Вы тут

Трагедыя была ў Янопалі


Жыхароў фальварка, што стаяў калісьці ў гістарычным месцы цяперашняга Жабінкаўскага раёна Брэстчыны, напаткаў лёс вяскоўцаў з Хатыні: карнікі пазабівалі янопальцаў 30 верасня 1943 года і сам той фальварак спалілі. Пасля вайны ён ужо не адрадзіўся.


Помнік на магіле ахвяр Янопаля

Няпростымі бываюць шляхі да гістарычнай праўды. Сведчаннем таму й лёсы людзей, загінулых восенню 1943-га на Жабінкаўшчыне, у колішнім фальварку Янопаль Рагазнянскага (цяпер Ленінскага) сельсавета. Згадаў пра даўнюю трагедыю ў Янопалі наш зямляк Павел Сідарук, ураджэнец Жабінкаўскага раёна. Ён жыве ў Расіі, у Нальчыку, там узначальвае савет Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне, сябры!”. Супрацоўнічае з газетай “Голас Радзімы”. У адным з пісем у рэдакцыю Павел Фёдаравіч паведаміў, што звярнуўся да дырэктара Мемарыяльнага комплексу Хатынь з просьбай ушанаваць памяць пра спалены фашыстамі ў гады вайны фальварак Янопаль, знішчаных там людзей. А калегі напісалі пра тое нам, у рэдакцыю жабінкаўскай райгазеты “Сельская праўда”. Каб удакладніць падрабязнасці пра трагедыю.

Пра Янопаль Павел Сідарук чуў яшчэ дзіцем ад старэйшых, якія жылі пад акупацыяй фашыстаў у гады вайны. Потым, згадвае, у канцы 70-х пра трагедыю фальварка, яго жыхароў пісала й нейкая газета, магчыма, брэсцкая абласная “Заря”. І тут да месца будзе згадаць, што Янопаль у гісторыі сапраўды вядомы! Праўда, пераважна спецыялістам, што вывучаюць беларускую мінуўшчыну. Але вядомы чым? 17 верасня 1794 года каля Крупчыцаў (сённяшняя вёска Чыжэўшчына) адбылася найбуйнейшая бітва часоў Касцюшкаўскага паўстання. Гэта, нагадаю, было нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі за аднаўленне незалежнасці й суверэнітэту Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Паўстанне ахапіла вялікія тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы. Заключны ж этап Крупчыцкай бітвы, у якой напрамую вырашаўся далейшы лёс Бацькаўшчыны, праходзіў непасрэдна ў Янопалі. Пасля адыходу паўстанцаў расійскія войскі пад кіраўніцтвам генерал-аншэфа Аляксандра Суворава на пэўны час прыпыніліся паблізу фальварка. І потым рушылі ўслед за паўстанцамі генерала Караля Серакоўскага.

Цяпер — пра саму трагічную падзею, якая адбылася 30 верасня 1943 года. У Жабінкаўскай раённай кнізе “Памяць” названы пайменна 11 чалавек, што сталі ахвярамі карнікаў. А ў Дзяржархіве Брэсцкай вобласці захоўваецца “Спіс грамадзян СССР, што пражывалі ў Рагазнянскім сельсавеце, якія расстраляны, замучаны і вывезены нямецкімі фашыстамі ў Айчынную вайну ў Германію”.

Рукапісны дакумент складзены ў двух экзэмплярах, напісаны рознымі почыркамі 30 студзеня 1945 года ў мястэчку Жабінка. У ім пералічаны 11 асоб, расстраляных у Янопалі, у такім парадку: Васіль Мілешка (1919–1943), Марыя Мілешка (1920–1943), Марыя Васілеўна Мілешка (1939–1943), Зінаіда Васілеўна Мілешка (1941–1943), Марыя Куратовіч (1917–1943), Кацярына Куратовіч (1941–1943), Антаніна Філанюк (1922–1943), Пётр Лісковіч (1894–1943), Васіль Лісковіч (1929–1943), Міхаіл Боква(?) (?– 1943), Боква(?) (1880–1943). З гадоў нараджэння, прозвішчаў ды прозвішчаў па бацьку ахвяр трагедыі можна зразумець, якія ў іх былі роднасныя сувязі. Што сярод расстраляных былі й тры маленькія дзяўчынкі 2-х і 4-х гадоў.

Асобна патрэбна сказаць пра двух апошніх асоб у спісе. У “Памяці” прозвішча перадаецца ў форме “Боня”, але дакумент 1945 года таму супярэчыць: у абодвух экзэмплярах напісанае ніяк нельга расчытаць як “Боня”. І форма, напісаная намі, толькі версія. А хто ведае праўду? У дачыненні да апошняй ахвяры пазначана так: “цешча яго (Міхаіла), імя і прозвішча невядомыя”. На помніку, што ўсталяваны ў лесе, на Чыжэўшчынскіх могілках ёсць надпіс па-руску “Вечная память погибшим от рук немецко-фашистских палачей в имении Янополь 30.ІХ.1943 г.”, няпоўны пералік забітых і фотаздымак жанчыны. Па ўзросце з пералічаных гэта можа быць толькі партрэт яе, безымяннай Міхайлавай цешчы.

Некалі трохі пра абставіны трагедыі расказваў старажыл вёскі Чыжэўшчыны Фама Сірацюк: “Іх забілі за сувязь з партызанамі, а хутар спалілі. Няма ўжо таго Янопаля”. Сышоў у вечнасць і сам старажыл. Цяпер нагадвае пра колішні населены пункт хіба што назва ўрочышча Янопаль — у некалькіх кіламетрах на паўднёвы захад ад Чыжэўшчыны.

Анатоль Бензярук, журналіст, г. Жабінка.


Непадалёк ад Крупчыцкага поля

Рэдакцыйны каментар

Вокладка кнігі А. Бензерука

Дзякуем шаноўнаму калегу за цікавы тэкст. А таксама й за яго каштоўную кнігу “Крупчыцы. 1794 год: Падзеі і памяць роднай гісторыі” (“Брэсцкая друкарня”, 2007). Анатоль Расціслававіч падарыў яе рэдакцыі ў часе чарговай кніжнай выставы-кірмашу. Гэта ўнікальнае дакументальна-гістарычнае даследаванне, эпіграфам да якога ўзяты паказальныя, пранізлівыя радкі з верша Расціслава Бензерука: “Гісторыю, скажаючы, пісалі:/ Падзея даспадобы — на скрыжалі/ Заносілі, а не — вялі на згубу.../ Сваёй мінуўшчыны не ведаем, не любім./ Калі ж распавядаць пачнуць у школе/ Праўдзіва пра баі за Крупчыцамі ў полі?..”. Гэты бацькоўскі запавет сэрцам успрыняў Анатоль Бензярук і правёў каласальную працу, каб менавіта праўдзіва расказаць “пра баі за Крупчыцамі ў полі”. У кнізе 150 старонак, аўтар выкарыстаў дзясяткі дакументальных крыніц, на падставе якіх паказвае падзеі лета й восені 1794 года на землях былой Берасцейшчыны, цяперашняй Брэстчыны. У анатацыі да кнігі чытаем пра бітву: “Тут вырашаўся не толькі лёс нацыянальна-вызвольнага чыну, які ўзначаліў Тадэвуш Касцюшка, не толькі Беларусі й Польшчы, але і ўсёй Еўропы”.

Сёлета ўвосень, нагадаем, споўніцца 225 гадоў з часу Крупчыцкай бітвы, таму звернем на яе ўвагу. Адбылася бітва паміж паўстанцкім корпусам генерала Караля Серакоўскага і расійскімі палкамі генерал-аншэфа Аляксандра Суворава. Доўгі час, аднак, згадвае аўтар, “падзеі, знітаваныя з Касцюшкаўскім паўстаннем, ці замоўчваліся айчыннымі гісторыкамі, ці апісваліся вельмі фрагментарна, з памылкамі й недакладнасцямі”. Таму й не было аб’ектыўнасці ў асвятленні векапомных падзей ХVІІІ стагоддзя на Беларусі. А такое стаўленне да ўласнай гісторыі, вядома ж, мае негатыўнае “рэха” ў часе, у ментальнасці нашых суродзічаў: “Для большасці беларусаў той час і ягоныя героі не ўспрымаліся як частка нацыянальнай гісторыі, не былі яны прадметам гонару ды шанавання. Складвалася ўяўленне, быццам на гэтых тэрыторыях разыгрываліся падзеі, у якіх чужынцы вырашалі свае палітычныя задачы, а беларусы не мелі да таго ніякага дачынення. Любы народ гэткую пастаноўку пытання ўспрымаў бы як прыніжэнне нацыянальнай годнасці”. Заслугоўвае павагі, што Анатоль Бензярук здолеў, як ён сам піша, паглядзець на лёсавызначальныя для Бацькаўшчыны падзеі не столькі вачыма крытычнага нашчадка, колькі поглядам зацікаўленага сучасніка. І таму да месца ў кнізе й агляд “поля бітвы”, палемічнага змагання, што вядзецца паміж расійскімі, польскімі ды беларускімі гісторыкамі вакол пытанняў, знітаваных з Касцюшкаўскім паўстаннем.

Адно з адкрыццяў, якое зробіць для сябе дапытлівы чытач кнігі “Крупчыцы. 1794 год: Падзеі і памяць роднай гісторыі”: аказваецца, беларусы ў бітве забівалі адзін аднаго, бо нашы супляменнікі былі як у войску паўстанцаў, так і ў расійскім (якое пад Крупчыцамі ўтрая большае было за паўстанчае). Аўтар з дакументамі ў руках даказвае: “Падзеі паўстання, у прыватнасці баі пад Крупчыцамі ды Берасцем, у чарговы раз выявілі: для беларусаў 1794 год набыў рысы грамадзянскай вайны. Нашы суайчыннікі змагаліся па абодвух баках барыкад. Асаблівае ўражанне пакідае вобраз егераў Беларускага корпуса, што першымі па багнах пачалі самазабойчую атаку на цэнтр дывізіі Серакоўскага, каб адцягнуць увагу ад манёўраў на флангах. У папулярных працах беларускіх гісторыкаў канца ХХ стагоддзя сцвярджалася, што касцяк корпуса быў набраны ў 1780-х гадах у Беларускім генерал-губернатарстве. Гэтым егерам у немалой ступені супрацьстаялі паўстанцы-беларусы”.

 

Леанід Несцярчук у Сяхновічах

Цяпер красамоўны факт у тэму повязі часоў ды меркавання аўтара пра “няпростыя шляхі да гістарычнай праўды”: з кнігі вынікае, што яшчэ ў 1993 годзе з’явілася ідэя ўшанаваць памяць ахвяраў Крупчыцкай бітвы. Задума, удакладняе Анатоль Бензярук, паходзіла ад тагачаснага спецыяліста па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Леаніда Несцерчука. Тады беларуская грамадскасць рыхтавалася адзначыць 200-годдзе паўстання і 250-я ўгодкі Тадэвуша Касцюшкі. Хацелі паставіць у Чыжэўшчыне толькі памятны камень, потым знайшла прыхільнікаў ідэя мемарыяльнай капліцы. Бо раней на Крупчыцкіх каталіцкіх могілках і была драўляная капліца, якая не ацалела ў Вялікую Айчынную вайну. Падмурак будучай капліцы быў заліты 7 лістапада 1998 года, саму ж яе (архітэктар з Жабінкі — Сцяпан Кандрацюк) урачыста адкрылі, асвяцілі праз 210 гадоў пасля бітвы: 23 верасня 2004 года. Чытаем у кнізе: “На плітах гранітнай піраміды, змешчанай у цэнтры капліцы, пазначаны палкі Серакоўскага і Суворава, што біліся на Крупчыцкім Вялікім полі. На задняй пліце перад выяваю Божай Маці выбітыя радкі з верша Расціслава Бензерука “Канец легенды”: “Памолімся: хай Бог грахі даруе/ І тым, хто па-геройску лёг у бітве,/ І тым, хто ісціну па-свойму перайначваў,/ І ўсім, хто сёння на зямлі жыве”. У сучаснасці Крупчыцкая мемарыяльная капліца пакрысе становіцца візітнай карткай Жабінкаўшчыны”.

Мяркую, з часам неяк будзе пазначана й месца спаленага карнікамі фальварка Янопаль, які аказаўся непадалёк ад Крупчыцкага поля: пры дарозе, па якой з боем адступалі паўстанцы. Фальварак падпісаны ў самым нізе на карце “Бітва пад Крупчыцамі 17 верася 1794 года”, змешчанай у згаданай кнізе Анатоля Бензерука. Працуючы з пісьмом Паўла Сідарука, мы высветлілі: Янопаль, як ён і піша, не ўнесены пакуль у электронную базу дадзеных “Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны”. Гэты рэсурс быў створаны да 70-годдзя Хатынскай трагедыі спецыялістамі Дэпартамента па архівах і справаводстве Мінюста Беларусі, Нацыянальнага архіва і Беларускага фонду міру пры падтрымцы Расійскага фонду садзеяння актуальным гістарычным даследаванням “Историческая память”. Электронная база http://db.narb.by/about/ змяшчае звесткі пра беларускія вёскі, знішчаныя цалкам і часткова, з насельніцтвам і без жыхароў. На час, калі пішуцца гэтыя нататкі, у базу ўнесена 9096 вёсак. Фальварак — не вёска, ды ці важна тое на вагах гісторыі? Населены пункт быў знішчаны, і бязвінна загубленыя 11 душаў — важкі аргумент у спрэчцы. Зрэшты, мяркую, і спрэчак не будзе: дакументы ж ёсць. А на сайце чытаем: “Са студзеня 2014 года выяўленнем і прадастаўленнем алічбаваных дакументаў для базы дадзеных займаецца Цэнтральны архіў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Праца па ўдакладненні спісу спаленых вёсак, напаўненні базы інфармацыяй працягваецца. Аўтары запрашаюць карыстальнікаў узяць удзел у аднаўленні трагічных старонак у гісторыі нашай краіны”.

Урачыcтае адкрыццё капліцы на Крупчыцкім полі

На думку Анатоля Бензерука, у згаданай базе ёсць недакладнасці. У перапісцы з рэдакцыяй ён як доказ прыводзіць Драмлёва — найвядомую “вогненную вёску” Жабінкаўшчыны, якая пазначана і ў хатынскім Могільніку вёсак. У базе пададзена: у Драмлёве ў верасні 1942-га карнікі спалілі 286 чалавек. Аднак, звяртае ўвагу даследчык, насамрэч ахвяр было 183. Журналіст мае выпіску са справы з Дзяржархіва Брэсцкай вобласці (Ф. 835. Воп. 1. Спр. 1а), у якім па лічбах ахвяр — вялікі разнабой: “Прыкладам, на 4-м аркушы прыводзіцца лічба 286 загінулых, а на 130-м — ужо 270... У так званых “дакументах” цэлыя россыпы лічбаў ахвяр: 270, 275, 280, 286, 375 і нават... да 2100 (дзве тысячы сто!!!). З таго пераліку ў 60-я гады ў Маскву патрапіла лічба 286 — яе й пачалі ўсюды падаваць, так і па гэты час”.

Магчыма, калі жыхары фальварка Янопаль мелі сувязі з партызанамі, то ў архіўных дакументах, данясеннях тагачасных партызанскіх сувязных знойдуцца звесткі пра бязвінна забітых людзей. Яшчэ вядома: у 1921-1931 гадах польскія ўлады — тэрыторыя Заходняй Беларусі была ў складзе Польшчы — правялі перапіс насельніцтва краіны для вызначэння яго нацыянальнага складу. Па ўсёй бачнасці, ахвяры сталага веку з Янопаля ў тых дакументах пазначаны. Як і ў дакументах, што рабіліся пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (пасля 17 верасеня 1939 года).

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.