Вы тут

Народная артыстка Вольга Клебановіч: Я рамантык, летуценнік...


З народнай артысткай Беларусі Вольгай Клебановіч, артысткай тэатра імя Максіма Горкага, нават незнаёмцы на вуліцах вітаюцца. І бабулі ў двары, дзе яна жыве. Гэта актрыса, здольная пераўвасабляцца як у жанчын з народа, так і ў лэдзі. Сярод шматлікіх яе роляў, а іх за пяцьдзясят гадоў служэння тэатру набралася больш за сотню, цяжка знайсці «прахадную». Апроч яркага тэмпераменту, адкрытасці, сілы пачуццяў, гнуткага розуму і жаноцкасці харызматычнай актрысе таксама ўласціва тая самая метафізічная душэўнасць. Пытаюся ў яе: «Адкуль душэўнасць?» А Вольга адказвае: «Сіла мая адтуль, дзе прайшло дзяцінства».


— Мястэчка Грэск, што пад Слуцкам, дзе я расла ў бабулі і дзядулі аж да восьмага класа, у маім сэрцы жыве і па сённяшні дзень. Бацькі ў вайну не стала, а мама ў той час падымала Мінск з руін. Калі ў мяне пытаюцца, што больш за ўсё запомнілася з тае пары, адказваю: жыццё наросхрыст, жыццё басанож... А гэта значыць — з адкрытасцю пачуццяў, расхінутасцю сэрца. Бо я — дзіця лугоў, палеткаў і рэк. А што як не прырода спрыяе яго абуджэнню. І памяць пра тое месца, дзе ты быў, калі адчуў рух душы, да канца маіх дзён будзе жыць ува мне. Там я ўдыхала водары разнатраўя, на кані ездзіла ў начное, на лыжах уцякала ад ваўкоў... Гэтая памяць напаўняе мяне цяплом, сагравае ў хвіліны душэўнага холаду. Ён таксама здараецца. І тады ў думках я адпраўляюся ў Грэск. Успамінаю, як на партфелі з'язджала з гары, як са стрыечнай сястрой праз плыткую рэчку ў школу бегалі ўброд. Аднойчы, калі вясной рака разлілася, і мы чагосьці не ўлічылі, пераходзячы яе, заявіліся да хаты ў мокрых кажухах...

— Я — рамантык, летуценнік. Адкуль гэта ўва мне? Ды ўсё адтуль жа! Ад энергіі зямлі... Мне заўсёды здавалася, што і я цягнуся ў неба разам з ёй. Таму з ранніх гадоў жыву з адчуваннем палёту. І ўвесь час яго прадчуваю. У дзяцінстве хацела стаць лётчыцай...

— Малая радзіма — гэта босыя ногі ў цёплым пяску, сяброўкі, з якімі смяешся на прызбе, хрумкаеш яблыкамі, альбо ўплятаеш лусту, і птушкі з іх вясновымі пошчакамі, і зорнае неба, да якога, здавалася, можна рукой дацягнуцца... І моцны сон, у які правальваешся імгненна, нягледзячы на гарачае жаданне — не спаць, каб усю ноч слухаць салаўёў.

— Там і знак мне быў. Толькі гэта я праз гады зразумела, калі да мяне як да актрысы прыйшоў поспех. У момант авацый гледачоў пасля паспяховага спектакля на імгненне адчула, як прыўздымаюся над падмосткамі сцэны. І тады ўспомніла, што ўжо ведаю такі стан палёту.

— На зямлі маёй малой радзімы перажыла містычныя пачуцці. Гэта быў сон і не сон адначасова. Яго можна назваць станам, папярэднім сну. Грэск, гарачы летні дзень, на лузе непадалёк ад нівы з жытам каровы пасуцца... Мне гадоў 14—15... Прысела на краі нівы і не заўважыла, як задрамала. Але адчуванне жыцця побач не пакідала: гулі пчолы, цвыркалі конікі, спявалі жаўрукі ды кнігаўкі. Частка маёй свядомасці не спала. І раптам бачу, як на мяне з неба падае велізарная зорка, яна ззяе ды пераліваецца жоўтым колерам. Ну, усё, згару, падумала я, але страху не было: думка паўстала мімалётная. Адчула, як блакітна-залатыя промні гэтай зоркі мяне ахутваюць, абмываюць, а потым невядомая сіла прыўздымае ўвысь над зямлёй. Вакол ззянне, і я адчуваю велізарнае, ні з чым не параўнальнае шчасце. Што гэта было? Бласлаўленне Нябёсаў на будучую прафесію, знак? Цяжка сказаць. Але ў юнацтве я, акрамя таго, што хацела стаць і хірургам, раптам стала думаць пра тое, што буду артысткай...

— Нядаўна запісвалася на радыё. Спявала беларускія песні, распавядала пра сваю малую радзіму. І нібы там пабывала. Пасля запісу да вечара адчувала велізарны прыліў сіл. Вось што такое нават успаміны пра яе. У сувязі з гэтым скажу: мінулае нікуды не знікае. Яно, як у банку даных, існуе ў велізарным энергаінфармацыйным полі. Варта толькі накіраваць сваю свядомасць туды, куды табе трэба, і ты ўжо там.

— Народныя песні ведаю, многія выконваю з нагоды. Вось як на радыё прыйшлося. А спяваю з дзяцінства. Як казалі родныя, дзядуля з бабуляй, суседзі, настаўнікі: добра спяваю, прадказвалі мне кар'еру салісткі, раілі паступаць у кансерваторыю. Але я пайшла на акцёрскае аддзяленне тэатральна-мастацкага інстытута.

— Мне добра знаёмыя характары простых беларусак. Я назірала іх у дзяцінстве, жывучы ў Грэску. Можа быць, таму мне ўдаліся ролі жанчын з народа. Гэта і Марыля ў спектаклі «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, і Жанчына ў «Вяртанні ў Хатынь» Алеся Адамовіча, і Сцепаніда ў «Знаку бяды» Васіля Быкава. Гэта вехі маёй творчасці. Дарэчы, для беларускіх жанчын характэрная душэўнасць. Яна выяўляецца ва ўменні слухаць і чуць іншага чалавека, не выяўляць актыўнасць, іншымі словамі — не нападаць на суразмоўніка. У іх унутры вяршыцца жыццё, а вонкава яны могуць быць стрыманымі, могуць падацца нават абыякавымі. Але гэта толькі на першы погляд.

— З дзіцячых гадоў люблю людзей, старэйшых за мяне. У Грэску мне падабалася слухаць, як гавораць паміж сабой старыя. Калі пераехала ў Мінск, маёй шчырай сяброўкай была мама. Ад яе я навучылася слухаць і чуць людзей. Калі прыйшла ў тэатр, пасябравала з Аляксандрай Іванаўнай Клімавай. І потым мне падабалася сябраваць з дасведчанымі артысткамі, якія былі старэйшыя за мяне. Іх мудрасць прыцягвала, як магніт. Магчыма мае сялянскія гены арыентавалі мяне на такія зносіны. Бо я дзяўчына з народа. І добра ведаю: мудрасць пажылых людзей — бясцэнны скарб. Гэта разумеюць тыя, хто хоча ў жыцці развівацца. І вучыцца на чужым вопыце. А разумны душэўны чалавек, ён і ў старасці не ачарсцвее. Таму і маладым людзям будзе цікавы.

— Магчыма, і сапраўды нашы здольнасці прама прапарцыйныя душэўнасці. А дзе яе месца, хто дакладна ведае. Але мне ў гэтай сувязі падабаецца выказванне нямецкага філосафа-рамантыка Наваліса. Паводле яго слоў, месца душы там, дзе судакранаюцца знешні ды ўнутраны светы, дзе яны пранікаюць як сябар у сябра. Яно — у кожным пункце іх пранікнення. У гэтым сэнсе мая малая радзіма для мяне і з'яўляецца гэтым пунктам.

Валянціна ЖДАНОВІЧ

Загаловак у газеце: Па Грэску басанож...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».