Вы тут

«Нам трэба нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва»


Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам.


Двухдзённы візіт кіраўніка ўрада Аўстрыі ў нашу краіну сёння працягнуўся перамовамі з Аляксандрам Лукашэнкам ў Палацы Незалежнасці. Раней Себасцьян Курц у ролі міністра замежных спраў Аўстрыі і старшыні АБСЕ ўжо сустракаўся з Прэзідэнтам нашай краіны. Але ў статусе Федэральнага канцлера адзін з самых маладых палітыкаў свету (стаў кіраўніком урада ў 31 год) у Беларусь прыехаў упершыню.

Па словах Прэзідэнта Беларусі, карані супрацоўніцтва дзвюх краін бяруць свой пачатак яшчэ ў савецкія часы, калі вядучыя аўстрыйскія кампаніі адгукнуліся на просьбу кіраўніцтва СССР і будавалі сучасныя прадпрыемствы.

«І гэтыя прадпрыемствы і сёння з’яўляюцца, можна сказаць, аднымі з лепшых прадпрыемстваў асабліва ў прамысловасці нашай Беларусі. Таму аснова для супрацоўніцтва ў тым ліку гістарычная існуе, але пагадзіцца з тым, што ў нас з вамі толькі 200 мільёнаў таваразварот (дарэчы, гэта менш за год, чым вы інвесціруеце ў нашу краіну) ніяк нельга. Нам трэба нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва, а яно, перш за ўсё, выражаецца ў гандлі, таваразвароце паміж нашымі краінамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі гандлёвым адносінам неабходна надаць другое дыханне, то інвестыцыі з’яўляюцца лакаматывам эканамічнага партнёрства Беларусі і Аўстрыі.

«Мы заўсёды вітаем вашы інвестыцыі. Я ўчора казаў, калі ў вашых буйных кампаній ёсць інтарэсы, а Вы казалі, што яны ёсць у Беларусі, я гатоў асабіста з кіраўніком любой кампаніі, якую вы адзначыце, весці дыялог па сумеснай вытворчасці тут тых тавараў, якія Вы палічыце неабходнымі», — паведаміў беларускі лідар.

Эканамічнае супрацоўніцтва немагчыма без палітычнага паразумення, а яго краіны знайшлі. 

«Што датычыцца палітыкі, дыпламатыі, то нашы погляды з кіраўніцтвам Аўстрыі па міжнародным парадку дня, у асноўным, падобныя. Мы тут не маем супярэчнасцей не па пытанні развіцця нашага еўрапейскага рэгіёну, ні света ў цэлым», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ўважліва прачытаў артыкул Себасцьяна Курца ў адной з газет. Там Федэральны канцлер выказаў свае погляды на развіццё Еўропы.

«Гэта смелы, рашучы пункт гледжання на развіццё Еўропы, але ў той жа час той пункт гледжання, які сёння магчымы. Я яшчэ раз хачу падкрэсліць: з такой Еўропай, якую Вы бачыце сёння і заўтра, мы гатовыя супрацоўнічаць па ўсіх кірунках. І Ваша прапанова пра тое, што нацыянальныя ўрады, калі яны могуць лепш кіраваць працэсамі, якія не супярэчаць у цэлым Еўропе, імі павінны кіравацца нацыянальнымі ўрадамі. А Еўрапейскі саюз павінен займацца тымі пытаннямі, якімі павінен ён займацца. Напрыклад, вы праводзіце знешнюю палітыку, у некатарай ступені абаронную палітыку — гэта абсалютна правільна»,— канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў былыя часы Беларусь крытакавалі за залішнюю бюракратыю, але «тое, што сёння адбываецца ў Еўрасаюзе проста з галіны нейкай камедыі». 

Прэзідэнт падзякаваў Себасцьяну Курцу за ўклад, які ён уносіць у збліжэнне Беларусі з Еўрасаюзам.

«Нельга цэнтр Еўропы адсоўваць ад цеснага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з нашай краінай. Мы гатовыя да гэтага супрацоўніцтва, але вельмі правільна Вы сказалі, заўсёды трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ЕС неабходна мадэрнізаваць, але кіраўнік Беларусі супраць распаду Еўрапейскага саюза і яго аслаблення. «Я зыходжу з прагматычных поглядаў. Еўрапейскі саюз — гэта сёння адна з асноўных апор стабільнасці на нашай планеце. Калі гэтую апору выдзернуць з-пад агульнай сістэмы, сістэме будзе вельмі складана ўтрымацца на астатніх апорах — Злучаныя штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, Расія», — выказаў свае погляды Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Себасцьян Курц звярнуў увагу, што, будучы міністрам замежных спраў краіны ЕС, першым запрасіў кіраўніка МЗС Беларусі ў госці, нягледзячы на санкцыі.

«Мне вельмі важна, каб Аўстрыя, як частка Еўрапейскага саюза, змагла выбудаваць добрыя, доўгатэрміновыя адносіны з вашай краінай. Мне здаецца, што вы знайшлі вельмі пазітыўны, правільны шлях збліжэння з Еўрапейскім саюзам пры гэтым без разрыву вашых партнёрскіх адносін з Расіяй. На мой погляд, гэты падоход «і.., і..» значна больш прадуктыўны, чым падыход «ці.., ці...», — сказаў Федэральны канцлер Себасцьян Курц. 

Ён адзначыў, што Аўстрыя з’яўляецца адным з буйнейшых інвестараў у беларускую эканоміку.

«Я вельмі рады, што і потым нашы прадпрыемствы будуць мець магчымасць праводзіць з вамі перамовы, сустракацца. Я рады, што прадстаўнікі нашых прадпрыемстваў змогуць сустрэцца з вашым прэм’ер-міністрам. Я вельмі рады, што на працягу будучага паўгоддзя вы па ўсёй магчымасці зможаце наведаць Аўстрыю і мы такім чынам крок за крокам зможам паглыбляць нашы адносіны», — паведаміў Себасцьян Курц.

Таксама сёння адбудзецца сустрэча аўстрыйскай дэлегацыі з прэм’ер-міністрам і членамі ўрада Беларусі.

Таваразварот Беларусі і Аўстрыі па дадзеных мінулага года склаў больш за 171 мільён долараў ЗША. Асноўныя пазіцыі айчыннага экспарту — вырабы з некаштоўных металаў, прадукцыя лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, нафтапрадукты. Структуру паставак у нашу краіну складаюць інвестыцыйныя тавары, лекі і вакцыны. У Беларусі зарэгістравана звыш 80 прадпрыемстваў з аўстрыйскім капіталам.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.