Вы тут

Як сонейка ў пахмурны дзень


Падарункам лёсу на жыццёвым шляху стала для мяне сустрэча з Янінай Юзэфовічбо дзякуючы ёй у нашым Славянскім таварыствеУзорыёсць аднайменны вакальны ансамбль.


Яніна Юзэфовіч

Кажуць, не бываюць лішнімі цеплыня й добрыя словы, але бываюць выпадковыя сустрэчы як падарунак лёсу. Аднак ці выпадковыя?.. Мы ж, відаць, проста не ведаем патаемных законаў, па якіх адзін да аднаго прыцягваемся, пранікаемся сімпатыяй. Дык вось, у 2010-м я на Калядках ва ўкраінскім таварыстве “Мрія” ў Даўгаўпілсе сустрэлася, пазнаёмілася з Янінай Юзэфовіч, якая ўва мне адразу выклікала прыязнасць. Ну, пэўна, так было наканавана. Пасля імпрэзы я запрасіла Яніну ў наш горад Ліваны на сустрэчу з актывам Славянскага таварыства “Узоры”. А ў хуткім часе ў дзейнасці суполкі з’явіліся музычна-спеўныя фарбы: стварыўся вакальны ансамбль “Узоры”.

Творчыя ідэі Яніны Антонаўны, прыгожай і рознабакова адоранай жанчыны, былі для нас як вясновы подых ветру, як пробліскі сонейка ў пахмурны дзень. Калі яна бярэцца за справу — абавязкова ёсць добры вынік. Таленавітая спявачка й музыкантка сваёй энергіяй натхняе заспяваць і ўліцца ў шэрагі ўдзельнікаў гурта любога, у каго ёсць хоць іскрынка замілавання да спеваў. Ансамбль “Узоры” ўжо ў 2011 годзе паўдзельнічаў у міжнародным фестывалі “Амберстар”, у 2013-м і 2018-м — ва Уселатвійскім свяце песні й танца. У 2016-м спяваў на Вішнёвым фэсце ў Глыбокім, штораз мы ўдзельнічаем у міжнародных фестывалях беларускай песні “Фэст” у Дагдзе й “Беларускі кірмаш” у Даўгаўпілсе. А таксама ў фестывалях украінскай песні “Червона калина”, які ладзіцца ў розных гарадах Латвіі, у фестывалях для калектываў нацменшасцяў, якія арганізуе Мінкультуры Латвіі. Суполка “Узоры” нярэдка ладзіць канцэрты ў Ліванах, выступаем і там, куды нас запрашаюць. Вось так дзякуючы нашай Яніне ў таварыстве завязаліся новыя знаёмствы — новыя жыццёвыя плыні асвойваем.

Як кіраўніца гурта “Узоры” Яніна Антонаўна — чалавек вельмі творчы й патрабавальны, дабіваецца максімальна правільнага й чыстага выканання песні. Нам кажуць слухачы: у спевах добра чуваць кожнае слова, кожны гук. Яна ж і рэпертуар папаўняе новымі песнямі, у тым ліку й на беларускай мове. У любое надвор’е спяшаецца да нас на рэпетыцыі, і мы заўсёды радасна яе сустракаем. Бачым у зямлячцы шмат дабрыні, пазітыву, спрабуем нават пераймаць лепшыя рысы характару. Ад такіх людзей, як Яніна Антонаўна, святлейшым і цяплейшым робіцца свет. Мы вельмі ўдзячны ёй за працу, каштоўны ўнёсак у развіццё калектыву!

Сёлета ў Яніны Юзэфовіч 75-я ўгодкі (31 студзеня). Мы жадаем ёй моцнага здароўя, нязгаснай энергіі — каб хапала душэўных і фізічных сіл працягваць тварыць і несці дабро. Хай праменьчыкі музыкі, запаленыя Янінай, і надалей саграваюць слухачоў! Хай любоў блізкіх і сяброў яе заўсёды аберагае!

Лідзія Знотыня, старшыня Славянскага таварыства “Узоры”, г. Ліваны, Латвія


Ад рэдакцыі. Дзякуем беларускаму пісьменніку Станіславу Валодзьку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула. Па нашай просьбе ён даслаў дадатковыя звесткі пра юбілярку. З іх мы даведаліся, што Яніна Юзэфовіч родам з хутара Малінова, які пазней далучылі да вёскі Рафалова: гэта ўсё азёрная Браслаўшчына, справа ад дарогі з Шаркаўшчыны на Браслаў. Там, расказала юбілярка, маляўнічыя мясціны, прыгожае возера Густаты, а побач праз дарогу — вялікі лес.

Бацька, Антоні Юзэфовіч, да вайны жыў у Вільні, працаваў кандуктарам аўтобуса, спяваў у народным ансамблі, меў прыгожы голас тэнар. Маці Ядвіга (дзявочае прозвішча Скукоўская) паходзіла з вёскі Войткава Глыбоцкага раёна. Вучылася ў Вільні ў сельскагаспадарчай школе, спявала ў касцёльным хоры (першае сапрана), іграла на балалайцы й мандаліне. Яніна закончыла Барадзініцкую школу, паступіла ў Мінскі педінстытут на літаратурна-музычны факультэт, беларускае аддзяленне. Тэорыю музыкі ў яе выкладаў знакаміты кампазітар Ігар Лучанок. Яніна помніць гэтага цудоўнага педагога, добразычлівага й шчырага чалавека, які прывіў ёй любоў да беларускай класічнай і народнай музыкі. Харавая капэла “Спадчына” працуе ў Даўгаўпілсе пад яе кіраўніцтвам і спявае шэраг песень Ігара Лучанка.

Яна пасля вну выкладала беларускую мову й літаратуру, а таксама музыку ў Барадзініцкай школе, потым працавала ў Літвіноўскай школе (Вілейскі раён). У Латвіі жыве з 1981 года, працавала ў школах Даўгаўпілса выкладчыцай музыкі. Ад пачатку стварэння Беларускага таварыства “Уздым” у Даўгаўпілсе доўгі час кіравала ансамблем “Купалінка”, зрабіла важкі ўнёсак у яго развіццё. Цяпер — мастацкая кіраўніца беларускага гурта “Спадчына” ў Даўгаўпілсе і славянскага ансамбля “Узоры” ў Ліванах.

У Беларусі жывуць дзеці Яніны Юзэфовіч: сын Анатоль у Мінску, дачка Галіна — на Вілейшчыне. Яна закончыла Вілейскую музычную школу па класе фартэпіяна, сын іграе на гітары. Унукі юбіляркі вучыліся ў Вілейскай музычнай школе: Уладзіслаў — па класе баяна, Ганна ды Ірына — фартэпіяна. Ірына паспяхова закончыла Беларускі дзяржуніверсітэт культуры й мастацтваў.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».