Вы тут

У адным сельсавеце працуюць 47 фермерскіх гаспадарак


Вулькаўскі сельсавет Лунінецкага раёна ўнікальны хоць бы таму, што на яго тэрыторыі амаль 50 фермерскіх гаспадарак. Словам, пакуль гэта рэкорд на Брэстчыне на асобна ўзятай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы.


Рыгор Богдан і старшыня сельскага Савета Аляксандр Кушнярэвіч.

Запаветныя сем гектараў

Усё ж цікава, чаму менавіта ў гэтай мясцовасці развіццё фермерства пайшло так актыўна. Можна сказаць, што людзі тут надзвычай працавітыя. І, пэўна, не пакрывіш душой. У дапаможных гаспадарках здаўна вырошчваюць самую розную прадукцыю. Тыя ж клубніцы, якімі праславіўся Дварэц, даўно садзяць у Вульцы-2, Бродніцы, іншых вёсках. Дварэц, куды прыязджаюць скупшчыкі, побач, сюды і вязуць сваю ягаду на продаж мясцовыя гаспадары. Яшчэ адна прычына — землі былога КУП «Міжлескі» заўсёды лічыліся даволі ўрадлівымі, бо кругом многа тарфянікаў, спрэс меліяраваныя ўгоддзі. А недзе пад канец 90-х, калі пачалі хадзіць розныя чуткі наконт будучага калгасаў, людзі запатрабавалі раздзяліць калгасную зямлю на паі. Падлічылі плошчу калгасных палеткаў, падзялілі на колькасць работнікаў, атрымалася па 7,4 гектара на члена калектыўнай гаспадаркі. І многія тады вырашылі рызыкнуць, выйсці з калгаса, каб працаваць самастойна. Так і зрабілі, пачыналі вось з гэтых сямі гектараў. У каго справы пайшлі лепш, хто сумеў вытрымаць рыначныя выпрабаванні, паціху стаў разрастацца. Праўда, ёсць і такія, каму пазней ладны кавалак выдзялялі рашэннем выканкама. Калі мясцовая ўлада ўбачыла эфектыўнае гаспадаранне, фермераў сталі падтрымліваць надзеламі. І цяпер ўжо зямлі ўсім ахвотным не хапае. Але вулькаўскія гаспадары не губляюцца, яны асвойваюць тэрыторыі суседніх раёнаў.

Рыгор і сыны

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Рыгор і сыны» Рыгор БОГДАН — фермер са стажам. Яго гаспадарцы больш за 15 гадоў. Рыгор Аляксеевіч называе сваю ФГ маленькай, бо зараз, паводле яго слоў, на ўліку ўсяго 180 гектараў. Богданы займаюцца бульбай, агароднінай, ёсць і збожжавыя культуры, найбольш для севазвароту. Гаспадарка зарэгістраваная ў Бродніцы, яе вытворчая база знаходзіцца ва ўрочышчы Грэчын. Туды і накіроўваемся.

Рыгор Аляксеевіч запрашае ў невялікі офіс. Гэта пакой на чатыры рабочыя месцы, дзе пры неабходнасці працуюць кіраўнік і спецыялісты. У агароднінасховішчы, у майстэрні, гаражы штодзень працуюць людзі, пра іх паклапаціліся, у бытоўцы ёсць усё неабходнае. Усяго ў штаце фермерскай гаспадаркі занятыя пастаянна 15—16 чалавек. Пад патрэбу, найбольш на час уборкі ўраджаю, наймаюцца сезонныя работнікі.

Сучаснаму вытворцы бульбы і агародніны вельмі важна мець сховішча для прадукцыі, гэта ў разы памяншае страты. Агароднінасховішча гаспадаркі «Рыгор і сыны» ўяўляе сабой сучасны ангар, узведзены і аснашчаны па ўсіх патрабаваннях тэхналогіі. Тут ёсць лініі па сарціроўцы агародніны. Жанчыны якраз сарціравалі бульбу на канвееры, побач машына накладвала клубні ў мяхі, рабочыя грузілі іх на паддоны і адвозілі ўбок. «Партыя рыхтуецца да адгрузкі ў Расію», — растлумачыў Рыгор Богдан.

Ад мікра да макра

Зараз пачалася сяўба і фермераў цяжка застаць дома альбо ў офісах. Рыгор Богдан заехаў, каб прасачыць за адгрузкай партыі бульбы і папрацаваць з дакументамі. А Васіля МАКЕЙЧЫКА мы засталі па дарозе ў поле. Васіль Іванавіч за рулём трактара МТЗ-82 накіроўваўся на пасяўную дзялянку. Ён, паводле яго ўласнага азначэння, дробны фермер. У яго значацца 37 гектараў ворыўнай зямлі, шэсць адзінак тэхнікі. «Амкадор», напрыклад, браў у лізінг не так даўно. Сваім трактарам «Беларус» гаспадар задаволены. Кажа, што варта добра даглядаць тэхніку, тады і яна служыць доўга. Відаць, дае знаць той факт, што Васіль Іванавіч сам інжынер па адукацыі, таму тэхніка ў яго заўсёды ў парадку. Дарэчы, ён працаваў раней інжынерам у калгасе, а ў 2005 годзе прыняў рашэнне працаваць самастойна.

І ні разу не пашкадаваў аб тым. Зараз гаспадару дапамагаюць жонка, дачка, зяць. Макейчыкі займаюцца, як і ўсе іх суседзі-фермеры, вырошчваннем агародніны. Стацыянарнага сховішча не маюць, а моркву захоўваюць дзедаўскім спосабам — у буртах.

У Вулькаўскім сельсавеце ёсць самыя розныя фермеры. Некаторыя так і засталіся працаваць на сваіх адведзеных некалі сямі гектарах, працуюць толькі сем'ямі, чужых не наймаюць і не скардзяцца.

На тэрыторыі сельсавета на 1200 гектарах зямлі працуе вядомая фермерская гаспадарка «Навіцкіх», высокатэхналагічная сучасная сельскагаспадарчая кампанія, утвораная ў 2001 годзе. У сезон гэта гаспадарка адгружае ў Расію да 20 фур, гэта значыць да 400 тон агародніны, мае свой завод па захоўванні і перапрацоўцы агародніны. Летась у якасці эксперымента фермеру аддалі сельгаспрадпрыемства «Міжлескі» з яго васьмю тысячамі гектараў зямлі, вытворчай базай, калектывам і вялікімі даўгамі. Цяпер там разам з вытворчым працэсам ідзе аптымізацыя, вырашаюцца арганізацыйныя пытанні. Бліжэй да канца года, відаць, можна будзе гаварыць пра нейкія прамежкавыя вынікі эксперымента.

Сацыяльная адказнасць бізнесу

Сёння варта гаварыць яшчэ пра тое, што вясковыя гаспадары не застаюцца ўбаку ад грамадскага жыцця вёскі, яе добраўпарадкавання. Сельвыканкам з яго сціплым бюджэтам, як правіла, не можа паспяхова вырашаць гэтыя задачы.

Многія з вулькаўскіх фермераў дапамагаюць сваім вёскам у грамадскім жыцці, развіцці інфраструктуры і падтрыманні парадку. Старшыня Вулькаўскага сельскага Савета Аляксандр КУШНЯРЭВІЧ у ліку самых надзейных партнёраў мясцовай улады назваў Рыгора Богдана. Той грунтоўна дапамог, калі наводзілі парадак на могілках, трэба было і пясок завезці, і смецце вывезці. Калі пілавалі аварыйныя дрэвы, гэты фермер аплаціў паслугі альпіністаў. І на свята вёскі Бродніца выступіў спонсарам. Ды шмат чаго для сваіх землякоў зрабіў Рыгор Богдан. Калі патрэбны пагрузчык альбо самазвал, мясцовая ўлада звяртаецца да фермера Віктара Даніловіча. Не застаюцца ў баку ад грамадскіх клопатаў Андрэй Яраховіч, Леанід Ермаковіч, іншыя гаспадары.

Занятасць вяскоўцаў

Вяскоўцам-землякам тутэйшыя фермеры забяспечваюць магчымасць зарабіць. Многія жыхары наймаюцца на сезонныя работы. Іншыя, напрыклад бадзёрыя пенсіянеры, часта ходзяць на падпрацоўку да фермераў. Старшыня сельвыканкама Аляксандр Кушнярэвіч расказвае:

— У сезон кожную раніцу ва ўстаноўленых месцах збіраюцца патэнцыйныя работнікі. Фермерскія аўтобусы пад'язджаюць і бяруць патрэбную на дзень колькасць рабочых. Калі плацяць днёўку, то вясковец атрымлівае звычайна 25—30 рублёў у дзень. А на ўборцы морквы аплата здзельная. Звычайна даюць рубель за мех. Асобныя нашы пенсіянеркі ўмудраюцца за дзень зарабіць 50—60 рублёў. Таму мы не раз заўважаем у пунктах збору людзей з Жыткавіцкага, Салігорскага, Пінскага, іншых раёнаў. З усёй ваколіцы збіраюцца тыя, хто хоча зарабіць.

Тым часам падрастае новае пакаленне фермераў. Дзеці нашых першапраходцаў аддзяляюцца, арганізоўваюць уласныя гаспадаркі. Выхоўваецца чалавек, які любіць і хоча працаваць на зямлі. Можа такім чынам гісторыя ажыццяўляе рэванш за тое, што некалі вяскоўца актыўна адвучвалі ад зямлі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Лунінецкі раён

Загаловак у газеце: Гістарычны рэванш

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.