Вы тут

Радавод з песнямі


Кіраўніца Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” Марыя Піскун больш за 30 гадоў жыве ў Сібіры, зберагаючы моцныя духоўныя повязі з Бацькаўшчынай нават у родных песнях.


Марыя і Мікалай Піскуны з дочкамі ды ўнучкамі

У песні, якая часта гучыць на канцэртах беларусаў Цюмені, ёсць радкі: “Куда б меня ни привела дорога — я вспоминаю родину свою”. Так і ў спадарыні Марыі склалася: Бацькаўшчына далёка, ды ўспаміны пра яе душу саграваюць. Помніцца, пасля камандзіроўкі ў Цюмень журналісты Іван і Валянціна Ждановічы распавялі чытачам “ГР” пра сямейны ансамбль “Спадчына”. (“Ім засталася “Спадчына” — ГР, 11.01.2014). А мая сустрэча з Марыяй Іосіфаўнай, кіраўніцай гурта, дала магчымасць паглыбіцца ў традыцыі дружнай і таленавітай сям’і, больш даведацца пра радавод, песенную культуру цюменьскіх беларусаў. Мая супляменніца была шчырая, не абышлося без слёз і ўсмешак, калі згадвала бацькоў, родную Беларусь. Пакінулі яны з мужам і двума дзецьмі родны кут пасля Чарнобыльскай аварыі ды ўжо больш за 30 гадоў жывуць на Цюменьскай зямлі.

З вялікага роду многа прыплоду

Гарталі мы радавод, што зберагаецца, прадаўжаецца ў сям’і. Складаць-пісаць яго Марыя пачала, калі неяк дачка Надзея падарыла ёй радаводную кнігу ў добрым пераплёце, прапанавала пустыя старонкі запоўніць успамінамі. Ужо не было ў Марыі мамы й таты, каб з іх дапамогай паднавіць ланцужок сямейных сувязяў, падзей. Трохі сцерліся з памяці моманты дзяцінства. Думала пра тое — і стала трывожна неяк: а раптам яе дзеці, унукі ў Сібіры забудуць, адкуль іх родавыя карані, кім і якімі былі іх продкі? Пачала запісваць тое, што захавала памяць: спачатку ад рукі, потым тэкст набрала на камп’ютары. Брала фатаграфіі, сканавала, з тэкстам злучала. Прадумала, як усё аформіць. Атрымалася “Радаводная кніга”, у якой і свабоднае месца засталося — для працягу родапісання. Пра многае, працуючы над кнігай, успомніла. І паплакала, і пасмяялася, а нешта з вышыні гадоў пабачыла ў іншым ракурсе. Спадзяецца, што кніга будзе мець чытачоў і праз доўгія гады.

Пачынала кнігу, згадваючы бацькоў: Надзею Канстанцінаўну ды Іосіфа Васілевіча Усціменкаў. Пазнаёміліся яны, працуючы ў Брожскім леспрамгасе, жыццё пражылі ў каханні ды згодзе. Ён працаваў кіроўцам, пазней — загадчыкам клуба, быў на ўсе рукі майстар: бочкі добрыя рабіў, вёдры, кошыкі плёў. Мама (у дзявоцтве Кірсанава) вяла гаспадарку, выхоўвала пяцярых дзяцей. Адзін час працавала кухарам: усе любілі яе абеды, бо смачна гатавала. Дарэчы, згадвае Марыя, у яе вялікая радня, бо ў мамінай сям’і было сямёра дзяцей, у татавай — васьмёра. “Традыцыю шматдзетнасці” ў родзе Піскуноў паважаюць: у Марыі з Мікалаем — дзеці Аляксандр, Надзея і Вера. У іх старэйшай дачкі таксама трое дзяцей: Аляксей, Ангеліна, Марыя. І ў сям’і мужа Надзеі, Станіслава Падкарытава, трое дзяцей.

У мамы Надзеі адзін сыночак і чацвёра дочак (Марыя з лялькай)

Расказвае Марыя пра маму, яе дзяцінства. У часе вайны Надзею Кірсанаву з братам немцы завезлі ў Нямеччыну: яго трымалі ў канцлагеры, а яе вызначылі дапаможнай рабочай на кухню да гаспадара. Немец, расказвала, прыслугу не крыўдзіў: карміў, апранаў, да брата на спатканні адпускаў. “Вярнуўшыся ў Беларусь, мама гатавала суп з грэнкамі ды іншыя стравы, пра якія ў беларускіх вёсках не ведалі, — згадвае Марыя. — А гады нямецкай акупацыі мама ўспамінала з болем. Немцы, казала, бульбу ўсю забіралі, а ўначы вяскоўцы ў полі падбіралі сабе хіба дробную, што пакідалі крадком. Потым клубні не чысцілі, з шалупіннем елі. Як і лебяду, і кару, і траву — усё елі, каб не памерці з голаду”.

Жыццё яе мамы й да вайны было цяжкім: у восем гадоў страціла маці, а бацьку-старшыню калгаса пасадзілі: “У калгасе быў млын, дык сябар папрасіў мяшок мукі: маўляў, выручай, трэба! Ён і даў той мех, а тут — праверка наляцела. Той “сябар” і “здаў” старшыню. Бабуля Марыі з такога гора, казалі, памерла. Дзед потым ажаніўся, але мачаха суровага нораву была, дзеці з ёй пакутавалі: з васьмі адно двое й выжылі. “Мама таму хутка выйшла замуж, — тлумачыць Марыя. — Першымі нарадзіліся мае сёстры-двайняткі Валя й Галя: адна ў Літве цяпер жыве, другая ў горадзе Свіслачы. Сярэдняя сястра Аня — у Маладзечне, брат наш Васіль — у Брожы ў бацькоўскай хаце: гэта Бабруйскі раён. (Пасёлак Брожа — за 22 км на поўдзень ад Бабруйска. Марыя ж нарадзілася ў вёсцы Слабодка, там раней жылі бацькі.— Рэд.) А мы з Мікалаем Аркадзевічам, дзецьмі ды ўнукамі далей за ўсіх аказаліся ад роднага дома — у Цюмені. Ды сувязь у нас пастаянная, душою мы заўсёды разам. У Бабруйску, дарэчы, ёсць у нас кватэра, пакуль яе здаем, а то можа калі й вернемся. Пажыццёвы від на жыхарства ў Беларусі я атрымала”.

А душой — заўсёды разам

“Брожа для нас — гэта цэнтр зямлі, цэнтр прыцягнення ўсяго роду, — разважае Марыя. — Дзеці вельмі любілі бабулю й дзядулю, з радасцю ехалі да іх на выхадныя ў вёску. Туды ж прыязджалі сем’ямі сёстры, брат “у поўным складзе”. Палілі вогнішчы, пяклі сала, хлеб, бульбу. Дзеці рабілі нешта па хаце ды беглі купацца на рэчку, дзе мы паласкалі бялізну. Увечары ўкладзем іх спаць, а самі — зноў да рэчкі: песні спяваем. Цэлы хор атрымліваўся: чатыры сястры, чатыры зяці, брат з нявесткаю, тата з мамаю — ва ўсіх галасы прыгожыя. Бачымся мы цяпер з імі не так часта, як хацелася б. А душой — заўсёды разам, пры любой магчымасці едзем на радзіму. І зноў уся вёска слухае нашы песні да раніцы”.

Марыя Іосіфаўна згадвае: вельмі мудрай была іх мама. Яна ніколі не сварылася з суседзямі, вучыла дзяцей паважаць кожнага чалавека, не спрачацца са старэйшымі, быць паслухмянымі, выканаўчымі, цярплівымі ды пакорлівымі. “Час усё і ўсіх паставіць на сваё месца”, — казала Надзея Канстанцінаўна, спрабуючы прымірыць сваіх дзяцей, што пайшлі ў свет, з рознымі людзьмі, абставінамі. Марыя прызнаецца: хацелася б ёй вярнуць той час, пачуць голас бацькоў, абняць іх. І сказаць тое, што не паспела сказаць пры іх жыцці. Таму яна ўжо сваім дзецям, унукам раіць: не адкладайце сваё сямейнае шчасце на потым, беражыце кожную хвіліну хуткацечнага жыцця, калі сям’я разам.

У 1993 годзе памерла яе мама. Пахавалі Надзею Канстанцінаўну ўсёй вёскай. “А на саракавы дзень пасля яе сыходу я даведалася, што цяжарная, — згадвае містычныя супадзенні мая суразмоўца. — Мне было 42 гады. І калі нарадзілася наша Верачка, мы яе дома з пялюшак дасталі ды ўбачылі, што яна трымае ручкі ў замок, як заўсёды рабіла мама, праводзячы нас у дарогу... Са з’яўленнем малодшай дачкі, якая ўжо ў Сібіры нарадзілася, у нашым жыцці пачалі адбывацца дзіўныя перамены. Відаць, гэта мама нам дапамагае”.

Марыя Піскун . Фота: Іван Ждановіч

Яе вясковае дзяцінства

Марыя Іосіфаўна з задавальненнем згадвала сваё дзяцінства, якое прыйшлося на канец 50-х — пачатак 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Дзеці ў іх сям’і мелі свае абавязкі. У Марыі было шмат клопатаў па гаспадарцы: бульбу запарыць, двор падмесці, падлогу ў хаце вымыць, прынесці вады ў драўляных вёдрах-кадушках, дровы для печы. У цёплую пару года — карову забраць са статку, яшчэ падпасвіць да вечара на лузе перад хатай, потым загнаць у хлеў. Далей: карову падаіць, малако працадзіць, пераліць у гладыш, вымыць даёнку й прыбраць на месца. Калі трэба, дзеці дружна браліся дровы пакалоць і скласці. Старэйшыя Валя з Галяй касілі траву, а Марыя з Ганнай ды Васілём пракосы разбівалі, сушылі-паварочвалі, згрэбалі, складвалі ў копы. Як выстаіцца — зноў прасушвалі, затым пераносілі ў хлеў ды закідвалі на гарышча, пад страху. Усім, згадвае, падабалася на духмяным сене ўлетку спаць, калі чуваць увечары, як дзесьці квакаюць жабкі, цвыркочуць конікі...

Свае радасці былі ўзімку. “Вельмі любілі Новы год, прыбіралі ёлку з трапятаннем і нецярпеннем, — цёплая ўсмешка на яе твары. — Шкляных цацак мала, падвешвалі яблыкі, ніткамі за хвосцікі, печыва, цукеркі. Усё вісела, пакуль не прыходзіў час ёлку “распранаць”. Тады ўсё ядомае з яе дзялілі на сем частак. Ёлка стаяла да 14 студзеня — Старога Новага года. Мама клала нам пад ёлку падарункі, а мы доўга не засыналі: хацелі пабачыць Дзеда Мароза. Ды ён, па словах мамы, прыходзіў, як толькі мы засыналі, потым хутка сыходзіў: спяшаўся да іншых дзяцей. Таму мы яго й не бачылі”.

Вельмі любілі ў сям’і Вялікдзень. Рабілі ўсе разам вялікую ўборку, пяклі булкі, кулічы, раніцай разгаўляліся. І ўранні каля кожнага ляжаў стос абновак: мама на Вялікдзень апранала дзяцей ва ўсё новае, і яны выходзілі на вуліцу прыбраныя — свяціліся ад шчасця. Бегалі па суседзях і знаёмым, збіралі яйкі, а потым падлічвалі, хто колькі сабраў “крашанак”. Гулялі ў біткі: слабейшае, бітае яйка забірае мацнейшы. “У нашай вёсцы Вялікдзень супадаў з кірмашом, — яшчэ адзін цёплы ўспамін. — З усёй акругі з’язджаліся сваякі, неслі падарункі дзецям. Сталы накрывалі шчодра: усё самае смачнае выстаўлялася. Калі мы выраслі, раз’ехаліся, то на Вялікдзень абавязкова прыязджалі ў бацькоўскую хату. Традыцыя! І зноў, калі па хаце ўсе работы выкананы, ішлі на рэчку Брожку, на беразе разводзілі вогнішча, і ўсю ноч спявалі”.

Слухаць песні, спяваць Марыя любіла з дзяцінства, і мама часта брала яе ў госці “на бяседу”. А дзяўчынка марыла стаць артысткай. Калі ў клубе былі канцэрты, яе над галовамі з рук у рукі перадавалі ды ставілі на падваконне: тады ўся сцэна перад ёй! І была яна самая шчаслівая ў свеце!

Штогод у раёне адзначалі Дзень моладзі. З усіх вёсак прыязджалі машыны, упрыгожаныя галінкамі дрэў, кветкамі, шарамі. Усюды песні! Калі яе пакідалі ў хаце, то малая раўла, пакуль яе не бралі на свята. І колькі сябе памятае — заўсёды спявала. Падбірала музыку па слыху на баяне, танцавала. Марыю так і звалі ў вёсцы: артыстка. Ну чым не прыклад іншым: хто чаго хоча — таго й дасягне.

Марыя плюс Мікалай

Пазнаёмілася Марыя з Мікалаем Піскуном быццам жартам, а разам ужо амаль паўвека. “Муж мяне выйграў на капейку, — прызналася Марыя. — Тады нам было па 19. Прыйшоў ён з адным хлопцам у аздобны цэх Бабруйскай мэблевай фабрыкі, дзе я працавала. Мне ж той, другі глянуўся, і мы дамовіліся, што ён чакаць мяне будзе пасля змены на прахадной. Выходжу — там Мікалай... Хлопцы кінулі манетку: каму выпадзе арол, той пойдзе на спатканне. Пра манетку ён мне расказаў пасля вяселля, у 1971-м. Спачатку Мікалай некалькі раздражняў, а потым так закахалася, што плакала, калі не прыходзіў ці спазняўся. У войска са слязамі праводзіла, штодзень лісты пісалі адзін да аднаго, часам па 3-4 адразу атрымлівалі”.

Марыя і Мікалай у шлюбных уборах

Распісаліся таксама не як усе. Ехаў Мікалай з камандзірам часткі з Брэста ў Слуцк, а па дарозе той чамадан дзесьці пакінуў ды паслаў Мікалая забраць. Выдаўся “вольны час”, і салдацік — да яе ў Бабруйск. У самаволцы й зрабіў Марыі прапанову рукі й сэрца, у Брожскім сельсавеце іх адносіны ўзаконілі. “Мама сабрала тры сталы для гасцей, купіла мне футра пад каракуль, касцюм... Так мы сталі мужам і жонкай. З дзяцінства была ўпэўненая, што прозвішча Усціменка не памяняю, але ж каханне — вялізная сіла! Выйшла замуж і стала Піскун”.

Служыў Мікалай два гады, пасля дэмабілізацыі сустракала жонка яго ўжо з сынам Аляксандрам. А ў 77-м нарадзілася Надзея. Жылі ў бабруйскім інтэрнаце на 18 квадратах, і былі шчаслівыя. А ў 1986-м, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пераехалі ў горад Лангепас Цюменьскай вобласці: Мікалаю Аркадзевічу там прапанавалі працу. Жылля спачатку не было, і ён проста “з нечага” паставіў маленькі домік. Дзеці прасілі бліны-дранікі, дык патэльню расстараліся і на вогнішчы смажылі. Прыстасоўваліся. Калі сала з цыбуляй на стале — радасць, як і ад сустрэч з добрымі людзьмі. “Мой дзядуля Васіль быў сасланы ў Цюмень як раскулачаны, а мы сюды прыехалі добраахвотна, — працягвала Марыя. — У Беларусі пакінулі ўсё: з’ехалі “ў белы свет, як у капеечку”. Новы гарадок нам спадабаўся. Весела жылі, і людзі там простыя, дабрадушныя. Беларусаў вельмі шмат! З радзімы пастаянна пасылкі прыходзілі з прадуктамі”.

Спачатку яна была ў шоку ад таго, што жанчыны ходзяць у штанах: тое выклікала абурэнне. Потым зразумела, штаны — гэта сібірская неабходнасць. Хадзілі ў гумовых ботах, ды іх яшчэ паспрабуй купіць! Пра туфлі наогул забылася: лета кароткае, не заўважыш: май — яшчэ зіма, чэрвень — вясна, ліпень — лета, а ў жніўні — лісце жоўтае. Узімку кажухі ратавалі: зручныя, не прадувае іх. Калі маразы пад 50, дзеці ў школу не хадзілі. Праўда, пацяпленне ўжо цяпер і да Лангепаса дайшло. Бацька Марыі ў госці прыязджаў, калі старэйшага сына ў войска выпраўлялі. Тры дні пабыў — і дадому. І многія сябры Піскуноў вярнуліся на Бацькаўшчыну. Яны таксама пасля жыцця на Поўначы хацелі вярнуцца ў Беларусь. Гады тры прадавалі кватэру, ды ўсё ніяк. Потым зяцю Станіславу прапанавалі добрую працу ў Цюмені, і за тры месяцы ўсё як само склалася: прадалі кватэру, дачу, гараж. І з 2012 года сям’я ўладкавалася на жыхарства пад Цюменню: у вёсцы Пляханава.

Сям’я Піскуноў з дзецьмі, унукамі, сябрамі. Цюмень, 2013 г. Фота: Іван Ждановіч

Цюмень іх прыняла добра. “Суседзі па вуліцы падарылі курачку й пеўня, чатыры індакачкі, потым і труса на развод, — з цеплынёй згадвае Марыя. — Прынеслі 8 кустоў вяргіняў. Адзін дзядуля пастаянна частуе салам: як жа беларусам без яго! Што да беларускай суполкі ў Цюмені, то пра гурт “Спадчына” ўжо ведалі, супляменнікаў чакалі. Тагачасны старшыня НКА “Аўтаномія Беларусь” Сяргей Яфімчык сустракаў Піскуноў у Маскве на З’ездзе беларусаў Расіі ў 2010 годзе: “Спадчына” выступала ў канцэртнай праграме. Увогуле, як кажа Марыя, ад добрых людзей з’ехалі — да добрых і трапілі. З часам яна змяніла Сяргея Яфімчыка на грамадскай пасадзе і сёлета зноў была перавыбрана старшынёй Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”. І ўжо сёлета беларусы Цюмені хораша правялі Масленіцу, а потым і Гуканне Вясны: з беларускімі песнямі, якія — неад’емная часта радаводу Марыі Піскун ды яе вялікай, працавітай, таленавітай радні. А пачынае ўжо спяваць, казала нядаўна, іх самая маленькая ўнучка: усім радасць!

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».