Вы тут

Алімпійскія канікулы


Пра тое, што на спаборніцтвах па школьных прадметах застаецца «па-за конкурсам».


Колькі гадоў ужо мінула (божа мой, амаль трыццаць!), а тыя вяснова-алімпійскія канікулы застаюцца самым прыемным, самым уражальным успамінам «зялёнай» маладосці. Гэта было — амаль як трапіць на дзівосны баль з паўсядзённасці, можа, не такой і нуднай, але ж на балі ўсё роўна ўсё больш прыгожае, бліскучае, выкшталцонае. Фінал рэспубліканскай прадметнай алімпіяды ў дзясятым і адзінаццатым класе ператварыўся не ў абавязковае пратакольнае мерапрыемства, а ў сапраўднае свята. Не ведаю, з чым гэта звязана. Можа, з тым, што гэта былі першыя «выхады ў свет» маладых правінцыялаў? А вакол усе такія разумныя, важныя (сябры шаноўнага журы) — прафесары, нават акадэмікі. І перад імі трэба было паказацца, выступіць ва ўсёй красе, не збэсціць гонар школы, раёна, вобласці, свой уласны. Адрэналін зашкальвае, хваляванне падкошвае ногі, але ж які драйв, якое адчуванне палёту!.. Якое зоймеш месца — у той момант зусім няважна (хоць у мой час першыя тры прызавыя дыпломы давалі права на паступленне на профільны факультэт, напрыклад, пераможца ці прызёр рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове мог паступаць на філфак любой ВНУ). Веданне правілаў і выключэнняў, водгук і вуснае выказванне — усё гэта правяралася, пісалася, прагаворвалася на ўзнёслай хвалі...

Але сёння я думаю, што гэта ўзнёсласць, гэта адчуванне маладога шчасця не пакідалі ў тыя канікулы яшчэ і таму, што, акрамя абавязковых інтэлектуальных спаборніцтваў, якія, па сутнасці, займалі самае большае гадзіны тры ў дзень, у нас была насычаная культурна-асветная, як прынята казаць, праграма. Што для падлеткаў з усёй краіны (а многія былі з невялікіх вясковых школ) было проста шыкоўным падарункам.

Напрыклад, трапіць у Купалаўскі тэатр на прэм'еру «Тутэйшых» (на тую самую першую, у 1991-м). Для многіх з нас гэта быў увогуле першы ў жыцці паход у тэатр. Зялёныя аксамітныя крэслы, прыглушанае святло, а на сцэне — Купала. Не хрэстаматыйны, не прыгладжаны, як у падручніках. Трывожны, не зусім зразумелы (на вуліцы толькі 1991-ы, а нам усяго па шаснаццаць), але — гэта адчуваеш, хутчэй, інтуітыўна — выпакутаваны, сапраўдны.
І малады, зусім малады і яшчэ зусім невядомы Віктар Манаеў у ролі Мікіты Зноска, і разам з ім мы дурэлі і смяяліся, але чамусьці праз слёзы (можа, таму, што смяяліся з саміх сябе?). І гэта проста ашаламляльнае ўражанне ад фіналу, калі ад ямы на сцэне, у якую пападалі людзі-марыянеткі, працягнулася крывава-чырвоная дарога, а анёлы ўслед вынеслі белыя палотны... Ці трэба казаць, што з таго часу Купалаўскі — самы любімы тэатр, Манаеў — самы любімы акцёр, і кожны раз, калі зноў смяешся разам з ім скрозь слёзы (у «Пінскай шляхце» або ў «Рэвізоры»), адчуваеш сябе ўсё тым жа шаснаццацігадовым дурнаватым падлеткам, якому пашчасціла прычыніцца да нейкага дзівоснага дзейства.

А яшчэ алімпіяда падарыла мне Каложу. Фінальны этап быў у Гродне, не абышлося без экскурсіі па горадзе. Усё было цікава, усё незвычайна — ніхто з нас, акрамя, вядома, мясцовых, у гэтым горадзе да таго не быў, таму забудова старых вуліц у цэнтры для многіх стала сапраўдным адкрыццём — няўжо і ў нас такое ёсць?! Але Каложа... Яна з'явілася перад вачыма неяк нечакана, ва ўсёй сваёй ружова-празрыстай красе — лістоты на дрэвах вакол яшчэ не было, свяціла яркае вясновае сонца, і здавалася, што храм у яго промнях трымціць-пераліваецца ў паветры над бліскучым зіхатлівым Нёманам. Ад захаплення проста пераняло дыханне. Уражанне тое было ўсяго на міг, але засталося назаўсёды. Праверана на досведзе літаральна мінулай восенню. Хадзілі па ўзгорку каля Старога замка, выйшлі на пакручасты бераг — і яна з'явілася перад вачыма, як заўсёды нечакана, — далекавата, на суседнім узвышшы, сярод залатых шатаў. Незвычайная, незямная, яна зноў — каторы ўжо раз — не стаяла на зямлі — лунала-калыхалася ў паветры. Усяго адно імгненне, але гэтага хапіла, каб адчуць, што табе ўсяго шаснаццаць і што зноў нават уздыхнуць гучна баішся, каб не прапала гэта імгненнае зачараванне.

А праз год у жыцці здарыўся Брэст. І крэпасць. Мы трапілі туды вельмі рана, ледзь не на досвітку. У крэпасці амаль нікога не было, а цішыня стаяла такая, што рэхам аддаваўся кожны наш крок па бетонных плітах. Не ведаю, хто прыдумаў прывесці нас туды ў такі ранні час. Але і сёння я ўдзячная гэтым невядомым людзям, бо за тую гадзіну, праведзеную сакавіцкай раніцай у пустой крэпасці, сямнаццацігадовыя дзеці зразумелі шмат чаго аб жыцці і смерці, аб слабасці і мужнасці, аб вайне і міры, аб уласным простым шчасці не ведаць, што гэта такое — вайна... У маім вандроўным жыцці было пасля шмат экскурсій — і арганізаваных, і імправізаваных. Але тая «алімпіядная» застаецца самай знакавай і сёння...

А як жа сама алімпіяда, спытаеце вы. Нармальна. Абодва разы па беларускай мове атрымала прызавыя дыпломы. Праўда, яны мне не спатрэбіліся: на філфак без экзаменаў я не пайшла. Марыла стаць журналістам, і менавіта пасля тых самых алімпіяд рашэнне прыняла канчатковае. Значыць, як ні круці, яны і на далейшы лёс паўплывалі.

За амаль трыццаць гадоў нічога не змянілася: у апошнія дні сакавіка, падчас вясновых канікул праходзіць фінал рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Акурат у гэтыя дні сёлета знаўцы беларускай мовы, напрыклад, сабраліся з усёй краіны ў Магілёве. Я вельмі спадзяюся, што акрамя склонаў, спражэнняў, знакаў прыпынку, метафар ды аксюмаранаў яны ўбачылі, як залаціцца ў промнях вясновага сонца Дняпро, калі глядзіш на яго з замчышча, як прыцягвае здалёк з другога берага белае Падміколле, які алтар у касцёла святога Станіслава і які дзівосна-мадэрновы чырвоны будынак у мясцовага драмтэатра. Бо, хто знае, можа, менавіта гэта, а не правілы ды выключэнні, якія яны і так, несумненна, добра ведаюць, спатрэбяцца ім у жыцці больш.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.