастаў з дыпламата звычайную, з тасёмкамі, картонную папку, — некалькі слоў пра сябе. Як вы разумеце, у мяне быў даволі працяглы час для творчасці… Цэлых восем гадоў… За справу, — папярэдзіўшы мой запытальны позірк, дадаў ён, і працягваў: — Там праз некаторы час я зразумеў, што так далей жыць нельга. Пачаў займацца самаадукацыяй. Прачытаў шмат твораў класікаў. Паспрабаваў пісаць сам.

Вельмі няпроста было адмовіцца ад звыклай для нашага кола лексікі. Уяўляеце, як у нашых умовах сядзельцам было пачуць з маіх вуснаў: «Калі вам не цяжка, калега, падайце мне, калі ласка, вунь тую лыжачку…» Былі спробы пярэчыць, але я магу за сябе пастаяць…

Суразмоўца ўсё больш зацікаўліваў мяне.

— Ведаеце, чаму я прыйшоў не адзін? Шчыра кажучы, баюся. Неяк днямі сустрэла мяне кампанія падлеткаў. Пачалі тое ды сёе… Гляджу, можа быць бойка. А я іх жа адной рукой раскідаю… А потым? Зноў за краты? Пачаў маліцца, прасіцца… А яны — такі бугай і такі баягуз… Ледзь адбаярыўся…

Я раскрыў папку. Там былі вершы, акуратна надрукаваныя на машынцы.

Шчыра кажучы, чакаў турэмнай лірыкі, блатняку, але тое, што пачаў чытаць, настолькі ўразіла мяне, што не мог адарвацца ад яго вершаў. Гэта была сапраўдная паэзія, тонкая, лірычная.

— Вершы трэба друкаваць, — сказаў праз некаторы час я. — Вы нікому не прапаноўвалі?

— Друкаваць? Гэта калі-небудзь пазней. Мне была важнай ваша думка. У мяне яшчэ аповесць ёсць. Я вам, калі можна, прышлю пачытаць.

— Канечне. А чаму прысылаць? Можна прынесці.

— На жаль, я ад’язджаю. Пачынаецца новае жыццё. І пачынаць яго трэба на новым месцы

Ён забраў папку і развітаўся.

Пасля таго, як ён выйшаў за дзверы, я зазірнуў у акно, убачыў, што хударлявы чакае яго...

Прайшло нямала часу. Аповесці я так і не дачакаўся. Але аднойчы, праглядваючы ў бібліятэцы літаратурныя часопісы, у адным расійскім выданні ўбачыў знаёмыя радкі. Партрэта аўтара не было, а подпіс пад вершамі мне ні пра што не гаварыў.

Неяк выпадкова сустрэўшы на вуліцы хударлявага, які прыходзіў разам з незнаёмцам да мяне на карпункт, я запытаўся пра лёс яго таварыша.

— А ён цяпер далёка на Поўначы. Служыць у храме. Выдаў кніжку вершаў. Друкуецца пад псеўданімам. З намі амаль не кантактуе.

Так больш я нічога і не даведаўся. Можа, калі і знайду кніжку даўняга суразмоўцы. І дай бог, не адну.

 

 

Бадачу

 

«Заўтра я прапаную паехаць у парк Бадачу, — сказаў мне на развітанне Ігар. — Гэта недалёка, кіламетраў пятнаццаць ад Пекіна, можна паехаць на аўтобусе.

Ігар — масквіч, кітаязнаўца, жыве і працуе ў кітайскай сталіцы больш за дзесяць гадоў. Мне пашанцавала, што ў мяне з’явіўся такі гід — муж сяброўкі маёй дачкі Олі, які пэўны час працаваў з ёй у адной рэдакцыі кітайскага міжнароднага радыё.

Шчыра кажучы, я ўжо быў ашаломлены пекінскімі ўражаннямі і ў галаве ўсё стала блытацца — старадаўнія пагады, храмы, шматлікія статуі, вазы… І ўсё гэта ў арэале сучаснага шматпавярховага мегаполіса з вялізным патокам машын, з аграмаднай колькасцю людзей вакол, сярод якіх зрэдку пракідваліся еўрапейскія твары.

Я гасцяваў у дачкі, якая досыць нечакана і для яе, і для мяне аказалася супрацоўніцай адной з галоўных радыястанцый вялікай краіны, бо прывяла яе туды… беларуская мова. Так, менавіта наша мова, бо да ста з лішнім іншых моў, на якіх Кітай вяшчае на ўвесь свет, дадалася і беларуская.

Памятаю, мая вясковая палеская цешча, слухаючы, як я з Оляй размаўляю па-беларуску, усё здзіўлялася, маўляў, што гэта вы так не па-гарадскому, так па-простаму размаўляеце. А потым, калі Оля стала працаваць на радыё сказала: «Які ж ты, зяць, разумны, што дачку на нашай мове гаварыць навучыў!»

Ведала б яна, што наша мова аказалася запатрабаванай ажно за шэсць тысяч кіламетраў ад яе Кажан-Гарадка, у сталіцы вялікай сусветнай дзяржавы!..

Сказаць, што пра Кітай я мала ведаў да гэтай паездкі, было б няправільна. І чытаў шмат, і нават у далёкім дзяцінстве мы ў нашым класе выпісвалі кітайскі дзіцячы часопіс на англійскай мове, і я пэўны час нават перапісваўся з адным кітайскім школьнікам.

Але гэта ўсё аддавала такой казачнай экзотыкай, што нават уявіць было цяжка, што некалі буду хадзіць па гэтых шырокіх вуліцах сярод вірлівага натоўпу людзей, у самым сэрцы Кітая…

Ішоў пяты дзень майго жыцця ў Пекіне, і мы з Ігарам з самай раніцы прыйшлі да аўтобуснага прыпынку, каб ехаць у парк Бадачу.

Па дарозе мне Ігар расказваў, што Бадачу ў перакладзе з кітайскай азначае Восем Вялікіх месцаў і адносіцца да будысцкіх храмаў, якія раскінуліся на узгорках ля падножжа гары Сішань. І назвы гэтых храмаў раскрываюць філасофскі сэнс будысцкай рэлігіі — Вечны свет, Вялікае спачуванне, Драконава крыніца, Прамое блаславенне…

Урэшце аўтобус спыніўся, і мы падышлі да старадаўняй брамы. Турыстаў не так шмат, як у іншых месцах, дзе мы пабывалі ўжо, і еўрапейскіх твараў не было відаць. Некалькі мужчын, верагодна сяляне, мяркуючы па іх абветраных тварах, паглядзеўшы на нас, нешта загаварылі.

«Ты ведаеш, што яны гавораць? — звярнуўся да мяне Ігар. — «Белыя людзі да нас прыехалі». — У правінцыі яшчэ не прывыклі да еўрапейцаў.

Аказваецца, для многіх гэты манастырскі комплекс не проста турыстычны аб’ект, а месца пакланення і малітвы, як у маім Полацку Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

І сапраўды, на кожнай пляцоўцы каля храмаў і ў саміх памяшканнях каля вялікіх статуй Буды курыўся салодкі дым, людзі ўкленчвалі і доўга стаялі так моўчкі, пра нешта ў думках спавядаючыся Бажаству.

Гэта былі і старыя, і зусім юныя людзі. Адна дзяўчына кінулася ў вочы сваім дужа нясціплым выглядам, ну проста начны матылёк. Яна таксама ўкленчыла і нешта шаптала. Але ніякіх крывых усмешак ці асуджальных позіркаў на яе ніхто не кідаў.

Шмат было сялян з парэпанымі і натруджанымі далонямі, абветранымі тварамі.

«Будзем падымацца пешшу ці па канатнай дарозе? — спытаў Ігар. — Самы апошні храм на вышыні больш за паўкіламетра».

«Канешне, пешшу, — сказаў я і потым ледзь не пашкадаваў пра гэта, бо шлях аказаўся не такім ужо і простым. На кожнай пляцоўцы былі храмы, з асобнымі альтанкамі, са статуямі Буды, выявамі драконаў, львоў, іншых казачных істот.

У павільёнах сядзелі людзі, пілі чай, размаўлялі. Вакол цвілі кветкі, стаялі дрэвы, пасаджаныя шэсць стагоддзяў таму. Пах салодкага дыму, яркія чырвоныя лісты на дрэвах на пакрытых зелянінай узгорках уносілі істоту ў нейкі казачны таемны свет. Быў верасень, самы прыгожы ў Пекіне месяц, і тут, з вышыні, глядзелася на навакольны свет зусім інакш, чым ля падножжа.

Пра тое, што я пачуў і пабачыў тут, можна расказваць бясконца, не хопіць і тых амаль шасці гадзін, якіх мы правялі ў парку. Але мне асабліва запомнілася, што распавядаў Ігар пра Пагаду Вясёлых Бессмяротных. Яна мае вельмі важнае значэнне ў гісторыі Будызму ў Кітаі.

Як вядома, пасля крэмацыі Буды, усё, што засталося ў праху, — гэта яго чатыры зубы. Адзін з іх быў прывезены ў Кітай у адзінаццатым стагоддзі. У гістарычных хроніках дынастыі Ляо ёсць упамінанне, што імператар Даоцзун змясціў гэты зуб у адну з пагад Бадачу.

Пасля разбурэння пагады ў 1900 годзе манахі, аглядаючы руіны, знайшлі каменны куфар, у якім утрымлівалася скрыня з сандалавага дрэва, у якой і выявілі зуб Буды. Гэты зуб заставаўся ў храме да 1955 года пакуль не быў перанесены ў Храм Вялікай Міласэрнасці па рашэнні кітайскай будысцкай асацыяцыі і змешчаны там у Залу будысцкіх рэліквій.

У перыяд з 1958 па 1964 год у храме па рашэнні Урада КНР была пабудавана новая 13-павярховая пагада вышынёй 51 метр. Зуб Буды быў перанесены ў новую пагаду, і яна атрымала назву Пагада Зуба Буды.

Мяне чарговы раз уразілі гэтыя магутныя маштабы, як прыступкі на Вялікай Кітайскай сцяне, як выявы імператараў, вазы, пагады Забароненага горада Гугуна. Дзіва, самі кітайцы ў асноўным не надта высокія, не надта знешне мажныя, а маштабы вакол гіганцкія.

«Ведаеш, — між тым расказваў мне Ігар, — у мяне ў Маскве жыве знаёмая. Яна вядомая перакладчыца з кітайскай. У свой час выйшла за кітайскага камуністычнага чыноўніка. Нарадзіла дачку. У час культурнай рэвалюцыі чыноўніка саслалі ў працоўны лагер, дзе ён памёр, а яе выслалі назад, у Маскву. Дачку забралі ў дзіцячы дом.

Цяпер дачка знайшлася, жыве ў Пекіне, працуе ў камп’ютарнай фірме. Кліча маці прыехаць жыць да яе.

— А яна што?

— Усё збіраецца, баіцца ўбачыць той Кітай, адкуль яе выслалі. Я напісаў ёй пісьмо, паслаў фота, відэазапісы. Я люблю сённяшні Кітай і хачу жыць тут як мага даўжэй.

Ігар распавёў, што яго жонка таксама палюбіла краіну. І хоць у адрозненне ад яго ніколі не мела справу з кітаістыкай, адчувае сябе ў Пекіне як рыба ў вадзе.

Гэтыя захопленыя словы пра Кітай я чуў і яшчэ ад адной расіянкі — Ані з Санкт-Пецярбурга. Яна нават падарыла мне сваё даследаванне пра вучэнне Канфуцыя з надпісам «Жадаю Вам гэтаксама палюбіць Кітай, як мы тут».

Палюбіць Кітай… Я не мог яшчэ сказаць, на пяты дзень майго падарожжа ў вялікую краіну, што палюбіў яе, але Кітай мне вельмі падабаўся. Ціха журчалі фантаны, рыбкі плавалі ў чыстай вадзе, з гор па падвясной дарозе спускаліся турысты…

Гудзелі ад доўгай хады ногі, але на душы было лагодна і ціха. Мне адкрывалася нешта такое, што потым доўга будзе прыходзіць у сны, што пачало будзіць шчырую і спагадную цікаўнасць да краіны, дзе я яшчэ пабываю не раз, каб сказаць сабе ўрэшце, што разам з Беларуссю я таксама палюбіў і гэты далёкі край.

 

 

Віця-генерал

 

Віцю было чатырнаццаць, а мне дзесяць. Ён быў высокі, хударлявы, з капой непаслухмяных валасоў на галаве. Жыў ён у нашым пасёлку ў хаце непадалёк з маці і старэнькай бабуляй. У тыя часы бязбацькавічаў у нас было шмат: мы і не пыталіся, дзе ў каго хто прапаў. Казалі толькі, што ў Пецькі бацька-міліцыянер загінуў недзе ў Заходняй, калі лавіў бандытаў. Ягоная маці, вясёлая баявая Шурка, пляткарылі бабы, дужа гуляла. А Мішку што — кожны новы мамчын кавалер адорваў яго то сцізорыкам, то пустым партсігарам — і такіх цацак у яго было нямала. Маці ж Генкі Іванова была панурая, крыху прыгорбленая кабета, і казалі, усё чакала Генкавага бацьку-ўзбека — той служыў некалі ў блізкім чыгуначным тупіку, які ахоўвалі салдаты. Генка быў рыхтык узбек — раскосыя вочы, смуглявая скура, і заўсёды агрызаўся, калі яго называлі ўзбекам.

У тупіку, дзе стаялі грузавыя вагоны, нейкія цыстэрны, пастаянна знаходзіўся пост салдат. Яны мяняліся праз суткі ці двое, мы не ведалі. Але іх прысутнасць у пасёлку адчувалася: амаль кожную ноч з блізкай чыгункі была чуваць музыка і дзявочы смех.

Аднаго я нават ведаў. Чамусьці яго звалі «Вырві вока». Ён піў «чарніла» ці гарэлку з нашымі хлопцамі, часта нават біўся з «залётнымі» —пацанамі з блізкай цагельні — самага ўскраіннага раёна горада.

Нашы — гэта Чыта, Маргун, Лёнька Чыж. Хто ўжо сядзеў, хто быў яшчэ на ўліку ў міліцыі.

Памятаю, як беглі за Маргуном міліцыянеры, а ён уцякаў праз поле. Тады казалі, што яго матка Маргуніха сама здала міліцыі.

Дарэчы, праз многа гадоў сустрэну ў Полацку на базары Маргуна, і ўзрадуемся сустрэчы абодва. Я — журналіст, а ён былы зэк, распісаны татуіроўкамі, як індзеец, сухотны, які прыжаніўся пасля апошняй адсідкі ў прыгараднай вёсцы.

Ён расчуліўся, што я пачаставаў яго куфлем піва ў павільёнчыку, называў мяне на Вы, і мы ўзгадалі наш «Пітомнік», знаёмых хлопца, і было неяк цёпла на душы.

Віця быў не падобны на астатніх «пітомніцкіх» хлопцаў. Ён не піў, не курыў, любіў чытаць кніжкі, збіраў самаробныя прыёмнікі, транзістары.

Ён і са мной сышоўся на цікавасці да кніжак, і мы часта разважалі пра любімых літаратурных герояў, пра далёкія падарожжы, пра космас і іншапланецян.

Аднойчы ён запрасіў мяне ў сваю хату. Гэтую хацінку хатай назваць было цяжка. Невялікі пакойчык з земляной падлогай, салдацкі ложак у куце, печка, нейкая кладоўка.

Мы хоць і не раскашавалі, але ў мяне была этажэрка з кнігамі, на вокнах віселі фіранкі, і была нават радыёла «Рэкорд», якую бацьку падарылі яго браты і сёстры на дзень народзін.

Ва ўсякім разе, бедната Віцькавай хаты тады мяне моцна ўразіла.

Маці хлопца, шчыра кажучы, была крыху дурнаватая, заўсёды неахайна апранутая, а бабуля ўвогуле з дому амаль не выходзіла. Віця ж хоць таксама апранаўся беднавата, але заўсёды чыста — у адпрасаваных кашулі і штанах. Ён і гаварыць стараўся «па гарадскому» і нават мяне папраўляў, калі я ўжываў нейкае мясцовае беларускае слова.

«Па-гарадскому» гаварылі і старэйшыя хлопцы, якія прыйшлі з войска. Хоць і адчуваўся ў іх мясцовы акцэнт, але яны любілі ўставіць нейкае надта прыгожае, на іх погляд слоўца, а з беларускай кпілі — «мокрай трапкай па голым бруху».

Віця не кпіў, але стараўся ўсё ж, каб не праскоквалі мясцовыя слоўцы, каб не было чуваць цвёрдага «чэ» ці моцнага «ры». Таму «чэ» ў яго гучала амаль як «це» а рыбу ён вымаўляў, як «ріба».

Віця заканчваў сем класаў і марыў паступіць у кааператыўны тэхнікум. Зрэшты, гэтая мара яго ажыццявілася, і мы сталі бачыцца радзей.

Ды і ўвогуле, маці далі саўгасную кватэру ўжо ў горадзе, каля ляснога тэхікума і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, і я стаў ужо зусім гарадскім жыхаром.

Аднойчы я сустрэў яго ў нашым двары, дзе насупраць нашага дома была саўгасная кантора.

«Прыйшоў па даведку, што маці працуе ў саўгасе, — паведаміў мне Коля, — Думаю ў ваеннае вучылішча паступаць».

Ён падрос, як кажуць, «вылюднеў»: высокі, з пышным чубам на галаве, блакітнавокі, рыхтык казачны асілак. Апрануты быў хоць не дужа модна, але не «па-калгаснаму».

Пры наступнай сустрэчы Віця ўжо быў пры лейтэнанцкіх пагонах. Форма дужа пасавала яму, і было бачна, што ён ёй ганарыцца.

«Служу пры штабе, — з гонарам у голасе засведчыў былы сябрук. — Служба цікавая. Можа, пойдзем пасядзім дзе? Паехалі ў Наваполацк».

Наваполацк у той час для полацкіх быў, як Парыж. Там былі ажно два рэстараны — «Бярозка» і «Беларусь».

Мы пайшлі ў «Беларусь», рэстаран, што мясціўся на першым паверсе новай гасцініцы.

Віця быў, відаць, тут не першы раз.

«Што піць будзем, камандзір?» — падбегла да маладзенькага лейтэнанта афіцыянтка?

«Як звычайна, Лена», — адказаў ён.

Я глядзеў на Віцю і не пазнаваў былога ціхмянага сарамлівага хлопца.Тут ён быў, як кажуць, у сваёй талерцы.

Выпівалі мы культурна: з каньячком, закускамі, гарачым, гаварылі не спяшаючыся.

«Як дома?» — запытаў я ў Віці.

«Ай, усё па-ранейшаму,— ён махнуў рукой. – Бабулі ўжо няма, а маці пераязджаць нікуды не хоча. У хаце хоць падлогу насцяліў ды дах крыху падрамантаваў. Ты ведаеш, нават не ўяўляю, як я мог жыць у такіх умовах. Цяпер прызнаюся: напэўна хутка ажанюся. — Ён крыху прынізіў голас. — Нявеста — дачка камандзіра дывізіі. Дык я сказаў, што сірата, дзетдомаўскі. Ты ўяўляеш маю маці на генеральскім вяселлі?»

І ўбачыўшы мой позірк, хутка дадаў: «Не, ты не падумай, я ёй грошы штомесяц прысылаю, ды і прыязджаць буду. Толькі вось цяпер, каб не сапсаваць тое, што шчасліва ў рукі ідзе».

«А ты яе, дзяўчыну сваю, любіш?» — ужо крыху п’янаваты і таму асмялелы запытаўся я.

«Канечне, — хутка адказаў Віця. — Яна харошая. Ін’яз закончыла. Французскую мову ва ўніверсітэце выкладае. Давай па апошяй, а то мне яшчэ сёння на цягнік!»

Ужо ў Мінску гадоў праз пятнаццаць, калі ішоў па вуліцы, раптам каля мяне спынілася машына. З чорнага «мерседэса» выйшаў высокі сіваваты палкоўнік. Гэта быў Віця.

«Ну, вітаю! — прыемным басам загаварыў ён. — А я думаю: ты або не ты? Чытаў твае вершы, бачыў кнігу. Малайчына! — у голасе яго гучала начальніцкая нотка. — Трэба было б сустрэцца. Многа для цябе, як журналіста, можна расказаць. Але пакуль візітку не даю. Чакаецца на днях новае назначэнне. Тады і сазвонімся. Я цябе знайду».

Прайшоў яшчэ час. Жыццёвыя мітрэнгі неяк усё ж раскідалі нас. І дзе сёння Віця, я нават не ведаю.

Аднойчы, падчас прыезду ў Полацк, сустрэў на знаёмым завулку зусім старую Віцеву маці.

Яна мяне не пазнала і на маё пытанне пра сына нічога не адказала.

Былая суседка з нашага саўгаснага дома сказала, што старая зусім страціла памяць, а Віця нібыта цяпер генерал і служыць недзе дужа далёка.

Цікава было б як-небудзь сустрэцца. Але, як кажуць, Бог бацька. І ўсё ж мне прыемна, што сярод сяброў майго дзяцінства ёсць і генерал.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.