Вы тут

10 тысяч беларускіх грамадзян атрымалі сацыяльныя паслугі


Аб гэтым расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ падчас выніковай канферэнцыі «Пераадольваючы межы: партнёрства для будучыні» ў рамках завяршэння восьмага этапу Праграмы падтрымкі Беларусі.


Ён расказаў, што выкарыстанне досведу іншых краін спрыяла развіццю ў Беларусі такога кірунку, як дзяржаўны сацыяльны заказ. Ён дазваляе прыцягнуць няўрадавыя арганізацыі да аказання паслуг тым беларусам, якія маюць патрэбу ў дадатковай абароне.

«Сістэма дзяржаўнага сацзаказу стартавала ў Беларусі пяць гадоў таму, — паведаміў Валерый Кавалькоў. — У 2014-м з'явіліся першыя дагаворы. Гэта мера дазваляе вырашаць складаныя сацыяльна значныя задачы шляхам пошуку новых паслуг і пашырэння колькасці арганізацый, якія могуць іх аказваць. За гэты час было заключана 280 дагавораў па аказанні паслуг дзяржаўнага сацыяльнага заказу. У першы год мы пачыналі з 34, і гэтая лічба пастаянна расце. Прасубсідавана больш за 500 ставак работнікаў недзяржаўных камерцыйных арганізацый, у выніку амаль 10 тысяч беларускіх грамадзян атрымалі сацыяльныя паслугі ў рамках сацыяльнага заказу».

«Падчас канферэнцыі былі прадэманстраваны вынікі рэалізацыі 22 праектаў у такіх напрамках, як «Сацыяльная сфера» і «Устойлівае рэгіянальнае развіццё», — расказаў каардынатар праграмы Дзмітрый КАРПІЕВІЧ. — Было адзначана шмат цікавых тэндэнцый: гэта і нацыянальныя праекты, і рэгіянальныя, і нават мясцовыя. Яны датычыліся сацыяльных інавацый, а гэта і выкананне сацыяльнага дзяржаўнага заказу, і праца з дэменцыяй, і развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва, і шэраг іншых тэм па ўстойлівым развіцці».

Усе праекты ў рамках гэтай праграмы накіраваны перш за ўсё на садзейнічанне рэгіянальнаму развіццю. Сярод іх можна назваць і стварэнне турыстычнага кластара ў Магілёўскай вобласці, і развіццё сеткавага ўзаемадзеяння паміж Гродзенскай і Гомельскай абласцямі, і ўкараненне энергаэфектыўных падыходаў і менеджменту на тэрыторыі трох раёнаў — Чавускага, Вілейскага і Веткаўскага, і шэраг іншы праектаў.

Праграма падтрымкі Беларусі «Пераадольваючы межы» рэалізуецца з 2002 года Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам сумесна з Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства міжнароднага супрацоўніцтва (GІZ). Яна накіравана на падтрымку нямецка-беларускіх ініцыятыў, якія, маючы сваім адпраўным пунктам гуманітарныя адносіны, перараслі ў партнёрскую праектную працу. За восем этапаў праграмы рэалізавана больш за 270 праектаў. Сёлета запланаваны чарговы конкурс ініцыятыў, дзе асноўную ўвагу будуць аддаваць садзейнічанню рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі ў кантэксце глабальных мэт
Парадку-2030, прынятых ААН.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Падтрымаць ініцыятыву

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.