Вы тут

Італьянскі славіст Этарэ Ло Гата — невядомы даследчык беларускай літаратуры


Італьянскі славіст Этарэ Ло Гата — невядомы даследчык беларускай літаратуры

 

Літаратуразнаўца і перакладчык Этарэ Ло Гата (Ettore Lo Gatto; 25.5.1890, Неапаль — 16.3.1983, Рым) шырока вядомы ў свеце перш за ўсё сваімі працамі па рускай літаратуры, гісторыі і мастацтве, перакладамі на італьянскую мову твораў А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, І. А. Ганчарова, М. В. Гогаля, І. С. Тургенева, Ф. М. Дастаеўскага, М. А. Някрасава, Л. М. Талстога, А. І. Купрына, І. А. Буніна, А. П. Чэхава, М. А. Булгакава. Аднак кола навуковых інтарэсаў гэтага неапалітанца русістыкай не абмяжоўвалася. Нездарма з яго імем даследчыкі звязваюць заснаванне італьянскай славістыкі наогул, а самога вучонага называюць не інакш як яе «бацькам», «патрыярхам» і «мэтрам». Велізарная бібліяграфія Э. Ло Гата ўключае працы па балгарскай, польскай, чэшскай, украінскай літаратурах, а таксама пераклады твораў С. Пшыбышэўскага, У. С. Рэйманта, К. Г. Махі, Б. Немцавай і інш.

У яго навуковай спадчыне ёсць таксама артыкулы, прысвечаныя беларускаму прыгожаму пісьменству. На жаль, яны пакуль што застаюцца без належнай увагі. Калі аўтары замежных публікацый пра італьянскага славіста Этарэ Ло Гата адзначаюць, як правіла, што ён даследаваў, у ліку іншых, беларускую літаратуру [гл. напр.: 1, р. 223; 2, с. 248; 3, с. 36—37], то ў нас нават спецыяльныя даведнікі і энцыклапедыі не даюць інфармацыі пра «першага італьянца, які запачаткаваў знаёмства ў Італіі з гэтай (беларускай. — У. Ч.) літаратурай» [4, p. 108] (Пераклад з рускай і італьянскай на беларускую мову тут і далей наш. — У. Ч.).

Відавочна, наспела патрэба ў айчынным друку акрэсліць хоць бы асноўныя этапы жыццёвага і творчага шляху незаслужана абыдзенага ўвагай замежнага беларусіста, прааналізаваць, як прадстаўлена наша прыгожае пісьменства ў яго публікацыях.

Будучы славіст рана праявіў літаратурныя здольнасці: ужо ў падлеткавым узросце напісаў і апублікаваў прыгодніцкі раман «Таямніцы Сібіры» (1903), крыху пазней — трылогію «Драмы смерці» (1906), кнігу вершаў [гл.: 5, p. 330; 6, с. 15—17]. Пазней, вывучаючы права ў Неапалітанскім універсітэце, малады чалавек захапіўся германістыкай, з 1915 па 1919 г. у розных выдавецтвах убачылі свет яго пераклады твораў Ф. Ніцшэ, Р. Вагнера, Г. Сакса [гл.: 6, с. 19, 22]. Ужо атрымаўшы дыплом юрыста, ён стаў студэнтам факультэта філалогіі і філасофіі таго ж універсітэта.

Падчас Першай сусветнай вайны, а канкрэтна — 21 мая 1916 года, лейтэнант пяхотнага палка Э. Ло Гата трапіў у палон і апынуўся ў аўстрыйскім канцэнтрацыйным лагеры. Якраз там (у нейкім сэнсе — выпадкова) заняўся вывучэннем рускай мовы і літаратуры, што ў рэшце рэшт прадвызначыла яго далейшы жыццёвы і навукова-творчы шлях. А выпадковасць у гэтым выпадку была адносная, бо вязнямі лагера для ваеннапалонных Зігмундсхерберг, да таго, як туды патрапіў Этарэ Ло Гата, былі рускія афіцэры. І ў пакоі, дзе італьянцу наканавана было правесці больш за паўтара года, у шуфлядзе стала аказаліся пакінутыя дзве кнігі, брашура і прыватны ліст на рускай мове [7, c. 10]. Ло Гата ўзяўся за паглыбленае вывучэнне мовы Пушкіна і ў хуткім часе «асвоіў» змест неспадзяванай «спадчыны».

Пасля вызвалення і вяртання на радзіму Э. Ло Гата разгарнуў надзвычай актыўную дзейнасць па папулярызацыі рускай літаратуры і культуры, з 1920 года стаў рэдактарам і выдаўцом (за свой кошт) перыядычнага выдання «Расія: часопіс літаратуры, гісторыі і філасофіі», якое з перапынкамі выходзіла на працягу шасці гадоў. Сярод аўтараў гэтага часопіса былі М. Горкі, M. Асаргін, Я. Ляцкі, П. Муратаў, Я. Шмурло, Б. Якавенка.

У 1921 годзе пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў з «мэтай развіваць і распаўсюджваць уласна навуковымі метадамі даследаванні, якія датычацца Усходняй Еўропы» [цыт. па: 5, p. 337] у Рыме быў створаны Інстытут Усходняй Еўропы, пры якім пачаў выдавацца часопіс «Усходняя Еўропа» (1921— 1943). Э. Ло Гата працаваў спачатку сакратаром інстытута, а потым — кіраўніком славянскага аддзела. Адначасова з’яўляўся галоўным рэдактарам названага часопіса, а пазней стаў адным з яго дырэктараў-выдаўцоў. У гэтым перыядычным выданні былі апублікаваны артыкулы «Беларуская літаратура» (1923, № 1) украінца Усевалада Шэбедзева і «Савецкая Беларусь» (1926, № 3) італьянскага вучонага, тэолага Аўрэліа Пальміеры (Aurelio Palmieri).

Як кіраўнік славянскага аддзела Інстытута Усходняй Еўропы Э. Ло Гата неаднаразова наведваў Польшчу і Югаславію, часта бываў у Празе [гл.: 7, c. 148]. Пазней у кнізе «Мае сустрэчы з Расіяй» ён пісаў: «Я не толькі пазнаёміўся, але і часта бываў у гасцях у гісторыка літаратуры Яўгена Ляцкага, які стаў маім блізкім сябрам на многія гады» [7, c. 14]. Я. А. Ляцкі — прафесар і загадчык кафедры рускай мовы і славеснасці Карлавага ўніверсітэта, — паводле прызнання італьянскага славіста, істотна паўплываў на яго ўспрыманне творчасці шэрагу рускіх літаратараў, на пераасэнсаванне ім канкрэтных твораў рускай славеснасці: «Ляцкі першым без ідэалагічнай прадузятасці ўвёў мяне ў свет Бялінскага і Чарнышэўскага, першым дапамог мне ўсвядоміць значнасць «Слова пра паход Iгара»… Назаўсёды я застаўся ўдзячным даўжніком Ляцкага за гутаркі пра Ганчарова і асабліва пра яго раман «Абломаў», першы італьянскі пераклад якога я зрабіў…» [7, c. 14]. Хутчэй за ўсё, у размовах славістаў з такімі шырокімі коламі інтарэсаў фігуравалі не толькі згаданыя вышэй асобы і творы. Таму найверагодней, што менавіта Яўген Ляцкі сваімі расповедамі пра беларускую літаратуру і яе прадстаўнікоў, а таксама зместам сваіх прац, зацікавіў італьянца і падштурхуў звярнуць увагу на «маладую літаратуру старажытнага народа».

Пра паважлівае стаўленне італьянскага вучонага да ўсходнеславянскага калегі і сябра, а таксама пра ступень блізкасці іх сям’яў, сведчаць лісты [гл.: 8]. Акрамя таго, «плён дваццацігадовай даследчыцкай і выкладчыцкай дзейнасці» «патрыярха» італьянскай славістыкі — «Гісторыя рускай літаратуры», якая на працягу ХХ стагоддзя перавыдавалася больш за 10 разоў і была перакладзена на іншыя раманскія мовы [гл.: 7, с. 148], — мае прысвячэнне: «Прага, 19 кастрычніка 1941. Яўгену Аляксандравічу і Відзе Паўлаўне Ляцкім, памяці пра доўгія гады сардэчнага сяброўства гэтая кніга прысвячаецца» [цыт. па: 8, p. 149—150]. А ў канцы прадмовы да трэцяга выдання «Гісторыі рускай літаратуры» (1944) ёсць вось якія словы аўтара: «Я хацеў бы падзякаваць сябру Яўгену Аляксандравічу Ляцкаму, які ў Празе падказаў мне, дзе трэба падправіць некаторыя моманты ў першым выданні; на жаль, Яго ўжо няма, і мне застаецца толькі з настальгіяй і жалем думаць пра радасць, якую б Ён адчуў ад поспеху гэтай кнігі, у чым вялікая таксама і Яго заслуга» [цыт. па: 8, p. 149].

Яўген Ляцкі нарадзіўся ў Мінску, а калі апынуўся ў эміграцыі, асабліва ў пражскі перыяд жыцця, як сведчаць літаратуразнаўцы, «адчуў сябе беларусам» [9, c. 37]. Так ці інакш, Ляцкі сапраўды падтрымліваў сувязі з беларускімі дзеячамі навукі і культуры, з некаторымі вёў перапіску, публікаваў у замежным перыядычным друку свае артыкулы па беларусазнаўстве і рэцэнзіі на кнігі, прысвечаныя літаратуры і культуры, выступаў з дакладамі пра культурна-нацыянальнае адраджэнне беларускага народа і яго прыгожае пісьменства. Малаверагодна, што Э. Ло Гата нічога не ведаў пра гэтую дзейнасць «блізкага сябра» на ніве беларускай культуры, не цікавіўся, чым той займаецца і над чым працуе.

Часопіс «Расія» ў 1926 годзе спыніў сваё існаванне, а як своеасаблівы яго працяг Ло Гата засноўвае «Часопіс славянскіх літаратур» (1926—1932). Вераснёўскі нумар гэтага часопіса за 1927 год змяшчае яго артыкул «Славянскія даследаванні ў Італіі», дзе не без гонару адзначана: «Праз яго («Часопіс славянскіх літаратур». — У. Ч.) італьянцы пачалі бліжэй знаёміцца з балгарскай, чэхаславацкай, беларускай (падкрэслена намі. — У. Ч. ), руска-закарпацкай, сербалужыцкай літаратурамі» [10, p. 467]. Аднак у спасылцы з пералікам яго ўласных не згадана ніводная, звязаная з нашым прыгожым пісьменствам. Наколькі нам удалося высветліць на дадзены момант, першае беларусазнаўчае даследаванне «Маладая літаратура старажытнага народа» Э. Ло Гата датуецца 1928 годам. Таму, хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе апублікаваны «Часопісам славянскіх літаратур» (сакавік 1927 года) артыкул Я. А. Ляцкага «Паэт Беларусі, якая адраджаецца: Якуб Колас» [11].

А яго ўласны зборнік «Нататкі па рускай гісторыі і літаратуры» датуецца 1931 годам. Менавіта ў ім змешчаны кароткі нарыс па гісторыі беларускага мастацтва слова — «Маладая літаратура старажытнага народа». Хоць як дата напісання яго пазначаецца 1928 годам. Дарэчы, можа гэта і выпадковае супадзенне, але якраз у 1928 годзе Ло Гата ўпершыню наведаў Савецкі Саюз як прадстаўнік Італіі на святкаванні ў Маскве стагоддзя з дня нараджэння Льва Талстога [7, c. 147]. Між тым, шлях з Рыма ў Маскву па чыгунцы пралягае праз тэрыторыю Беларусі; прычым Беларусь аказвалася першай савецкай рэспублікай, якую мог убачыць вучоны італьянец. Але звернемся непасрэдна да зместу названага зборніка.

Само жанравае вызначэнне, уключанае ў назву, сведчыць, што італьянскі даследчык не прэтэндаваў на паўнату ахопу матэрыялу і яго дэталёвы аналіз. Адпаведна, у невялічкім нарысе, прысвечаным непасрэдна Беларусі, аўтар прыводзіць некаторыя звесткі па гісторыі і геаграфіі Беларусі, ацэньваючы «як народную паэзію, так і нядаўнюю літаратуру» яе, гаворыць пра «нямалазначныя творчыя здольнасці» беларусаў [12, p. 82]. Ён лічыць, што да з’яўлення травесці, якія парадзіруюць «Энеіду» Вергілія (верагодна, маюцца на ўвазе сатырычныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». — У. Ч.), уласна мастацкай літаратуры на Беларусі не існавала, хоць прадстаўнікі гэтага старажытнага народа пакінулі пасля сябе шматлікія помнікі дакументальнай, рэлігійнай, юрыдычнай і псеўдагістарычнай літаратур [гл.: 12, p. 83].

Этарэ Ло Гата адзначае, што сапраўдны нацыянальны літаратурны рух і беларускае адражэнне пачаліся пасля публікацыі зборніка паэзіі Мацея Бурачка (маецца на ўвазе «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча), дзе было з гонарам заяўлена: «беларуская мова — гэта мова людская і шляхетная, як французская, нямецкая альбо любая іншая мова», а «шмат было народаў, якія спачатку страцілі сваю мову, а затымі самі вымерлі» [12, p. 84].

У тым, што стаў чутны голас маладой літаратуры, на думку аўтара, немалаважную ролю адыграла літаратурна-культурная суполка «Загляне сонца і ў наша аконца». З мастакоў слова Беларусі італьянскі славіст вылучае Янку Купалу, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча— «самых што ні ёсць сапраўдных паэтаў, чые імёны хутка сталі вядомымі за мяжой» [12, p. 84], паколькі яны, «авалодаўшы ўжо дасканалымі мастацкімі сродкамі, … выдатна іх выкарысталі» [12, p. 86]. Даследчык падкрэслівае, што само паходжанне новачасных паэтаў вяло іх да таго, каб чэрпалі сваё натхненне ў багаццях народнай творчасці, хоць у плане формы на іх паўплывалі іншыя культуры, перш за ўсё руская. У творчасці Я. Коласа аўтар нарыса бачыць уплывы такіх «вельмі блізкіх душы народа» паэтаў, як М. А. Някрасаў і А. В. Кальцоў. Акрамя таго, італьянскаму літаратуразнаўцу вельмі спадабалася зробленае Я. А. Ляцкім у артыкуле «Паэт Беларусі, якая адраджаецца: Якуб Колас» назіранне, што «паэзія Коласа, як зрэшты і паэзія большасці беларускіх паэтаў, сёння перажывае той перыяд развіцця, зразумелы з пункту погляду гісторыі і непазбежны з пункту погляду эстэтыкі, калі асоба паэта яшчэ не аддзелена ад навакольнага асяроддзя» [12, p. 85].

«Наколькі б дзіўным гэта ні здавалася, — адзначае Э. Ло Гата, — гэтае зліццё («з навакольным асяроддзем». — У. Ч.) прысутнічае нават у такіх паэтаў, як, напрыклад, Багдановіч, які большую частку жыцця правёў далёка ад радзімы» [12, p. 86]. На думку італьянскага даследчыка, у параўнанні з іншымі беларускімі паэтамі, якраз творчасць аўтара «Вянка» — зборніка «найдасканалейшых вершаў» — «больш зразумелая замежнай публіцы» [12, p. 86] і звязана гэта з пражываннем паэта за межамі Бацькаўшчыны. Нягледзячы на гэта, падкрэслівае аўтар нарыса, у творах М. Багдановіча «вобраз радзімы заўсёды жывы, нават у тых творах, у аснову якіх пакладзены агульначалавечыя праблемы», а «гэтае зліццё элементаў паказвае на самую што ні на ёсць сапраўдную стадыю эвалюцыі не толькі паэзіі аднаго аўтара, але і паэзіі ўсяго народа» [12, p. 86].

У нарысе згадваецца зборнік выбраных твораў беларускай літаратуры на рускай мове «Просторы» (1927). Прадстаўленыя ў ім творы, паводле меркавання замежнага славіста, сведчаць, што побач з раней вядомымі імёнамі ў «маладой літаратуры старажытнага народа» з’яўляюцца і новыя; прычым цяперашнюю генерацыю пісьменнікаў складаюць не толькі сяляне па паходжанні, але і гарадскія пралетарыі. Каб было зразумела, каго Э. Ло Гата меў на ўвазе, нагадаем: акрамя Я. Купалы, Я. Коласа, у зборніку прадстаўлены вершаваныя творы М. Чарота, У. Дубоўкі, А. Александровіча, А. Дудара, проза Ц. Гартнага, З. Бядулі, М. Зарэцкага, К. Чорнага, Я. Нёманскага [гл.: 13].

Што датычыцца далейшых суадносін традыцыйнага вясковага і новага гарадскога элементаў у беларускім прыгожым пісьменстве, то італьянскі даследчык лічыць: «Калі беларускія пісьменнікі хочуць мець чытацкую публіку, то яны павінны абапірацца на традыцыю і падкрэсліваць сваё вясковае паходжанне; калі хочуць быць ацэнены палітычнымі ўладамі, то павінны быць пралетарыямі, што для іх значыць адрачыся ад саміх сябе» [12, p. 88]. Пры гэтым «натуральную сілу мясцовай літаратуры» Ло Гата бачыць «у яе непасрэднай сувязі з вёскай, дзе жыве беларуская душа» [12, p. 88].

Паводле італьянскага славіста, у цэлым «маладая беларуская літаратура ўяўляе надзвычай цікавы прыклад таго, праз якія этапы праходзіць новая літаратура, хутка развіваючыся ў акружэнні іншых, ужо багатых традыцыямі і славутых уласнымі дасягненнямі літаратур» [12, p. 84]. Улічваючы працэсы, якія адбываліся на момант напісання нарыса ў беларускім мастацтве слова, і той творчы імпэт, які назіраўся ў пісьменнікаў, Э. Ло Гата прыходзіць да высновы, што ў будучыні беларуская літаратура абавязкова зверне на сябе ўвагу замежнага чытача.

Адзначым яшчэ, што ў тэксце нарыса прыводзяцца цытаты на італьянскай мове з вершаў «Беларускаму люду», «Родныя малюнкі», «Звон шыбаў» Я. Коласа і цалкам «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…») М. Багдановіча, якія адрозніваюцца, хоць і нязначна, ад цытат у артыкулах Я. А. Ляцкага [гл.: 12, p. 86, 87; 11, p. 120, 121, 122; 14, p. 196]. На нашу думку, хутчэй за ўсё, гэта варыянты перакладаў з рускай мовы на італьянскую, зробленых адным чалавекам. І якраз — Э. Ло Гата. Вядома, што Я. А. Ляцкі валодаў мовай, на якой пісалі Дантэ Аліг’еры, Ф. Петрарка, Дж. Бакача. Пацверджанне гэтаму знаходзім у дасланым яму з Рыма лісце Э. Ло Гата, датаваным 13 снежня 1927 года. Пачынаецца ён наступнымі словамі: «Як звычайна, я карыстаюся Вашым веданнем італьянскай мовы, каб не прыкладаць намаганняў для напісання ліста па-руску…» [цыт. па: 8, p. 160]. Далейшы змест ліста пераконвае ў тым, што падрыхтоўкай да друку артыкула Я. Ляцкага, прысвечанага беларускай літаратуры, займаўся сябар-неапалітанец: «Я атрымаў рукапісы і неадкладна перакладу як рэцэнзіі, так і артыкул. Але для апошняга мне неабходны пераклад на рускую мову вершаў па-беларуску, інакш я не змагу яго завяршыць. … Чакаю рускіх перакладаў з беларускай мовы» [цыт. па: 8, p. 160]. Ужо 28 студзеня 1928 года замежны славіст паведамляе, што атрымаў пераклады, апублікаваў у снежаньскім нумары «Часопіса славянскіх літаратур» рэцэнзію і што артыкул пойдзе ў наступным нумары [гл.: 8, p. 161].

Тут ідзе гаворка пра рэцэнзію Ляцкага на кнігу «История одной любви. И. С. Тургенев и Полина Виардо» І. М. Грэўса (Ljackij, Eugenio. Recensione: [Grevs I., Istorija odnoj ljubvi (Storia di un amore). I. S. Turgenev e Pauline Viardot, Mosca 1927] [гл.: 15]. Што ж датычыцца артыкула, то, як сцвярджае італьянскі філолаг-славіст Масіма Трыа, пасля 1927 года ў дадзеным перыядычным выданні сустракаецца толькі адна публікацыя Ляцкага — «Беларускі паэт: Максім Багдановіч» [гл.: 8, p. 160, 161]. Пазней, у лісце (Рым, 6—7—1928—VI), да якога мы яшчэ звернемся, Э. Ло Гата мае на ўвазе менавіта «артыкул пра паэта Багдановіча». Адпаведна, згаданыя ў лісце ад 28 студзеня 1928 года пераклады — гэта рускамоўныя падрадкоўнікі вершаў аўтара «Вянка». Відаць, пра іх — чарнавікі, якія захоўваюцца ў Літаратурным архіве помнікаў нацыянальнага пісьменства ў Празе, — піша ў манаграфіі «Шляхі ўзаемнага пазнання: беларуская літаратура ў Чэхаславакіі (1920—1945)» М. І. Чмарава. Вось што канкрэтна: «Пераклад Я. Ляцкага вершаў М. Багдановіча на рускую мову, паводле нашых меркаванняў, ёсць не што іншае, як падрадкоўнік тых дзесяці вершаў беларускага паэта, якія суправаджаюць артыкул («Максим Богданович». — У. Ч.). У першапачатковым рукапісе артыкула на рускай мове вершы пададзены па-беларуску. І тут жа знаходзяцца паперы з перакладам вершаў на рускую мову, з указаннем старонак артыкула, якім адпавядае пераклад» [9, c. 39].

Нагадаем, што артыкул «Беларускі паэт: Максім Багдановіч» выйшаў не ў першым (лютаўскім) нумары, як абяцаў Э. Ло Гата, а ў другім — красавіцкім. Магчыма, часткова і з гэтым звязана доўгае маўчанне італьянца, за якое, як можна здагадацца па змесце ліста-адказу (Рым, 6—7—1928—VI) Э. Ло Гата, яго папракнуў Я. А. Ляцкі:

«Выбітны і дарагі сябар,

Ваша меркаванне, што мне прасцей напісаць трохсотстаронкавы том, чым адзін ліст, справядлівае. Але ў дачыненні да Вас праўда ў тым, што я думаў напісаць Вам і даслаць ліст разам з выпускам Часопіса, дзе будзе надрукаваны Ваш артыкул пра паэта Багдановіча. Паколькі артыкул затрымліваецца і ў маёй маруднасці з адказам Ваша ласкавейшая спадарыня можа ўбачыць пацверджанне сваім падазрэнням, спяшаюся паведаміць, што ўспаміны, якія я і Зоя захоўваем пра Вас, самыя прыемныя, і ў нас вялікае жаданне ўбачыць Вас і правесці некалькі гадзін у Вашай цудоўнай і прыемнай кампаніі» [цыт. па: 8, p. 161].

Ёсць падставы лічыць, што аналагічным чынам рыхтаваўся і артыкул Я. А. Ляцкага «Паэт Беларусі, якая адраджаецца: Якуб Колас», апублікаваны тым жа італьянскім часопісам у 1927 годзе. Асабліва, калі прыняць пад увагу, што Э. Ло Гата раней ужо «дапамагаў» артыкулам свайго сябра загучаць па-італьянску. Так, напрыклад, у № 3—4 за 1923 год часопіса «Расія» выйшаў артыкул «Некалькі ідэй пра мастацкі стыль у Дастаеўскага», і ў канцы на с. 384 пасля імя аўтара «E. Ljatskij» пазначана «Traduzione di Ettore Lo Gatto» («Пераклад Этарэ Ло Гата»).

Што пераклад артыкула пра Я. Коласа на італьянскую мову зрабіў не сам Яўген Аляксандравіч, пацвярджаюць некаторыя дэталі зместу самой публікацыі. Так, на с. 118 сакавіцкага нумара «Часопіса славянскіх літаратур» ёсць спасылка: «Лучына — гэта падпаленая трэска, якая выкарыстоўваецца для асвятлення» з паметкай «N.d.T.» («Nota del Traduttore» — «Заўвага перакладчыка»). Падкрэслім: заўвага не аўтара (N.d.A. — Nota dell’Autore), а перакладчыка (N.d.Т.).

У апісанні карціны, створанай Я. Коласам у вершы «Цені-страхі», на 121 старонцы чытаем: «…i corvi volano sopra la foresta e preannunciano qualche cosa…» («…груганы ляцяць над лесам і нешта прадракаюць»). У арыгінале твора беларускага песняра пра груганоў гаворка не вядзецца. Канешне, Я. А. Ляцкі для ўзмацнення эфекту мог выкарыстаць вобраз груганоў-прадвеснікаў чагосьці нядобрага, аднак з’яўленне гэтага вобраза тут, відаць, звязана з іншым. Справа ў тым, што, пераказваючы змест верша — а менавіта радкі «Тры вароны ляцяць з гаю. // Цяжка крыльлі іх мігаюць» [16, с. 104], — хутчэй за ўсё, даследчык падаў прыблізна наступным чынам на рускай мове: «…вороны летят над лесом и что-то предвещают…». У рускай мове множны лік назоўнага склону слоў «ворона» і «ворон» графічна супадаюць (з’яўляюцца амографамі). Пры непазначаным націску выбар пры перакладзе на італьянскую мову паміж «i corvi» («груганы») або «le cornacchie» («вароны») залежыць ад ведання зместу верша. А яго Яўген Аляксандавіч, напэўна ж, ведаў. Іншая справа, калі з рускай мовы тэкст артыкула перакладаў нехта, у каго не было доступу да твора «Цені-страхі», альбо той, хто не мог прачытаць яго на мове арыгінала. Тады, улічваючы кантэкст, лагічным уяўляецца выбар перакладчыкам варыянта «груганы», а не «вароны», і з’яўленне гэтага вобраза ў тэксце, які надрукаваны «Часопісам славянскіх літаратур». Дадамо, што ў італьянскай культурнай традыцыі груган мае прыкладна тыя ж асацыяцыі, што і ў беларускай.

З канца 1920 гадоў Э. Ло Гата меў непасрэднае дачыненне да рэалізацыі буйнога нацыянальнага культурнага праекта Італіі — падрыхтоўкі «Італьянскай энцыклапедыі навук, літаратуры і мастацтваў» (скарочаная назва: «Італьянская Энцыклапедыя» або «Энцыклапедыя Трэкані»), 35 тамоў якой былі выдадзены на працягу 1929—1937 гадоў. Даследчыкі спадчыны «патрыярха італьянскай славістыкі» налічылі ў ёй больш за 80 яго артыкулаў, прысвечаных рускай, чэшскай і ўкраінскай літаратурам [5, p. 347—348]. Падчас пошуку матэрыялаў па беларускай літаратуры ў названай энцыклапедыі намі былі выяўлены артыкул «Янка Купала» [17] і раздзел пра мову і літаратуру ў артыкуле «Беларусь» [18], напісаныя Э. Ло Гата.

Янка Купала ў згаданым асобным артыкуле прадстаўлены як паэт, які ў першай кнізе вершаў «Жалейка» (1908) адлюстраваў памкненні і барацьбу беларускага селяніна пераважна ў песімістычных танах, прычым такія настроі аўтара яшчэ ўзмацніліся ў наступных зборніках («Гусляр», «Шляхам жыцця»). Ло Гата лічыць, што «нацыяналістычныя тэндэнцыі», якімі насычаны яго вершы, адступаюць на другі план у драматургічных творах («Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш.), і там ужо абарона сялян набывае ліберальна-рэвалюцыйны каларыт. На думку італьянскага даследчыка, толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Янка Купала адмаўляецца ад гэтага «каларыту», каб праз фазу, якую тагачасная беларуская крытыка называла «дробнабуржуазнай», наблізіцца да бальшавіцкіх ідэй. Паводле Э. Ло Гата, цесна звязаны з народнай традыцыяй пясняр удасканаліў тэхніку беларускай паэзіі, прыўнёс у яе стылёвую разнастайнасць і ўзбагаціў тэмамі, матывамі. Аўтар адзначае, што Купалавай драматургіі ўласціва тэндэнцыя выкарыстоўваць больш сучасныя формы — такія, напрыклад, як гратэск. У падагульненні да артыкула італьянскі славіст падкрэслівае велізарнае значэннне творчасці Купалы для фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, у якую ён увёў шматлікія неалагізмы, а таксама адзначае, што з яго спадчыны чэрпала натхненне маладое пакаленне беларускіх паэтаў.

Што датычыцца Якуба Коласа, творчасці якога ў нарысе «Маладая літаратура старажытнага народа» было адведзена месца больш, чым творчасці аўтара «Жалейкі», то ва ўсіх 35 тамах «Італьянскай Энцыклапедыі», як ні дзіўна, ён згадваецца толькі ў раздзеле пра мову і літаратуру артыкула «Беларусь», напісаным Э. Ло Гата: «Над аморфнай масай шматлікіх спроб узняліся такія што ні ёсць сапраўдныя паэты, як Янка Купала (нар. 1882), Якуб Колас (нар. 1882), Максім Багдановіч — паэты розныя па сацыяльным паходжанні, не глухія да ўплываў тых большых літаратур, з якімі мелі дачыненні, але ў той жа час не пазбаўленыя арыгінальнасці» [18, p. 338]. І гэта ўся інфармацыя пра выдатных песняроў беларускага народа, якая была змешчана ў 30-м томе «Італьянскай энцыклапедыі навук, літаратуры і мастацтваў».

У артыкуле «Беларусь» адзначана, што пісьмовая беларуская літаратура мае агульныя вытокі з рускай і ўкраінскай, у ХV—XVI стагоддзях на беларускіх землях былі распаўсюджаны пераклады Бібліі, жыціі святых, рыцарскія раманы, хронікі. З канкрэтных твораў называюцца «Дзённік» Ф. Еўлашоўскага, сатырычная «Прамова Мялешкі». Распаўсюджанне надрукаваных на беларускай мове свяшчэнных кніг у першай палове ХVI ст. Э. Ло Гата лічыць сапраўднай праявай незалежнасці культуры, а Францыска Скарыну, які здзейсніў гэтыя выданні, называе выключнай асобай, што сімпатызавала гуманістам [18, p. 337]. Італьянскі даследчык адзначае багацце беларускіх народных абрадавых песень, прыказак і прымавак, а таксама казак — асабліва пра жывёльны свет, што нават можна было б весці гаворку пра беларускі анімалістычны эпас, — і старажытных філасофскіх легенд, якія, мяняючыся з часам, увабралі рэалістычна-сацыяльныя элементы. На думку аўтара, беларускі фальклор уяўляе сабой яшчэ мала выкарыстаны каштоўны матэрыял для вывучэння індаеўрапейскага фальклору наогул. Э. Ло Гата згадвае таксама беларускае травесці «Энеіды», тут ужо ўдакладняючы імя яе аўтара — В. П. Равінскага, а таксама выдадзеныя Янам Чачотам песні, Яна Баршчэўскага, які пісаў вершы на беларускай мове, і В. Дуніна-Марцінкевіча як аўтара вельмі папулярных вершаваных твораў і перакладчыка першай часткі Міцкевічавага «Пана Тадэвуша» [18, p. 337].

Як і ў нарысе «Маладая літаратура старажытнага народа», тут таксама падкрэсліваецца выключная і вырашальная роля для беларускага нацыянальнага руху «напоўненага пачуццём нацыянальнай годнасці» зборніка «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча. Яго Э. Ло Гата называе «першым евангеллем духоўнай незалежнасці» [18, p. 338].

Паводле аўтара артыкула, рэвалюцыя 1917 года дала магчымасць Беларусі развіваць незалежную літаратуру, прадстаўленую, аднак, па-ранейшаму пераважна «паэзіяй пралетарскага паходжання або паэзіяй, якая пралетарызуе». У якасці прыкладу ён прыводзіць літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», што складаецца амаль толькі з паэтаў. Сярод маладых празаікаў Э. Ло Гата вылучае Я. Нёманскага і К. Чорнага. Завяршаючы свой разгляд, літаратуразнаўца не абмінае ўвагай і беларускую крытыку, якая атрымала пэўны імпульс дзякуючы дзейнасці А. Навіны, аўтара шэрагу апублікаваных у 1918 годзе крытычных нарысаў па творчасці беларускіх пісьменнікаў (маецца на ўвазе зборнік «Нашы песняры»; згадвае маладых крытыкаў Т. Глыбоцкага, М. Байкова.

Этарэ Ло Гата быў таксама аўтарам раздзелаў па ўсходнеславянскіх літаратурах, змешчаных у 5 томе шасцітомнай «Гісторыі сучасных літаратур Еўропы і Амерыкі» (1958—1960) пад рэдакцыяй К. Пелегрыні. Сучасная італьянская славістка А. Д’Амелія сцвярджае, што гэтыя раздзелы, апублікаваныя толькі ў 1958, былі напісаны Э. Ло Гата яшчэ ў 1943 годзе [гл.: 19, p. 654].

Раздзел «Беларуская літаратура», як і энцыклапедычны артыкул, пра які гаворка ішла раней, змяшчае меркаванні, што беларусы маюць найбагацейшую народную паэзію, што пісьмовыя помнікі старажытнай беларускай літаратуры ХІV cт., за рэдкімі выключэннямі, належаць да перакладной рэлігійнай літаратуры. Праўда, тут Э. Ло Гата даў больш падрабязную, у параўнанні з «Энцыклапедыяй Трэкані», інфармацыю пра Францыска Скарыну: пра ступень «доктара медыцыны», атрыманую ў Падуанскім універсітэце, а таксама пра тое, што ў мове яго перакладаў кніг Бібліі было багата народных выразаў [20, p. 263]. Акрамя Бібліі і іншых свяшчэнных кніг, італьянскі літаратуразнаўца згадвае перакладныя творы, якія мелі распаўсюджанне ў іншых славян («Александрыя», эпічныя і гістарычныя творы). Ім адзначаецца наяўнасць шматлікіх юрыдычных помнікаў, пры ўкладанні якіх выкарыстоўвалася беларуская мова. З арыгінальных беларускіх твораў першай паловы ХVII стагоддзя італьянскі літаратуразнаўца і тут называе «Дзённік» Ф. Еўлашоўскага, «Прамову Мялешкі». На яго думку, згаданы помнік мемуарнай літаратуры цікавы тым, што, акрамя аповеду пра падзеі, у ім можна знайсці характарыстыкі тагачасных дзеячаў, а твор аратарскай прозы — гумарыстычным апісаннем трансфармацыі мясцовых звычаяў і нораваў пад польскім уплывам.

Як і ў пяпярэдніх працах, Э. Ло Гата кажа пра беларускае травесці «Энеіды» Вікенція Паўлавіча Равінскага, «чыё аўтарства было вызначана толькі нядаўна», пра песні на беларускай мове Яна Чачота, якія, нягледзячы на дыдактычны характар, не былі пазбаўлены і народнага рамантычнага пачатку, аўтара паэмы па тыпу «Энеіды навыварат» Яна Баршчэўскага [20, p. 264—265]. Упершыню ў сваіх даследаваннях пра беларускую літаратуру замежны даследчык згадвае апублікаваную ў 1840 годзе ў Парыжы кнігу «Беларусь» Аляксандра Рыпінскага, у якой аўтар «лічыць беларусаў адгалінаваннем польскай нацыі, робячы такім чынам незразумелую для беларуса памылку» [20, p. 264]. Паводле Ло Гата, усіх названых аўтараў пераўзышоў В. Дунін-Марцінкевіч — пісьменнік «народнай сентыментальна-ўтапічнай накіраванасці», што публікаваў вершаваныя, драматычныя творы, у якіх адны персанажы размаўлялі па-беларуску, а другія — па-польску.

І ў шасцітомнай «Гісторыі сучасных літаратур Еўропы і Амерыкі» Э. Ло Гата адзначае, што Францішак Багушэвіч паклаў пачатак «беларускаму руху» сваёй кнігай паэзіі «Дудка беларуская» (1891), у прадмове да якой была падкрэслена важнасць беларускай мовы і яе месца сярод іншых моў, славянскіх і неславянскіх. Паводле яго характарыстыкі, гэты «стваральнік новай беларускай літаратуры дзякуючы сваім вершам увайшоў у сям’ю іншых новых славянскіх літаратур з выразным рэалістычным тонам». Параўнанне паэзіі Ф. Багушэвіча з паэзіяй М. А. Някрасава стала ўжо традыцыйным у літаратуразнаўстве. Э. Ло Гата адзначае агульную тэму ў творчасці двух волатаў мастацкага слова — жыццё селяніна, пры гэтым падкрэслівае, што рускі пісьменнік абапіраўся на пісьмовую паэтычную традыцыю, у той час як беларус — на народную паэзію. На думку літаратуразнаўцы, менавіта прыёмы і танальнасці народнай паэзіі дазволілі Ф. Багушэвічу паказаць сялянскае жыццё больш яскрава.

У пятым томе «Гісторыі сучасных літаратур Еўропы і Амерыкі» Э. Ло Гата ўпершыню ў сваіх беларусазнаўчых працах згадвае Івана Неслухоўскага, вядомага пад псеўданімам Янка Лучына. Замежны даследчык звяртае ўвагу, што ён, як і аўтар «Дудкі беларускай», шмат сваіх твораў прысвяціў адлюстраванню жыцця беларускага селяніна. Аднак, у адрозненне ад Ф. Багушэвіча, яго вершы, нават прысвечаныя радзіме, а не каханню, напоўнены інтымнымі інтанацыямі, маюць больш выразны лірычны пачатак.

Акрамя ўжо сказанага пра Я. Купалу ў разгледжаных вышэй працах, тут Э. Ло Гата падкрэслівае сувязь беларускага паэта, «як і найлепшых яго сучаснікаў», з «Нашай нівай», пры гэтым адзначае, што менавіта з яго творчасці пасля рускай рэвалюцыі 1905 года «пачынаецца эпоха росквіту беларускай паэзіі» [20, p. 266]. На думку аўтара раздзела «Беларуская літаратура», Купала лепш за ўсіх «у сваіх вершах апеў прыгажосць і прыродныя багацці сваёй радзімы» і «перадаў пачуцці рэвалюцыйнага сялянскага класа, змагаючыся, таксама праз паэзію, за нацыянальнае вызваленне беларусаў і асабліва бедных сялян» [20, p. 266]. Італьянскі даследчык тлумачыць: уласцівы паэтычнай творчасці Янкі Купалы песімізм, з якім ён ішоў нават насустрач рэвалюцыі 1917 года, быў звязаны з сумненнямі паэта наконт таго, што рэвалюцыйны рух адначасова з вызваленнем селяніна можа прынесці і вызваленне яго радзіме. Разам з тым, італьянскі славіст лічыць, што значэнне паэта для гісторыі беларускай літаратуры звязана «не з ідэалогіяй, а з формаю: беларуская паэзія абавязана яму сваёй тэхнікай, сваёй сучаснай мовай, па-майстэрску выкананымі стылізацыямі казак і легенд народнага эпасу» [20, p. 266].

З уплывам Луцкевіча-Купалы на развіццё роднай літаратуры, сцвярджае Э. Ло Гата, можна параўноўваць толькі ўплыў Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, вядомага пад псеўданімам Якуб Колас. Яго творчасць таксама адрасавана простым людзям, з якімі, падкрэсліваецца італьянскім даследчыкам, у Коласа, як сына простага селяніна, больш сувязей, чым у Я. Купалы, выхадца з шляхты. Пры характарыстыцы ранняй творчасці Коласа-паэта замежны славіст спасылаецца на верш «Не пытайце, не прасіце…», якім пачынаецца дэбютны зборнік «Песні жальбы» (Вільня, 1910), і піша: «Ён сам сказаў пра свае вершы, што ніколі ў яго душы не нараджаліся радасныя песні і што кожны раз, калі ён пачынаў спяваць песню, боль і пакуты ахоплівалі яго з-за сумнай долі беларусаў: «…не шукаюць кветак у полі, калі не прыйшла яшчэ вясна» [20, p. 266]. Э. Ло Гата канстатуе, што творчую спадчыну Я. Коласа складаюць розныя па форме вершы, вершаваныя апавяданні, эпічныя паэмы. «У цэнтры яго паэзіі, — лічыць італьянскі славіст, — жыццё і лёс селяніна, адлюстраваныя з пазіцый беларускай нацыянальнай дэмакратыі, за якую пазней, пасля рэвалюцыі 1917, яго папракалі ў неразуменні сапраўдных патрэб сялянскага класа ў пралетарскай рэвалюцыі» [20, p. 266—267]. Паводле меркаванняў замежнага літаратуразнаўцы, для паэтычнай творчасці Я. Коласа не вельмі характэрны разважанні наконт ідэалогіі; сваёй мастацкай сталасці беларускі пясняр дасягнуў ва ўласна лірычнай паэзіі, у апавяданнях і паэмах, у аснову якіх пакладзены фальклорна-этнаграфічны матэрыял. Паэма «Новая зямля», на думку Э. Ло Гата, «мае таксама гістарычнае значэнне, калі не як ідэалагічны, то як мастацкі дакумент гістарычнай барацьбы сялян за валоданне зямлёй», а галоўны герой паэмы «Сымон-музыка» — «гэта персаніфікаваная ідэя — якая была ў згаданых «нашаніўцаў» — пра месіянскую ролю «беларускай інтэлігенцыі» [20, p. 267].

Італьянскі даследчык згадаў і пра тое, што ў 1930 годзе Я. Колас адрокся ад сваёй папярэдняй творчасці, асабліва ад ідэй, выказаных у паэме «Новая зямля». Аднак пры гэтым аўтар раздзела «Беларуская літаратура» ў «Гісторыі сучасных літаратур Еўропы і Амерыкі» лічыць, што «прыняцце новых ідэй», «не пазбавіла паэта аўтарытэту як апісальніка роднай прыроды і майстра псіхалагічнага аналізу сваіх зямлякоў» [20, p. 267].

Вартай увагі і вылучэння з агульнага шэрагу Э. Ло Гата лічыць творчасць Максіма Багдановіча, «які, нягледзячы на заўчасную смерць, пакінуў багатую па змесце і формах паэтычную спадчыну: ад аўтабіяграфічных вершаў (перш за ўсё пра смутак хворага цела) да вершаў пра місію паэта і значэнне для яго прыгажосці і прыроды; ад патрыятычных да песень на гістарычную тэматыку» [20, p. 267]. Для італьянскага літаратуразнаўцы істотна, што М. Багдановіча называлі паэтам «мастацтва для мастацтва», і ён тлумачыць, што мелася на ўвазе: «…у тым сэнсе, у якім імі з’яўляліся Фет, Майкаў, а таксама Пушкін, які быў вельмі дарагі маладому беларусу» [20, p. 267].

Што датычыцца іншых прадстаўнікоў айчыннай літаратуры, то ў канцы раздзела «Беларуская літаратура» згадваюцца тыя ж аўтары, якія былі прадстаўлены ў рускамоўным зборніку «Просторы» (1927). Замежны літаратуразнаўца піша, што М. Чарот, З. Бядуля, Ц. Гартны з энтузіязмам віталі рэвалюцыю, а па ўзорах іх рэвалюцыйнай паэзіі сталі пісаць маладыя. На думку Э. Ло Гата, гэта яны разам А. Александровічам, А. Дударом, М. Зарэцкім «сфарміравалі ядро новай беларускай літаратуры, якая выконвала тыя новыя задачы, якія прызначаліся літаратуры і мастацтву наогул у будаўніцтве сацыялістычнай дзяржавы да і пасля Вялікай Айчыннай вайны» [20, p. 267].

На жаль, у дадзены момант мы не маем доступу да іншых крыніц, у якіх могуць змяшчацца матэрыялы па айчыннай літаратуры. Але намерваемся пошукавую працу весці далей і спадзяёмся, што распачатае даследаванне папоўніцца новымі звесткамі пра тое, як беларускае мастацтва слова было прадстаўлена італьянскаму чытачу намаганнямі слыннага славіста.

Разгледзеўшы шматпланавую дзейнасць Э. Ло Гата па распаўсюджванні славянскіх культур і ведаў пра славянскі свет у Італіі, хоць коратка адзначым яшчэ і яго выкладчыцкую працу — найперш тое, што ён разам з Дж. Маверам увёў славістыку ў італьянскую ўніверсітэцкую структуру [гл.: 1, p. 222]. Сучасныя італьянскія даследчыкі сцвярджаюць, што з самага пачатку «ў італьянскім акадэмічным асяродку была цесная сувязь паміж русістыкай і славістыкай» [1, p. 222], таму цалкам верагодна, што, выкладаючы рускую літаратуру, Э. Ло Гата згадваў і беларускую літаратуру, прыводзіў прыклады з яе.

У 1922 годзе ён, стаўшы дацэнтам Рымскага ўніверсітэта, чытаў курс па рускай мове і літаратуры [гл.: 5, p. 339]. З інфармацыі, якая публікавалася ў «Часопісе славянскіх літаратур», вядома, што ў 1926 годзе прафесар Этарэ Ло Гата быў запрошаны працаваць на нядаўна заснаваную кафедру рускай мовы і літаратуры факультэта філалогіі і філасофіі Неапалітанскага ўніверсітэта [гл.: 21, p. 510], якая ўжо праз год будзе пераўтворана ў кафедру славянскіх літаратур [гл.: 10, p. 465]. У 1931 годзе ён пакінуў сваю alma mater і замяніў на пасадзе загадчыка кафедры славянскай філалогіі Падуанскага ўніверсітэта ўжо згаданага намі другога «патрыярха» італьянскай славістыкі і свайго сябра Джавані Мавера (1891—1970). Пасля гэтага ў перыяд з 1936 па 1940 год Этарэ Ло Гата кіраваў Італьянскім інстытутам культуры ў Празе і з’яўляўся прафесарам італьянскай літаратуры Карлавага ўніверсітэта [гл.: 5, p. 346].

Тут дазволім сабе невялічкае адступленне і ўдакладнім, як ён спрычыніўся да даследаванняў біяграфіі Францыска Скарыны. Рускі гісторык, славіст і скарыназнаўца А. В. Флароўскі, які ў той час жыў і працаваў у сталіцы Чэхаславакіі, успамінаў: «Неабходна заўважыць, што мне яшчэ ў 1937 г. было вядома гэта абазначэнне Скарыны як сакратара караля «Дакіі» («Dасіае», варыянт «Datiae» я не ведаў). Але мне тады было нязручна публікаваць гэты акт. Я чакаў моманту, калі яго надрукуе тая асоба, якая яго першапачаткова выявіла. Справа ў тым, што неяк увосень 1937 г. прафесар Этора Ла Гата (Этарэ Ло Гата. — У. Ч.) паказаў мне ў прафесарскай чытальні Карлавага ўніверсітэта ў Празе рукапіс невялікага артыкула, які яму прапанавалі надрукаваць у часопісе «L’Europa Orientale». Прафесар запытаў тады ў мяне, ці вядомы ў друку прыведзеныя ў гэтым артыкуле падуанскія акты. Сярод тэкстаў, з якімі мне тут жа давялося бегла азнаёміцца, знаходзіўся раней незнаёмы тэкст з абазначэннем, што зараз нас цікавіць. Я меркаваў, што ў бліжэйшы час акт гэты будзе надрукаваны, таму ні ў адной з сваіх прац аб Скарыне 1938—1946 гг. не рабіў спасылак на гэты цікавы дакумент, бо лічыў, што прыарытэт знайшоўшага матэрыял павінен быць захаваны. Акт гэты, аднак, настолькі прыцягнуў маю ўвагу, што я тады ж прыняў захады, каб навесці папярэднія даведкі для сябе асабіста і асэнсаваць выключна цікавую знаходку» [22, с. 429— 430]. Невядома, ці друкаваўся той «невялікі артыкул» пра Ф. Скарыну ў часопісе «Усходняя Еўропа», а таксама — хто быў яго аўтарам…

Працяг славістычнай кар’еры Э. Ло Гата такі: з 1941 і да пенсіі ў 1965 годзе вучоны ўзначальваў кафедру рускай мовы і літаратуры Рымскага ўніверсітэта [5, p. 346].

У падагульненне выкладзенага адзначым: Этарэ Ло Гата, італьянскі славіст з вялікім міжнародным аўтарытэтам, нямала зрабіў для папулярызацыі беларускай літаратуры ў сваёй краіне. Дзякуючы яму італьянцы бліжэй знаёміліся з «маладой літаратурай старажытнага народа». Прычым унёсак яго — не толькі ўласныя даследчыцкія і папулярызатарскія працы, але і рэдактарская, перакладчыцкая дзейнасць, у выніку якой на старонках часопісаў «Усходняя Еўропа», «Часопіс славянскіх літаратур» з’явіліся амаль усе вядомыя на дадзены момант даваенныя публікацыі пра Беларусь і яе літаратуру.

Адпаведна, наш артыкул — спроба аддаць належнае італьянскаму вучонаму як беларусазнаўцу, пакуль што амаль зусім у нас невядомаму.

Уладзімір ЧАРОТА

 

Спіс літаратуры:

1. Giuliani, R. La scuola di russistica della «Sapienza»: le personalitа, i libri, il magistero / R. Giuliani // Ricerche slavistiche. — 2012. — 10 (56). — P. 221— 232.

2. Варварцев, М. М. Ло Гатто (Lo Gatto) Етторе / М. М. Варварцев // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) [таін.]. — К. : Наук. думка, 2009. — Т. 6 : Ла — Мі. — С. 248.

3. Кусенко, О. И. Современная итальянская историография русской философии : дис. ... канд. филос. наук : 09.00.03 / О. И. Кусенко. — М., 2016. — 245 c.

4. Naumow, A. Letteratura bielorussa / A. Naumow // Letteratura russa e altre letterature slave : Guide bibliografiche / A cura di F. Malcovati. — Milano : Garzanti, 1989 — P. 108.

5. D’Amelia, A. Un maestro della slavistica italiana: Ettore Lo Gatto /A. D’Amelia // Europa Orientalis.— VI (1987). — P. 329—382.

6. Маццителли, Г. Очерки итальянской славистики : книги, архивы, судьбы / Г. Маццителли; перевод и научная редакция М. Г. Талалай. — М. : Индрик, 2018. — 296 с.

7. Ло Гатто, Э. Мои встречи с Россией / Э. Ло Гатто; пер. К. Гладыш, И. Дергачева; под ред. А. Ло Гатто Мавер. — М.: Кругъ, 1992. — 158 с.

8. Tria, M. Le lettere di Ettore Lo Gatto a Evgenij Aleksandrovič Ljackij / M. Tria // Russica Romana. — Vol. XX (2013). — P. 141—169.

9. Чмарава, М. І. Шляхі ўзаемнага пазнання: беларуская літаратура ў Чэхаславакіі (1920— 1945) : манаграфія / М. І. Чмарава. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2004. — 136 с.

10. Lo Gatto, E. Gli studi slavi in Italia / E. Lo Gatto // Rivista di letterature slave. — 1927 (Anno II). — Fasc. III (Settembre). — P. 455—468.

11. Ljackij, E. Il poeta della Russia Bianca rinascente: Jakub Kolos / E. Ljackij // Rivista di letterature slave. — 1927 (Anno II). — Fasc. I (Marzo). — P. 117— 122.

12. Lo Gatto, E. La giovane letteratura d’un vecchio popolo / E. Lo Gatto // Note di storia e della letteratura russa / E. Lo Gatto. — Roma : Istituto per l’Europa Orientale, 1931. — P. 81—88.

13. Просторы: избранные произведения белорусской литературы: переводы с белорусского языка / под редакцией Ив. Осьмова. — Минск : Белорусское государственное издательство, 1927. — 161 с.

14. Ljackij, E. Un poeta bianco-russo: Massimo Bogdanovič // Rivista di letterature slave. — 1928 (Anno III). — Fasc. II (Aprile). — P. 193— 201.

15. Rivista di letterature slave. — 1927 (Anno II). — Fasc. IV (Dicembre). — P. 632— 633.

16. Колас, Я. Водгульле / Я. Колас. — Менск : Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», 1922. — 107 с.

17. E. L. G. [Ettore Lo Gatto]. Kupala Janka / E. Lo Gatto // Enciclopedia Italiana di scienze, lettere ed arti : [in 35 vol.]. — Roma : Istituto della Enciclopedia Italiana fondata da Giovanni Treccani, 1933. — Vol. XX. — P. 310.

18. E. L. G. [Ettore Lo Gatto]. Russia Bianca: lingua e letteratura / E. Lo Gatto // Enciclopedia Italiana di scienze, lettere ed arti : [in 35 vol.]. — Roma : Istituto della Enciclopedia Italiana fondata da Giovanni Treccani, 1936. — Vol. XXX. — P. 337—338.

19. D’Amelia, A. А la mémoire de Ettore Lo Gatto / A. D’Amelia, J. Catteau // Revue des études slaves. — 1983. — T. 55. — Fasc. 4. — P. 643—658.

20. Lo Gatto, E. La letteratura bielorussa / E. Lo Gatto // Storia delle letterature moderne d’Europa e d’America : in 6 vol. / diretta da C. Pellegrini. — Milano : Vallardi, 1958. — Vol. 5. — P. 263—267.

21. La letteratura russa nell’Universitа di Napoli // Rivista di letterature slave. — 1926 (Anno I). — Fasc. IIІ— IV (Dicembre). — P. 510.

22. Флароўскі, А. В. Scoriniana / А. В. Флароўскі // 450 год беларускага кнігадрукавання / Рэдкалегія : К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва) [і інш.]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1968. — С. 389— 433.

 

Артыкул паступіў у рэдакцыю 30 жніўня 2018 года.

 

Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Даяне Лазаравіч (Сербія), Габрыэле Мацытэлі (Італія), Аляксандру Яўгенавічу Навумаву (Італія), Наталлі Аляксандраўне Навумавай (Італія), Ганне Уладзіміраўне Навумавай (Беларусь).

 

 

Рэзюмэ

 

Уладзімір ЧАРОТА

 

Італьянскі славіст Этарэ Ло Гата – невядомы даследчык беларускай літаратуры

 

УДК 81(450) Ло Гата+821.161.3.09

Артыкул прысвечаны дзейнасці Этарэ Ло Гата па папулярызацыі беларускай літаратуры ў Італіі. Аўтар акрэслівае асноўныя этапы жыццёвага і творчага шляху аднаго з заснавальнікаў італьянскай славістыкі, аналізуе, як прадстаўлена беларуская літаратура ў яго публікацыях, а таксама разглядае рэдактарскую і перакладчыцкую дзейнасць Э. Ло Гата, якія спрыялі больш глыбокаму знаёмству замежнага чытача з нашай краінай і яе культурай. У артыкуле падаюцца звесткі пра супрацоўніцтва і сяброўства італьянскага даследчыка з Я. А. Ляцкім.

 

Ключавыя словы: італьянская беларусістыка і славістыка, Э. Ло Гата, беларуская літаратура, пераклад, Я.А. Ляцкі.

 

Summary

 

Uladzimir CHAROTA

 

Italian Slavist Ettore Lo Gatto is an unknown researcher of Belarusian literature

 

The article is devoted to the activities of Ettore Lo Gatto for the popularization of Belarusian literature in Italy. The author outlines the main stages of the life and career of one of the founders of the Italian Slavic studies, analyzes how Belarusian literature is presented in his publications and examines editorial and translation work of E. Lo Gatto that contributes to deeper acquaintance of foreign readers with our country and its culture. This article provides information about cooperation and friendship of the Italian researcher with E. A. Ljackij.

 

Keywords: Belarusian and Slavic studies in Italy, E. Lo Gatto, Belarusian literature, translation, E. A. Ljackij.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».